epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Школа

I
II
III
IV


I

 

Ідучы па вуліцы, Міхась, сямігадовы хлопчык, не раз затрымліваўся каля аднаго дома ў сяле. Ён быў шмат большы і вышэйшы за нізенькія сялянскія хаткі і быў накрыты не саломаю, як усе будынкі, а гонтамі. Высокі ганак на тоўстых круглых слупах значна выступаў ад даху наперад і таксама быў накрыты гонтамі. Вялікія, светлыя вокны з белаю шалёўкаю і такімі ж акяніцамі прыветна глядзелі на вуліцу. А над вокнамі, ледзь не каля самага даху, была прыбіта невялікая дошка з нейкім малюнкам – ні то зверам, ні то птушкаю з дзвюма галавамі. На дошцы стаялі нейкія значкі роўненькім радочкам: што гэта былі за значкі – Міхась не ведаў. Казалі, што гэта літары, якія можа разбіраць толькі той, хто будзе хадзіць у гэты дом, а дом той завецца школай, і літары гэтыя азначаюць цэлае слова. І Міхась усякі раз, як праходзіў каля школы, чуў у сабе нейкі страх, бо маці не раз яго страшыла гэтаю школаю, як ён часам пачне залішне гуляць у хаце.

– Ось хіба аддам я цябе ў школу! – казала яна. – Ось ты там падурэеш – паадкручвае табе вушы настаўнік.

А сябры яго, якія хадзілі ў школу, шмат расказвалі цікавага. Па іх расказах, і школа і сам настаўнік зусім не былі страшныя, як паспела ўжо злажыцца ў галаве Міхася. І ён сам на свае вочы бачыў кніжкі з усякімі малюнкамі, па якіх вучыліся хлопцы. Страх як хацелася яму мець такую кніжку! А як дастаць? Трэба ісці ў школу: там толькі і можна дастаць кніжку. А дома пра школу і пра настаўніка нагаварылі яму такіх страхаў, што Міхась, здалёк убачыўшы яго на вуліцы, бег як мага на агароды, у каноплі.

Што ж, а мо настаўнік ведае, што ён добры жэўжык, ахвотнік падурэць, пакруціцца ці забегчы часамі ў чужы агарод або сад? Чуў Міхась за сабою гэтыя грахі і доўга сачыў вачыма з канапель, пакуль не схаваецца настаўнік з відавоку.

 

II

 

Прыйшла восень. Асыпаліся лісці з дрэў. Агалілася зямля. Птушкі разляцеліся. Насталі кароткія, туманныя асеннія дні.

У нядзельку, прыйшоўшы з цэрквы, сказаў Міхасёў бацька:

– Заўтра пачынаецца вучэнне. Пара і нашаму Міхасю садзіцца за буквар... Годзе, брат, табе бібікі біць, ганяць сабак па вуліцы, пара і за навуку! – Апошнія словы бацька сказаў да Міхася.

Задрыжалі ўсе жылкі ў Міхася. Цэлы рой думак разам пранёсся ў яго галаве.

«Што ж? – падумаў ён сам сабе. – Вучыцца – дык вучыцца!»

Яму даўно хацелася ў школу, толькі баяўся ён настаўніка, баяўся за свае вушы. Ён думаў, што ў школе першаю справаю яго адлупцуюць, як ката.

– Тата! Ці бʼецца настаўнік? – спытаў не без трывогі Міхась бацьку.

– Як будзеш дурэць у школе, не будзеш слухаць настаўніка, будзеш ленавацца вучыцца, то і будзе караць, ды і я сам не пахвалю цябе за гэта.

«Ну, не, брат, дудкі! – падумаў Міхась. – Дурэць-то я не буду, а вось старацца дык буду».

У Міхася як камень зваліўся з сэрца. Назаўтра ўстаў ён рана. Залатала матка яго сярмягу, ушыла гузікі, бацька справіў яму лапцікі.

Памыўся Міхась старанна, нават у вуха ўлажыў разы са два пальцы, каб выкалупаць адтуль гразь. Бацька не раз гаварыў, глянуўшы на яго вушы: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сей!»

Паснедаўшы на скорую руку і ўзяўшы ў адну кішэню лусту хлеба, у другую жмені тры гароху, Міхась памкнуўся ўжо ісці.

– Глядзі ж, сынок! – спыніў яго бацька. – Слухай настаўніка, бо нявучаны – усё роўна як сляпы, а граматны чалавек нідзе не прападзе. Каб я з маткаю цешыліся з цябе... Дык глядзі ж, сынок, не траць дарма часу!

