epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Шорхае варожа..."

* * *

 

Шорхае варожа,

Шворыцца, бы злодзей —

Ходзіць не здарма!

Цьма мяне трывожыць,

Ліха на паходзе —

Ліху імя — цьма.

З хмар навіслых восень

Ніці дажджу смыча

І прадзе, прадзе!

Хоць бы неба просень,

Хоць бы цень аблічча,

Хоць бы голас дзе.

Так, завязан вузел...

Кім? чыёй рукою?

Чый то пасланец?

Звялі травы ў лузе,

А ноч грозіць цьмою,

Калі ж ёй канец?

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938