epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Суш

 

Даўно, даўно ішоў дождж. Неба чыста, як шкло. Сонца ўвесь дзень пячэ неміласэрна. Глянем на поле, на луг, на лес – туман, смага сіняватага колеру вісіць над усім. Увесь Божы свет як бы заслаўся нейкім дымам. Збожжа без пары жоўкне ў полі. Каласы на ніве пасохлі і нудна калышуцца па ветры. Грэчка апусціла лісце, як апараная гарачай вадою. Усё павяла, папрышчылася на сонцы. Вада ў рэках абмелела. Кепска цяпер і расліне, і жывёле, і рыбцэ. Нудна пазірае чалавек на гарачае неба, ці не відаць дзе хмурынкі, ці не нагоніць часам вецер дажджлівых хмар. Але неба астаецца чыстым, гладкім, гарачым і непрыступным для просьбы чалавека і прыроды, і аратай без надзеі пазірае на поле, дзе гібне яго праца. Толькі слупы чорнага і сівага дыму відаць то там то сям над лесам ды неба ўночы чырванее ад далёкіх пажараў.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5