epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Суд у лесе

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
* * *


Прысвячаю

беларускім

партызанам

 

I

 

Адзін ён цяпер, сіраціна:

Ні маткі няма, ні сястры,

А клуня, свіронак, хаціна

Згарэлі, як свечкі, ў кастры.

 

Матулю забілі без жалю,

Забралі карову з двара,

А Галю, нявінную Галю,

На глум павяла немчура.

 

Як перст, ён адзін, небарака,

Туман не зыходзіць з вачэй.

Употайку горка ён плакаў,

Каб слёзы схаваць ад людзей.

 

А людзі яму спагадалі

І клікалі жыць да сябе,

Хоць самі пакуты зазналі,

Ліпелі, як ліст на вярбе.

 

Раздумаў, разважыў Мікітка –

Развагам навучыць бяда.

На хлебе чужым сядзець брыдка,

І кут свой пакінуць шкада.

 

З будынкаў, што немцы спалілі,

Астаўся адзін катушок,

Прыгрэбнік пад покрывам гнілі,

Прыпаўшы на жоўты пясок.

 

Бярложак Мікітка ў ім зладзіў,

Саломы і сена прынёс.

Прысеў там, як цар на пасадзе,

Хоць цар не зазнаў яго слёз.

 

 

 

Над стрэшкай працягла сасонка

Шушукала з ветрам начным,

Над вухам камарык гуў тонка

Напевам сумотным адным.

 

Ды дзесь за ракою, над лугам

Засвішча, бы ў дудку, кулік,

А мыслі плывуць сваім кругам –

Дарогай сірот-гарамык.

 

 

II

 

Ноч. У мроку нікнуць травы

        І кусты.

Месяц рог спускае правы

        Ў лес густы.

 

Сее зорачкі-каралі

        Млечны Пас.

Пеўні поўнач адкрычалі —

        Позні час.

 

Вёска сцішылася нема,

        Ні гу-гу!

І наводзяць глуш і дрэма

        Сум, тугу.

 

Пабялела неба світка

        Ў вышыні,

Не засне ж ніяк Мікітка

        Ані-ні.

 

Думкі, вобразы, малюнкі

        Гоняць сон.

Эх, благія падарункі

        Чорных дзён!

 

Толькі ж вочы ён прыплюшчыць –

        У вачах

Немец вынікне лютушчы,

        Проста жах!

 

І за што забіў матулю

        Немец-кат!

Будзь жа проклят ён з той куляй,

        Супастат!

 

– Мама, мама! – стогне хлопец.

        А сястра!

У крывавым згінь патопе,

        Пачвара!

 

Ці ж ён кату падаруе

        Здзек і глум?

Помста мозг яму свідруе

        Джалам дум.

 

 

III

 

Назаўтра пад вечар суседзі

Прыгрэбнік пусценькім знайшлі.

Употай Мікітка знік недзе.

Куды ён падаўся? Калі?

 

І двор, дзе радзіўся Мікітка,

Дзе хата стаяла і хлеў

І градак цягнулася нітка,

Сягоння зусім апусцеў.

 

Адны засталіся руіны:

Закуранай печы шкілет,

Журботная груда цагліны,

Пажарышча жудасны след.

 

Змяшалася ўсё без разбору,

Без выдумак хітрых, прыкрас.

Адзін толькі комін угору

Выносіў свой боль напаказ.

 

І людзі глядзелі, ўздыхалі,

Праходзячы міма руін,

Ды думалі: што ж будзе далей?

Якіх прычакаюць навін?

 

І кідалі погляд украдкам

На двор, дзе жыў Губіч Кандрат.

Ён – вораг савецкіх парадкаў,

Ён катаў навёў сюды, гад.

 

На Гурбу данёс ён, гадзюка,

І выдаў, што ён партызан.

І хто мог падумаць? Эх, сука!

А быў так лісліў і рахман!

 

І першы заўсёды на сходах

Крычаў за савецкую ўласць,

А што ён узычыў народу?

Такія згрызоты, напасць!

 

Бяда, непакой у Слабодках –

Жыві на нямецкі манер!

І ходзіць народ, бы ў калодках.

І дзе той Мікітка цяпер?

 

IV

 

Ці не стрэў хто ў надвячорак

Пад мястэчкам хлапчука

З парай ясных, строгіх зорак,

Што, відаць, шоў здаляка?

 

Калі стрэлі, ці спыталі,

Скуль вандроўнік той і чый?

І якой шукаў ён Галі,

Ён і ёмкі яго кій?

 

Ды каму што да малога?

Хто іх можа ўсіх спытаць?

Нават трудна ўсіх, бо многа,

Добрым словам прывітаць.

