epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Старыя падрызнікі

Зусім другім чалавекам стаў Сцяпан, як купіў ён два старыя бацюшкавы падрызнікі. Ці яго чорт падбіў на гэта, ці другія ўвялі ў пакусу (а ўвесці ў гэты грэх было няцяжка, бо ўсе, як крумкачы на падлу, накінуліся на гаспадарку старога нябожчыка бацюшкі), – не ведаю.

З ранку да вечара стаяў тут гоман, ішоў торг, – кірмаш, дый годзе! Сцяпан хадзіў, як заўсёды, моўчкам, снуючы ад клуні да кухні, ад хле́ва да клеці і ад клеці ізноў да кухні. Часамі ён заглядаў у пакой, стаўшы на парозе, і прыслухоўваўся, як розныя людзі – дробныя гандляры, панкі і паўпанкі расцягалі збіранае доўгімі гадамі дабро. Былі такія моманты, калі Сцяпану моцна хацелася ўскочыць у пакой і штурхануць у каршэнь надаедлівага Шлёмку Цырліка. Дый, па праўдзе сказаць, трэба было мець цярпенне з гэтым шэльмаю-круцялём: як пачне енчыць, біць у грудзі, разводзіць рукамі, ківаць галавой і крычаць такім прарэзлівым голасам, як бы з яго з жывога здзіралі скуру, то не толькі такі чалавек, як Сцяпан, але і кожны не вытрывае тут.

Сцяпану ў гэтыя дні было моташна на сэрцы. Адна прычына: ён тут пражыў бадай усё сваё жыццё. Кожны вугал двара, кожная жэрдзіна ў плоце былі яму так блізкі і так знаёмы, як бы гэта былі яго дзеці. А гэтыя таўстыя вязы, якія чародамі стаялі вакол пасады, якія ні кропелькі не адмяніліся з тых часоў, як іх памятае Сцяпан, і пад якімі не адзін раз задаваў ён храпунца ў гарачыя летнія дні, – здавалася, казалі яму: «Эх, Сцяпан! Цяпер жа разлучымся мы!» Другая прычына была тая, што ў асобе старога бацюшкі Сцяпан страціў не толькі добрага гаспадара, але, можна сказаць, і дарагога друга. Божа мой! Колькі разоў, бывала, лаяліся яны: бацюшка Сцяпана, Сцяпан бацюшку. І гэта ні на адзін шэлег не псавала іх крэпкую, вякамі гадаваную дружбу.

І цяпер, стоячы на парозе і бачачы, як Шлёма Цырлік сваімі бруднымі пальцамі калупае кожную закарвашыну, кожную пляму на бацюшкавых падрызніках, Сцяпан не мог болей трываць. Адважна ступіў ён у пакой, проста ў тое месца, дзе стаяў Шлёма, вырваў з рук падрызнікі і, звярнуўшыся да матушкі, спытаў:

– Колькі яны каштуюць?

– Восем рублёў, Сцяпанка.

– Дык адлічыце з маіх грошай, я забіраю іх!

Сказаўшы гэта, Сцяпан кінуў на Шлёму такі погляд, як бы хацеў сказаць:

– Шалудзька ты! Ось як купляюць людзі! – Шлёма толькі ўскінуў плячыма, усміхнуўся і сказаў:

– Ну-э!

Сцяпан жа, высака падняўшы галаву можа першы раз за ўсё жыццё, выйшаў з пакояў. Яму здавалася, што ён памаладзеў на цэлых дзесяць гадоў, што ён зрабіў штось важнае, і на яго пазірае цяпер увесь свет. А ідучы праз кухню, ён звысака зірнуў на Зосю. Хоць яна і добрая зараза, але ўсё ж такі была нешта як бы яго жонка, хай сабе і нявенчаная.

Зося, зірнуўшы на тое, як высака трымаў Сцяпан старыя падрызнікі і як свяціўся яго твар, адразу сцяміла, у чым тут справа.

– Пайшоў бы лепш на сметнік ды кінуў грошы, – сказала яна.

– Ведаеш ты... з носа ды ў рот, – адказаў Сцяпан. Можа, каб хто сказаў, то Сцяпан звярнуў бы ўвагу, а то яна, што яна знае, заткала гэтае старое?

