epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Туды, на захад!

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV


I

 

 

З высокага ўзгорка над возерам, дзе стаіць невялічкая вёсачка, вельмі добра відна гэтая дарога. Яшчэ лепш відаць яна з таго месца за панскім садам, дзе стаяць высокія, тоўстыя дубы.

Спачатку роўная, бы дзве нацягнутыя струны, яна крута ўздымаецца на гару за возерам, потым забірае ў бок дубовага лесу, затым адыходзіць управа і некаторы час ідзе з ім поплеч. Яшчэ далей – і яна зліваецца з полем, знікае з вачэй. Толькі разложыстыя прыдарожныя вербы, агорнутыя сіняватаю смугою, адзначаюць яе маўклівы бег у далёкі захад.

Цэлы рад малюнкаў, вобразаў і зʼяў выклікае ў памяці Марысі гэтая дарога. З кожным днём, з кожным разам яна мацней прыцягае да сябе Марысіны вочы, бо яна, гэтая дарога – адна-аднюсенькая тут, хто гаворыць Марысі аб тым далёкім-далёкім краі, бо яна – сімвал яднання з роднаю Гродзеншчынаю, бо яна вядзе туды, на захад…

Эх, скончылася і пятае лета разлукі з домам! А здавалася, расстанне будзе нядоўгае.

Марыся стаіць на ўзгорку пад старым дубам, пазірае за возера на дубовы лясок, на тыя вербы, дзе знікае дарога. І так моцна, так павабна цягне Марысю гэтая дарога! Эх, каб крыллі! Забрала б дзяцей і паляцела б туды, на захад.

На зямлі пад дубамі многа поўных буйных жалудоў. Марысіны дочкі – Верка, Зося і Нінка – збіраюць іх. Весела дзяўчаткам. Работа захапляе іх. Не бачаць, з якім засмучэннем іх маці пазірае на дарогу за возерам. Звонка барабаняць жалуды, падаючы ў вядро.

– Паглядзі, мама, якія слаўныя жалуды!

Зося хоча параўнаць іх з чым-небудзь, але не можа падабраць адпаведнага параўнання.

– Як сонца, – падумаўшы, кажа Зося.

– Збірай, дачушка, збірай!

Марыся адводзіць вочы ад дарогі, уздыхае і сама збірае жалуды. Ну, так ужо сталася, што прыйшлося жалуды збіраць. Крыўдна.

– А ў нас, мама, ці ёсць там жалуды?

Ніна вельмі цьмяна памятае свой дом: ёй было толькі чатыры гадкі, як выехалі з дому. Кінулі дом – вайна выгнала.

– У нас там вялікія лясы, і дубы ёсць, і хвойнік. А ў хвойніку многа-многа баравікоў, – адказвае за матку Верка.

– А што гэта – баравікі?

– Грыбы, дурная ты, – тлумачыць Нінцы Зося, – ведаеш, такія чорныя шапкі, а знізу белыя-белыя, як паркаль.

Збіраюць жалуды і гутараць. А гутарка ўсё там, каля дому круціцца. Эх, дом! Старонка свая! Людзі свае!.. Як мілы ім гэтыя словы! Колькі глыбокага сэнсу ў іх! Колькі надзей, пачуцця, жалю!

– А калі ж мы дадому паедзем?

Марыся ўздыхае. І што яна можа сказаць ім на гэта? Ужо даўно чуткі сярод бежанцаў ходзяць, што Куршчына стаіць на чарзе, што ўжо эшалоны збіраюць, рэгістрацыі ў «пленбежы» розныя вядуцца. Напэўна ж ніхто нічога не ведае. Чуткі пакуль што і астаюцца чуткамі, а надзея на зварот у свой край то жыве, то гасне ў сэрцы, бы тая прыдарожная былінка, засыпаная пылам і прыбітая людскімі нагамі.

Невясёлыя мыслі снуюцца ў галаве Марысі. Цяжка ёй, заўдавеўшы тут. Памёр Антось і пакінуў яе адну з дзецьмі на чужыне. Сем дачок ды дзве бабкі старыя – свякроў і сястра свякрові. Малая ўжо з іх дапамога – лішні цяжар. А жыць трэба, хоць і трудна жыць, ой, як трудна!

Фурманкаю прыехалі сюды. Два месяцы ехалі. Конь быў добры, не нажыць ім такога каня. І воз быў адмысловы, гаспадарскі… Няма цяпер ні каня, ні воза – пражылі. А каб было на чым, паехалі б фурманкаю, не чакаючы адпраўкі поездам. А дзе цяпер каня возьмеш? Як павозку набыць? Трэба чакаць, чакаць паняволі ды на зіму гатавацца.

Бубняць аб вядро жалуды. А думкі спакою не даюць.

Эх, вярнуцца б на сваю гаспадарку! Не мазоліць бы тут людзям вачэй.

Не горне, не хіліць чужы куток.

 

 

II

 

Умелі паны будаваць харомы сабе.

Цёплыя, прытульныя гнёзды вілі ім мужыцкія рукі. Смачныя стравы здабывалі ім гаротныя спіны. Вясёлае жыццё снавала ім сялянская нядоля.

І гэты дом, дзе цяпер пуста і вокан няма, быў панскім палацам. Знадворку і цяпер яшчэ захаваў ён былую прыгожасць сваю, і сярод вясковага заняпаду і ўбогіх халупак пад саламянымі стрэхамі выглядае ўсё яшчэ горда і пышна. Як белыя крыллі, блішчаць аканіцы. Ад вуліцы і вокны там-сям захаваліся. Восем дубовых слупоў, на якія абапіраецца дах над ганкам, яшчэ сведчаць аб нядаўнім прыволлі паноў. А велічэзныя старасвецкія дубы супраць панскага палаца, разгарнуўшы ў прасторы свае магутныя лапы, пазіраюць на яго і як бы пытаюць: «А ці добра табе?»

Збоку ў двары стаіць звычайная хата. У ёй жылі панскія батракі. Адна сямʼя і цяпер жыве там, займае адну палавіну. У другой палавіне знайшла прытулак Марыся з дочкамі і старымі бабкамі. Хоць ёсць дзе схавацца ад холаду. І печ тут прасторная – уся Марысіна сямʼя можа змясціцца. На печы бабкі жывуць – бабка Магда і бабка Наста. Ну, і меншыя дзеці, як шпакі ў буславым гняздзе, каля бабак прытуляцца. Няма чаго бабкам рабіць, на печы сядзяць, калі холадна, а ў цёплую пагоду на сонцы грэюцца.

Бывала, работа знаходзілася: прыносілі пражу ім. Бабкі за прасніцы садзіліся, пралі. Усё ж такі напрадуць на збанок малака ці на пуд бульбы. Але цяпер ніхто работы не дае: самім рабіць няма чаго. Прабавалі бабкі жабраваць хадзіць, ды кінулі – і выжабраваць нічога не ўдавалася: агалеў народ. Плакалі бабкі: ці ж думалі яны, на сваёй гаспадарцы жывучы, што ім жабраваць давядзецца?

Сядзяць бабкі на печы. Запаліць у хаце няма чаго. Газы нідзе няма. У каго ёсць алей, той хоць у чарапку анучачку запаліць, а ім няма чаго засвяціць. Маркотна часамі зробіцца. Хочацца пагаварыць. А з кім пагаворыш? Аб чым гаварыць? Многа разоў гаварылі пра адно і тое: пра дом свой, пра сваю гаспадарку, пра нядолю сваю бежанскую, пра памылку сваю вялікую. Ці варт было ехаць? Няхай бы ўжо лепш немцы пабілі.

Збярэцца ўся сямʼя ў хаце. Уляжацца трохі трывога дня, яго клопат, згрызоты. Пражылі дзень – вось і добра. Можа заўтрашні дзень прынясе што-небудзь новае. Што? Ды хоць можа якую вестачку аб адпраўцы дадому.

– Нешта ж нашага Андруковіча не відаць, – гаворыць Марыся.

Андруковіч таксама з Гродзеншчыны, з аднае з імі воласці. Заходзіць часамі да іх, калі навіны якія ёсць. Свой чалавек, заўсёды рады яму. Жыве ж ён у горадзе, вёрст за дванаццаць адгэтуль. Там і навіну прачуеш скарэй.

– Няма чаго сказаць, то і не прыходзіць, – панура адзываецца бабка Наста.

– А мо, ці здаровы ён? Гэтакі тыфус па людзях ходзіць!

Бабка Магда стараецца знайсці прычыну, чаму Андруковіча няма.

– Паўміраем тут і зямлі свае не пабачым. Адны з голаду, другія ад хваробы. Не толькі людзі – коні здыхаць пачалі.

У бабкі Насты надзей на дабро мала.

Бабка Магда ўздыхае. Не хоча старасць з жыццём разлучацца, бо старасці болей чутны крокі смерці, а ноч для яе выглядае чарней.

Крумкач – гэтая баба Наста, заўсёды тускноту нагоніць. Слухаць нядобра. Марыся тут адна, на чые плечы жыццё наваліла свой цяжар. Яна ведае гэта, адчувае кожны момант. Яна адна нясе адказ за ўсю сямʼю і цвёрда зносіць цяжар свой.

– Прыйдзе час – усе паўміраем, – адказвае проста Марыся.

Украдкам глядзіць на дзяцей, і слёзы гатовы набегчы на вочы. Што ж будзе з дзецьмі, калі яна памрэ? Хто прытуліць іх? Хто прыгорне? Сэрца ные ад гэтых думак. Але Марыся не паддаецца ім. Яна вядзе штодзённае ўпартае змаганне за жыццё, бо не хоча аддацца на яго міласць: міласці не ведае жыццё. Як ні цяжка ёй, але ўсё ж такі жыве Марыся і сямʼю корміць. У Марысі нават ёсць невялічкая гаспадарка: куры і свінка. Свінку жалудамі корміць. І ладна ідзе яе свінка, зайздрасць выклікае ў тутэйшых жанок. А падкорміць яшчэ месяцы са два, то ўжо зіму лягчэй перакідаць можна. А жалуды ў гэтым годзе ўрадзіліся. Ураджай жалудоў, кажуць людзі, ёсць прыкмета на цяжкі год. Што ж? Можа стацца так, што на лета яшчэ горай будзе. Усё можа быць.

Клубком коцяцца думкі ў Марысінай галаве. І заўтрашні дзень паказвае твар свой. У Марысі і работа ёсць на заўтра. І гэтую работу трэба зрабіць. У звязку з тою работаю і кажа Марыся:

– А ўсё ж такі нячыста прыбіраюць тут поле. Заўтра, дзеткі, пойдзем з граблямі на поле. Усё ўжо там пазвозілі, а каласоў пазаставалася многа.

Добра вядома дзецям такая работа. Ім вядома і ўсё значэнне яе: ці ж не навучыць жыццё?

– Пойдзем, пойдзем! – адклікаюцца дзеці.

У думках аб заўтрашнім дні ловіць іх сон. І сняцца ім аўсяныя пожні і цэлыя кучы аўсянай мятлістай саломы.

Гусцей насоўваецца ноч. На другой палавіне хаты ціха. Паснулі Марысіны дзеці. Толькі бабкі яшчэ варочаюцца на печы. Штось шэпча сама сабе бабка Магда – моліцца ці проста расказвае аб Гродзеншчыне, дзе застаўся дом, гаспадарка, зямля і такі слаўны аржаны хлеб. Такога смачнага хлеба і не ела бабка Магда ў Куршчыне. Вось бы цяпер баханок такога хлеба! Марыся доўга не спіць – думкі спаць не даюць. Цьмяна выступаюць белыя аканіцы панскага палаца і восем пабеленых дубовых слупоў на ганку. Цёмна там, пуста і страшна. Заліваюцца жудасным брэхам сабакі ў канцы вуліцы. Спяваюць тускнотныя песні дзяўчаты. Весела ім, а песні жалосныя. А можа несвядома гняце іх нейкая жаласць?.. Многа народу на вайне пабіта. Круцяцца думкі ў Марысінай галаве, як цені, і на сэрцы цяжка.

 

 

III

 

Праясніліся далі палёў. Весялей стала. Бы тыя апушчаныя павекі вачэй, падняліся бялява-дымныя заслоны неба. Яснымі лазуркавымі вачамі зірнула яно на зямлю, на гэтыя курскія разлогі, перарэзаныя глыбокімі ярамі, заросшымі дубняком і дзікімі грушамі. Заіскрыліся, заблішчалі на сонцы белыя абрусы снягоў. Жывым срэбрам ускалыхнуліся ручайкі і пакаціліся з узгоркаў у глыбокія яры, у лугавіны.

