epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У майскія дні

Чырвонай Арміі

Разам з Першым маем

Выйду я ў прасторы,

На шырокі гмах.

Зноў я з родным краем,

Край мне шмат гаворыць

Аб нядаўніх днях.

 

Адшумелі буры,

Адгрымелі громы

І сталёвы град.

        Пазіраюць хмура

Дзеравяк разломы

І руіны хат.

 

Свежы яшчэ раны,

Яшчэ востры болі,

Жаль яшчэ глыбок,

Ды сплылі туманы

Чорных дзён няволі,

І развеян мрок.

 

Выгнан вораг люты,

        Орды яго біты,

Змешаны з зямлёй;

Гадавай атрутай

Сам ён, гад, умыты —

Кроўю чорнай, злой.

 

Слава яго — смецце,

У магілу крокі,

                Як ліхой чумы.

І ці быў на свеце

Подзвіг больш высокі,

                Што явілі мы!

 

Аб ім сведчаць горы

Крыма і Каўказа

І крутых Карпат;

Пра яго гутораць

Блёсткамі алмаза

Рэкі, вадаспад.

 

Сталінград і Вена!

Віцебск і Варшава!

Орша і Берлін!

        Не паўстане з тлену

Вырадак крывавы,

Кінуты пад тын.

 

 

І ляціць за Одэр

Вецер свежы, чысты,

Як вясенні шум.

У ім волі водар

І вянкі-маністы

Светлых, ясных дум.

 

Чынна шумяць хвоі

        Пышнаю каронай,

І пяюць яны:

«Слава вам, героі,

Арміі Чырвонай

Волаты-сыны!»

 

27/IV 1945


27.04.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945