Як сад, маладая краіна расла,
І многа было ў ёй утулку, святла,
Дарог у прасторы, адчыненых люду,
Жыццё гаманіла разводдзем усюды.
Нам цешылі вочы шырокія нівы
І пожні, дзе вецер гайдаўся шумлівы,
Ён нёс у свет голас з лясоў Белавежы:
«Зямля Беларуская ў новай адзежы.
І колас у пояс бʼе людзям паклоны,
У тысячы столак шырэй там загоны,
Спрадвечныя ковы з зямлі паскіданы,
Галечы знак, межы, плугамі ўзараны.
Прасторна пралеглі там новыя гоні,
Плугі па іх водзяць жалезныя коні».
Больш стала раскошы і людзям і ветру.
Мы ў стэп абярнулі балотную нетру,
У роўны, раджайны, як неба, шырокі,
Дзе жыта буяла і лён сінявокі.
У светлых хацінах калгасных пасёлкаў
Агні Ільічовы заззялі вясёлкай.
У яслях дзіцячых і кветкамі ў садзе
Раслі нашы дзеці пры дбалым даглядзе.
Мы мелі і клубы і хаты-чытальні,
І быў нашым госцем і блізкі і дальні.
Нам вабілі сэрца лясы і дубровы,
І ўсюды гучалі народныя словы,
І горад і вёска ў патоку адным
Жылі паўнакроўным жыццём маладым.
Мы сіл не жалелі для роднай дзяржавы,
Для дружбы народаў, іх шчасця і славы.
Мы сэрцам, душою адчулі лад новы.
Натхнялі нас — Ты, Правадыр,Твае словы.
Мы з імем Тваім жылі радасна, згодна,
І нам яно зоркай было пуцяводнай.
Ды ў самы разгар нашай мірнай турботы
Варваліся ў дом наш звяры-жываглоты.
Зямля застагнала, усхліпнулі рэкі,
І неба самкнула тускліва павекі.
Крывавая багра страхотных пажараў
Злавесна дрыжала, гайдалася ў хмарах.
Гарэлі сады, гарады нашы, сёлы,
Крывёю нявіннай умыліся долы.
Ды вылюдак Гітлер народ не застрашыў,
Давіўся, сабака, і хлебам ён нашым.
Мы край баранілі, як пчолы свой вулей,
Бо мы, Правадыр наш, Твой голас пачулі.
Шлях слаўны прайшлі мы ў трудзе-барацьбе,
І край адбудуем, клянёмся Табе.
26.09.1944-29.09.1944