Звонкі гоман перавальчыкаў пасылае ўзгорак узгорку. Музычным шолахам-звонам складае гімны зямля, гімны сонцу і вечна маладому жыццю. Шэрыя кудры дубовых лясоў купаюцца ў сонцы. Празрыста-сіняя намітка, сатканая праменнямі, туліць і песціць іх грудзі.

Паразвальваліся прыбітыя палазамі і конскімі капытамі дарогі, вадою паразмываліся. Але добра, слаўна ў полі! Чуецца вясна, павявае новым жыццём. І хваля дзянікінскай навалы за зіму далёка-далёка адкацілася на поўдзень, за Чорнае мора. Адкаціла яе другая, болей моцная хваля чырвоных байцоў.

Аглядае гэтыя далі Астап Лугавік. Шырыня, прастор! Сэрцу весела. Ішоў бы, здаецца, ды ішоў у гэтыя прасторы... Коўзаюцца ногі – снег, як каша. Вераўчаныя лапці разбухлі ў мокрым снезе. Аборы ўядаюцца ў ногі. Але Астап як бы і не чуе гэтага. Перад яго вачамі вырысоўваецца невялічкая вёсачка за возерам, дубы, сад, цэлы лясок ліпавых прысад і панскі палац з белымі аканіцамі і дубовымі слупамі. Так добра відаць ён на горцы. Высокія таполі, бы тыя вартаўнікі, шчыльна туляцца да панскага дома.

«Умелі мясціну сабе аблюбаваць і абсталяваць яе ўмелі!» – думае Астап. Ён ідзе ў гэтую вёсачку, ідзе – разглядаецца. Першы раз яму даводзіцца быць тут. Ён трапляе на дарогу, ідзе побач з лесам. На некаторы час вёсачка хаваецца за гарбом зямлі, а потым адразу вынікае ўся. Астап спускаецца з горкі. Лагчына вадою засінелася.

«Ці прайду?» – думае Астап, падыходзячы да лагчынкі.

Астап Лугавік – школьны інструктар. Павятовы аддзел асветы даў яму спецыяльнае заданне: даследаваць, як стаіць школьная справа ў Альхоўскім раёне, якія дзе школы працуюць і як яны працуюць, што ў іх ёсць, а чаго няма, і як праходзяць там усялякія «працэсы». І мандат яму далі з усякімі паўнамоцтвамі. І нават права мае ездзіць на конях, ды ўсе коні на каросту хварэюць. І ездзіць, і пяхотам ходзіць Астап, як дзе прыйдзецца. А цяпер ідзе ў вёску Залаціна, дзе той самы панскі палац стаіць. У гэтай вёсцы нібы і школа павінна быць, але сам аддзел асветы не мае пэўнасці ў тым, ці ёсць яна там ці не.

Спыняецца Астап перад раўчаком, прыглядаецца, як латвей перайсці яго. Дна не відаць – зеленаватая калатушка вады і снегу. Абысці нельга. Не назад жа варочацца. Намацвае палкаю дно – тупка. Падымае полы бекешы, пераробленай з салдацкага шыняля, і заносіць перш адзін лапаць, потым другі, наўперад нясмела, а далей – смялей. Халодная «жывая» вада «кусае» свежае месца ног, калені мінае. Страшна толькі да сярэдзіны броду. Сярэдзіну мінуў – да берага бліжэй. Астап храбра цярэбіцца да берага, толькі полы бекешы вышэй падымае. Выйшаў на бераг, лапцямі разоў пару тупануў. Яно яшчэ лепш, як у ботах: хоць вады з халяў выліваць не трэба. І Астап, як і ўсякі чалавек, за якім астаўся верх у змаганні, весела ідзе ў вёску Залаціна. Падымаецца на горку, мінае кузню, а там і вулічка пачынаецца. Побач з вуліцай, у бок панскага саду, шырачэзны яр ляжыць. Туды з гары перавал спадае, поўніць яр глухім сваім шумам. Астап спыняецца, вадаспадам любуецца.

Ідзе Марыся па ваду, углядаецца, што гэта за чалавек такі над ярам стаіць. З выгляду як бы трохі на гарадскі капыл, але чаму ж у лапцях?

– Скажыце, цётка, дзе тут у вас начальства жыве?

Марыся спыняецца.

– У тым канцы вуліцы... Вам старшыню трэба?

– Так, так, яго самога!

– Ці не на сходзе ён толькі, вось тут на горцы – першая хата.

Астап прыслухоўваецца да Марысінай размовы.

– Ці не бежанка вы? – пытае.

Марыся глядзіць на незнаёмага чалавека, усміхаецца.

– Бежанка, – адказвае.

– Я па вашай гаворцы пазнаў. З якой жа вы губерні?

– З Гродзеншчыны.

– А дзе ж вы жывяце?

– А вось там, у панскім двары, – паказвае Марыся.

– Ну, я да вас зайду, – кажа Астап ды ідзе далей. А Марыся разважае, што гэта за чалавек такі. Можа добрае што скажа.

 

 

IV

 

Сход толькі што скончыўся.

У хаце Сымона Суслы сядзіць яшчэ некалькі сялян: сам Сусла, чалавек гадоў за семдзесят з слязлівымі вочкамі, і яго чорнабароды сын Кандрат; старшыня камітэта, Мікалай Закуцін, і сусед Суслы, Мікіта Губан, нізкі, прысадзісты, пажылы. Выгляд яго пануры.

Суслы – людзі заможныя. У іх і крупарушка ёсць, і гаспадарка моцная, і хата добрая, прасторная. Можа з гэтае прычыны чорнабароды Кандрат разумным чалавекам тут лічыцца. Ён нават дазваляе сабе і аблаяць каго, і павучыць, і дараду даць, але толькі не хлеба. Раней ён і хлеб даваў, а цяпер, калі пачалі камунію гэтую заводзіць, то ён перастаў гэта рабіць, бо цяпер такі парадак заводзіцца, каб усе роўныя былі. Калі, скажам, у яго ёсць хлеб, то хлеб павінен быць і ў Мікіты Губана, бо хто ж вінават, што Мікіта Губан лебядою жывіцца?

Мікіта больш маўчыць ды скосу на свет паглядае. Адзеты ён у кароткі каптан. Ніз гэтага каптана падобен на бераг Скандынавіі з боку Нарвежскага мора. Падпяразаны Губан старым путам, звітым яшчэ ў той час, калі Брусілаў на Карпаты наступаў, дзе і адлічыўся брат Губанаў Анісім. Старшыня камітэта – мужчына гадоў за трыццаць. Чалавек ён добры, з грамадою ў згодзе жыве. Па абавязку старшыні яму часамі прыходзіцца моцна лаяцца, але яго лаюць яшчэ мацней. Тады старшыня пагражае кінуць сваё старшынства, і гэтым ён затыкае раты грамадзе. Роля старшыні яму ўжо надакучыла.

Збыў ён адзін клопат з галавы і цяпер трыбушыць свой кісет, прыляпіўшы да губы кусок прадпісання з воласці, каб з гэтага прадпісання звярцець папяросу. Мікіта Губан просіць старшыню і яму ўзычыць на цыгарку паперы. Ідзе агульная скарга на брак добрай паперы.

– Эх, – трасе галавою старшыня, – правароніў, брат, я! Папалася колькі панскіх кніг, але, падла, папера такая, што і сліна яе не бярэ, – губы парэжаш! Як скурат, згінь яе доля! А ёсць кнігі добрыя, спецыяльныя!

– Былі кнігі, і добрыя кнігі, ды бабы ў печы папалілі, белых спалохаліся, – адзываецца Губан.

На гэтым размова іх абрываецца.

Хлюпаючы лапцямі, у хату ўваходзіць Астап.

– Добрага здароўя!

Мужчыны падымаюць вочы, разглядаюць незнаёмага чалавека.

– Здрастуй! – адказвае Кандрат Сусла.

– Мне сказалі, што тут быў сход, – гаворыць Астап, – я хацеў пабачыць старшыню, – ён аглядае мужчын, як бы пазнаючы, хто з іх старшыня.

– А сам-та хто ж будзеш? – пытае Кандрат.

– Я – школьны інструктар.

Сяляне трохі здзіўлены і расчараваны: што ж гэта за начальства, калі ў лапцях?

Старшыня крыху ўстрывожыўся, бо ўсяго ж чакаць можна ад чалавека ды яшчэ інструктара. Але і ён жа таксама – начальства. Ён надае сурʼёзнасці сабе і кажа:

– Я – старшыня!

– Вы? Вельмі рад. Мне трэба сякія-такія даведкі.

– Сядайце!

Маладая Сусліха падстаўляе інструктару заслончык, змахнуўшы яго хвартухом.

Інструктар садзіцца.

– Я прыйшоў да вас па школьнай справе. Ёсць у вас школа?

Усім адразу лягчэе на сэрцы, бо ад школы вялікага клопату няма: ёсць яна – добра, а няма – таксама бяда невялікая. А ў Куршчыне і прыказка такая ёсць: «Не будзе пахароў, пабярэ чорт і пісароў».

– Была школа, да Каляд была. А цяпер настаўнік не зʼявіўся, і школа пустуе.

– А чаму настаўнік не зʼявіўся?

– А ляд яго знае. Чутка ёсць, – у папы пайшоў.

Астап усміхаецца.

– Што ж ён: святы быў у вас чалавек?

– Такое прызванне, відаць, – тлумачыць стары Сусла.

– Бегаюць дзеці, сабак па вуліцы ганяюць, – бліжэй да тэмы трымаецца Губан: – вось мой Косцік – спрытны хлопец і за навуку быў узяўся...

– А! – махае рукою Кандрат Сусла. – Якая ўжо тут навука?

– Не да навукі, бач ты: не тым у народа галава занята. Яно б чаму ж? Няхай бы хадзілі дзеці ў школу: хоць бы ў хаце спакайней было, – адзываецца стары Сусла і дадае: – А скажы мне, мілы чалавек: чаму гэта абразы са школ выносяць? Свіння чалавек ай не свіння?

Пытае і Астап старога Суслу:

– А чаму няма ў вашай хаце каталіцкіх абразоў? Чаму няма іудзейскай, кітайскай святыні?

Стары Сусла зрэнкі вылуплівае.

– Дык вось бачыце, дзед: у нас у школы ходзяць усякія дзеці, і можа быць чалавеку другой веры не вельмі прыемна пазіраць на нашага святога. Дык ці не лепш, каб не было ніякага ўціску над сумленнем людзей, зусім вынесці абразы са школы? А затым, калі вы добра разгледзіцеся да паварушыце мазгамі, то можа зусім іначай на абразы глянеце.

Пазірае на інструктара Сусла і губамі чамкае, як бы інструктарскі адказ перажоўвае. А інструктар зварачаецца да старшыні.

– Пойдзем, старшыня, на вашу школу паглядзець.

Старшыня, Кандрат і Губан ідуць за інструктарам. Стары Сусла дома застаецца. Пазірае ў акно на інструктара, галавою трасе.

– Хіцёр на загвоздкі, а душа, глядзі, цёмная.

 

 

V

 

Інструктар, старшыня, Кандрат і Губан на ганку панскага дома спыняюцца – дзверы замкнуты.

– Для парадку, – тлумачыць старшыня, – у мяне на гэты конт строга.

Але старшыні кідаецца ў вочы новая дзірка: шыб у акне няма. Старшыня раптам мяняе тон, робіцца грозным.

– Ах, скула ім у горла! Зноў акно выдралі!

Потым ён ахамянуўся і сам сабе зазначае: «Пагарачыўся: інструктар і не ведае, калі гэтае акно выдрана».

А тут і новыя асобы прыходзяць: пажылыя сяляне і дзеці, падлеткі. Відаць, школьнікі. І Марыся збоку стаіць, слухае. Усім цікава даведацца, з якой прычыны дом аглядаецца.

– У каго ключ? – пытае старшыня.

– У стоража ключ павінен быць.

– Клікнуць Афоньку!

Хтось з хлопчыкаў імчыцца стралою па стоража.

Інструктар знадворку дом аглядае, дубы і сад за домам. Агароджа знішчана. Дзе-нідзе ў зямлі колле тырчыць, сведчыць аб разабраным плоце. Каля гэтых калоў жанчына шворыцца, рэшткі дубцоў падбірае ў посцілку.