 

Эх, нямала крыўда носіць

Па зямлі гаротнай ног,

Па зямлі, што кроўю росіць

Травы, кветкі ўскрай дарог!

 

Толькі ж кроў не падаруе

Тым, хто кроў зраўняў з вадой.

Кроў замые гніль старую

Разам з дзікаю ардой.

 

Кроў гартуе тых ваякаў,

Што паўсталі за свой край.

Хто не гнуўся і не плакаў,

А казаў: «Браты, ўставай!»

Кроў сыноў-герояў родзіць,

Раздзімае помсты жар.

Згінеш ты, фашысцкі збродзе,

Тлум забойцаў і пачвар.

 

Кліча кроў: «На бой ідзеце!

Смерць фашысцкаму ярму!

Сонца вечна людзям свеціць.

Хто прыйшоў з цьмы, сойдзе ў цьму!»

 

Кліч пачуў той і Мікітка,

Ён ідзе на свой адум,

А крумкач, як варажбітка,

Падае свой голас: «Крум!»

 

V

 

Ідзе Мікітка на разведкі,

Дазнацца хоча пра сястру,

А разам з гэтым неўзаметкі

Дзе што дазнацца аб звяру,

 

Знайсці забойцу, гада-звера,

Што прычыніў такое зло.

Ён помніць добра афіцэра,

Яго звярынае мурло.

 

Пра ўсё разведаць як належыць,

Затым – у лес да партызан

Ды на варожы след на свежы –

Вось у яго які быў план.

 

Мікітка жыў на свеце мала,

Ды перадумаў шмат чаго

І разважаў разумна, стала –

Прабеглы хлопец, ого-го!

 

У лес хадзіў ён, ды сукрыта,

Каб Губічаў адвесці нюх.

А там казалі: «О, Мікіта:

Ён варт дарослых іншых двух!»

 

Ідзе Мікітка, наглядае

За ўсім, што стрэнецца яму,

А зоркасць вока маладая

Смугу прабʼе, прарэжа цьму.

 

Ды вось жа вынікла праява,

Мікітка быў умлець гатоў:

Той самы Губіч, як лягавы,

Наперарэз яму з кустоў!

 

Спыніў яго: – Куды ты, хлопча?

Спытаў і позіркам стрыжэ,

Відаць, у мыслі ўлезці хоча.

Мікітка ж смела яму лжэ:

 

– Іду да цёткі. – Ах, гаротны! –

Паспагадаў яму Кандрат.

І разышліся бестурботна,

Не аглянуўшыся назад.

 

 

VI

 

Дарога, краіна, сядзібы...

        Хіба гэта вы?

Глянь – вёскі: счарнелыя глыбы.

        Дзе той, хто жывы?

 

Разбегліся людзі па пушчах,

        Па нетрах балот.

А голад кастлявы, лютушчы

        Прысеў на іх плот.

 

Разбіта хрустальная чаша,

        У ранах зямля.

І нівы паела і пашы

        Фашысцкая тля.

 

Ды сокаў зямлі нашай мала

        Для прагных звяроў,

І шпрыцам калючым, як джала,

        Высмоктваюць кроў.

 

Разбураны сёлы, мястэчкі,

        Пажоўклі сады,

Як слёзы, раняюць у рэчку

        Дубы жалуды.

 

Журбою засмужаны далі,

        Акрыліся ў муць.

І песні спяваць перасталі,

        І смеху не чуць.

 

Снуецца адна толькі погань,

        Трыбушная мразь,

Упаўшая нізка, убога,

        Як слізкая гразь.

 

Зямля, мая родная маці,

        Гаротны мой люд!

Хіба ж у нас сілы не хваціць

        Змясці гэты бруд?

 

Той веры не траціць Мікітка,

        Мікітак – мільён.

Ідзе ён рашуча і швыдка.

        Мікітку паклон!

 

 

VII

 

Мястэчка стулілася ў мроку.

Бязлюдныя плошчы, двары.

Прывідам тырчыць навідоку

Цагляны будынак стары.

 

Эсэсаўцы ў гэтым будынку

Звілі сабе кодла-дупло.

Снавалася тут без упынку

Падонкаў людскіх барахло.

 

Штодзень, і гадзіна ў гадзіну,

Заходзіў сам Зюмель сюды –

Фашысцкую ткаць павуціну

Для нашай нядолі, бяды.

 

Даў Гітлер яму падвышэнне:

Гер Зюмель цяпер – капітан,

За кожны ухіл, парушэнне

Здзірае апошні каптан.

 

Фон Зюмель шрайбуе загады,

Фон Зюмель засноўвае лад,

Фон Зюмель дае ўсе нарады,

Фон Зюмель вярбуе дзяўчат.

З усіх жа яго абавязкаў

Найбольшы – ахоўваць тылы,

Каб біч партызанскі не ляскаў,

Скірованы кату ў іклы.

