epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У дарозе

Непрытульна, невядома

Немая дарога,

Даль імгліста, нерухома —

Не відна нічога.

Ты куды ж ідзеш, пуціна?

Да якога краю?..

Ну што ж? добрая часіна —

Далей падыбаю.

Не адкажаш на пытанне —

  Сэрца ціха плача.

Будзь гатовы ў час змяркання

Да ўсяго, бядача.

Непрытульна, незнаёма,

Нема ты, дарога!

І што будзе — невядома

Нічога, нічога!

 

[1919]


[1919]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938