– Ты што грамадскае дабро цягаеш? – крычыць старшыня. – Ён строга стаіць на варце грамадскіх інтарэсаў.

– Чаго дзярэш горла? Агледзеўся! Чаму ты не бачыш, як дубы сякуць? Дзе ты быў, калі выдзіралі дзверцы ў печах, юшкі ў комінах, вокны? А табе цяпер смецця шкада стала?!

Зірнула жанчына злосна і дадае ў бок мужчын:

– Кабялі!

– Лепш, брат, і не чапаць бабу, – заўважае Губан.

На шчасце, у гэты час прыходзіць кульгавы Афонька з ключом.

– Прападае дом без гаспадара, – зноў кажа Губан. Яго рукі многа папрацавалі каля дубоў і каля панскага дома.

– Як, гаспадара няма? – пытае інструктар. – Вы, грамада, гаспадары гэтаму дому. Ці вам патрэбна, каб стары гаспадар вярнуўся?

– Да няхай ён галавою наверне! – чуецца голас.

Адмыкаюць дзверы, уваходзяць у дом.

У доме пуста, сыра і холадна. Шматкі дарагіх шпалер там-сям плямяцца на голых сценах. У доме шэсць прасторных пакояў. Асабліва кідаецца ў вочы круглая зала насупраць балкона ў сад. Столь яе распісана прыгожымі арнаментамі ў турэцкім стылі. Жонка аднаго з былых уладароў гэтага дома была турчанка. А цяпер гэтая зала забруджана. На дубовым паркеце ляжаць цэлыя гурбы мокрага снегу і сляды прымітыўнай мужыцкай помсты панскай раскошы. З боку саду зяўраюць аконныя дзіркі, а ў кахляных, па-мастацку зробленых, печах цямнеюцца норы-адтворыны: дзверцаў ужо нідзе няма. У адным з пакояў змяшчаецца клас. Тут стаіць інвалід-стол і плеценае крэсла на трох ножках. Замест печы красуецца панскі камін. Там стаяць некалькі абгарэлых паленцаў. Відаць, Афонька яшчэ летась падпальваў камін, а ён патух ды так і застаўся да гэтага часу. Каля сцяны – старасвецкая канапа ў ніжнім зрэбным адзенні, а верхняе, цёмна-малінавае, воляю лёсаў перайшло на спадніцу Афонькавай жонкі.

Інструктар уважна абходзіць і аглядае ўсе пакоі. Следам за ім ідзе Афонька, старшыня і цэлая грамада сялян. Мужчыны таксама аглядаюць пакоі і робяць здзіўлены выгляд, а некаторыя сарамліва адводзяць вочы ад слядоў разбурэння.

– Покі не прайшлі салдаты, дом быў як дом, – кажа Афонька.

– Салдаты, салдаты! – гудуць галасы, радыя, што вінаваты ёсць.

Агледзеўшы ўсе пакоі, клас і школьнае дабро, якое змяшчалася на адной паліцы ў шафе, інструктар кажа:

– Вось што, мужчыны: дома ўжо больш не чапайце. Праўда, і чапаць ужо няма чаго. Няхай застануцца хоць гэтыя сцены, падлога і вокны, якіх яшчэ не павыдзіралі. Аб тым, чаго ўжо тут няма, плакаць не прыходзіцца. З часам гэты дом адрамантуем. У вас будзе дасканалая школа, бібліятэка. Адным словам, гэты будынак трэба зрабіць вашым народным домам, дзе б вы маглі разумна правесці час адпачынку. Разбурана таксама і агароджа ў садзе. А сад тут вялікі і, відаць, добры.

– Сад – пашукаць трэба! – падхватвае мельнік, па мянушцы Марак, чалавек з выяўна інтэлігенцкім ухілам. Ён чытае кнігі, газеты. На вайне служыў у артылерыі і быў у вялікай дружбе з капітанам, камандзірам батарэі. Цяпер гэты капітан з белымі ваюе. А раней яны стаялі на Прыпяці, вартавалі мост ад нямецкіх аэрапланаў. Прычым Марак расказваў, як адзін раз жарнуў ён з гарматы і запаліў нямецкі аэраплан. Цяпер Марак перайшоў на мірнае становішча, бярэ на млыне адмер, а жонка пячэ добрыя грэцкія і ячныя аладкі. А Марак есць іх, падмазаўшы добра маслам. Жывучы з капітанам, прывык смачна есці.

Як чалавек інтэлігентны, ён зразу пераходзіць на бок інструктара і падтрымлівае яго сваім аўтарытэтам.

– І сад трэба агарадзіць, бо ён прападзе, – кажа інструктар.

– Прападзе, прападзе! – шумяць галасы.

– Я пастараюся дастаць у лясніцтве матэрыялу, а вы дасцё рабочыя рукі, і сад мы агародзім.

– Абы матэрыял, а рукі знойдуцца, – гудуць сяляне.

– Гуртом – раз-раз і гатова!

– Такі дом! – бярэ слова Марак. – Калі знаходзіцца добры чалавек і хоча дом у парадак прывесці, то ясна, што трэба падтрымаць. Тут можна такое культурнае гняздо зрабіць, што далей і некуды. І дзеці нашы будуць вучыцца, і самі хадзіць сюды будзем. Тут можна і агранамію завесці, і развязваць усякія культурныя прамблемы.

Марак акідае ўсіх вокам і на інструктара глядзіць. Ён любіць слова «праблема», часта яго ўжывае, дадаючы яшчэ адну літару «м», бо так яно гучней выходзіць.

Старшыня раптам загараецца начальніцкім запалам і грозна крычыць:

– Калі хто хоць пальцам кране гэты дом, – галаву расшчаплю таму!

Губан з выглядам скептыка падымае на старшыню вочы, а ў самога не тыя думкі круцяцца, бо яшчэ некалькі камбінацый з панскім домам і паркам у жыццё не праведзена.

 

 

VI

 

Бабка Магда і бабка Наста сядзяць на краі печы, звесіўшы ногі. Вочы іх свецяцца асабліваю радасцю, бо яны так блізка, так выяўна бачаць і хату сваю, і суседнія хутаркі, і сялібы, і ўсе гэтыя малюнкі гродзенскія. Меншыя Марысіны дочкі ўважна слухаюць, маўчаць. Многае незразумела ім з таго, што тут гаворыцца, але ў тоне гаворкі чуецца нешта блізкае, дарагое і важнае. Аб гэтым можна дагадацца, калі паглядзець на бабак, на маму і на Юлю, як яны распытваюць незнаёмага чалавека, што нядаўначка разглядаў панскі дом з белымі аканіцамі і з белымі слупамі. Дзіцячыя вочкі пазіраюць то на таго, то на другога, гледзячы хто гаворыць.

Закіданыя дзеці. Тварыкі іх бледныя-бледныя. Свежага паветра мала ім тут. Хата нізкая. Даўно пабеленыя сцены закураны. Вокны малыя, шыбы там-сям лучынамі і анучамі забіты. Ну, на тое ж яна батрацкая хата, прытулак панскіх слуг. Ды к таму ж яшчэ запушчана. А зіма – цяжкі час для дзяцей беднаты. І пагулялі б на дварэ, ды ў чым выйдзеш? І марнуюцца яны, бы тыя раслінкі ў склепе, без сонца, без святла. А тут яшчэ і недаяданне. Хіба ж гэта дзіцячая страва – бульба на снеданне, бульба на абед, на вячэру? Або гэтыя аладкі – драчонікі на жалудовай муцэ? І не раз адварочвалася ўбок Марыся, даючы дзецям гэтыя аладкі, каб не бачылі слёз на яе вачах.

Юля – ужо дарослая дзяўчына, ёй гадоў дзевятнаццаць. Да яе ў гэтую зіму тутэйшыя хлопцы сваталіся. Юля ж не хоча замуж ісці. Хоць і зямля тут добрая, і хлопцы нішто сабе, і не з бедных хат, але Юліна сэрца не ляжыць да гэтага краю і да звычаяў тутэйшых… Не, не тут яе мыслі снуюць ёй сямейнае шчасце.

– Няхай ужо лепей пабачу я сваё дзіця ў труне, чым замужам тут, – кажа Марыся.

Не, не па сэрцы ім усе гэтыя тутэйшыя звычаі.

– Дык і вы з нашых краёў! – з радасцю ў голасе кажа бабка Магда.

– Нашы губерні – суседнія. Вашу Гродзеншчыну я трохі ведаю. Жыць там не жыў, а ездзіць прыходзілася.

– Ну, вы ж таксама заставацца тут не думаеце? – пытае Марыся Астапа.

– О, не! Я толькі чакаю, покі парадак наладзіцца. Цяпер толькі фурманкаю і можна ехаць, дый то рызыкоўна. А паязды не ўсюды ходзяць: дарогі разбураны, масты паўзрываны.

– Ох, што робіцца на свеце! – уздыхае бабка Наста. – Там ад вайны ўцякалі, а прыехалі сюды – і тут яна злавіла нас. Дый страху набраліся! Як пачалі гэта з гармат жарыць, думалі, што ўжо ўсім канец будзе. У пограб пахаваліся.

– Было страху!.. І невядома, калі той парадак наладзіцца, – тужліва заўважвае Марыся.

– Наладзіцца, патрошку, памаленьку наладзіцца. Абы толькі новае вайны не было.

– А што, хіба ёсць чуткі яшчэ аб вайне?

– Да вось трохі з Польшчаю не ладзіцца.

– Ну, а чаго ж гэтыя палякі хочуць? – пытае Юля, і злосць бярэ дзяўчыну на палякаў.

– Ды, можа, самі яны і не ваявалі б, але іх падбіваюць другія царствы, тыя, для якіх савецкая ўлада не па сэрцы.

– О, мой жа вы міленькі, о, мой залаценькі! Няхай бы ўжо яна запаветрылася гэтая вайна, – гаворыць бабка Наста.

– А скажэце, тут школа будзе? – цікавіцца Юля.

– Да тут жа і ёсць школа, настаўніка толькі няма. Я, можа, і сам пераеду сюды на лета, а жонка настаўніцаю будзе.

– От бы добра было! – кажуць бабкі. – І мы б што-небудзь за вамі прачулі скарэй.

– А ваша жонка – настаўніца? – зноў пытае Юля.

– Настаўніца: цяпер яна без службы і хоча ў школу пайсці. А тут якраз і пасада ёсць. На вёсцы ўсё ж лягчэй, а ў горадзе вельмі цяжка.

– Вядома.

– Як жа вы жывяце? – пытае Астап. Марыся ўздыхае.

– Да якое тут жыццё! Кідаемся. Бывала, хоць на работу можна было пайсці, а цяпер яе нідзе няма. І народ абяднеў.

– І пайка вы нідзе не бераце?

– Не.

– Дык вось што трэба зрабіць – напісаць заяву ў горад, што вы – бежанцы. Гэтую заяву пасведчыце ў старшыні, і вам хоць невялікі паёк дадуць.

– Нічога ж мы гэтага не ведаем.

Марыся і сямʼя яе значна весялеюць.

Астап дастае запісную кніжку, аловак, распытвае Марысю, якога яны павета, воласці, колькі душ сямʼі і колькі каму гадоў, і ўсё гэта запісвае.

– Вось папрасеце старшыню, няхай распішацца тут і пячатку прыложыць. А Юлю я пастараюся ў горадзе прыстроіць.

– Буду шчыра-шчыра вам дзякаваць, – кажа Юля.

На развітанне Марыся, бабкі і Юля просяць Астапа перабірацца сюды ў школу.

 

 

VII

 

Ажыў панскі дом з белымі аканіцамі.

Праўда, былога ажыўлення ў ім ужо няма. Хмурна, панура глядзіць ён пустымі дзіркамі сваіх вокан у бок саду. І ходзіць вецер па круглай зале і не знаходзіць сабе прыпынку. Толькі з боку двара, дзе стаіць хата панскіх батракоў і дзе жыве Марыся, захаваліся вокны, і то не ўсе.

Ажыў дом пасля таго, як аглядаў яго Астап. Прыехала новая настаўніца, Ірына Лугавік. Тут жа, у панскім доме, знайшоўся пакойчык і куханька для яе. Тады яшчэ Астап і рамонт зрабіў. Тры аршыны паркалю каштаваў гэты рамонт: дзверы прыладзілі, перанеслі з другога пакоя, ды акно цалейшае ўставілі.