 

Сваю рэзідэнцыю Зюмель

Абставіў, як кажуць, на яць,

Каб вораг дрыжаў і не думаў

Назад адабранае ўзяць.

 

Расстаўлены ўсюды пікеты,

Пакопаны ямы, равы,

Фашысцкай бранёю адзеты

Фашысцкіх паскуд астравы.

 

За дротам калючым сабрана

Для катаў не мала ўжо слуг,

І хопіць на кожнага пана

Рабочых, дзяўчат, маладух.

 

 

VIII

 

Быў у Мікіткі ў мястэчку

Таварыш па школе, Пятрок.

Цяпер за яго ты хоць свечку

Святому пастаў, галубок.

 

Пятрок – гэта вочы і вушы:

Ён чуе і бачыць усё.

Ён знае, дзе фрыцы-карлушы,

Чый певень у іх, парасё.

 

Ён знае патайныя ходы

Фашысцкіх шпіёнаў-падліз –

Людзей той прадажнай пароды,

Што ходзяць бясшумна, як ліс.

 

І Губіч тут быў не аднойчы,

Не раз прабіраўся цішком

Бязлюднаю сцежкаю воўчай

У гэты эсэсаўскі дом.

 

Ён знае гараж іх і склады,

Дзе немцы хаваюць бензін,

Дзе зборы наладжваюць, гады,

Ігрышчаў сваіх, вечарын.

 

Ён знае і тую пуціну,

Якою машыны ідуць,

Што нашых людзей, як скаціну,

На станцыю ў поезд вязуць.

 

Пятрок усё браў на заметку.

Ён моцна здзіўляў сябрука,

Але не адною разведкай

Вычэрпваўся дар Петрука.

 

Сказаць жа, і спрытны хлапчуха,

Такога ці знаў можа свет.

Ён сябру прызнаўся на вуха,

Што ёсць у яго пісталет.

 

Ён мае патроны, гранаты,

Умее і ўзяць на прыцэл.

Адчаянны хлопец, заўзяты,

Ён можа ў баях браць удзел.

 

IX

 

Мікітка расказвае другу,

        Не тоіць нічога

І просіць сябра на паслугу,

        Сябра дарагога.

 

Ён план свой, абдуманы стала,

        Прад ім выкладае.

Сяброўскае сэрца ўзыграла

        І кроў маладая.

 

Стаіліся хлопцы, як мышы,

        Панізілі голас,

А помста іх носіць, калыша

        І хмурыць ім чола.

 

Няўжо яны будуць цярпліва

        Маўчаць, як тля тая,

Глядзець, як барон шалудзівы

        Наш край вынішчае?

 

Маўчаць, каб фашысцкая пошасць

        На карку сядзела?

Глядзець, як фашысцкія вошы

        Грызуць наша цела?

 

О не, праклятушчыя, дудкі!

        Зайшлі не туды вы:

І самі падохнеце хутка

        І фюрэр паршывы.

 

Пятрок і Мікітка яшчэ раз

        Свой план разглядзелі.

Злучыў іх агульны інтэрас

        На дні і нядзелі.

 

І ролі свае як найлепей

        Размецілі ў згодзе,

І клятвай свой доўг яны крэпяць

        Падбаць аб народзе.

 

Нарэшце настала хвіліна

        Расстацца ваякам.

Мікітава ж зараз пуціна

        У дзесяць вёрст з гакам.

 

X

 

Знямелы, пануры, суровы,

Сядзіць Іван Гурба на пні.

Якія жа скажаш тут словы?

Душа ўся і сэрца ў агні.

 

Застрэлілі жонку – завошта?

Дзяўчыну забралі – куды?

Якім жа заплаціце коштам,

Забойцы з фашысцкай арды?

 

І цяжкія, горкія думы

Снуюцца ў яго галаве.

Такога не бачылі глуму,

Што з котлішч варожых плыве.

 

Сядзіць Іван Гурба знямелы,

А ў сэрцы бушуе граза,

І ціха на вус пасівелы

Па твару сплывае сляза.

Што чыніць фашысцкая зграя!

Што творыць разбойнік і кат!

І моцна і злосна сціскае

Здабыты ў баях аўтамат.

 

– Дык так, сынку: нас цяпер двое...

Нядобрыя весці, сынок!

Мікітка стаіць каля хвоі,

Маўкліва патупіўшы зрок.

 

– Адпомсцім! – сын глуха гаворыць

І ссоўвае бровы ніжэй: —

– Я ведаю котлы іх, норы...

Вось выберам ноч пацямней.

 

– Адпомсцім, адпомсцім ім, гадам!

І Гурба зрываецца з пня.

