epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У летні адпачынак

На століку маім ляжаць паперы,

Чарнільніца, як мачыха, стаіць...

А мне так хочацца зірнуць за дзверы,

На двор пайсці ды неба даль праверыць,

Агледзець хмар каралавую ніць.

 

Люблю я іх, люблю іх узнікненне

І вольны рух па сонечным шляху,

Іх шпаркі рост, купчастае адзенне,

Люблю глядзець, як неба сутарэнне

        Узносіць іх кудлатую страху.

 

Чарнільніца мая глядзіць з дакорам

І думае, напэўна: «Ох, гультай!»

А я тады адказваю з пакорай:

«Я толькі пакурыць, вярнуся скора,

Хвіліначку, галубка, пачакай!»

 

І я за дзверы шусь! — І я на волі.

Такі табе навокала прастор!

Кучматы лес, утульны луг і поле...

Гляджу, што дзеецца ў блакітным доле,

        І бачу — хмара ціснецца на бор.

 

Іду ў лясок сачыць за хмарай гэтай.

Між сосен двух калышацца гамак.

І чую я — гром глуха грымнуў дзе-та.

Я ў гамаку, — пʼю чары, слодыч лета, —

Чарнільніца ж мне кажа там: — Лайдак!

 

17/ІХ 1939


17.09.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945