Сцяпан Судзьба, везучы настаўніцу, казаў паміж іншым, што вучні наўрад ці збяруцца: часу ўжо засталося для навукі мала. Але справа тут не ў часе была: недаверлівыя залацінцы другое мелі ў думках: каб не прыбраў часамі гэты інструктар і сад, і агарод, і сенакос, што ў садзе і за садам аж пад самае возера ідзе. Трэба было нешта рабіць, каб не даць гэтай «бекешы» пусціць тут карэнне. Праўда, Сцяпан аб гэтым нічога не кажа настаўніцы: ёсць такія рэчы ў сялянскім жыцці, аб якіх не трэба казаць. Ну, але Сцяпан Судзьба нічога не мае супраць школы і супраць навукі. Наадварот, яго вельмі непакоіць, што яго Шурка без навукі расце. А без яе які ты чалавек? Адна бяда: народ несвядомы. Каб усе былі такія, як Сцяпан, то можа і на свеце лягчэй жылося б.

А «несвядомы народ» спатайка шушукаецца. Што будзе далей, пабачаць, а пакуль што – не пускаць у школу дзяцей.

– Хіцер ён, – трасе галавою стары Сусла, – якая-такая цяпер навука? Аб кітайскіх багах загаварыў... Бязбожніцтва пайшло, заліваюць кулі, а дурні на вудачку ідуць.

У назначаны дзень заняткаў у школу прыйшлі толькі чатыры Марысіны дочкі, Косцік Губаноў ды Васька Пятровічаў.

У гэты ж дзень якраз і Астап зʼявіўся тут. На сход прыйшоў. Кажа на сходзе Астап, так, паміж іншым, бо гутарка больш на палітычныя тэмы вялася:

– Усім дзецям, што ходзяць у школы, савецкая ўлада дае па чатыры аршыны мануфактуры.

Сход нямее.

Не будзе ж інструктар хлусіць перад народам. І летась давалі па школах мануфактуру. Ім не дасталося, бо школы не было. Зайздрасць іх брала.

Чатыры аршыны мануфактуры! Дзе яе ўзяць? На Украіне на яе тры пуды пшаніцы выменяеш. Калі мужчыны яшчэ і хістаюцца, дык пасля сходу, калі аб мануфактуры даведаліся жанкі, залацінская школьная апазіцыя затрашчала па ўсіх нітках і разлезлася.

А панскі дом назаўтра з самага ранку, як вулей, гудзе звонкімі галасамі дзяцей. Прыйшлі нават дзяўчаты па шаснаццаць гадоў. Тры ўнучкі дзеда Суслы таксама прыйшлі.

Ірына Данілаўна з сіл выбіваецца. Устае дадня, бульбу скрабе на снеданне, на абед сабе і сваім двум сынам. Выпальвае ў печы, корміць сваіх малых, на печ іх садзіць і наказ ім дае строгі, каб з печы не паскідаліся, а сама ідзе ў школу.

Холадна і сыра ў школе. А дзеці лапцямі гразі нанясуць – слізка, мокра, брудна. Хіба часамі кульгавы Афонька запаліць камін, а сам спіною да агню павернецца і глядзіць, як настаўніца навуку выкладае. Для Афонькі гэтая навука кітайскаю мудрасцю здаецца. Часамі на губах яго мільгне ўсмешка дурная: чаго мардуецца бедная настаўніца? Навошта ўсё гэта? На першых часах цікава было паглядзець, а потым надакучыла, і Афонька перастаў у школу хадзіць і камін раскладаць. Ляжа сабе дома на печы ды палежвае. Хоць камін і не дае цяпла, але ўвесь смурод і вільгаць у прасторы выносіць. На пераменках самі дзеці дроў нанясуць, весела патрэсквае агонь. Косцік Губаноў – мастак распаліць камін і ахвоту мае на агонь пазіраць. Ён – хлапец спрытны, услужлівы і хітраваты.

Новай настаўніцы нялёгка ў школе навучанне весці, бо ёй жа сапраўды хочацца навучыць дзяцей. Яна ўся гэтай рабоце аддаецца. А сярод дзяцей пападаюцца такія слаўныя, такія мілыя. І так многа ў іх ахвоты пасягнуць мудрасць гэтай навукі! Так яны слухаюць, так глядзяць на настаўніцу, як бы ў рот ёй улезці хочуць. І асабліва старанныя Марысіны дочкі, яны ж і найболей здольныя да навукі. Але няма як разгарнуць работу ў школе: ні кніг, ні паперы, ні алоўка. Але Ірына Данілаўна не падае духам. Класная дошка – на шчасце, яна ёсць тут – крыніца навукі і мудрасці. Друкуе і піша на дошцы Ірына. Вершы па памяці запісвае, а апавяданні ў прозе сама з дзяцьмі складае. Цікавая, новая, творчая работа! А крэйды ў Залаціне свае многа знайшлося. Хтось з вучняў падаў думку – пісаць на сваіх лаўках. І такім парадкам пісаць навучыліся.

Праз некаторы час разжыліся на паперу, на буквары і сякія-такія кнігі, хоць і няшкольнага характару. І нават дзесь на перʼі разжыўся Астап для свае школы. Знайшліся майстры сярод дзяцей, асадкі робяць сабе, каб тыя перʼі і паперу скарыстаць. А ўжо з чарнілам справа шмат прасцей стаяла: Куршчына – сталіца буракоў, цукровых, кармавых і чырвоных сталовых. Вось гэтыя чырвоныя буракі і служаць навуцы ў школах: іх сокам пішуць. Адна толькі загана бурачнага чарніла – пракісае борзда і псуецца.

Чарадою дзяўчаткі за настаўніцаю ходзяць і на кватэру да яе забягаюць вечарамі. А з імі і мацяркі наведваюцца. Колькі тут гутарак было, расказаў аб жыцці! І просяць часамі жанкі Ірыну Данілаўну «саянчык» скроіць, дапамагчы ў тых ці іншых выпадках. Ну, адным словам, жаночы клуб утварыўся ў панскім доме.

У вольныя дні да настаўніцы дзяўчаты з вёскі прыходзяць. Ім таксама павучыцца хочацца, непісьменнасць сваю зліквідаваць, паслухаць чытанне. А часамі Астап падыдзе, сялян на сход закліча, каб проста пагутарыць аб розных пытаннях, аб новых шляхах жыцця.

Гудзе панскі дом, хоць і глядзіць ён панура.

 

 

VIII

 

Самы лепшы час у вясне – той, калі пачынаюць распускацца бярозавыя лісточкі, і няма лепшай музыкі, калі высока ўгары гайдае-песціць лёгенькі цёплы ветрык гэтыя пахучыя лісточкі, маладзенькія, прыгожыя, поўныя жыцця і радасці, калі прырода звонам птушыных галасоў і шумам раслін складае хвалебныя песні сонцу.

Паразыходзіліся вучні. Апошні абход робіць Астап. Гэтымі днямі прыходзіць сюды. Будзе тут усё лета жыць, прыводзіць школу ў парадак. Бабка Наста і бабка Магда з кошыкам па горцы між дубоў ходзяць, трэсачкі, дубовыя галінкі падбіраюць. Марыся і настаўніца на дубовых пнях сядзяць, адкуль так добра відаць дарога за возерам. З таго часу, як пераехала сюды настаўніца, Марысі весялей стала: і паёк з горада даюць, і Юля з Ганяю на Украіне ў саўгасе жывуць – усё ж і заробяць трохі, і пракормяцца там. Але не пакідае Марысю думка аб Гродзеншчыне. А гэтая дарога за возерам ёй яшчэ мілейшаю здаецца, асабліва, калі пачнуць гаварыць з настаўніцаю аб тым далёкім краі.

А на вёсцы жыццё бурліць. Шумяць сяляне, зямлю размяркоўваюць, з сажнем па полі ходзяць, мераюць, гамоняць, а вечарамі грыміць лаянка. Ну, але ж без гэтага так трудна абысціся. Хіба ж зразу адмовішся ад гэтых, вякамі зложаных, крыклівых сялянскіх традыцый-звычаяў? Пакрычаць, пашумяць, палаюцца, кулакамі патрасуць, у дзевятае пакаленне па мацярынскай лініі ўніз спусцяцца, але да згоды прыйдуць. І якая гэта прыемнасць – самім гаспадарыць на зямлі, дзяліць яе, мераць сажнямі і нагамі, і ніякага чорта не знаць! І трэба бачыць, з якою важнасцю мерае-перакідае сажань, спецыяльна зроблены, накшталт шырока расчыненага цыркуля, Пятро Бацюк! Калі яно было, каб мужыку далі такое права на зямлю!

На шырокім выгане супраць Суславай хаты народ збіраецца. Дымяць цыгаркі, цыркаюць праз зубы сліну мастакі-курцы. Пакуль сход не пачаўся, гутарка грыміць у паасобных грамадках. Тут і навіны, і чуткі розныя перадаюцца, гавораць аб падзеях сучасных і мінулых, і аб палітыцы талкуюць, і аб усякіх сялянскіх павіннасцях.

Кандрат Сусла ў сваім гуртку расказвае:

– Дык вот, захапілі гэта белыя Трахіма ў падводы. Ахвіцэра іхняга вёз. Едучы, пытае яго ахвіцэр: «Ну, скажы, брацец, па праўдзе скажы: хто для вас лепш – белыя ці чырвоныя?»

– Ваша высокаблагародзіе! А мне нічога не будзе, калі я праўду скажу?

– Нічога, толькі праўду гавары.

– Дык вось, – кажа, – пагналі вас цяпер чырвоныя, так пагналі, што і аглядзецца не даюць. Дай жа Божа, каб яны загналі вас у самае Чорнае мора і там патапілі вас і самі патапіліся.

У другім гуртку вядзецца размова, ці вернецца парадак стары, ці не, бо трохі страшна: зямлю панскую падзялілі. Агульны вывад такі, што стары парадак не можа вярнуцца, бо народ ужо не згодзіцца на дармаедаў рабіць. Нават дзіўным здаецца, як гэта мог трываць народ да рэвалюцыі. Чаго б, здаецца, прасцей: выгнаць пана і зямлю забраць! А вось не адважваліся.

Доўга бубняць мужчыны. Урэшце, каму-небудзь надаесць языком малоць.

– Пара б ужо і сход пачынаць! – чуецца голас нецярпення.

І ўсе адразу ўзварушваюцца. Здаецца, адзін толькі гэты голас і патрэбен быў тут.

– Давайце сход пачынаць!

– Пачынаць!

– Сакратар! – гукае старшыня.

З натоўпу выціскаецца сакратар Сашка Буркін, рухавы, жывы, гадоў пад трыццаць. У зубах доўгая цыгарка трымаецца спрытна на ніжняй губе, такая ж рухавая, як і сам сакратар, і калі ён гаворыць, то яна варушыцца, скача, адбівае такты сакратарскім словам. Пад пахаю ў сакратара заціснуты вокладкі, а ў вокладках розныя паперы ляжаць, і паводле таго, як гэтыя паперы выканаюць сваю ролю ў жыцці, яны ідуць на цыгаркі сакратару. Бывалі выпадкі, калі некаторыя паперы гінулі, не выявіўшы свайго прызначэння. А калі старшыня і сакратар агледзяцца, то доўга ўдвох капаюцца ў сакратарскіх вокладках, лаюцца паміж сабою, разглядаючы слепа напісаныя паперы і не знаходзячы патрэбную. Потым годзяцца з фактам прапажы і канчаюць тым, што можа яно так яшчэ і лепей.

Старшыня і сакратар займаюць найлепшую пазіцыю на прызбе Суславай хаты. Тут нават ёсць спецыяльна пастаўленая дубовая калодка. Яна служыць сталом сакратару.

Сяляне яшчэ гудуць, але цясней збіваюцца каля Суславай хаты. Старшыня топча нагою акурак і заклікае ўсіх да парадку.

– Таварышы!

Усе адразу моўкнуць, бо гэтым словам у вуснах старшыні кладзецца мяжа, адкуль пачынаецца сурʼёзная справа.

– Тут бежанка просіць даць ёй пад проса і бульбу зямлі. Што на гэта сход скажа?

Марыся падыходзіць бліжэй да старшыні.

– Я прашу сход даць мне палоску прысеяць бульбы ці проса. Самі ж ведаеце, як мы тут жывём. Хлеба я ад вас не маю, а пасаджу бульбы, дык хоць будзе што дзецям даць.