– Эй, клічце сяброў на нараду!

Связіст Мікалай, на каня!

 

І лес ажывіўся раптоўна,

Байцы вынікаюць з зямлі.

Як свечкі, стаяць стромка, роўна

Калоны лясныя, камлі.

 

XI

 

Сышліся байцы-партызаны

На голас свайго камандзіра.

Прыйшоў сівізною убраны

Ваяка з Палесся – Гамыра;

 

Шарон і Грачанік з саўгасу,

Сярэдняга веку мужчыны,

Нябрытыя з доўгага часу,

Заросшыя густа шчацінай;

 

Настаўнік і два аграномы,

Ляснічы, бухгалтар з завода

І добра ў атрадзе вядомы

Гранатчык Ігнат Варывода.

 

Былі і бязвусыя хлопцы,

У касках, пілотках двурогіх.

Па кожнай дарожцы і тропцы

Насілі іх лёгкія ногі.

 

На свой лад быў кожны адзеты:

Хто ў лапцях раменных, хто ў ботах,

Ды кожны адным агнём грэты

У трудных паходах, турботах.

 

Характарам розныя людзі,

Адзін да другіх не падобны,

Ды ў кожнага сэрца у грудзях

Палала нянавісцю злобнай.

 

Як пчолы з разбітага вулля

Бароняцца ярасным роем,

Так помсцяць за кроў, за разгулле

Фашысцкім бандытам героі.

 

І чуюць ваякі дарогу,

Рыхтуюць аружжа к паходу,

А вецер павейвае з логу,

З Чырвонага ціхага Броду.

 

На ўтульнай зялёнай палянцы

Высвіствае дрозд серанаду.

А іх камандзір у зямлянцы

Са штабам праводзіць нараду.

 

 

XII

 

                                                                  Ох, цяжка Галі ў няволі

                                                                  Пад варожым вокам!

                                                                  Так блізка роднае поле,

                                                                  І яно далёка!

 

                                                                  Як ветла, з ласкай якою

                                                                  Пазіраюць далі!

                                                                  Ды лес і луг за ракою,

                                                                  На жаль, не для Галі.

 

                                                                І радасць, долю і волю

                                                                Зграя іх забіла.

                                                                Не ўбачыць маткі ніколі,

                                                                Дзе яе магіла?

 

                                                                  І дзе ён, Мікітка? Дзе тата?

                                                                  Што там з імі стала?

                                                                  Ох, гады! Ох, гітлеры-каты!

                                                                  Вам крыві ўсё мала.

 

                                                                    За дротам калючым енкі –

                                                                    Няма там спагады.

                                                                    Аслепнуць няхай вам зрэнкі,

                                                                    Двуногія гады!

 

                                                                    Не людзі, не людзі – зверы,

                                                                    Якіх свет не бачыў.

                                                                    Звярыныя ў іх манеры,

                                                                    Голас – брэх сабачы.

 

                                                                      Не плакала Галя: плачам

                                                                      Сябе толькі ўнізіць.

                                                                      Што далей будзе, пабачыць –

                                                                      Ў партызанскай кнізе.

 

                                                                      А вораг рыжы на Галю

                                                                      Косіць вока хціва.

                                                                      Фашысты заўважылі кралю,

                                                                      Фашысты ж – блудлівы.

 

                                                                      Ох, цяжка Галі ў няволі

                                                                      За калючым дротам!

                                                                        А гэтак блізка лес, поле

                                                                        І рака з чаротам!

 

 

XIII

 

Выйшаў Гурба, два штабісты,

        Ганіч, Лебяда,

Хлопец ёмкі і плячысты.

        Змоўкла грамада.

 

– Ну што ж, хлопцы, час нам рушыць,

        Выйсці з лесу ў свет,

Гансаў, фрыцаў і карлушаў

        Страсянуць як след.

 

Што ні дзень, то больш наглее

        Гітлераўскі зброд.

Дык вальём жа ім алею

        У іх воўчы рот!

Як пачулі партызаны

        Камандзірскі сказ,

Падняліся дружным станам,

        Захадзілі ўраз.

 

Скарбнік іхні дзед Гамыра

        Адчыніў свой склад

Ды наказваў проста, шчыра:

        – Не шыкуй жа, брат!

 

Каб ні куля, ні граната

        Не прапалі так.

Метка ахай супастата,

        Не шкадуй сабак!

 

– Што ты, дзеду, ды я ж снайпер,

        Маху не даю.

– То-та ж, браце. Помні, знай жа

        Дабрату маю!

 

Ходзіць лагер, нібы ў віры,

        Бо загад аддан.

А тым часам камандзіры

        Вывучаюць план.

 

Час і месца намячалі,

        Зборы на шашы.

Нават хвоі не маўчалі

        У лясной глушы.

