epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Святы Ян»

I
II
III


I

 

Арганісты пан Сарнецкі

Убіраць прыйшоў касцёл.

Заўтра свята, фэст важнецкі...

Эх, у ксёндза будзе стол!

А гасцей, гасцей наедзе:

Арандатараў, паноў,

Многа будзе на абедзе

Розных клерыкаў, ксяндзоў.

Там пальюцца рэчкай віны,

          Грымне весела раяль,

А ксянжулькіна Мальвіна

Аздабляць будзе той баль.

Стаў народ ужо збірацца

З розных месц, далёкіх сёл...

Ну, то трэба ж пастарацца

Як найлепш убраць касцёл.

На дзядзінцы ўюць дзяўчата

З красак, зелені вянкі.

Праца шчыра распачата,

          Завіхаюцца жанкі.

Арганісты знае справу

І мастацкі мае густ,

Рэй вядзе, вядзе на славу,

Хоць мазоліўся тут глузд.

 

Ды затое ж на здзіўленне

Быў убраны той касцёл.

Святы Ян паўзверх адзення

Апяразан быў упол

Паяском з жывых раслінак, –

          Ну, той Ян аж зіхаціць!

Як бы ўвесь святы будынак

Ён хацеў сабой зацьміць.

А касцёл быў у чэсць Яна.

На падмурку святы Ян

Першым чынам яшчэ зрана

Вельмі гожа быў убран.

Павыходзілі з касцёла,

Затрымаўся арганісты,

Сам здаволены, вясёлы,

          Прад людзьмі і Богам чысты,

Запыніўся перад Янам:

Эх, і хораша ж убран!

Дагадзіў парафіянам,

Дагадзіў Сарнецкі пан!

Хараство, любата!

А вяночак!

Паясочак!

А як ручачка ўзнята!

 

Пастаяў крыху Сарнецкі:

          Гэта – Ян, брат, не сноп грэцкі,

Адпусці ты, Божа, грэх!

Паказаць людзям не смех:

Хоць вязі яго ў Варшаву,

Хоць у Вільню, хоць куды!

Так зрабіў Сарнецкі справу,

Як ні ў якія гады.

Толькі вось адна загана:

Вянок трохі завысока.

І Сарнецкі ў момант вока

          На падмурак скок да Яна!

Але тут неспадзявана

Стук святога плечуком!

Ян аб землю старчаком!

Дарожачкай самай простай

Ды галоўкай аб памост той!

Лоб пабіўся на кавалкі,

Нос зляцеў аж на дзядзінец...

 

Вось гасцінец, дык гасцінец!

Вось дык ліха, перапалка!

          Па касцёле гук панёсся,

Бы злы дух зарагатаў, –

Пан Сарнецкі аж затросся,

Холад, жар яго праняў.

Што ж то будзе?! О, няшчасны!

Што рабіць тут? Што чыніць?

Лепш бы чэрап свой уласны

Аб памост яму пабіць.

Ломіць рукі арганісты,

Тужыць, вохкае бядак.

        Мусіць сам злы дух нячысты

Так накпіў з яго, лайдак.

 

 

II

 

– Што, пан, гэтак засмуціўся?

Зірк – сусед яго, Вінцэнт!

– О, мой браце! Ян пабіўся

На кавалачкі, нашчэнт!..

А бадай цябе агні!

Глянь адно, браток, зірні:

Бачыш – нос дзе, вунь дзе вушка,

Там кавалак барады...

          Яне, Яне, Божы служка,

Нарабіў ты мне бяды!

А бадай жа цябе перуны!

Што нарабіў я, дурны?!

Ось Сарнецкі пастараўся,

Дагадзіў Святому Духу!

Ось папаўся, дык папаўся,

Як лісіца ў саладуху!

Вось ты Бога і пахваліш!

А бадай цябе паралюш!

          І нашто вянок чапаў я?

У, халера, о, пся маць!