Марыся ніколі не выступала на сходзе, хоча яшчэ гаварыць, але горла перахватвае. Бледная, яна замаўкае.

Некаторы час сход маўчыць, глядзіць на бежанку. Ну, вядома, трэба даць кусок зямлі.

– Ну, дык што ж, – падае голас Сцяпан Судзьба, – усім зямлі хопіць.

Сцяпан Судзьба – ён часта ўжывае гэтае слова, чым і здабыў мянушку сабе – чалавек мяккі: за кожнага заступіцца і паспагадае. Можа гэтае заступніцтва за Марысю і паслужыла прычынаю для Сцяпанавай жонкі, сярдзітай Параскі, кінуць у вочы Сцяпану абвінавачанне, што ён любіць Марысю. Бяды чалавек набраўся!

Сход загуў нешта невыразнае.

Можа, каб першы падаў голас не Сцяпан, а хто другі, то ўсе падтрымалі б яго, а супраць Сцяпана звычайна выступалі, проста па прывычцы, і голас яго не меў вагі.

Падымаецца Пятро Бацюк, той самы, што з сажнем па полі ходзіць. Зякратыя вочы яго кідаюць іскры, запушчаны твар, як шэсць гадоў нясеяная пасека, грозна паварочваецца да цыбатай фігуры Сцяпана. Бацюковы словы маюць значэнне. У яго ж і сажань, ён у грамадзе не проста Бацюк, а пэўная асоба.

– Даваць можна, – з запалам гаворыць Бацюк, – асабліва за кошт грамады. Хто ні папросіць – давай... Ды хто ж ёй засее зямлю?! – грозна крычыць Бацюк: – Ты засееш? Насення ёй дасі? Чым засее? Даваць, каб зямля пуставала?

Бацюковы словы даюць тон грамадзе. З кожным словам лік Марысіных праціўнікаў расце. А Сцёпка туляецца за сялянскімі спінамі, узад адыходзіць.

– Збяром хлеб, хлебам дамо, – гудзе грамада.

– У яе і каня няма.

– Дзе зямлі тае набрацца? На фабрыцы яе не зробіш.

Узрушаная, абураная Марыся гаворыць сходу:

– Што вам да таго, чым я засею? Рукамі перакапаю ды засею. А я ведаю, як вы хлеб даяце! І мог бы хто даць, дык не дасць. На сваё толькі горла дбаеце. Набраліся зямлі, вочы разгарэліся… О, людзі, людзі, каб такіх людзей і гола было!

– А не давалі табе? – абражаецца Сусла Кандрат. – Быў хлеб – давалі. А цяпер сам народ толькі тым і дыхае, што з Украіны прывязе.

Марыся пакідае сход, а ўдагонку ёй нясецца:

– У яе нябось поўная скрыня тканіны.

 

 

IX

 

Панскі дом чуе гамонку людзей, бо сход адбываецца каля Суславай хаты. А гэта хата насупраць, прайсці толькі двор і вуліцу. Дом з белымі аканіцамі стаіць з аднаго боку, а вёска Залаціна – з другога, вуглом загнута.

На ганку сядзіць Ірына Данілаўна, штукуе з нейкай старызны сукеначку меншай Марысінай дачцэ. На ганак зазірае вока агністага сонца ды ўрываецца лёгенькі, мяккі ветрык і так абдымае маладую жанчыну, так жартуе з яе валасамі, што проста прыемна робіцца. На ганку і бабкі сядзяць, гутараць. Яны вельмі рады, што ёсць з кім пагаварыць, расказаць, як там, у Гродзеншчыне, жылося ім. Тут жа і Волька стаіць; яна ўсё стараецца бліжэй каля настаўніцы быць, бо любіць яе. Яна так ахвотна, так старанна вучылася ў школе! Два сыны Ірыны Данілаўны, Анцік і Жоржык, дзесь бегаюць па садзе. Прастор малым, выгода, і хоць дома хлеб даўно перавёўся, затое ж здаровым паветрам пажывіцца можна.

На пясочку каля кузні гуляюць дзеці. Потым у сад бягуць, па дарожках снуюцца. І раптам спыняецца Жоржык.

– Анцік! Анцік! Ідзі паглядзі, якога я чарвяка знайшоў!

Анцік па голасу брата чуе, што Жоржык напэўна нешта цікавае знайшоў. Стралою бяжыць.

– Гэта ж – вуж! – з жахам крычыць Анцік.

А вуж ляжыць, не варушыцца. Забіў яго нехта.

З кустоў выбягае Косцік Губаноў і Сенька, сын сталяра Івана Лыжніна. Дзеці разглядаюць вужа. Страх у вачах Анціка, здаваленне на тварыку Жоржыка, хітраваты смех на губах у Косціка.

– Жоржык! – падвучвае Косцік. – Вазьмі яго, дамоў занясі.

Жоржыку толькі чатыры гадкі. Што ж, пабаіцца ён вужа ўзяць? Анцік маўчыць: хочацца ведаць, ці возьме Жоржык вужа.

Жоржык нагінаецца, бярэ вужа адною ручкаю каля галавы, другою каля хваста і храбра нясе яго паказаць маме. За ім па пятах ідзе Анцік, за Анцікам Афонька, за Афонькам, сынам сакратара, Сенька, а Косцік, бы тое хітрае чарцянё, здалёк ідзе і пасмейваецца.

Чарада дзяцей з Жоржыкам наперадзе, як самая важная ў свеце дэлегацыя, спыняецца перад ганкам. Жоржык разводзіць убок ручкі, каб выпрастаць вужа, каб у больш паважным выглядзе паказаць свой трафей, і кажа:

– Мама! мама! а во!

Настаўніца ўся трасецца. Жах на яе твары адбіваецца. Нават бабкі падскокваюць.

– Фу, дрэнь! кінь! – крычыць настаўніца.

Жоржык кідае ўбок вужа і глядзіць матцы ў вочы.

– Ідзі рукі мый!.. Ах, які ж ты дурань! Не бяры ніколі ў рукі вужоў. А каб жа гэта была гадзюка? Укусіла б, і ты памёр бы.

– А я ёй як даў бы тапавом, дык яна і здохла б, – храбрыцца Жоржык, ідучы ў кухню.

Хтось з старэйшых дзяцей бярэ вужа на палку і закідае ў кусты за плот.

На гэты час і Марыся са сходу прыходзіць. Вочы заплаканыя. Спагадліва пазірае на яе настаўніца. Расказвае Марыся, як зямлі прасіла і што ёй на сходзе сказалі.

– Хіба ж гэта людзі? – з гарчэчаю ў голасе кажа Марыся.

– Ну, няўжо ж яны смелі так зрабіць? Дзе ж іх сэрца? Дзе сумленне іх? – абураецца, кіпяціцца настаўніца.

– Ой, жорсткі народ! Каб такі народ і на свет не радзіўся, – крыўда Марысю забірае.

Бабка Магда, і бабка Наста, і Волька апускаюць вочы, як бы яны зрабілі тут нейкую правіннасць.

– Як з кожным пагаворыш, то ён табе і спагадае, і памагчы гатоў, а на сходзе, у натоўпе, – ну, проста звярэюць.

– Не, гэтага няможна так пакінуць: гэта ж здзек над чалавекам! – ніяк не можа суняцца Ірына. – У воласць, у горад напісаць трэба... Яны павінны вам зямлі даць, на кожную душу, па норме! Вось Астап няхай прыйдзе...

На некаторы час усе замаўкаюць. Жар абурэння ў сэрцы гарыць.

І кажа Марыся:

– Ці ж думаў чалавек, што так давядзецца табе? Божухна! Маючы дом свой, гаспадарку сваю, трэба такое ліха зазнаваць.

– І якая гаспадарка была! – у тон Марысі гаворыць бабка Магда.

– Ахвота брала працаваць, – ажыўляецца і бабка Наста. Яны адрываюцца ад гэтай неласкавай да іх рэчаіснасці, яны пераносяцца думкамі ў свой край, у сваё пакінутае гняздо, яны жывуць успамінамі аб тым, што мінула навекі. І дарогі ёсць у той край, але крылляў няма, каб узняцца і ляцець туды. Ох, свет, ох жыццё! Як заблутаны вашы пуцінкі!

Ізноў гутарка аб той гаспадарцы ідзе.

– І коні свае былі, ды якія коні! Не тое, што тутэйшыя залацінскія гракі – хоць пад паху бяры. І кароўкі былі. І малачко сваё, і масла. Самі елі, колькі хацелі, і прадавалі, – тужліва зазначае бабка Наста.

– А дом які быў! – не можа стрымацца і Марыся: – прасторны, мураваны. На дзве палавіны быў зроблены. У адной самі жылі, другую выпускалі пад школу. Цэлае вучылішча змяшчалася, шэсцьдзесят рублёў арэнды плацілі за зіму.

– А двор чысценькі-чысцюткі, хоць абрусом засцілай. І ўсякая гаспадарская надоба была: варывенька, свіронак, прыгрэбнік, паветка. А якое слаўнае гумно было! У якім парадку трымаў яго нябожчык Антось! Чысцей, як у тутэйшых гаспадароў у хаце, – дадае бабка Магда.

Марыся ўспамінае, як нехта кінуў ёй на сходзе:

– У яе цэлая скрыня тканіны.

Так, зайздросцяць яны Марысіным тканінам, – аддай ім і тканіну за хлеб, за бульбу, як прыйшлося аддаць мануфактуру, што выдалі ў школе. Бачылі тутэйшыя жанкі, якія тканіны ткуць у Гродзеншчыне, пазіралі ды галовамі ківалі, не давалі веры Марысі, што гэта яна выткала, што так у Гродзеншчыне ткуць палотны – фабрычныя тканіны ды годзе! Нічога тут рабіць не ўмеюць. Нават гной на поле вывезці лянуюцца, – выганы і двары гноем завалены. Бачыла Марыся, якія палотны ткуць тутэйшыя жанчыны – вузенькія-вузенькія, дзве пядзі, не болей.

– І хто ведае, – кажа бабка Магда, – ці застаўся там дом цяпер?

– Можа і дома няма, – уздыхае Марыся.

– А вы ж ніякіх вестак не маеце адтуль? – пытае настаўніца.

– Пісалі адтуль. Яшчэ летась увосень быў ліст. Пісалі, што ўсё цэла. У доме жыве брат нябожчыка Антося.

– Ну, калі жыве брат мужа, то дом будзе цэлы, – заспакойвае бабак і Марысю Ірына, – вернецеся, будзеце жыць там.

– Калі ж выберамся?.. Эх, выбрацца б, хутчэй бы выбрацца!

На двары каля хаты Лідачка, меншая Марысіна дачка, бегае.

– Лідачка! Хадзі сюды: сукеначку прымераем! – кліча яе настаўніца.

Лідачка бяжыць, на ганак узлятае, да маткі туліцца. Ірына Данілаўна прымярае дзяўчынцы сукеначку. Марыся і бабкі глядзяць. Ліда на сёмым небе ад радасці. І бабкі весялеюць, на яе гледзячы. Сукеначка якраз прыходзіцца.

– Ну, вот у Лідачкі сукенка будзе, – кажа настаўніца, – не новая, але што ж ты зробіш?

– Яна яшчэ лепш за новую, – адзываецца Ліда. Ці многа трэба для дзіцячага шчасця?

 

 

X

 

– Ну, я цяпер вольны чалавек! – гаворыць Астап Ірыне. – Цяпер, брат, тут работу распачну. Трэба залацінцам школу адбудаваць, ды так адбудаваць, каб яны помнілі нас. Глядзі!

І паказвае Астап жонцы паперу такую, дзе значыцца, што панскі дом, панскі сад, і зямля ў садзе, і сенакос увесь замацован за школаю.

– Вось гэта добра, – кажа Ірына, – трэба школу абсталяваць, скарыстаць гэты выпадак... А ў мяне новая школа ёсць: дзяўчаты за навуку бяруцца.

– Валяй, валяй! Засявай, брат, навуку! А вось ведаеш ты, што я табе сказаць хачу?

– Што?

– Хачу варэнне з буракоў зварыць!

– А бадай цябе! А я думала ты нешта цікавейшае скажаш.

– Покі што больш цікавейшага няма. Цягні сюды буракі, чысць іх і вары як мае быць.

