epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У балоце

І
ІІ
ІІІ


І

 

Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям'ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Урэзалася яна ў гразь па самыя калодкі, засела на сярэдзіне балота. Паляглі на чэравах коні і... ні тпррру!.. ні но!

Ніхто не чакаў такога здарэння. Сядзяць паны, як мурашкі, на купіне сярод лужыны. Бяда прылучылася, нібы з грому. Але не век жа сядзець, злажыўшы рукі, трэба ж даваць якую раду. Першы апомніўся пан і ўзяўся за работу. Перш-наперш трэснуў ён кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Фурман, узяўшы пугу, высвенцаў коні. Коні задрыгалі нагамі, заварушыліся з аднаго боку на другі, і... машына стала.

Ясна, што трэба злазіць з воза. Злез фурман, слугі, пан, пані, паненкі. Месяцца па гразі, як мухі па смятане, тупаюць вакол брычкі, бядуюць, вохкаюць, ахкаюць. Адзін радзіць тое, другі — другое; крычаць, таўкуцца, — толькі рэха ходзіць па балоце.

Больш за ўсіх працаваў фурман: ён махаў рукамі, аддаваў каманду, аж сам пан пачуў нейкі страх і скакаў пад фурманову дудку.

— Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман ва ўсё горла і сам уляпіўся за аглоблю.

Пан упёрся плячом збоку; лёкай, пані і паненкі ззаду пхалі.

— Рразам! — крыкнуў фурман.

Ніхто не разлічыў свае сілы: пані так моцна налягла, што ў гразь уляцела па калені; фурман сарваўся з аглоблі і ляпнуўся чэравам у балота, аж капялюш з галавы скінуўся. А пан як павярнуў плячом, дык аж брычку сарваў са шворна і палажыў яе на бок. Цяпер малюнак змяніўся: пані, цярэбячыся з гразі, згубіла чаравік, фурман поўзаў ракам па балоце, а пан стаяў, узяўшыся ў бокі, і сам сабе не даваў веры, што ён абярнуў брычку.

Бяда, як бачыце, разрасталася: коні ў гразі, брычка на баку без шворна, і толькі два колы пазіралі ў неба, як бы просячы ратунку.

 

ІІ

 

А ратунак прыйшоў не з неба, а з вёскі ў вобразе простых сялян. Яны даўно ўжо стаялі каля балота, збіўшыся ў кучу, на ўзгорку.

— Ось нялёгкая занесла яго сюды!

— Папаўся, як у нерат, ні ўзад ні ўперад!

— Як ты думаеш: вылезуць яны ці не? — пытаў адзін барадаты другога вусатага.

— Без помачы самі не вылезуць, — важна гаварыў вусаты.

У другім гуртку жартавалі з пана.

— Кепскае месца абабралі яны для маёўкі.

— Ці не думалі яны з брычкі рыбу лавіць?

— Як відаць, прыехалі сюды траву жаць цялятам.

Жарты сыпаліся за жартамі, — толькі смех разліваўся па балоце.

— Скідай, Андрэй, боты, ці што; ідзі, хоць паненак вынесі на бераг.

Худы, высокі Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусціў з рота дым і засмяяўся, замахнуўшыся цыбуком на таго, хто падаў яму такую параду.

— А ўсё ж такі трэба памагчы.

— Пойдзем, паможам!

І з пяцьдзесят сялян паскідалі лапці, падкасаліся і смела рушылі ў балота; толькі пырскі ляцелі з-пад ног ды ўздымаліся булбаткі.

— Памагай Бог! — гукнулі сяляне.

— Дзякуй вам, хлопцы.

Няскора сяляне прыступілі да работы. Яны сталі распытвацца: як? чаму? чаго? ці не выпіўшы быў фурман?

Адзін разглядаў панскую брычку, шараваў рукою, хваліў, што добра памалёвана.

— Ну, хлопцы, годзе языкі мянціць! — сказаў стары Пятрусь. — А то і сонца нам зойдзе ў балоце. Бярэцеся!

— Бярэцеся? Куды ж ты возьмешся?

— І як ты ездзіш, каб ты жыватом ездзіў? Дзе твае вочы? — накінуўся Антось на фурмана.

— А ты не лайся...

— Не лайся, не лайся! — перакрывіў яго Антось. — Дурня павучыць не шкодзіць.

— Калі прыйшоў памагаць, то памагай, бо вас ніхто не прасіў, мы і самі выратуемся, — важна сказаў пан.

— Годзе, хлопцы, сварыцца, — умяшаўся зноў стары Пятрусь. — Грыгор! камандуй ты.

З сялянскай чарады выступіў Грыгор, шыракаплечы, з рудою барадою.

 

ІІІ

 

Грыгор борзда павёў рэй.

— Хлопцы, адвернем наўперад брычку. Ну, жыва! Вы, Антось, Яська, Базыль і Кірыла, бярыце збоку, а ты, Ігнась, Карусь, Даніла, і ты, Алесь і Гаўрыла, — з другога. О, так! А цяпер ты, Гілёрык і Хлёрка, пад зад падтрымайце. Ну, рразам!

Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне, адкуль пасыпаліся бутэлькі з выпіўкамі і вяндліна, заверчаная ў паперу.

— Мядзведзі вы! — крыкнуў пан. — Толькі шкоды наробіце.

— Эх, пане, дзе чубы трашчаць, там і пэйсы ляцяць, — сказаў Грыгор.

— Пусці свінню пад стол, то яна захоча і на стол, — не вытрымаў фурман.

— Ну, годзе! — работа не скончана, — камандаваў Грыгор. — Адцягнем покі што брычку, а перадок няхай тут пабудзе. Жыва, хлопцы, жыва, — будзе водка і піва.

— Нашто цягнуць, — зыкнуў пан, — прышварнуйце толькі да перадка.

— Не, не так: наўперад адцягнем брычку на груд, каб спраўней было каля коней завінуцца. Выпрагаць трэба.

— А нашто?

— Ну, гэта мы ўжо лепей ведаем.

— А ні чорта вы не ведаеце!

— Слухай толькі нас — усё добра будзе, — казаў Грыгор, — мы жыва адцягнем брычку на груд, выпражам коні, бо з брычкаю не ўстануць.

— Пся крэў! — вылаяўся пан. — Рабіце, як я вам кажу!

Брычку прышварнавалі да перадка.

Пан узяў пугу і закамандаваў:

— Пхайце, пхайце, хлопцы! — а сам хвошча па конях ды крычыць: — Но! но!

Ірвануліся коні, забілі нагамі ды глыбей у гразь аселі.

— Ды слухай ты разумных людзей, вар'ят! — ускіпеў стары Пятрусь.

— Пхайце, пхайце, пся маць!

— Куды пхаць? Гэта табе не гладкая дарога!

— Ідзьце да д'ябла, хамове! — узлаваўся пан.

— Лепш ты сам з д'яблам застанься.

— Пойдзем, хлопцы, дадому!

І пайшлі. На балоце стала цёмна. А брычка і паны ўсё глыбей у гразь лезуць.


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў. Т. 5 : Апавяданні паслякастрычніцкага перыяду і "Казкі жыцця" / рэдактары М. Лынькоў і Ю. Пшыркоў. — 1973. — 630, [1] с., [4] л. іл.