Смех і грэх на ўсё Заслаўе...

І як фэст нам святкаваць?..

– Кінь, пан, енчыць! Глупства, пане!

І сам Ян таго не варты!

Калі мёду пан дастане

І спірытусу з паўкварты

Ды калі мне зафундуе, –

Дзіва-цуд я спраўлю:

  Заспяваюць «алялюе» –

Так касцёл услаўлю!

– Браце мілы!

Да магілы

Не забуду – памажы!

Вядро мёду,

Толькі знішчы перашкоду,

Свет мне белы развяжы.

І дзве кварты –

Глупства, жарты:

          Гарнец зараз жа нясу!

Пачастую,

Патрактую

І засмажу каўбасу!

– Калі так, не плач па Яну:

Замест Яна сам я стану!

– Пан Вінцэнты! Мілы браце!

Бог цябе мне пасылае!

Хай пан Бог табе заплаціць,

Матка Боская святая.

          У касцёле свентаянскім

Будзеш «Янам» элеганцкім!

Каранован каронаю,

Будзеш нашай абронаю!

 

 

Яна вынеслі, схавалі,

Самі ўсю ноч балявалі.

А назаўтра, чуць разднела –

Не забыў Вінцэнты дзела:

Від святога ён прымае,

На падмурку стаў як трэба,

          Вочы ўзвёў, бы Ян, на неба,

Руку ўгору паднімае:

– Ну, як, браце?

– Дасканала!

Богу хвала!

 

 

III

 

А тым часам сонца ўстала,

Людзі сходзяцца ў касцёл.

Звон касцельны са званіцы

Час вітае ўжо дзянніцы,

Гудам коціцца вакол.

 

Каля «Яна» аж завозна.

Тут і пана згледзець можна,

І кабетак-маладзіц,

І дзяўчатак-чараўніц,

І бабулек твар набожны,

І ўсе ціснуцца, бо кожны

Хоча выказаць пашану,

І ахвяры зносяць «Яну»:

Хто абрус, хто палаценца,

Хто ільну, хто рушнічок,

        І цалуюць – хто ў каленца,

Хто ў галёнку ўлепіць чмок.

 

«Ян» стаяў, не варушыўся,

Ён трымаўся і крапіўся,

Ліха ж вынікла няждана:

Мёд на вусах быў у «Яна».

Чуюць пчолы – пахне мёдам,

І на мёд яны ляцяць

І над «Янам» карагодам

І снуюцца і звіняць.

        «Ян» пакуль што не шманае,

Але ж, ліхенька, пчала

Каля вуха завіла

І на вус яму сядае,

Губы лапкамі казыча.

«Вось хвароба! – «Ян» мармыча.

І прыстала ж як смала,

Тфу ты, чортава пчала!»

– Божа мілы! Ян злуе,

Як бы ён на нас плюе! –

        Кажа ціхенька бабуля.–

Ці ты бачыш, Пабіян?..

Во! Зірні, зірні, Гануля:

Губкі крывіць Божы Ян!..

Божа ядыны!

Одпусць гжэхі нашы і віны!

Людзі дзівяцца, глядзяць,

Сталі божкаць і ўздыхаць.

Пчолка ж поўзае й нібыта,

Хоць ты махалам махай.

          – Фрру! – як фыркне «Ян» сярдзіта

Ды як крыкне: – Ая-яй!

От жа, гадаўка, ўпякла!

Каб ты ж выдахла была!

Ды з падмурка як сарвецца,

Ды як рынецца ў народ!

Наўскапыта «Ян» нясецца

Праз дзядзінец на гарод!

А за ім парафіяне:

– О, куды ты, свенты Яне?

          Пане Яне! Не ўцякай!

Пане Яне, пачакай!

А «Ян», скінуўшы манаткі,

Прэ ў каноплі без аглядкі.

 

1918, [1924, 1929]


1918,[1924,1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4