Зложаны ў клунак
Ўсе мае прылады...
Гайда ў пуць-дарожку,
Гайда між прысады!
Бітаю дарогай,
Вольнаю трапою
Ў Божы свет шырокі
Мернаю ступою!
Ўжо мяне чакае,
Ў доўгі шлях гатовы,
Мой таварыш верны,
Сябар — кій дубовы.
Ў нашым родным лесе
Вырас ён са мною,
Вырас, ўзгадаваўся
Хмураю вясною;
На блуканне-гора
Бог судзіў, няйначай,
І злучыў ён долю
З доляю бядачай.
Шкода мне вас кідаць,
Родныя пагоркі!
Ўжо не скора ўчую
Згоднае гаворкі
Ветрыка ў садочку
З вішняю зялёнай,
І не ўловіць вуха
Шопату загонаў.
Я не скора ўбачу
Родныя курганы,
Што задумай ціхай
Лёгенька затканы
І глядзяць маркотна,
Як сіроты-дзеці:
Цяжка адзінокім,
Знаць, і ім на свеце.
Эх вы, нівы-гоні!
Вы мяне ўскармілі
І любоў у сэрца
Моцна залажылі
К гэтым шэрым хатам,
К гэтым бедным сёлам,
К белым хмаркам ў небе
Над зялёным долам,
К светлым рэчкам-стужкам,
К срэбраным крыніцам...
Не з дабра ж іду я
К людзям-чужаніцам.
Ой, ёсць цемень-сіла,
Злосная, ліхая,
Што і любасць тую
Гоніць, разлучае.
Толькі ж дзе ні буду,
З доляй ці няволяй,
Не забыць цябе мне,
Роднае, ніколі!
З цяжкім смуткам сэрца
Я вас пакідаю,
Мілыя малюнкі
Дарагога краю!..
Зложаны у клунак,
Ўсе мае прылады.
Гайда ў пуць-дарогу,
Гайда між прысады!
Ўжо мяне чакае,
Ў доўгі шлях гатовы,
Мой таварыш верны,
Сябар — кій дубовы.
24/V 1912