Адразу Астап за справу бярэцца. Буракі цукровыя ўдваіх скрабуць, рэжуць на буйныя кускі, у вялізны чыгун кладуць. А калі ўпарыліся буракі, на тарцы садралі і сок выціснулі. Раскладае Астап агонь на двары, бурачны сок на агні выварвае, покі ён густым не робіцца. Дадае туды тоўчаных дзікіх ігруш, і варэнне гатова. Есць варэнне Астап, жонку, дзяцей частуе і прадукцыю сваю хваліць. І варэнне, праўда, салодкае, але ж вельмі бураком аддае.

Час тады цяжкі быў, галодны. І не меў Астап хлеба ні горкага прасянога, ні аўсянага з асцюкамі. На Украіну паваліў народ. На вагонах і пад вагонамі рынуліся мяшэчнікі па хлеб.

Аглядае Астап маёмасць школьную. Багатая яна. Агарадзіць толькі трэба, бо ўсё марна пойдзе.

Ні хвіліны дома не сядзіць Астап. Цяпер ён больш па сяле пакручваецца. То з тым, то з другім вядзе гутарку, каб зацікавіць грамаду школаю, грунт падгатаваць для далейшай работы. А то проста збяруцца грамадою сяляне на выгане і давай Астапа закідаць рознымі пытаннямі: а што гэта такое камуна? А што гэта за людзі такія бальшавікі? А чаму гэта хлеба няма? Чаму на мужыка так многа павіннасцей навальваецца? Чаму так часта рэквізіцыі робяцца?

Тлумачыць Астап, разʼясняе сэнс рэвалюцыі і характар яе. І даводзіць, чаму так сталася, што такая беднасць настала.

За кароткі час пазнаёміўся Астап з сялянамі, і яны яго ведаюць, нават і любяць, бо ён чалавек просты, пагаворыць з імі, а калі каму што трэба напісаць, то ніколі не адмовіць. Часта да яго самі заходзяць, і жонку яго добра ведаюць.

Праз колькі дзён па просьбе Астапа склікае сход старшыня.

Гаворыць Астап на сходзе:

– Справа такая, таварышы! У вас ёсць школа. Вашы дзеці будуць вучыцца ў ёй. Пры цары вас трымалі ў цемнаце, вам папы чмуцілі галовы, каб вы былі пакорным стадам, якое лёгка стрыгчы. Вы бачылі царскі парадак, вы пазнаёміліся і з дзянікінскімі парадкамі. Хто ж даў вам зямлю, зрабіў вас яе сапраўдным гаспадаром? А каб быць гэтым гаспадаром, каб умець сваімі рукамі будаваць сабе жыццё, трэба навука, не тая, што цар праз папоў даваў, а такая, што навучыла б вас, як жыццём сваім кіраваць, як трэба наладзіць гаспадарку сваю, каб з яе карысць была, – нам трэба школа.

Савецкая ўлада вам гэтую школу дае. Школа ваша запушчана, бедная, няма нават печы, вокны не ў парадку. Дом трэба адбудаваць, і адбудаваць яго можна. Новая ўлада ўсімі спосабамі дапаможа вам, але і вы павінны ўнесці сваю долю працы. Пры школе ёсць сад, ёсць зямля. На гэтай зямлі і ў гэтым садзе вашы дзеці будуць вывучаць і гаспадарскую справу, каб стаць багатымі і культурнымі людзьмі. Але сад трэба абгарадзіць, бо за год, за два яго знішчыць жывёла. А між тым гэта – грамадскае дабро. У вас ёсць настаўніца. Яна сядзіць без хлеба. Ваш абавязак – памагчы ёй. Я ведаю, што вы людзі добрыя (некаторыя слухачы пры гэтым уздыхнулі), што вы гатовы падзяліцца апошнім куском хлеба. Але і самі вы бедныя, хлеба ў вас няма, няма солі, і дзёгцю нават няма памазаць калёсы.

– Гэта праўда, што і дзёгцю няма! – вырываецца шчыры голас.

Дзёгаць – балючае месца ў сялян.

– Да так ужо калёсы рыпяць, што можа і за граніцаю чутно.

– Далі б свабодны правоз, і самі былі б з хлебам і другіх завалілі б хлебам.

– Парадак, парадак, таварышы! – робіць заўвагу старшыня.

– Аб чым жа мая просьба да вас? – пытае Астап і дастае з кішэні паперу.

Сяляне напружана чакаюць.

– Я выстараўся ў лясніцтве дзесяць кубічных сажняў патрэбнага для гарадзьбы матэрыялу. Нам астаецца толькі насеч і вывезці з лесу. А лес тут – рукою падаць.

– А хто карыстацца будзе садам? Там садавіны, лічы, пудоў тысяч дзве будзе? – чуецца голас натоўпу.

– А сенакос у садзе каму?

– А хто будзе карыстацца садам, калі па ім будзе жывёла гуляць? Хто касіць будзе, калі сенакос стравіце коньмі? – пытае і Астап.

Сход маўчыць.

– Вы пытаецеся, хто будзе карыстацца садам і сенакосам? Школа ваша. Сад і сенакос аддамо ў арэнду, каб прывесці ў парадак школу, дзе будуць вучыцца вашы дзеці. Я ў вас хлеба не прашу, зямлі не дабіваюся. З мяне будзе досыць і тае зямлі, што ў садзе. Я нават падзялюся гэтаю зямлёю з бежанкаю, якую вы несправядліва пакрыўдзілі. Я – чалавек, я хачу таксама, як і вы ўсе, жыць, хачу мець на чым пасадзіць хоць мерку бульбы. Калі ж вы не агародзіце саду, сад пяройдзе ў саўгас, а ваша школа многа страціць. Калі вы дапусціцеся да гэтага, то вашы дзеці асудзяць вас, што вы не захацелі захаваць ім добрую школу. Дык давайце ж, таварышы, агародзім сад, не дапусцім, каб ён знішчыўся. Вы гэтым і мне дапаможаце і для сябе зробіце добрую справу.

– Ну, як сход? – пытае старшыня.

– Ясна, што сад агарадзіць трэба, – выступае Марак, – такі сад! Не агародзіш – за год прападзе гэтае культурнае месца. Таварыш інструктар стараецца для нас. Нашы дзеці падвучыліся, многа падвучыліся. А ў школу хадзілі толькі два месяцы. І мануфактуры для нашых дзяцей пастараліся. Дык трэба школу і таварыша інструктара падтрымаць. І для каго мы старацца будзем? Для сябе! Тут мы якраз маем прыклад таго, калі дзве «прамблемы» сыходзяцца ў адну.

– А пэўна трэба агарадзіць! – раптам выскаквае Змітро Мігун, энергічна хватаючы з зубоў люлечку. Ён адзін на ўсю акругу курыць люльку, мае стрэльбу і любіць хадзіць на паляванне. Жыве ён на канцы вуліцы, і з гэтага саду карысці для яго мала, а глядзець, як будзе жывіцца там Сусла і ўсе, хто бліжэй, не вельмі цікава.

– Глядзець брыдка! Была агароджа, дык знішчылі, дубы павысякалі, проста – цьфу!

– Трэба агарадзіць! – гудуць галасы.

– Я, як старшыня, павінен сказаць, што ёсць загад сад агарадзіць, каб захаваць яго. Трэба загарадзіць і – квіта! Хто за тое, каб агарадзіць? Падымайце рукі!

– Што тут яшчэ рукі! – крычыць шавец Акім. – Агарадзіць і баста!

І пастанову такую піша сакратар – агарадзіць сад безадкладна.

 

 

 

XI

 

Да ўсходу сонца падымаецца Астап, забірае курэцкія прылады і рыдлёўку, займае кавалак злеглай за зіму зямлі і рэжа скібу за скібаю, рэжа заложна, упарта. І так слаўна работа ідзе, захапляе Астапа, як бы разам з гэтым пахам свежай зямлі выходзяць і чары яе, і ўлада яе над чалавекам. Пройдзе раз, прыпыніцца, разагне спіну ды навакол гляне, паслухае. Гамоніць вёска, тарахцяць калёсы, падпяваючы самім сабе скрыпуча-жаласную песню. Шчабечуць птушкі ў кустах, шнуруюць шэранькія верабейчыкі, сварацца, учубкі бяруцца. За садам на возеры качкі крычаць. Заложную, аднатонную песню, песню-згоду, песню-калыханку плюскоча вада ў стаўку каля млына. А дрэвы стаяць нерухліва. Залатыя ўсмешкі сонца разліваюцца баграю на шэрых верхавінах дубоў, на ліпах, на саламяных стрэхах беласценных хатак. І нейкая радасць ахінае Астапа ў гэты час абуджэння зямлі.

Астап ізноў бярэцца за работу, і свежыя грудкі чорнай пахучай зямлі куляюцца і куляюцца пад рыдлёўкаю. А мыслі яго снуюцца далёка-далёка. Гэтая зямля і работа на ёй напамінае яму аб другой зямлі, аб зямлі Наднямоння, светлай, пясчанай, беднай, але дарагой і роднай сэрцу. Ляцяць яго мыслі туды, на зямлю свае айчыны. Няволіць яго чужая зямля, няласкавая яна для яго.

– Ты гэтак і ўсю Куршчыну перакапаеш.

Астап падымае вочы: на дарожцы з вёдрамі стаіць Ірына, усміхаецца весела. Астап ссоўвае шапку, мокры лоб абцірае.

– Можа дзе золата пан закапаў, – жартуе Астап, – адкапаю, купім тады самаход, абабʼём курскі прах ад ног нашых і паедзем на сваю Беларусь.

– Ну, то дай мне рыдлёўку: я пашукаю панскіх скарбаў, а ты схадзі вады прынясі.

– З царства светлых мар і прыгожага спення ты пераносіш мяне, о, фея, у шэрую курскую рэчаіснасць! – робленым трагічным тонам гаворыць Астап і перадае Ірыне рыдлёўку, а сам бярэ вёдры, шпурляе аб землю карэмысла, бо не любіць яго: зроблена яно так, што зарубкі для вёдзер прыходзяцца на самым жа карэмысле, і вёдры трэба падымаць вельмі высока. Бярэ вёдры проста за восілкі і ідзе аж за кузню, дзе калодзеж, а Ірына капае зямлю. Калодзеж досыць далёка, але вада ў ім чыстая, крынічная.

Астап прыносіць ваду, ставіць вёдры на дарожцы і кажа Ірыне:

– А ведаеш, Ірына, аб чым я думаў, несучы ваду?

– Можа зноў аб варэнні бурачным?

– Не, я думаў аб тым, як бы гэта было добра, каб мне паставілі на стол скавараду скварак і каб яны плавалі ў бульбе з салам.

– Не, брат, на скваркі ты прычыні губу, – з ноткаю засмучэння адказвае Ірына, – але я вось што спытаю: ці агародзяць табе сад? Нешта не чуваць нічога.

– Вось жа і я думаю над гэтым, – твар Астапа робіцца сурʼёзным.

У Астапа тут і расада засеяна, а па садзе ўсё яшчэ жывёла разгульвае. Раздолле, выгода залацінцам: выпусціў карову з двара – ідзі, мілая, куды хочаш. А яна ў садзе і прыпыніцца.

– Народ у нас такі, каб ён выдушыўся, – кажа Сцяпан Судзьба на заўвагі Астапа, а сам вечарком азірнецца, здыме з каня аброць, накіраваўшы на панскі сад, і шмаргане павадком, каб конь шпарчэй у сад бег.

Пад вечар ідзе Астап на сяло, аб гарадзьбе гутарку заводзіць, старшыню падганяе.

– Вось я што скажу табе, – кажа да Астапа Змітро Мігун, – сад... сад яно добра, агарадзіць яго трэба. Але як вы грамаду на работу паставіце? Сілаю ж яе вы не пагоніце. Дзесяць згодзіцца, адзін упрэцца і гэтых дзесяць раскідае. «Мой гэта сад? Да няхай ён згарыць!» – скажа адзін. «Няхай той гародзіць, што пляцень расцягаў», – скажа другі, а трэцім зайздросна стане, каб не пакарыстаўся хто іх працаю. Вось яно што. А нарэшце яшчэ скажу, – прыцішыў голас Мігун, – баяцца нашы залацінцы, каб ты за пана тут не асеўся.

Астап не адступаецца, надзеі не траціць, зноў сход склікае, зноў выступае з прамоваю, разагравае сялянскае сэрца. Тут і сам старшыня не сцярпеў, закіпяціўся, апошнімі словамі па грамадзе стрэліў, а ў заключэнне застрашыў:

– Кіну к чортавай матары старшынства сваё, каб вы мне тут і не смярдзелі і ўпоперак горла не станавіліся!

