epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Соцкі падвёў

I
II
III
IV
V
VI


I

 

 

Важна ходзіць па мястэчку ўраднік, пакручваючы рыжыя вусы. Пры баку ў яго целяпаецца трапло-шабля, чырванеюць шнуры і наплечнікі, і блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Ён толькі што прыехаў на службу, у яго галаве мітусяцца тысячы думак, – ён думае аб тым, як звесці крамолу. Яму толькі што данёс стражнік, што ў вёсцы Галадранцы нядаўна зʼявіўся падазроны чалавек. А раз чалавек падазроны, то ён, напэўна, сацыяліст або, па меншай меры, забастоўшчык. І ўрадніцкая галава строіць складаныя планы, тчэ хітрыя сеці, у якіх павінна заблытацца крамола. Яму здаецца, што ён выкрыў «праступнае саобчаства», захапіў лісты, рэвальверы і бомбы і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым... і пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба.

Пры гэтым ураднік аж засмяяўся сам сабе і ляснуў рукамі па сваіх тоўстых кумпяках.

– Гм! Ты кажаш падазрыцельны чалавек? – пытаў вечарам ураднік сваю правую руку – гарбатага стражніка.

– Бясспрэчна, падазрыцельны! – сказаў стражнік таемным, паніжаным голасам.

– І ты яго бачыў?

– Бачыў, гаспадзін ураднік. І цікава тое, што ён – малады чалавек і астрыжаны! Звычайна ўсе крамольнікі – кудлатыя і абарваныя. А гэты нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпяразан шырокім поясам... Гатоў у заклад ісці, што гэта самы настаяшчы сіцыліст.

– А ты не пытаўся аб ім? Не наводзіў справак у мужыкоў?

– Дык вам мужык так і скажа, асабліва галадранскі мужык. Гэта – гадаўё!

– Калі зʼявіліся пракламацыі ў Галадранцы?

– На тым тыдні, у пятніцу.

– Вось што, браце, – пачаў, памаўчаўшы, ураднік голасам начальства, – заўтра ты паедзеш у Галадранку і навядзеш дакладныя спраўкі аб гэтым рэвалюцыянеру. Мы яму пакажам свабоду! Зайдзі да соцкага Рамана Камлюка. Але не надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён – галадранец, забастоўшчык.

 

 

II

 

– Скажы, брат, – пытаўся адзін худы, высокі, як цапільна, галадранскі селянін, гаворачы «брат» усёй грамадзе, – што гэта за чалавек? Пэўна, сіцыліст!

– Гэтакі ён сіцыліст, як ты маёй кабыле дзядзька! – адказаў яму Андрэй Падгорны, чалавек лёгкі на язык.

Усе зарагаталі.

– А ты, мусіць, знаешся на сіцылістах, як мая свіння на пастах?

– Разумны напаў на разумнага, – сказаў стары Базыль, не выпускаючы з зубоў люлькі.

– Знайшлі за што сварыцца, – умяшаўся Карусь з-пад карчмы. – Андрэй гаворыць праўду. Ці ж сіцыліст пойдзе да папа або будзе лаяць сам сябе?

Галадранскі соцкі, Раман Камлюк, замысліў, як відаць, нешта хітрае, бо засмяяўся сам сабе ў доўгія вусы, але нікому не сказаў, чаго засмяяўся, і пайшоў дахаты.

Да сялянскай грамады падыходзіў Янка Дудар. Яму было надта весела, ён спяваў на ўсю вуліцу:

 

А ты, Янка, не зважай

На кажух падраны...

 

 

Ногі не слухалі Янкі, а ішлі, як хацелі: адна ўлева, другая ўправа, а сам Янка падаваўся то ўзад, то ўперад, то ў адзін бок, то ў другі.

 

 

Прадам бульбу, прадам жыта,

Абы было шыта-крыта... –

 

 

зачаў Янка другую песню.

– Глядзі, каб не падашукалі! – перасцярог яго Андрэй Падгорны.

– Чаго ты смяешся? – накінуўся на яго Янка. – Куст ты альховы! Ты знаеш, хто я? Я – дэмакрат і забастоўшчык першай гільдыі... Хлопцы! Браткі мае родныя! Хадзем бунтавацца...

