epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У горадзе

 

Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменняў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Над галавою сінеў кавалачак неба; каменныя сцены высокіх гарадскіх дамоў закрывалі ад вачэй усю шыр і глыб Божага свету. Светлая хмарка, як ціхая думка шчасця, ціха і спакойна плыла ў небе і зараз жа хавалася ад людзей за высокімі каменнымі дамамі.

Людзі, чужыя адзін аднаму, прагныя да ўсяго пустога і непатрэбнага, ішлі ды ішлі, як хвалі рачныя, абганялі адзін другога, кудысьці спяшаліся, пхаліся, таўкліся, як мухі над гаршком.

Горад шумеў як дзень, так ноч тысячамі галасоў. Лескаталі лёгкія каляскі, грукалі доўгія, цяжкія, наваленыя паклажай вазы. Тут жа часамі нясмела пастукваў мужыцкі воз, мізэрны конік дробна перабіраў нагамі па цвёрдым бруку. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы...

Абарваны, расхлістаны, загарэўшы на сонцы, босы, змучаны стаяў на скрыжаванні выгнаны рабочы.

Гарачае сонца прыветна пазірала з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом гэтых неспакойных людзей і гэтага беднага, усім чужога, нікому не знаёмага рабочага. А ён, бедны, абышоўшы ўвесь горад і ўсе канцы яго, просячы добрых людзей даць яму работу або помач, нідзе не сустрэў добрага погляду, ласкавага слова.

Ніхто не працягнуў яму рукі дапамогі, ніхто не прызнаў у ім свайго брата. Адно толькі сонца глядзела прыветна на бедака-рабочага. Кроплі гарачага поту змывалі гразь і загар на яго твары, цяклі рагамі і мяшаліся са слязьмі, горкімі слязьмі пакуты і нядолі. Яго вочы былі выплаканы.

Стаяў ён, нізка апусціўшы галаву, нудны, як сама доля людская.

Ужо наверадзіў ён сваю руку, працягваючы да багачоў, якія ішлі каля яго, і перастаў прасіць тых, хто выкінуў яго на вуліцу на голад і гора і павесіў яму жабрацкую торбу.

Але ў яго памяці захаваліся яшчэ тыя словы, што чуў ён малы ў школе, што чуе цяпер іх у царкве і касцёле. Ён прасіў цяпер толькі тых, ад каго чуў гэтыя словы любві і брацкага жыцця. Але і тыя праходзілі далей, як евангельскія свяшчэннікі ад зраненага дарожніка, ды стараліся не пазіраць на яго і тым адракаліся ад сваіх слоў, каторыя зляталі з іх языка, як фальш і няпраўда.

А горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Людзі ішлі і ішлі, як рачныя хвалі, думаючы свае думкі, чужыя адзін аднаму. Гора людское ў вобразе беднага рабочага стаяла ўсё на скрыжаванні. Чорны пот мяшаўся з горкімі слязьмі, і вобраз смерці і пакуты веяў сваімі крыллямі над галавой беднага рабочага...

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5