 

 

XIV

 

Пятрок гарыць. Ён повен руху,

І ходзіць кожны яго мускул.

Туды-сюды мкне што ёсць духу –

Цяпер не дасць ён гадам спуску!

 

Пятрок адзін мужчына ў хаце.

Няма за ім дагляду, вока.

А цёткам што? Ды й сіл не хваціць

У рукі ўзяць такога доку.

 

На ворага ён вока мае –

Бо праз яго шляхі закрыты.

Калі хто ім і спагадае,

Дык толькі злодзей і бандыты.

 

Дык так, за справу. Першым чынам

Праверыць лагер, склады, варту.

Хадзіў і бегаў, поўз пад тынам,

Выконваў планы свае ўпарта.

 

На месцы лагер, варта, склады.

Глядзіць – прывезлі тры цыстэрны,

Шэсць грузавых, відаць, снарады,

Што важыць вораг крыважэрны?

 

Усё агледзеў як належыць.

Цяпер праверыць свае сховы,

Ідзе ўздоўж рэчкі паўзбярэжжам

І раптам чуе – гуд размовы.

 

                              А д з і н

Пяць соцень, чуеш? Ах, псялыткі!

Але дастаць іх труднавата.

 

                                Д р у г і

А ты прыліпні да Мікіткі

І прасачы, дзе ходзіць тата.

 

Пятрок бы нож пачуў у сэрцы

І скеміў зразу, ў чым тут справа.

А хто яны? Хто людажэрцы?

Падгледзеў – Губіч і Малява.

 

Пятрок ураз прыняў рашэнне –

Мікітку трэба папярэдзіць:

Пакуль Мікіткі не сустрэне,

Ён і хвіліны тут не ўседзіць.

 

 

XV

 

Фон Зюмель у добрым настроі:

Прароблена немцамі шмат.

І фюрэр і ён ідзе ўгору.

За нацыю такжа ён рад.

 

Фон Зюмель – не рускі няздара:

Вядзе ён тут справы, як бог,

Выводзіць фашысцкія мары

У яву разбойных дарог.

 

Адведзены землі баронам,

Кіруе фашысцкі бізун,

Кіруецца зверскім законам

Ажыўшы ў Нямеччыне гун.

 

Паходжвае Зюмель надзьмуты,

Надзеўшы парадны мундзір:

У дваццаць гадзін тры мінуты

Сяброў ён заклікаў на пір.

 

З дакладнасцю чыста нямецкай

Сабраліся госці ў свой час.

А від у гасцей маладзецкі,

Грудзіна ў крыжах, як абраз.

 

Было іх не дужа багата:

Якісь лейтэнант, капітан

Ды обер адзін вуграваты,

Тыповы фашысцкі чурбан.

 

Пілі ды выгуквалі тосты,

«Хайль Гітлер!» крычалі падрад.

Нажэрліся туга, прахвосты,

І ім цяпер трэба дзяўчат.

 

У пʼянага Зюмеля Галя

У мыслях мільгнулася ўміг.

Дапрос учыніць ёй, а далей,

А далей пацеха для ўсіх.

 

Фон Зюмель кіўнуў галавою,

Сказаў адно слова ім «гут»

І звоніць у лагер канвою,

Каб зараз была Галя тут.

 

 

XVI

 

Прывялі канвойнікі Галю,

        У пакой вапхнулі.

Зюмелевы госці заржалі,

        На яе кіўнулі.

 

Забілася сэрца ў дзяўчыны,

        Як у клетцы птушка,

У бярлог папала звярыны

        Лесу, ніў дачушка.

 

Спынілася Галя, умлела,

        Адгадала лёс свой.

Узважваюць дзеўчае цела

        Блудліва барбосы.

 

Пасадзіў Зюмель Галю ў крэсла,

        Узяў за падбародак:

— Чаму кудзерак свой растрэсла,

        Русішан малодак?

 

Адказвай!.. Ды глянь жа мне ў вочы.

        О, я добры, добры!

Ды зарваўся голас дзявочы

        У вачах у кобры.

 

– Ну чаго ж маўчыш, малодак,

        Скупішся на словы?

Зюмель – о, як цукар, салодак.

        Зюмель – о, суровы!

 

І змяніўся Зюмель з твару,

        Крыкнуў хрыпла, дзіка:

– Но, но, чуй: прыдумаю кару,

        Кара грос, вяліка!

 

Вуграваты обер падскочыў:

        – Гер капітан – госцю!

І лапае, мне стан дзявочы,

        Пʼянай поўны млосці.

 

Рванулася, штурхнула Галя

        «Высокую» расу.

А ў час гэты – шух на вакзале

        Агнявыя пасы!

