epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У імгле

Дрот на слупе гучна звоніць.

Слуп сакоча і дрыжыць...

Эх, аб чым, аб чым гамоніць

Гэта кованая ніць,

Што сталёваю асновай

Абвіла зямлі канцы?

Што сваёю звонкай мовай

Кажуць гэтыя ганцы?

І якія весткі людзям,

        Краю нашаму нясуць?

Ці мы будзем ці не будзем

Пад чужынцам шыі гнуць?

Ці ўздужае стаць на ногі

У прах знішчаны наш край?

Сець сталёва ўздоўж дарогі!

Ты адказ мне ясны дай!..

Дрот гудзе, звініць, сакоча.

Слуп за слупам ўдаль бяжыць.

Доля горкая, сіроча,

        Як і тая даль маўчыць.

І навісла зноў без шуму

Нерухомая імгла,

І цяжэрная задума

Над балотамі лягла.

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938