epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Трывога

Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканне чагосьці страшнага і неадхільнага. А што паслужыла першаю прычынаю, дык гэта – вялікая суш. Як толькі пачалася вясна, ніводнага не было дожджыку. Пасеянае збожжа ў палях і агароды гібелі. На гэтым грунце і пайшлі ўсялякія гутаркі. То тут, то там на вуліцы збіраліся мужчыны і жанкі і разбіралі прычыны, чаму няма дажджу, тут жа расказвалі і розныя страшныя здарэнні апошніх дзён.

А нядаўна пастушкі бачылі такое дзіва, што і ў лысых падымаліся дыбам валасы: на полі совалася ваўчыца, у якой была чалавечая галава. Апроч гэтага, у лесе, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшыя з астрога. Усё гэта, узятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.

А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і баязлівага чалавека, як ён, цяжка знайсці. Баіцца ён ваўка, баіцца нябожчыкаў, разбойніка, чорта.

Хоць вы азалаціце яго, ніколі не пойдзе ён адзін уночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая часіна, то каню – бяда! І ўжо яго конік сам ведае: ледзь толькі пачне змяркацца, ён не чакае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для смеласці, выгінае сваю худую шыю з куртатай грывай і борзда драбязіць таўсматымі ножкамі. А калі Міколу даводзілася ў такі час ісці пехатою, то ён так шпарка ішоў, што прыходзіў дадому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечарам. Да сяла было яшчэ вярсты тры. На небе пачалі ўжо ўсходзіць першыя зоркі. Раптам з-пад ялаўцовага куста вылецела птушачка. Мікола знячэўку стаў, і з яго грудзей, проціў волі, вылецеў жаласны і доўгі крык:

– А-а-ай!

Не спалася ў гэтую ноч Міколу. У хаце з ім быў адзін толькі Міхаська, яго сын, хлопчык гадкоў шасці. Жонка яшчэ ўдзень пайшла да хворай сястры. Пакуль сяло гаманіла, Мікола сяк-так трымаўся і барукаўся са страхам, не даваў яму надта вялікай улады над сабою. Сон жа, як на злосць, ніяк не змыкаў яму вочы. Праўда, удзень Мікола даў храпака і выспаўся. «Трэба кінуць гэты паганы звычай спаць удзень», – думаў ён і хаваў галаву пад коўдру, плюшчыў вочы, прабаваў нават храпці. Але, храпянуўшы раз, ён спалохаўся свайго храпу і зараз жа перастаў. Тым часам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю.

– Міхась! Міхаська!

– Га!

– Ты ўжо спіш, сынок?

– Сплю, – пачуўся з запечка голас Міхася.

– Можа б ты, сынок, збегаў да цёткі і паклікаў матку? Скажы – тату нешта нядобра зрабілася.

– Ого! Я баюся!

– Дурань ты! Чаго баяцца? Вось сказаў! – стаў бацька высмейваць страхі сына, а сам увесь калоціцца ад страху.

– А як спаткаю ваўчыцу з чалавечай галавой? – сказаў сын.

– Якую ваўчыцу? Што ты пляцеш? Сасніў, ці што?

– Сасніў! Ці ж ты не чуў хіба?

– Дзе? Што? – спытаў бацька апаўшым голасам, а сам пачуў, як уся скура нібы стала сцягвацца, каб вылузаць яго цела.

А Міхаська стаў расказваць пра ваўчыцу з чалавечай галавой і расказаў гэта такім тонам, што смешна было сумнявацца ў праўдзе.

– Брэшуць! – амаль не плачучы, сказаў бацька.

– Дальбог, татачка, праўда! Вось, тата, не дасі веры! Спытайся ў каго хочаш.

Але тут у Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у акно, бо быў упэўнены, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава.

Памаўчалі.

– Міхаська! – зноў аклікнуў бацька сына. – Паглядзі ты там на прымурачку мой капшук з тытуном і прынясі мне яго, сынок: нешта захацелася закурыць.

Гаворачы так, Мікола думаў залучыць у ложак сына і палажыць яго з сабою – усё ж весялей, як чуеш блізка жывую душу.

– Дальбог жа, татачка, не ўстану! Зарэж мяне – не падымуся: я чуў – нешта шаўпатала ў качэргах!

– Цьфу, брыда! – вырвалася ў Міколы.

Цяпер ён калаціўся як асінавы ліст і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Але быў такі момант, што яны расшчаміліся і так застукалі, усё роўна як Марцін Паліваны прабаваў на Вялікдзень моц яйца, збіраючыся гуляць у біткі. А сыну здалося, што гэта нехта бразгае ў акяніцу. Ён падняў галаву і абапёрся на локці.

– Тата! – голасам, поўным перапалоху, аклікнуў цяпер сын бацьку. – Нехта трасе акяніцу!

Ці з вялікага страху, ці ад гічаноў, што бацька еў на вячэру, толькі ж у жываце ў яго як забурчыць! Як бы хто ў трубу затрубіў!

– Ай, – нема загукаў на ўсю хату Мікола, ды так страшна і дзіка, што сыну здалося, што ўжо бацьку душаць, і ён з свайго кутка як заякоча!

А бацьку ліха ведае, што здалося.

– Ай, тата!

– Г-г-гу!

І такі справілі кірмаш, што хата трэслася.

Мікола ўсхапіўся з пасцелі, як непрытомны. Ён нічога не помніў, звалок з ашэстка жончыну спадніцу і накінуў яе на плечы. Бегучы да дзвярэй, вырваў з коміна заткала і выскачыў на двор. Каля яго, уляпіўшыся за зрэбныя порткі, бег Міхаська. А на гэты час праходзіла тут варта. Пачуўшы крык, вартаўнікі таксама перапалохаліся. Зірнуўшы туды, адкуль чуўся крык, убачылі агонь. Міколава суседка Лэя пякла булкі і выйшла з лучынай у сені.

– Пажар! – загаманіла варта.

Адзін з вартаўнікоў кінуўся на званіцу і давай жарыць у званы. Абудзілася сяло, падняўся крык, гвалт. З усіх двароў забрахалі сабакі.

– Хто гарыць? Хто гарыць? – пыталіся, бегучы, людзі.

Мікола Гляк высунуўся з двара на вуліцу з заткалам у руках і з жончынай спадніцай на плячах. Убачыўшы яго ў такой вопратцы і з заткалам у руках, цэлая чарада сялян адкінулася назад і з крыкам: «Чорт! Чорт!» пусцілася наўцёкі.

– Стойце, браткі, гэта ж я! – загаласіў Мікола і пабег за імі з заткалам, а следам і Міхаська.

Але на вуліцы ўжо нікога не было. Ахамянуўшыся, Мікола ўзяў за руку сына і сказаў:

– Сынок, хадзем дахаты! І маўчы, нікому нічога ані шэп!..

А назаўтра яшчэ большая трывога павісла над сялом.

[1912]


[1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5