 

 

XVII

 

Злавесны бляск-чырвань, як кроў,

        Варваўся ў пакой.

Гром выбухнуў, зверам зароў

        І змоўк за ракой.

Бушуе, бʼе полымя ўвысь,

        Выкідвае дым.

У мроку агоньчык – блісь-блісь!

        І стрэлы за ім!

 

Забегалі каты: – Гер-гер!

        Любошчам канец.

Гер обер, што скажаш цяпер,

        Арыйскі самец?

 

Бягуць к тэлефону – дарма:

        Маўчыць тэлефон.

Завуць веставога – няма.

        Збянтэжан барон.

 

І шапкі хапаюць яны

        Ды ў дзверы кулём!

І чуюць: – Стой, суччы сыны!

        Не голас, а гром!

 

І бачаць – сталёвая шчэць

        Глядзіць з-за дзвярэй,

І страшныя вочы, як смерць,

        Кінжалаў вастрэй!

 

Застылі бандыты на міг,

        А потым назад!

Ды ў вокнах чакалі ўжо іх

        Галушкі гранат.

 

Крывавыя рукі ўгары

        Прыйшлося трымаць.

– Ну, хлопцы, вяжы іх, бяры!

        Хутчэй, не драмаць!

 

Камандуе Гурба Іван

        І раптам глядзіць –

Зашыўшыся ў кут, за дыван,

        Дзяўчына сядзіць!

 

 

XVIII

 

Люблю я лес, адвечны бор,

Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі,

Дзе рассцілаюць елі лапкі

І востры верх мкнуць у прастор.

 

Заўсёды ў лесе добра мне:

У ім так ціха, урачыста,

Калі прытоіцца ўсё чыста,

І ветрык нават не дыхне.

 

І дуб-крапак і куст малы

Стаяць у мудрым задуменні,

А сосны сочаць і струменяць

Густы, духмяны пах смалы.

 

Замлее лес – такая ціш,

І толькі пчолы струнным звонам

Гудуць працягла роўным тонам

Ды прашмыгне лясная мыш.

 

А як прыгожы ў час вясны

Бярозак першыя уборы,

Калі яны па касагорах

У сонцы мараць свае сны!

 

Мне не забыць і тых часін,

Калі шумяць трывожна дрэвы,

А ў кожным дрэве свае спевы,

А ў хоры іх акорд адзін.

 

Сваю красу нясуць імхі,

Дзе многа рознай дробнай твары,

Дзе мурашы пасуць атары

Зялёнай тлі, як пастухі.

 

Хіба ж не міл і час такі

На схіле лецейка, пад восень,

Калі на верасах між сосен

Пачнуць расці баравікі?

 

Мне лес цяпер міл удвая,

Бо родны лес мой краю служыць,

Бо лес мой туліць смелых, дужых,

Сярод якіх душой і я.

 

XIX

 

Ходзіць па лесе гоман, шум, гук,

Чуе лес добрыя весці:

Злоўлен фон Зюмель, злоўлен павук,

Злоўлен забойца нарэшце!

 

Ціха, паважна змоўк стары дуб –

Слаўныя ў лесе падзеі!

Зюмель, ці бачыш, Гітлераў слуп,

Як лічаць ваякі трафеі?

 

Скарбнік Гамыра зносіць у склад

Новыя стрэльбы, як дровы,

Кіне на Зюмеля хітры пагляд,

Скажа калючае слова:

 

– Дзякуй, бароне, за кулямёт –

Добрыя ў немцаў прыпасы.

Ёсць, ёсць чым, беларускі народ,

Нішчыць фашысцкае мяса!

 

Шчыльнай сцяною ваякі стаяць,

Дуб іх шатром прыкрывае.

Шумна гудзе партызанская раць,

Льецца гаворка жывая.

 

Рады ваякі, рад сам камандзір –

Дочку ён вырваў з палону.

Толькі фон Зюмель, дзьмуты пузыр,

Згорблен – не смачна барону!

 

– Слова тваё: начальнік ты ў нас –

Што нам рабіць з той брыдою?

Выступіў Гурба, торкнуў за пас,

Вусы паправіў рукою.

 

– Вось што, таварышове-браты:

Суд я над ім назначаю,

Суд справядлівы, людскі, святы,

Нашым законам, звычаем.

 

Выберам суддзяў. Хто адвакат?

Хто будзе за пракурора?

Рук пракурорскіх злічана шмат,

Рук адваката – з ім горай.

 

XX

Пад дубам паставілі стол,

Паважна расселіся суддзі:

Шарон, Варывода, Расол,

Ляснічы па прозвішчу Кудзін.

 

Адно замінала суду:

Няма на судзе адваката.

Паправіць жа можна бяду –

Зрабіць адвакатам Кандрата!