– А вунь ураднік! – пастрашыў яго стары Базыль.

– Дзе ён?! – крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу. – Падайце мне яго сюды!

Людзі пацяшаліся, а Янка, згарнуўшы кулакі, біў імі па паветры, мясіў нагамі пясок, як бы там ляжаў ураднік, а ён яго таптаў нагамі.

– Вось падла, Янка! Глядзі ты, што ён вычварае!

Невядома, што зрабіў бы Янка са сваім «ураднікам», каб не прыйшла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку.

– Вось, брат, папаўся! – жартавалі сяляне.

– Спяваў, што «няма каму бараніць», бараніся ж сам.

– А каб ты смалы напіўся, гад! – крыкнула жанчына. Мешалка мільганула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога Янкавага цела.

– Што робіш? – крыкнуў, нібы сярдзіта, стары Базыль на Дударыху. – Не бачыш, ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца людзям, а яна яго мешалкаю!

Мешалка паддала Янку сілы, і ён даволі борзда стаў на ногі.

– Арыштую! – крычаў ён на жонку. – Не палагаецца насіць аружжа! У арыштанцкія роты аддам па 25-й стацці.

– Так, так, Янка! – падтрымлівалі яго суседзі.

– Ваенна-палявым судом судзіць буду! – бушаваў Янка. – Я – забастоўшчык, а ты хто? Чарнасоценец! От, хто ты! – гаварыў Янка сваёй жонцы, ужо ідучы дадому.

 

 

III

 

– Скажы мне, Раман, што гэта ў вас за чалавек зʼявіўся? – пытаў стражнік у соцкага.

– А ці я ведаю?

– Можа ж чуў што пра яго?

– Чуць то чуў, ці мала што людзі гавораць!

– Прызнавайся, Раман, нечага адвільваць. Што ты чуў?

Раман агледзеўся навокал і ціха сказаў:

– Сіцыліст!

– Ну?!

– Такія рэчы гаворыць, што ў Сібір саслаць і то мала. Дае кніжкі і лісты раскідае. Вось пабач!

І Раман дастаў з-за пазухі пракламацыю, якую ён знайшоў два гады таму назад, будучы ў павятовым горадзе на першых выбарах.

У стражніка так і заблішчалі вочы.

– А мужыкі яго слухаюць?

– Дзе там слухаюць! Цара лае.

– А што ён, прымерна, казаў?

– Казаў, што наш цар – дурань.

– Цыц! — прамовіў стражнік і азірнуўся.

– А дзе ён начуе?

– Усюды. Раз нават у папа начаваў.

– Як-то ў папа?

– Падмануў: сказаў, што яго кансісторыя паслала, і нейкі знак паказаў.

– Заўтра ўначы чакай нас тут з дзесяцкімі. А калі ён уцячэ – ты адказваць будзеш.

Стражнік выйшаў, а Раман, стоячы, весела пасмейваўся...

 

 

IV

 

Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Вёска ўжо спала. Адзінокі месяц плыў над ёю, як срэбраны круг. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат, і дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчалі на месяцы.

Соцкі і два дзесяцкія стаялі на дварэ, чакаючы начальства. Прыехаўшы да соцкага, ураднік распытаўся аб «сіцылісту». А гэты «сіцыліст» спаў сабе як пшаніцу прадаўшы. Ён начаваў у папа.

У ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта, бо хітры «сіцыліст» не толькі папа, але і чорта падмане. Апрача таго, поп скора не ўздымецца і ўцякаць яму няма куды.

Ураднік, стражнік, соцкі і дзесяцкія ўзышлі на ганак папоўскага дома і пастукалі.

Поп выйшаў босы, накінуўшы на сябе шырокі каптан.

– У чым дзела?

– У вас, бацюшка, праступнік начуе! – сказаў ураднік.

– Не можа быць!

– Аб гэтым будзем талкаваць потым... звольце паказаць, дзе ён.

Поп пабялеў і стаяў як укопаны, толькі губы яго дрыжалі, ён шаптаў:

«Ад вешчы, ва цьме прэхадзяшчыя, ад беса полудзеннага...»