– Дык трэба агарадзіць! – шуміць хваля галасоў.

– Ды што трэба? «Трэбіць» будзем ды «трэбіць», а за справу ніхто не бярэцца! – крычыць абурліва Акім-шавец. – Раз трэба, дык давайце цяпер жа, з гэтага месца, у лес пойдзем галлё, дубцы сеч!

Акім-шавец выхватвае з-за пояса сякеру, высока трасе ёю над галавою, каб усе бачылі, што ён ідзе ў лес матэрыял сячы. Грамада варушыцца, упартасць яе зломана. За шаўцом выступае кульгавы Афонька, за Афонькам Андрэй Бурдач. З дзесятак мужчын у свае двары бягуць па сякеры. Рэшта моцна крычыць, лаецца. Гэты крык і лаянка зліваюцца ў адзін клубок, дзе трудна знайсці пачатак і канец.

– Хадзем! – грымяць галасы.

– Гайда, хлопцы!

У гэты дзень якраз і свята прыпала, але гэтае свята ні ў адным календары не значыцца. У адной, мусібыць, Куршчыне яно і святкуецца, а называецца яно Ру́хманамі. Гэта такое свята, калі ўсё на зямлі рухаецца і гады з нор вылазяць.

Пазірае Астап на залацінцаў, і сэрца яго радуецца.

– Цяпер і я бачу, што Ру́хманы – вялікае свята, свой «святы» рух перадало яно ў грэшнае Залаціна.

Смяюцца залацінцы.

Але тут зноў запынка робіцца. Сусла Кандрат не рухаецца. Па-першае, чалавек ён важны, па-другое, не гад жа ён, каб рухацца з гадамі ў адзін дзень, а па-трэцяе, ніколі спяшацца не трэба, бо сад гарадзіць – не тое, што мануфактуру дзяліць, куды Сусла першы прыехаў. Не рухаецца і яшчэ значная часць грамады.

У той час, калі шавец Акім ужо мінуў грэблю і на гару стаў падымацца, кульгавы Афонька як бы трохі адставаць пачаў. Ну, гэта можна б растлумачыць яго кульгавасцю. Але Андрэй Бурдач і да кузні не даходзіць, спыняецца. Аглядаецца назад, а за ім ніякага рэзерву няма. Аказваецца, «святы» рух ужо пакінуў залацінцаў. Тыя, што па сякеры пайшлі, асцярожна з-за вуглоў цікуюць ды паглядаюць, ці ідзе хто ці не. Спыняецца і Акім на гары, назад пазірае. Бачыць – Афонька на камені каля млына сядзіць, а Андрэй Бурдач каля кузні на сад глядзіць.

«Выскачыў, як той Піліп з канапель», – разважае Бурдач каля кузні і робіць выгляд, што ён у лес і не збіраўся, а каб давесці гэта, ідзе ў сад і высякае кульку на кассё.

Становішча Акіма-шаўца больш труднае: выперся на гору, як вош на лоб, і з сяла ён усім добра відаць. Адступаць нельга. Ён храбра ідзе ў лес: яму якраз ляшчыны патрэбны, бо на кадушцы абручы паскідаліся. А Афоньку што? Глупства. Па-першае, ён – стораж пры школе, яму трэба было прыклад падаць. Па-другое, нага яго кульгавая, ён сабе і прысеў на камені, а ў лес не пайшоў, бо грамада не пайшла. А калі шавец не вярнуўся, то ў яго на гэта свае прычыны ёсць.

Так скончыўся дзень «святога» залацінскага руху па часці гарадзьбы панскага саду.

 

 

XII

 

Дагадваецца Астап, што ў сялян свая камбінацыя ёсць: ці не хочуць яны самі прыбраць сад і сенакос? І ці не Суслава толькі гэта штучка? І камбінацыя гэта зараз жа і выяўляецца.

Назаўтра ж прыходзяць да Астапа Міканор Катрас, «Іканор», як завуць яго залацінцы, і Хлёр Драбакін.

– Не агародзіць вам сад грамада. А работы – плюнуць толькі, але пры вялікай грамадзе толку не будзе. А трэба падабраць кампанію, двароў дзесяць-пятнаццаць, аддаць ім сад і сенакос на гэтае лета, і за тры дні ўсё гатова будзе.

– Ну, а школе што будзе? – пытае Астап.

– Школе застанецца сад, сенакос, зямля. Не адзін жа год будзе школа жыць.

– Вы самі сябе абкрадаеце, неразумныя вы людзі. Вам школа, я бачу, не баліць, не смярдзіць, абы толькі сваю вантробу напхаць! Проста крыўда бярэ чалавека, злосць падшыбае.

Дванаццаць чалавек узяліся сад агарадзіць, дванаццаць двароў садовую камуну складаюць: Сусла Кандрат, Судзьба Сцяпан, Губан Мікіта, Катрас Іканор, Афонька Сабалдуй, Андрэй Бурдач, Акім Галавач, Балалайка Кузьма, Калужны Васіль, Шарабан Міхей, Рылач Паўлюк і Барыла Аўсей. Дагавор напісаў з імі Астап, вытаргаваўшы печ для школы. Назаўтра ж работа пайшла. Першай справай у свае двары па возу галля тарабаняць, а потым ужо за сад бяруцца.

Глядзіць Астап на гарадзьбу, галавою трасе: тандэтная работа, абы з рук збыць. Дагадваецца Іканор, што хоча Астап сказаць, і сам папярэджвае:

– Дваццаць пяць гадоў плот стаяць будзе!

– Каб вы так пану гарадзілі, то даў бы вам пан па дваццаць пяць бізуноў.

За тыдзень работы вырас плот, няшчыльны, нямоцны. Але жывёла ўжо не гуляе па садзе. Цвіце сад, дываном зялёным засцілаецца. Бела-ружовымі вяночкамі карануюцца яблыні, шлюбнымі вэлюмамі акрываюцца грушы.

З самага ранку да цёмнага вечара капаецца Астап у сваім агародзе, пад шнур выводзіць грады, жалезнымі граблямі разбівае кожную грудку зямлі. Дзівяцца залацінцы: ніколі не бачылі яны, каб так чалавек працаваў над зямлёю. У іх, вунь, цэлыя горы гною на выгане ляжаць, і нікому ў галаву не прыйдзе вывезці іх на поле. І чаго толькі не пасеяў у сваім агародзе Астап: бульбу, буракі ўсіх гатункаў, гарбузы, баклажаны, салату, моркву, цыбулю. А пад гуркі і капусту ўздзірае новыя дзялянкі зямлі. А калі падышоў час капусту садзіць, то нават сяляне зацікавіліся. Смешна ім, чаму так рэдка садзіцца капуста, бо многа прападае зямлі.

– Нічога, – кажа Астап, – весялей капуста расці будзе.

Увесь час пагода сухая стаіць. Астап цягае ваду, штодня палівае агарод. Затое ж ідзе ён як лепей не трэба. Лапушыцца капуста, ужо не згледзіш нідзе пустой зямлі.

– А-а-а! што за капуста!

– Разрабіў агарод!

– Сібірны чалавек!

Дзівяцца і галовамі трасуць.

І сам Астап з уцехаю на свой агарод глядзіць.

– А ведаеш ты што, Ірына: прамяняем свой агарод у канцы лета на каня з павозкаю і дамоў паедзем.

Марыць нават з Ірынаю пачалі аб звароце ў сваю старану, а ў гэтым звароце ім агарод дапаможа.

Тым часам у садзе адбывалася і яшчэ адно жыццё – жыццё садовага таварыства. Як толькі на грушах і яблынях зʼявілася завязь, зараз жа ў сад пашыліся дзеці. Наўперад завязь гэтая служыла ім цацкамі, а потым яе пачалі грызці. Такім парадкам перад садовым таварыствам паўстала пытанне аб варце саду. Пастанавілі па чарзе вартаваць.

Узброеныя доўгімі кіямі, ходзяць вартаўнікі па садзе. Зʼяўленне непатрэбнай асобы выклікае ў іх страшэннае абурэнне, якое і выліваецца ў адпаведных словах: не для таго ж яны пот пралівалі, каб усякая «шація» па садзе хадзіла.

– Новыя паны завяліся, чэрці акаянныя! У сад ужо і носа не пакажы. Скула вам у горла! – трашчыць каля саду жаночы голас.

– А ты ж чаму не гарадзіла? Каб табе вочы загарадзіла. Толькі ступі сюды: душа з цябе вон; галаву адкручу! – чуецца бас з саду. – Мазгі табе скруцяцца, акаянны! – жаночы голас аддаляецца.

Галоўная пазіцыя вартаўнікоў – яблыня, што стаіць пры сцежачцы, па якой насілі колісь ваду. На гэтай яблыні – скараспелыя салодкія яблыкі. З-пад яе ж і ўся палавіна саду відна, вартаваць лёгка. У кожнага вартаўніка ёсць і ёмкая тычка. Націкаваўшы спялейшы яблык, збіваюць тычкай, самі частуюцца і добрага чалавека пачастуюць. У палавіне чэрвеня салодкая яблыня стаіць, бы тая жанчына, без пары пахаваўшы сваіх дзяцей, а зямля пад ёю, убітая і стоптаная, чарнее смутнаю плямаю між сакавітай зелені.

Ад гэтае яблыні вядуцца паходы на другія гатункі яблык. А іх так многа, што поле дзейнасці пашыраецца з кожным днём. То там, то сям падымаюцца тычкі ўгору і бухаюць аб землю яблыкі з лісточкамі і галінкамі, бо не час яшчэ ім разлучацца з дрэвам. Кандрат Сусла, як ніхто, умее каштаваць яблыкі, бо ні ў кога няма, як у яго, такой важнай міны, калі ён па садзе паходжвае і яблыкі каштуе.

Падаспелі яблыкі, пачалі іх патроху трэсці, хаваючыся адзін ад другога, і ў мяшках па хатах цягаць. Весела было ў часе касьбы саду. Касцы і грабцы – яны ж самі гаспадары тут – трасуць яблыкі, запусцяць зубы ў яблык, папрабуюць – кіслы, гоп аб землю! Увесь сад і дарожкі ў садзе закіданы яблыкамі і грушамі. Прыеліся яблыкі, пачалі ў Астапавы гуркі даведвацца. Ну, адным словам, добра было сад вартаваць. Урэшце, аглядаюцца, што ўжо пладоў у садзе не так многа застаецца. А калі яшчэ з месяц павартуюць, то і нічога не будзе. Дык і пастанову зрабілі: на святога Уладзіміра фрукты здымаць, а праз тыдзень і антонаўкі ўсе атрасаць. Цяпер у садзе толькі Астап.

 

 

XIII

 

Адзін ходзіць па садзе Астап, як сірата, адзін. Праўда, Марыся зойдзе ці з бабак хто накапаць сабе бульбы: падзяліўся з імі Астап зямлёю ў садзе. Ірына Данілаўна зойдзе часамі, але ёй і дома работа ёсць, а ў дні адпачынку з дзяўчатамі-падросткамі навукаю займаецца. Ды яшчэ дзеці бегаюць па садзе, аглядаюць дрэвы: ці не захаваліся там яблычак ці грушка. А калі Астап у другі бок павернецца, моркву выхвацяць, агурок адарвуць. Часамі яшчэ, па старой памяці, хто-небудзь з вартаўнікоў даведаецца, на капусту падзівіцца. А такой капусты ва ўсёй акрузе няма. Гэтая капуста – гордасць Астапава. Соцень шэсць капусцяных галоў, як войска, стаіць, прыветна Астапу ўсміхаецца.

А тым часам каваль Мамай нешта думае ды паглядае на агароджу. У Мамая-каваля ёсць сівенькі жарэбчык і цялушачка чырвоненькая. Чаму ж бы ім не папесціцца ў садзе? Атава там ужо адрастаць пачала, а трава ядка́я, спажыўная. Вечарком, прыслухаўшыся, агледзеўшыся, вырывае Мамай кол з плота і варотцы там робіць. А праз гэтыя варотцы жарэбчык з цялушачкаю назаўтра ў сад ідуць.

