epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Смерць разбойнікам

Рассыплецца ў прах тая глыбіна сталі,

Што рушыў нямецкі разбойнік на нас.

Народы Расіі, як скалы, паўсталі,

Пагібелі Гітлера блізіцца час.

Нядоўга сваволіць расцугленай сцерве —

Хрыбет яе гнецца і крышыцца зуб.

Паточаць у полі магільныя чэрві

Труп гітлераў, герынгаў, гебельсаў труп.

Савецкае поле — вялікае поле,

        І межаў няма ў ім, няма і граніц.

Над полем лунае шырокая воля,

Радзілася ж воля ў агні бліскавіц.

За кожную пядзю зямлі нашай мілай,

Што кроўю паліта ад даўніх часін,

Паплаціцца вораг бясслаўнай магілай,

Дзе вырасце толькі бурʼян і палын.

Я бачу — кастлявыя смертныя рукі

Разняты шырока, каб труп іх абняць.

Я чую выразна славянскія гукі,

        А ў іх пераможныя маршы звіняць.

Фашысцкая гідра крывёю сцякае,

І курчыцца ў болях прыдушаны змей. —

На абарону! — зямля нам гукае.

Падвоім жа сілы, — ударым цяжэй!

 

1/VIII 1941


01.08.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945