Сцяпану цяпер хацелася пабыць аднаму. Найлепшым для гэтага месцам быў хлеў, дзе стаялі з аднаго боку коні, а з другога – каровы. У хлеве Сцяпан пражыў добрую палавіну свайго веку. Што ён тут перадумаў – ведаюць адны толькі сцены. Толькі мала хто цікавіцца апавяданнем гэтых сцен і загарадак, дзе стаіць скаціна і жыве чалавек.

Зняважыўшы Зосю, Сцяпан, аглядаючы падрызнікі, спаважна пасунуў у свае пакоі. Чуць толькі паказаўся ён на парозе, як каровы зараз жа прыветна замыкалі, а коні вясёла загагокалі. Можа яны хацелі сказаць яму: «Дзень добры, дзядзька Сцяпан! А з чым ты прыйшоў?» Убачыўшы падрызнікі, уся жывёла разам паціхла. Рыжая карова, зірнуўшы на лахманы, сумна затрасла галавой і выставіла рогі. Відаць, і ёй не спадабалася Сцяпанава пакупка. Толькі бугай аказаў Сцяпану, як трэба, увагу. Прасунуўшы галаву праз загарадку, ён панюхаў падрызнікі, потым прытуліў губы к ноздрам і, задраўшы галаву, доўга стаяў так, выскаліўшы зубы, як бы смеючыся.

– Чаго выскаляешся, воўчае мяса? – сказаў нездаволены Сцяпан і махнуў на бугая рукою. Бык, не апускаючы галавы, адхіліўся і смяяўся столькі, колькі лічыў гэта патрэбным. Знайшоўшы на шуле каля варот гвозд, Сцяпан павесіў падрызнікі і пачаў іх разглядаць: браў за рукавы і доўга прыглядаўся, шоргаў рукою, абціраў пыл і абчышчаў іх. А калі заўважаў дзе плямку, то плёваў на яе і моцна шараваў рукавом. Часамі ён адыходзіў на колькі крокаў, каб пацікаваць, як яно выглядае здалёк. Матэрыял хоць куды! Праўда, Сцяпан, купляючы падрызнікі, і ў думках не меў які-небудзь гандаль: проста купіў, уважаючы памяць старога бацюшкі. А калі гэта высокае парыванне яго душы крыху ўляглося, то Сцяпану само сабою прыйшло пытанне, на якую рэч могуць прыгадзіцца яму гэтыя падрызнікі. Гм!.. На якую рэч? Смешна і пытаць: ці ён сам не зможа насіць іх? Ось трошкі павузіць рукавы – нават і краўцу не трэба даваць – надзеў пад халат і насі здаровы.

Каб праверыць гэта, Сцяпан зняў адзін падрызнік, апрануў. Глянуў на рукавы – і вузіць не трэба; з-пад халата нічога не будзе відаць. Агледзеўшы рукавы, зірнуў на полы – трохі зашырокія... Э! З шырокага заўсёды зробіш вузкае... А каровы, высунуўшы галовы, пільна глядзелі на Сцяпана і нічога не цямілі тут. Толькі Падласка ні з сяго ні з таго ўзяла ды зараўла на ўвесь хлеў так, як равуць каровы, убачыўшы разніка. На гэты час міма хлява праходзіў Цырлік і затрымаўся крыху. Ядавіты смех скрывіў яго губы, і Цырлік сказаў:

– Ой, Сцяпан, як хораша! Каб цяпер ты стаў на агарод, то не было б на свеце лепшага пужала, – і зарагатаў яшчэ, смурод!

– Каб табе калом вочы пасталі, абармот ты! Ідзі, ідзі, бо зацкую сабакамі.

Ужо Цырлік адышоўся, а Сцяпан яшчэ доўга гаварыў, якія круцялі гэтыя местачковыя гандляры.