Турыць іх адтуль Астап попліскаю, аж сэрца Мамаева баліць. Але Мамай покі што маўчыць: ну, што ж? ногі маладыя, не адваляцца, калі прабягуць. І рад Мамай, што Астап не можа іх дагнаць, каб паплецінаю па баку шмаргануць. І Мікіта Губан, залажыўшы рукі за спіну, чагось каля плота паходжвае, сваю думку думае. Да ці мала чаго можа хадзіць чалавек каля плота? Бачыць Астап Губана, а Губану здаецца, што гэты дасціпны чалавек яго мыслі чытае, бо калі толькі ні пройдзе Губан, ці рана-раненька, ці позна вечарам, заўсёды з гэтым руплівым чортам сустрэнецца. Каля плота ў садзе дубок стаіць і на Губана даўно глядзіць. Харошы дубок, а Губан і вакансію знайшоў яму ў сваёй клуні. І вось, як насталі цямнейшыя ночы, будзіць Губан свайго Косціка, бяруць пілу, сякеру і ціхенька праз плот пералазяць. Паслухаў Губан – ціха. У возеры жабы пакрэхтваюць, дзесь у ліпах сава кігікае. Глядзіць Губан на дубок, дзе галіны больш звесіліся, у які бок латвей паваліць. А калі там стаіць плот, то хіба Губан вінаваты? Ды можа яшчэ і не дастане да плота, а калі дастане, то толькі самым вяршком. Закладае за пута Губан пашматаваныя махрыстыя полы свайго каптана, каб спрытней было завіхацца, бярэ сякеру. Падсякае вострая сталь дубовае цвёрдае цела.

– Давай пілу!

Шорхае піла ўпоперак дуба. Рукі млеюць, горача робіцца. Заціскае дубок пілу, на недарэзанай частцы чуць-чуць ліпіць.

Упіраецца Губан у дуб рукою.

– Вымай пілу!

Дубок нахіляецца, трэсь! Пахіснулася макуша ўгары.

Ш-ш-ш! – як бы апошняе дыханне жыцця выпускае і падае з гукам вобземлю. Хруснуў плот.

– Такі, падла, дастаў да плота! – гаворыць Губан.

Выходзіць назаўтра Астап у сад, бачыць шырокую дзірку ў плоце, каля плота – куча дубовых галін, а на роснай зямлі – дзве палоскі слядоў ад калёс. А там, з кустоў за капустаю, выходзіць чырвоненькая Мамаева цялушачка, прыпыняецца, падняўшы высока галаву і растапырыўшы вушы. Астап хапае аскабалак, бяжыць капусту ратаваць, аж бачыць – збоку па бульбе пасецца карослівы конік Сцяпана Судзьбы. Мамаева цялушка бяжыць назад у кусты. Злосць забірае Астапа. Ловіць каня, распутвае, завязвае пута на шыю, выводзіць на віднае месца, задзірае каню галаву і канцом пута за сук прывязвае, а потым бяжыць Мамаевай цялушцы страху задаць. Знаходзіць яе, прэ ў балота пад возера. І толькі праз гадзіну выбавіў яе Мамай з гразі. Пасля такой расправы з тыдзень ад скаціны было спакойна ў садзе.

Але з гэтага часу пачынаюцца Астапавы згрызоты. Заладзіць плот у адным месцы, а там, глядзіць, у другім – пралом. Толькі таго і глядзіць Астап, што жывёлы ў сад не пускае, бо яго агарод у гэты галодны час набывае значэнне вялікай задачы жыцця. Дакладна падлічан Астапам збор з агароду: бульбы пудоў паўтараста, буракоў каля ста пудоў, ды капусты больш за дзвесце пудоў.

Але чорнае ліха чакае Астапа наперадзе. Захварэла на тыфус Ірына ў пачатку восені. Завёз яе Астап у горад, а сам з дзецьмі тут застаецца. Цяпер ён і кухар, і прачка, і агароднік. Цэлы дзень на нагах, а вечарам, палажыўшы спаць сыноў, ідзе ў горад праведаць хворую жонку.

Уздыхнула лягчэй залацінская жывёла: няма ўжо каму ганяць яе з саду.

Пайшоў раз Астап, ужо ўвосень, аглядаць свае плантацыі, чуць свет падняўся. Чуе – грымяць коні ў садзе, пырхаюць, па халоднай зямлі капытамі тухкаюць. Зірнуў і спыніўся. Ляжыць яго капуста, пабітая, пагрызеная, капытамі стоптаная. Агрызкі буракоў з зямлі тырчаць. Пастаяў, паглядзеў Астап, і злосці ўжо няма, а на сэрцы горка-горка. І не так шкада, што дабро прапала: проста крыўдна, што такая ўдалая капуста без толку згінула. І ўспамінае Астап, колькі сілы патрачана ім у гэтае засушлівае лета, як бараніў, ратаваў ён сваю выхаванку ад гарачага сонца, ад шкоднікаў усякіх. Каля кожнай галоўкі капусты прыложаны рукі. З паўсотні галовак зрэзалі залацінцы, а рэшту коні зʼелі.

Завярнуўся Астап, выходзіць з саду: ну, што ж, няхай ужо даядаюць! А потым ідзе да старшыні, заклікае з дзесятак мужчын і вядзе іх у сад да капусты.

– Вось, – кажа, – прывёў я вас сюды, мужчыны, паглядзець, што вы мне нарабілі, толькі паглядзіце, а больш я вам нічога не маю сказаць. Завярнуўся і пайшоў ад іх.

 

 

XIV

 

Стогнуць бабкі на печы. Нядобра ім, падняцца на ногі не могуць.

– Вады! – раз-пораз жаласна цягне бабка Магда.

Сухенькая бабка Магда. За гэтае лета асабліва падалася. Глыбокія маршчыны, як барозны, ляжаць на твары яе. Павярнуцца не можа яна. Тры дні, як захварэлі бабкі. За два дні да Пакроў яшчэ хадзілі з торбамі і кіёчкамі ў Рудавец, у Малыя Крукі, і ў адным, і ў другім сяле – прастольныя святы. Паджыліся бабкі сім-тым, нават скораму перапала ім. Згаладаныя бабкі накінуліся на яду, вось і пашкодзіла.

Бабка Наста крыху мацнейшая. Яна цярплівей пераносіць хваробу, не так стогне, меней непакоіць Марысю. Ляжыць спакойна, паварушыцца зрэдку.

Марыся даглядае хворых, у твары іх углядаецца. «Нядоўга працягне бабка Магда, – думае Марыся, – вочы яе нейк раптам запалі, нос пасінеў і завастрыўся». І жудасна ёй, бо чуецца ў хаце павяванне чорных крылляў зацята-немай смерці.

– Сагрэй мне чаю, Марыся! Ой, ногі халадзеюць, – скардзіцца, бы дзіця, бабка Магда.

– Маўчы ты ўжо! – часамі адзавецца бабка Наста, і нотка нездавалення адчуваецца ў яе голасе.

Марыся глядзіць на панскі дом. У куханьцы Ірыны чуць-чуць блішчыць акно.

– Чакайце, я зараз схаджу да настаўніцы, ці няма ў яе чаю.

Марыся ідзе ў куханьку. Дзеці спяць. На печы застаюцца бабкі.

Бабка Магда змаўкае, не стогне.

– Магда! – аклікае яе бабка Наста.

– Што?

– Ну, як табе, можа лягчэй?

– Не! – плаксіва адказвае бабка Магда і стагнаць пачынае. А потым гаворыць:

– У нас там, дома, у круглай баравіне раслі зёлкі... Ты не ведаеш, Наста, як называюцца яны?

– Забылася, – кажа бабка Наста.

– Вось жа і я забылася. Дык напарыць бы тых зёлак ды выпіць нанач – і ўсё б як рукою зняло... Паганы край, тут і зёлкі такія не растуць, я б назбірала іх летам.

– І так можа пройдзе.

– Ой, дзе яно табе пройдзе.

І заплакала бабка Магда. Чаго? І сама не ведае чаго. Можа аб тым, што ляжыць хворая на чужыне, а можа ўміраць не хочацца, ці па зёлках тых плача.

Ірына адна з дзецьмі. Перад ёю гарыць самадзелкавая лямпачка-бутэлечка з тоненькім кноцікам, прапушчаным разам з трубкаю праз корачак. У бутэлечцы напарсткі тры газы. Анцік і Жоржык на печы сядзяць. Ім ужо і спаць пара, але без мамы не хочуць ісці. Дый холадна ў тым пакойчыку, дзе начуюць.

Цяжка Ірыне, асабліва пасля тыфусу. Стамляецца скора, слабасць адчуваецца. А работы многа: і ў хаце прыбяры, і дзяцей сваіх дагледзь, і вядзі работу ў школе. А падмацавацца няма чым. Надыдзе такая мінута, калі сама сябе пачне вінаваціць Ірына: каб яна не захварэла, то Астап даглядзеў бы свой агарод, а капусту на хлеб можна было б выменяць, і былі б яны з хлебам. Ці ж не крыўдна гэта? Нават плакала Ірына: ёй так шкада дзяцей сваіх, асабліва Жоржыка. Сёння забягаў сюды Косцік Губаноў. Стаў каля печы і жуе хлябок, а Жоржык з печы пазірае. Хочацца хлопчыку хлеба – не памятае дзіця, калі каштавала яго. Пазірае з такою прагавітасцю, з такім засмучэннем у дзіцячых вочках, што сэрца перавярнулася ў Ірыны.

– Мама! – аклікае Жоржык матку. – Ну, а там, у бабулі Ганны, ці ёсць хлеб?

«Там» – гэта той край, аб якім марыць Астап, Ірына, Марыся і іх дзеці. І чым больш яны жывуць тут, тым мілей і даражэй становіцца для іх гэтае «там». Хоць і бедны той край, але ў ім ёсць хлеб, і людзі ў ім добрыя.

– Там, сынок, ёсць хлеб. Паедзем туды вясною.

– А чаму, мама, у Косціка ёсць хлеб, а ў нас няма?

Уваходзіць Марыся.

– Ну, як вашы хворыя? – пытае Ірына.

– Не падымецца, мусіць, бабка Магда.

І расказвае Марыся аб сваіх назіраннях, аб тых страшных прыкметах, што кладзе смерць, каб людзі ведалі час яе прыходу.

Ірына грэе самавар. У куханьцы ціха. Цьмяна блішчыць газоўка. У кутках цёмна-цёмна. Марыся і Ірына гавораць ціхенька, гавораць, як цяжка жыць. Проста ім страшна, калі падумаюць, што наперадзе восень, а там зіма. Як перакідаць іх? А за акном глуха і мёртва. Аголеныя дубы і таполі шумяць варожа-грозна, і так непрыемна далятае сюды жудасны крык савы з ліпавых прысад! Перад акном мільгае цень каня і чалавека. Гэта Сцяпан Судзьба вядзе ў сад каня. Хоць травы там ужо і няма, але зацішней у кустах ад ветру і холаду.

Ірына заварвае замест чаю дробна пакрышаных сухіх буракоў. Марыся бярэ гэты «чай», ідзе да хворых бабак.

Абедзвюм бабкам за ноч зрабілася шмат горай. Распаліла іх гарачка. То тая, то другая штось гавораць з гарачкі… Жудка і страшна Марысі.

 

 

На другі дзень цэлая чарада жанок таўчэцца каля хаты, дзе жылі панскія батракі, і выказвае спагаданне Марысі: паўміралі абедзве бабкі. І ўсё нейк зрабілася борзда і проста.

Убраны бабкі ў лепшае святочнае адзенне.

– Ты б, мілая, адзела іх прасцей. Нагараваліся яны, галубачкі, на гэтым свеце, і так Гасподзь іх прызнае, – гаворыць да Марысі Пятроўна.

Змітро Мігун, пухкаючы люлечкай, уздзірае дошкі ў падвале панскага дому: сам старшыня распарадзіўся пахаваць бабак на грамадскі кошт.

Перабыта зіма. Настае новая вясна. Грэе сонейка. Цёпла, добра на свежым паветры.

Марыся і Ірына сядзяць на горачцы за панскім садам, сядзяць на дубовых пнях, на сонцы грэюцца. Астап усю зіму служыў у горадзе. Толькі святымі днямі забягаў сюды. Цяпер ён у Курск паехаў – пропуск узяць на праезд у Беларусь.

Ірына і Марыся сядзяць моўчкі: многа перагаворана за гэты час; сядзяць і штось думаюць.

– Ну, з чым жа Астап вернецца? – гаворыць Ірына.

– Эх, каб выехаць адгэтуль! – вырываецца з сэрца Марысі.

Яна глядзіць за возера. А там, як дзве нацягнутыя струны, ляжыць дарога і так моцна-моцна заве:

– Туды, на захад!

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6