 

Укленчыў тут Губіч, крычыць:

– Завошта, браты-партызаны!

Асек Варызода: – Маўчы!

Служыў – барані свайго пана!

 

І кідае строга свой зрок.

– Суд ідзе! – грыміць урачыста.

І вочы скіроўвае ўбок,

Пранізвае імі фашыста.

 

Прымоўкла ваяк грамада,

У ворага ўставіла вочы,

І кожны без следства, суда,

Як гада, душыць яго хоча.

 

Фашыст жа, фон Зюмель, барон,

Стаіць у парадным мундзіры,

Крыжы на грудзях, медальён.

І болей няма ў ім задзіры.

 

Стаіць, утрупелы, як пень,

А губы, як трубы-кілбасы.

Тфу, згінь ты, фашысцкая дрэнь,

«Вышэйшая» смродная раса!

 

І вось жа такая брыда

Збіраецца светам валодаць!

Глядзіць і плюе грамада –

Ці жыць жа такому вось смроду!

 

Пытаюцца суддзі ў яго,

Ці лічыць сябе вінаватым?

Ён – доўг выпаўняў і – ўсяго!

Што фюрэр казаў, то і свята.

 

 

XXI

 

Допыт закончан. На пракурора,

Ляснічага, глянулі ўсе.

Ціха пранёсся вецер над борам,

У леснай спыніўся страсе.

 

– Суддзі і вы, таварышы-брацці! –

Прамову пачаў пракурор:

– Бачыце – хто перад вамі? Пракляцце,

Даўбешка, фашысцкі тапор!

 

З віду здаецца ён – нібы людзі:

І рукі, і ногі, і нос.

Глузд жа звярыны, толькі б паскудзіць,

Нутром жа бандыт, тарбатрос!

 

Чулі вы: «ён выконваў загады»,

А сам ён і свят і не лыс.

Гляньце ж на рукі чорнага гада,

На рукі, што спушчаны ўніз!

 

Колькі крыві на іх, ён не скажа:

Забойца, як заяц, трусліў.

Дух у забойцы – чорная сажа...

Хто Гурбаву жонку забіў?

 

Чым кіраваўся кат ачумелы?

За што ён застрэліў яе?

Муж партызаніць! Як жа пасмелі

Паўстаць мы за правы свае!

 

Людзі, што волю, край свой бароняць, –

Злачынцы ў баронскіх вачах!

Зброю ўзялі мы, селі ка коні –

Мы робім, выходзіць, «замах»!

 

Гойсаюць рыцары ўсюды,

Вынюхваюць нашы сляды.

Першы з іх – вось ён – Зюмель-паскуда,

Вось Гітлераў гончы руды!

 

Выбʼем жа воўку воўчыя зубы,

«Высокае» расы закон...

Можа я непаважна і груба

Цябе атэстую, барон?

 

 

XXII

 

Грыміць пракурор на ўвесь лес

Ад імя народу і краю,

А рэплікі сыплюцца з месц

І жару ўсё больш падсыпаюць.

 

Гамыра – сам помста і гнеў,

Аж рукі трасуцца ад злосці:

Жывога, здаецца б, ён зʼеў

Фашысцкага пса-ягамосця.

 

Не ўстоіць на месцы Пятрок,

Яму трэба рух і імкненне.

Ён кідае ўсюды свой зрок

І ўсё прымячае ў імгненне.

 

З ім побач Мікітка. Сябры

Вялікую справу зрабілі:

Без іх уцяклі бы звяры

І столькі б там іх не скасілі.

 

І хлопцам за гэта хвала.

Прадставілі іх к нагародзе,

І слава іх тут зацвіла,

І тут і далёка ў народзе.

 

Сам Гурба стаіць адзінок:

Няма яго вернай жанчыны!

Раз-пораз ён кідае зрок

На воблік фашысцкі звярыны.

 

І слухае: – Хват пракурор!

Запальвай, брат, помстаю сэрцы!

І сіле злой наперакор

Навекі зачынім тут дзверцы!

 

І Галя, як ружы той цвет,

Стаілася ціха пад дубам.

Зазнала пакуты і бед,

Але абышла яе згуба.

 

Таксама, як бацька, яна

Не зводзіць вачэй з пракурора.

І думае: «Не, не да дна

Ты вычарпаў болі і гора!»

 

 

XXIII

 

Пракурор жа не скончыў яшчэ

І ворага далей сячэ.

 

– Вы чулі, таварышы-другі,

Што Гітлер для іх жа, як бог:

Яны – яго дзеці і слугі,

Выгукваюць «хайль» яму, «гох».

 

Парукай адной кругавою

Звязалася іх шашура –

Злачыннаю прагай разбою

Ахоплена ўся пачвара.

