Падзівіся, браток,
Што за цемень наўкруг!
Ў хмары месяц уплыў,
І бляск зорак патух.
Не чуваць галасоў
Свежых, вольных, жывых,
Толькі совы крычаць
Па трушчобах глухіх.
Ім уторыць пугач —
Цёмны жыхар дупла.
Падзівіся, браток,
Што за цемень-імгла!
Толькі зрэдку у цьме
Бляск пужліва мігне,
Быццам воўк з-за кустоў
Злосным вокам зірне.
Гэты бляск — не агонь.
Гэта — фальш, гэта — зман.
Падзівіся, браток,
Як гусцее туман!
Эх, і цёмна ж у нас —
І дарожак не знаць,
А прасвету нідзе
Не відаць, не відаць!
Ў хмары месяц зайшоў,
І бляск зорны патух,
Падзівіся ж, браток,
Што за цемра наўкруг!
Ды не бойся, мой брат,
Гэтай жудкай цішы,
І свайго ты агню
Не тушы, не тушы!
Пройдзе ноч, згіне цьма,
Непраглядны мрок-цень.
Змоўкнуць совы ў дуплах,
Як развідніцца дзень.
[1910]