epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Слабода»

На сваім сметніку, кажуць, і певень гаспадар. А ў сваім стане і прыстаў – цар.

Жыў той прыстаў у Ігумене. Нягодны, сярдзіты, як звер. Дачуўся ён, што ў адной вёсцы ў мужыка ёсць стрэльба.

Якая там стрэльба? Божа ты злітуйся! Яе, па праўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. На рулі – гразі на цэлы палец; брамка з сабачку нябожчыцы пані Каліноўскай. Заміж штэнфеля – арэхавая палка. Звязана яна лыкам і дротам – старая стрэльба. Можа яшчэ швед згубіў яе тут трыста гадоў таму назад. А мужыку добра было пастрашыць часам ваўка зімою або на начлег узяць.

Едзе цэлы абоз паліцыі: прыстаў, два ўраднікі, стражнікаў з дваццаць, са стрэльбамі, шаблямі, нагайкамі. І куды едуць? Адбіраць у мужыка стрэльбу. Праўда, наш Сымон Таўкач гаварыў, што мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь дурнем злаяў перад соцкім.

Акружыла паліцыя хату. Каля акна – па стражніку. Сам прыстаў з ураднікамі і стражнікамі ўваходзяць у хату.

– Дзе ружжо? Падавай яго сюды, мярзавец! – крычыць начальства і нагамі тупае.

– Якое там, паночку, ружжо? Адно цьфу – нічога болей. Паказаць брыдка.

– Не рассуждаць, дурак!

– Не крычыце, паночку. Вунь дзеці перапалохаліся, плачуць.

– А табе хто разрашыў іх...?!

Мужык аж рот разявіў: ніколі ён не чуў, каб на гэта трэба было браць дазвол у паліцыі.

Арыштавалі мужыка і стрэльбу забралі.

Потым ужо, як выпусцілі, смяяўся Кандрат:

– Да чаго мы, браткі, дажыліся! На дзеці білет трэба браць. От хіба «слабода» дык «слабода»!

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5