 

Ім, бачыце, цесна, ім мала

Прастору, нямецкай зямлі,

І вось яны цёмнай навалай

Да нас, як гадзюкі, ўпаўзлі.

 

Разграбілі сёлы, мястэчкі,

Разбурылі ў прах гарады.

Крывёй пацяклі нашы рэчкі,

Агнём запалалі сады.

 

І ўсё, што здабылі мы з вамі

У нашы савецкія дні,

Патоптана іх капытамі,

Прапала ў фашысцкім агні.

 

Наш край яны паланілі,

Катуюць нявінны народ,

На службу карычневай гнілі

Яго гнаў і фон-абармот.

 

О, шмат было спраў у барона!

Судзіў нас і вешаў, страляў,

Выкройваў маёнткі-разгоны

Для гэтакіх самых халяў.

 

Ён – бог тут, «вышэйшая» раса,

Дазволена ўсё тут яму!

Дык знішчым жа воўчае мяса,

Фашысцкую погань, чуму!

 

І Гітлер і зюмелі – вошы,

Напоўзшыя к нам за каўнер!

Няхай жа згніе гэта пошасць,

Клыкасты разʼюшаны звер!

 

 

XXIV

 

Загула грамада

Ды загаманіла:

– Ці ж дастойна суда

Свінячае рыла?

 

Збрыдла нам пазіраць

На яго, паганца, –

Проста – скуру садраць

На лясной палянцы!

 

А хутчэй і латвей –

Удавіць, павесіць!

Дай вужышча, Мацвей, –

Шмат сукоў у лесе!

 

– Стойце, хлопцы, давай

Шанаваць парадак!

Суд ідзе, дык няхай

Тут не будзе звадак.

 

Калі судзім, дык суд

Скажа ад народа –

Не дарэмен жа труд, –

Цыкнуў Варывода.

 

– Ану, Губіч Кандрат,

Барані барона –

Ты ж яму нібы брат,

Аднаго закона!

 

Губіч суддзям, суду

Раптам бух у ногі:

– Вас прашу, грамаду

Збіўся я з дарогі!

Лепш забіце мяне,

Кіньце труп у полі.

Бараніць яго... Не!

Прад людзьмі – ніколі!

 

Губіч крыжам паў, лёг,

Выў: – Не падарую!

І рукамі драў мох

І зямлю сырую.

 

 

XXV

 

Параіліся тут суддзі

І зірнулі на грамаду.

Далей яно відаць будзе –

З сабой чалавек не ў ладу.

 

– Падсудны – апошняе слова!

А той азірнуўся, як воўк,

Насупіў рыжыя бровы,

Сказаў штосьці хрыпла і змоўк.

 

Адвёў канвой ката далей

За тоўсты разложысты дуб,

А суддзі крыху пагадалі,

І іх прыгавор выйшаў скуп.

 

Ката вярнулі з-за дуба.

Нятрудна прысуд адгадаць:

Змясціўся лёс душагуба

У слове адным: расстраляць!

 

Спачатку было ціха ў лесе,

Нібы абарвалася штось.

Барон садрыгнуўся і звесіў

І нос свой і губы, як лось.

 

І тут як крыкне Гамыра,

І лес засланіў барадой:

– Патронаў шкода на кныра!

Ды я яго — проста даўбнёй!

 

І ўраз выхапіў дзед швайку.

– Вось суну пад рэбры – капут!

Фашысцкую кляне шайку

І ўсю яе цягне на суд.

 

І сыпле дзед ворагу ў вочы:

– Мы вас перадушым усіх.

Бароны – скот наш рабочы:

Вазіць будзем цэглу на іх!

 

А з Гітлера скуру злупім,

Калі ён у вас бог і цар.

Паскачам на яго трупе.

І барону плюнуў у твар.

 

 

* * *

 

Адбыўся суд. Народнай кары

Ніхто рукі не адвядзе.

На помсту клічуць кроў, ахвяры –

Забойцам месц няма нідзе!

 

На родных землях, дзе спрадвеку

Ад нашых ног ляглі сляды

І нашы назвы носяць рэкі,

Лясы, азёры, гарады,

 

На гэтых землях вораг люты

Пахован будзе без труны,

Як тая горкая атрута,

Дзе ўсходзяць толькі палыны.

 

Разгоніць дзень туман крывавы,

Развее вецер чад імжы,

І будзе праўда правіць права,

Пазносіць межы, рубяжы.

 

Пра вас жа, волаты-героі,

Гатовых кроў за край аддаць,

Шумець век векам будуць хвоі

І гімны славы вам складаць.

 

Аздобіць летапіс аб слаўных

І кнігу праўды нашых дзён,

Як сказ геройства часаў даўных,

Вянок сягонняшніх імён.


кастрычнік 1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 10