Абапёршыся на загародку, Сцяпан дастаў люлечку на кароценькім цыбучку, накладаў у яе махорку і разважаў. Думкі яго вярцеліся каля падрызнікаў. Ніхто не павінен быў думаць, мысліў Сцяпан, што яму дыктавала якая-небудзь карысць, калі ён купляў падрызнікі. І не думала быць! А хто не верыць гэтаму, няхай пераканаецца сам: адзін падрызнік Сцяпан непрыменна зашле ў сяло свайму нябожу, сястрэнічу Мікалаю. Аддасць краўцу, то такія выфастрыгуе нагавіцы або світку, што пярвейшая ў сяле красуня будзе млець па Мікалаю. Толькі ці варта даваць яму? Яшчэ летась ён падстроіў Сцяпану штучку, за якую прыйшлося пасвяціць вачыма. Як роднага, прыхіліў Сцяпан свайго нябожу, а той назаўтра выцягнуў з варывенькі ў бацюшкі бутэльку наліўкі і два скруткі каўбас, як добрыя заваратні. Калі каму даваць, то не Мікалаю.

– Дзень добры, дзядзька! Як маешся?

Сцяпан знячэўку аж падскочыў і выпусціў у гной люльку.

– Бадай ты, Міколка, спрах: так спужаў мяне! – Сцяпан і не сцікаваў, як увайшоў той, пра каго ён думаў.

– Што гэта ў цябе, дзядзька, вісіць? – спытаў Мікалай.

– Дзе вісіць? – спытаў, нібыта нічога не ведаючы, Сцяпан і дадаў: – А! гэта... гэта... так, рэч адна.

Мікола зняў падрызнік і стаў разглядаць яго.

– Ці ты, дзядзька, хочаш быць папом? Навошта яны табе?

Доўга не думаючы, Мікалай нацягнуў на сябе падрызнік. Потым ён, як варʼят які, выскачыў на двор і давай круціцца.

Сцяпан узлаваўся.

– Пакінь, Мікола, дурэць! Чуеш ты? – крыкнуў Сцяпан і выбег на двор, каб сцягнуць з Мікалая падрызнік. Мікалай адбегся і давай падражнівацца з дзядзькам. Ды гэтага мала: ён яшчэ стаў выбрыкваць нагамі, прысядаць і размахваць падрызнікам, як крыллем. Сцяпан выйшаў з цярпення і давай лавіць Мікалая. Ды дзе ты дагоніш яго, калі ён вёрткі, як чорт. Хіба прыпёрці да плота? Але і платоў яму няма, каб ён апруцянеў! Якраз на тое ліха Зося заярыла з кухні сабак. Убачыўшы незнаёмага хлопца і Сцяпана, што за ім ганяўся, пакрыўджаныя, злыя сабакі з трох бакоў кінуліся на Мікалая. Мікалай выламаў з плота кол і давай ваяваць з сабакамі. А яны так і лезуць сляпіцаю. Адзін з іх злаўчыўся і схапіў Мікалая ззаду за падрызнік. Падняўся страшны гаўк, крык. Выскачыла Зося з кухні, матушка з пакояў; з-за вугла высунулася галава Шлёмы Цырліка. Мікалай вылузаўся з падрызніка, прысланіўся да вяза і адмахваўся калом ад сабак. Сцяпан падняў падрызнік, адагнаў сабак і, не гаворачы ні слова, хвасянуў разоў два Мікалая гэтым падрызнікам.

– А ты, нехрысць, чаго тут? На, цю, на! На, цю, на!

Шлёма, падняўшы лапсардак, задаў такога лататы, што пыл курэў з-пад ног.

– Не сярдуй, дзядзечка, і не гневайся, – сказаў Мікола, – праўду гавораць людзі: «Не поп – не ўбірайся ў рызы».

– Пайшоў ты к чортавай матары, гіцаль! Думаў зрабіць, як чалавеку, а цяпер – вось табе гула асмаленая! – злосна сказаў Сцяпан і сунуў пляменніку ў нос фігу.

– Дзякую, дзядзечка, і за гэты гасцінец.

