epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Святая нядзелька

 

Бывала после вячэры, калі наша мама ўходзіцца з работаю, яна садзілася за прасніцу каля каміна. А мы, малыя дзеці, прымошчваліся бліжэй да мамы... Мама часта спявала нам песні. Мы любілі слухаць гэтыя песні. Яшчэ больш любілі мы яе казкі. Прадзе мама кудзелю, гудзе верацяно, і ціха льецца яе казка, то жартлівая, то страшная і заўсёды цікавая.

На двары бушуе вецер, у садку каля хаты шуміць старая вярба, шуміць жудасна, як бы яе моцна хто крыўдзіць, або з ёю здарылася нейкае гора.

– А чаму ты мама, не прадзеш сёння? – пытаем бывала мы.

– Сёння, дзеткі, субота, святы вечар. Скора і святая нядзелька зойдзе.

– А што гэта – нядзелька?

– Гэта – святы дзянёк. Людзі адпачываюць ад работы ў нядзельку і тым ушаноўваюць яе.

І сказала нам раз мама: «Адна кабета засядзелася позна ў суботу. Сядзіць яна і ўсё шые. У хаце ўжо ўсе паснулі. Аж расчыняюцца дзверы, і ўваходзіць у хату незнаёмая кабеціна. І твар яе, і рукі былі ў шрамах, паколаты, парэзаны і пасечаны.

– Хто ты такая, кабетка? – пытае яе гаспадыня.

Смутна зірнула незнаёмая кабета на гаспадыню і кажа:

– Я – святая нядзелька. І паглядзі ты на мяне, што зрабілі са мною людзі.

Нядзелька паказала свае рукі.

З аднаго пальца капала кроў. Рукі былі ў ранах.

– Вось ты шыеш, і кожны раз, як голка твая працягвае нітку праз палатно, яна пракалвае мне пальцы.

Спалохалася гаспадыня і з таго разу ніколі перад святою нядзелькаю не рабіла яна позна работы, баючыся прычыніць боль нядзельцы».

[1922]


[1922]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5