Увайшлі ў пакой, дзе спаў «сіцыліст». А таму і гора мала: спіць сабе на баку, толькі носам свішча і храпе як Божы баранчык (так называюць адну птушку). Ураднік прыставіў да яго варту, а сам запусціў руку ў яго дарожную раменную торбу і выцягнуў цэлую жменю лісткоў. Нікому і ў галаву не прыйшло паглядзець, што гэта былі за лісткі.

А «сіцыліст» усё спіць – ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. На помач яму прыйшоў соцкі. Ён папароў «сіцыліста», як мядзведзя, кіем. Той усхапіўся, вырачыў вочы – і рукою пад падушку, дзе ляжаў рэвальвер. Тут на яго накінуліся стражнік і дзесяцкія. Усе зляпіліся ў адзін клубок і некалькі часу мітусіліся па пакоі. У канцы адзін дзесяцкі вырваўся з гэтай кучы, папляваў на рукі і, скамандаваўшы сам сабе: «Ну, Сымон! Вазьмі папраўдзе!» – згроб і стражніка і «сіцыліста», падняў іх «на жывот», потым спрытна падставіў ножку і аблажыў абодвух.

– Каторы тут з вас сіцыліст? – пытаў ён, седзячы наверсе.

Стражніка аслабанілі, а «сіцыліста», якому ўраднік палічыў сваім абавязкам даць у зубы за супраціўленне, звязалі.

– Як вы смееце? – крычаў «сіцыліст». – Я – член саюза рускага народа.

– А гэта што? – паказаў ураднік на лісткі і рэвальвер.

– Цягні яго, хлопцы!

– «Яко ісчэзае воск ад ліца агня», – маліўся поп.

 

 

V

 

«Сіцыліста» вялі па пустой вуліцы. Цікавы месяц выплыў з-за белай хмаркі і, глянуўшы на гэтую працэсію, мусіць, засаромеўся людскога глупства, бо зараз жа схаваўся ў другой хмарцы; ды яшчэ сучка старога Базыля была сведкам камедыі, што разыгралася ў Галадранцы.

Усю дарогу думаў ураднік, якую карысць на свеце прыносяць людзям ураднікі.

«От, – думаў ён, – усе спяць, а ты валачыся цэлую ноч, бойся кожны момант за сваё жыццё. Ласне тут ёсць што-небудзь труднае – дастаць сабе ў лоб кулю? А якая падзяка? Ну, прыстаў можа падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты».

Але дзесьці, на дне душы яго, варушыліся другія думкі, і яму ўяўлялася цэшка і прыстаўскія наплечнікі. Стражнік, соцкі, дзесяцкія і сам «сіцыліст» таксама думалі – кожны на свой лад. Але трудна залезці ў чужую душу і ведаць, хто што думае. Усе маўчалі.

 

 

 

VI

 

– А ты добра зрабіў, што здагадаўся зайсці да мяне! – такімі словамі сустрэў прыстаў урадніка. – Бачыш, сюды прысланы член саюза рускага народа.

– Ваша высокаблагароддзе! Я арыштаваў і прывёў да стану сіцыліста, аб чым і маю чэсць асабіста далажыць вам! – перабіў ураднік прыстава.

– Дзела добрае. Дзе арыштаваў?

– У Галадранцы, ваша высокаблагароддзе!

Тут прыставу нешта цюкнула. Ён глянуў на ўрадніка. Той стаяў і пазіраў на прыстава так, як бы ён, ураднік, схапіў з неба зорку або японскага мікада забраў у палон.

– Пашпарт у яго ёсць?

– Не спраўляўся.

– Дзе арыштаваны? Пазваць сюды!

Ураднік кінуўся на двор.

Соцкі і дзесяцкі ўвялі «сіцыліста».

– Як дапускаеце вы такое безабраззе і свавольства вашых падначаленых?! Я самому губернатару жалавацца буду! Я – член саюза рускага народа. Вось мае дакументы!

– Звініце, – сказаў прыстаў «сіцылісту», – тут абмылка.

Прыстаў грозна зірнуў на ўрадніка. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік – на соцкага.

Соцкі стаяў бокам і смяяўся ў рукаў.

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5