Сцяпан плюнуў і зачыніўся ў хлеве. Ён быў цяпер злы; больш усяго ён злаваў на Цырліка, бо гэта яго работа, гэта ён падгаварыў Мікалая састроіць такія кпіны з дзядзькі... І на чорта было купляць гэтыя няшчасныя лахманы? Ну, што ў іх ёсць? Золата з іх ліецца? Толькі сэрца сабе растрывожыў. Тут Сцяпан з нянавісцю зірнуў на падрызнікі. А яны сабе вісяць, як ні ў чым не бывала. А ўсё гэты чортаў Шлёма: не нагані яго чэрці – і ў галаву не прыйшло б Сцяпану купляць гэтыя дрынды, прасці Госпадзі. Ні іх надзець, ні іх перарабіць. Праўду казаў той Мікола: «Калі не поп – не ўбірайся ў рызы». А перарабіць? Колькі ж яны будуць каштаваць? А ён, Сцяпан, што? Дзяцюк малады? Дзякуй Богу, сівых валасоў у галаве колькі... А восем рублёў, як у печы згарэлі.

І ўвесь гэты дзень Сцяпан быў сярдзіты. Куды б ён ні пайшоў, за што б ні ўзяўся, усюды гэтыя падрызнікі стаяць у вачах, як бы іх там хто павесіў. Бадай на іх упадак! Не толькі людзі, а і жывёла смяецца з яго. Тут Сцяпану ўспомніліся словы Зосі, Цырлік, Мікалай, як скакаў ён лявоніху, рыжая і падласая карова і бык. Ну, усе ж з яго смяяліся. А сабака дык нават разарваў ззаду. І маюць рацыю, бо ён дурны, хоць і стары. Нават уначы не меў Сцяпан супакою. Прысніўся такі брыдкі сон. Здаецца, снілася Сцяпану, ён даваў каровам, а падрызнікі (зноў яны!) віселі на старым вязе. Так сабе і вісяць яны. Потым гэты вяз як бы ўздрыгануўся, сагнуўся, павярнуў сукамі і ўсцягнуў на сябе падрызнікі. Сцяпан падышоў і кажа: «Стары ты ўжо чалавек (так і сказаў – чалавек) і займацца такімі жартамі не фасуе». І толькі Сцяпан хацеў зняць падрызнікі, як гэты вяз падняўся ўгару, потым сарваўся з месца і пайшоў бегаць па дварэ, а за ім – сабакі, Зося, матушка; зноў выскачыў з-за вугла Цырлік і пайшоў каля вяза ўпрысядкі.

Сцяпан прахапіўся, правёў рукою па сцяне – падрызнікі вісяць на месцы.

– А каб вас агонь спаліў!

Тут ён падняўся, зняў іх і давай малаціць імі па загарадцы.

– Панясу тапіць!

І Сцяпан цвёрда пастанавіў утапіць іх у рэчцы. Няхай толькі развіднеецца. З гэтай пастановай Сцяпан заснуў ізноў. Настала раніца, і Сцяпан супакоіўся.

– А каб папрабаваць панесці іх прадаць? – Сцяпанавы думкі пайшлі па новай дарозе. Прадаць, непрыменна прадаць. Яшчэ і зарабіць можна будзе. Ухадзіўшыся каля жывёлы, Сцяпан зноў стаў прыводзіць у парадак падрызнікі: разгладзіў іх, падчысціў і ціханька шуснуў у горад. А горад быў тут жа. Прыйшоўшы ў горад, Сцяпан распасцёр падрызнікі на руках так, каб паказаць іх з найлепшага боку. Прайшоўся па адной, па другой вуліцы. Ніхто не пытае – няма купца. А часам які цікавы падыдзе, паглядзіць, ускіне плячыма і пойдзе.

– Манах! Манах! – гукнулі два падшывальцы і, тузянуўшы Сцяпанавы падрызнікі, пусціліся драла.

«Не мела баба клопату, купіла парасё», – думаў, ходзячы, Сцяпан, страціўшы надзею знайсці купца.

І ўжо Сцяпан павярнуўся, каб ісці дадому. Зірк – Шлёма Цырлік.

– Ну, Сцяпан, многа зарабіў?

– Многа. Каб ты столькі на свеце пражыў! – адказаў Сцяпан.

– На два рублі.

Сцяпан перш хацеў паслаць Шлёму к чорту, ды апомніўся і стаў таргавацца.

– Паглядзі, якая падкладка, – шоўк, чысты шоўк. А верх!..

Прадаў Сцяпан падрызнікі за тры рублі. І нічым не можна было горш раззлаваць Сцяпана, як спытаць яго:

– Ці многа зарабіў, Сцяпан, на падрызніках?

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5