epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У майскія дні

Пеў я песні колісь

У журботным тоне,

Без пустых прыкрас,

Бо не меў я волі,

Бо быў я ў палоне,

Бо такі быў час.

Ліха тое сёння

Адышло далёка,

Зарасло быллём.

        Цёмнае прадонне,

Дзе адчай галёкаў,

Знішчана суздром.

Гляну я навокал

Ды зірну я ў далі —

Шырыня, разгон!

Цешаць маё вока

Сонечныя хвалі

Нашых ясных дзён.

Вольныя разлогі

        Без мяжы-граніцы,

Гмах калгасных ніў –

Воля перамогі,

Водблескі зарніцы,

Аб якіх не сніў.

На зямлі раскутай

Веснавым напевам

Носяць шум вятры –

Сказ, нідзе нячуты,

Радасць-неспадзевы,

                Новыя дары.

І шуміць мне вецер

Роднае краіны,

Як вяшчун-баян:

«Пройдзе Май па свеце

Зорнаю пуцінай,

Разагнуўшы стан.

Няхай варʼяцее

Гітлер цемрашалы

І яго хаўрус:

        Май вясною вее,

На пагост зʼімшалы

Сцеле ім абрус!»

Ходзіць вецер долам

Лёгкаю паходкай

І вядзе свой бай:

«Пройдзе Май вясёлы

Шумнаю паводкай,

Пераможны Май!»

Веснавым напевам

        Па зямлі раскутай

Носяць шум вятры:

«Бальшавіцкім гневам

Знят ланцуг пакуты,—

Вы — гаспадары!»

Песнямі прывету

Ветру ўтораць далі,

А мы ім у тон:

«Дзякуй вам за гэта,

Партыя і Сталін!

        Шчыры вам паклон!»

 

25/IV 1936


25.04.1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938