epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Тройка

Мчацца коні. Дзын-дзын-дзын!

Гучна звон нясецца

І далёка між раўнін

Ціхім жалем льецца.

 

Ціхне, глухне гэты звон,

Ўскочыўшы ў гаёчак,

Замірае, моўкне ён,

Кволы галасочак.

 

Вось і тройкі не відаць,

Знікла за гарою,

І званочка не чуваць

Плачу пад дугою.

 

Толькі пыл трубой курыць

Над дарогай бітай,

Поле ціхае маўчыць

Сіратой забытай.

І пытае ціш яго

Поглядам, здаецца:

Хто праехаў і чаго

І куды нясецца?

 

І не будзе знаць, стралой

Куды тройка скача,

І званочак пад дугой

Чаго ціха плача.

 

9/VI 1910


09.06.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910