epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Старасць не радасць

 

Аб чым гэта думае стары Базыль, седзячы ўсю зіму на печы, а вясною і летам дзе-небудзь на дварэ або на прызбе ў халадку? Сядзіць ён цэлымі гадзінамі і моўчкі пакурвае такую ж старую, як і ён, люлечку, і сліна часта цячэ па кароценькім цыбучку. Падыдзе да яго хто – сын ці нявестка, ці ўнук, або хто з суседзяў, ён скажа колькі слоў, і скажа ціха, спакойным роўным голасам. У гэтым голасе не чутно ні задору маладосці, ні злосці і крыўды сталага чалавека, ні жальбы старасці. Так гаворыць толькі той, хто ўсё перажыў, усё пахаваў, каму ўжо нічога не засталося ў жыцці. Скажа ды зноў сядзіць маўчком, апусціўшы многа пажыўшую на свеце пасівелую галаву.

А была і яго пара! Была ў яго маладосць, былі сілы і здароўе, радасці і надзеі, былі і нягоды, а іх нават было больш, як дабра. Гучны, поўны сілы голас яго не раз калісь будзіў поле, як з конікам ціха ішоў ён за сошкай або як востраю касою рэзаў траву ў лузе, ці як сякерай ссякаў ён векавыя дзеравякі ў лясах і выдзіраў з зямлі глыбока і моцна засеўшыя ў ёй карчы, каб прыгатаваць для збажынкі мяккую пасцельку.

І дзе яно ўсё падзелася?

Ці было ўсё гэта?

Жыў чалавек на свеце, многа бачыў усякай прыгоды, не адно пакаленне прайшло перад вачыма старога Базыля, а прыйшла пара, і здаецца, што ты як бы і не жыў на свеце, як бы ўсё гэта рабілася ў сне, бо ўсё злілося ў адну чорную пляму, якая вось-вось гатова патануць у багне прошласці.

Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Ён ужо нічога не бачыць, толькі вушы яшчэ злучаюць яго з жыццём, якое шуміць і гамоніць усюды, ідзе ды ідзе сваім парадкам, але сам Базыль стаіць збоку, здалёк ад яго. Шарасцяць па пяску вуліцы калёсы і крэкчуць ад цяжару наваленага гною ці дроў, барабаніць пустое вядро на плячах маладзіцы ці дзяўчыны, з рэчкі далятае крык плытнікаў і рыбакоў, дзесьці збоку звонка гучаць дзіцячыя галасы, адным словам, адусюль даносяцца зыкі жыцця; усе, каму яшчэ трэба прайсці свой круг, шумяць і гамоняць і робяць сваю работу. Адзін толькі Базыль лішні тут і ўсім чужы, толькі для аднаго яго міма праходзіць гэтае жыццё.

І сядзіць ён, пакурвае старую люльку, абапёршыся на кіёчак, і нешта думае, апусціўшы ў зямлю свае невідушчыя вочы. Аб чым жа ён думае? Можа, аб тым, што ён такі адзінокі і забыты, што ўсе яго таварышы даўно ўжо ляжаць пад крыжамі і толькі ён, як той стары падгніўшы дуб, растраціўшы сваё лісце, стаіць між зялёнымі дубамі і ўжо не можа спяваць з імі ў адзін тон песню жыцця.

Адно толькі чуецца ў гэтых думках – старасць, чуецца ў іх смутак, бо цяжка стаяць над магілаю свайго жыцця і пазіраць на яго разваліны.

 

29/ІІІ–1912 г.


29.03.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5