Гэтыя простыя бацькавы словы моцна кранулі Міхася, бо ў яго было добрае і мяккае сэрца. У яго нават паказаліся на вочках слёзы... Абцёршы твар рукавом сярмяжкі, ён выйшаў з хаты і пабег у школу.

 

 

III

 

Са страхам узышоў Міхась на ганак школы і нясмела ўзяўся за клямку. У школе яшчэ нікога не было. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей.

Усё тут для яго было нова. Міхась азірнуўся і кашлянуў. Кожны куток падхапіў яго кашаль і панёс па школе доўгім шумам. Міхась аж спалохаўся.

Аслухаўшыся, ён кашлянуў яшчэ раз, ужо сумыслу, і зноў па школе пайшоў шум. Міхась пасмялеў. Ён падышоў да печы. Высокая кафляная печ хораша прытулілася да сцяны, чыста і гладка выбеленай. Міхась павёў па печы рукою – пачуўся лёгкі свіст. Патрошку страх Міхасёў зусім развеяўся, і ён смела стаў пазіраць на ўсё, што было ў школе. Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Між дзвярыма і другою сцяною прытулілася шафа са шклянымі ўверсе дзверцамі, за якімі стаялі кнігі роўненькімі радочкамі. На сцяне віселі, як прасцірадлы, карты са стракатымі лапінамі. Яны, як Міхась дазнаўся многа пазней, азначалі часткі свету, моры, акіяны, розныя губерні, царствы, астравы. Над картамі віселі партрэты і ўсякія малюнкі. Большая палавіна школы была застаўлена доўгімі лавамі са скрынкамі. Гэта былі лаўкі, на якіх сядзяць вучні. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка.

На ганку затупала некалькі ног. Міхась схаваўся за печ. У школу ўваліла цэлая куча хлопцаў, яго сяброў, і Міхась, паспеўшы ўжо агледзецца і азнаёміцца з класам, стаў паказваць ім тое, што найбольш кідалася ў вочы яму самому. Гуртам яны меркавалі і здагадваліся, нашто і для чаго зроблена ў школе кожная рэч.

– Зараз прыйдзе настаўнік, – сказаў ім стораж.

Хлопцы прыціхлі, і страхам забілася іх сэрца. Яны кучкаю збіліся каля печы і сталі чакаць настаўніка, самага страшнага чалавека, як ім здавалася.

 

 

IV

 

Праз некалькі хвілін прыйшоў настаўнік. Ён прынёс з сабою вялікую кнігу ў чорнай вокладцы, з наклеенаю на адным баку белаю паперкаю, чарніла і ручкі і, паздароўкаўшыся з хлопцамі, паставіў чарніла на стол.

– Ну, што, браткі, вучыцца прыйшлі? – весела і прыветна спытаў настаўнік.

Некаторыя хлопцы маўчалі, а другія, і Міхась разам з імі, сказалі:

– Але!

– Ну, малайцы-хлопцы, будзем вучыцца.

Малады настаўнік з прыветлівым тварам і вясёлым, добрым смехам адразу спадабаўся Міхасю.

«І чаго я хаваўся ад яго ў каноплі?» – падумаў ён.

– Наўперад запішу я вас у журнал, – так назваў настаўнік кнігу з чорнымі вокладкамі.

Сеўшы за стол і ўзяўшы ручку, ён пытаў хлопцаў, як каго завуць, як завуць бацьку, якое прозвішча, колькі каму гадоў, граматны ці не, і ўсё гэта запісваў у кнігу. Запісаўшы ўсіх, настаўнік пасадзіў іх на лаўкі (прыйшлі адны толькі «навічкі» – тыя, што вучацца з першае літары).

Пасадзіўшы, настаўнік сказаў, як называецца той дом, куды яны прыйшлі, расказаў пра кожную рэч, што была ў школе, як павінны трымаць сябе тут вучні, для чаго трэба вучыцца, якая карысць ад навукі. Потым ён пусціў хлопцаў пагуляць.

Пабегаўшы па дварэ, вучні зноў прыйшлі ў школу. Яна ўжо не страшыла іх сваёю навіною. Хлопцы смела садзіліся на свае месцы і слухалі пільна, што казаў настаўнік.

Міхась і не заўважыў, як прайшоў першы дзень навукі. Весела пабег ён дадому расказаць, што бачыў і чуў у школе.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5