epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У пушчах Палесся

Акт першы
  Карціна першая
  Карціна другая
Акт другі
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Акт трэці
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Акт чацвёрты
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Новы малюнак


 

Драма ў 4-х актах
(Паводле аповесці «Дрыгва»)

 

ПРЫМАЮЦЬ УДЗЕЛ:

 

Дзед Талаш — стары селянін, партызанскі камандзір.

Бабка Наста — яго жонка.

Максім — іх старэйшы сын.

Панас — малодшы сын, падлетак.

Мартын Рыль — малады селянін, партызан.

Жыбуль — бальшавік, падпольшчык.

Шалёхін — камандзір батальёна.

Грыгарук

Пятраш ротныя камандзіры.

Путнік

Нупрэйка

Купрыянчык партызаны.

Балук

Будзік

Дарвідошка.

Букрэй — узводны камандзір.

Кухарык — польскі салдат, які перайшоў да чырвоных.

Бусыга — войт.

Бруй яго прыяцелі.

Бірка

Аўгіня — жонка Бусыгі.

Алеся — яе дачка.

Саўка Мільгун — вясковы злодзей.

Пан Крулеўскі — польскі афіцэр, памешчык.

Польскі афіцэр — памочнік Крулеўскага.

Гэмбіцкі — шпіён-дыверсант.

Ксёндз Пацяйкоўскі.

Пан Дэмбіцкі — палкоўнік.

Галініч — беларускі нацдэм.

Польскі вартавы.

Чырвонаармейцы, партызаны, легіянеры.

 

Дзея адбываецца на Палессі ў час вайны з белапалякамі.

 

 

Акт першы

Карціна першая

Хата Васіля Бусыгі. Прасторная, чыстая. Фіранкаю падзелена на дзве часткі: ад адзежнай шафы да пераду печы. У куце стаіць стол, засланы белым абрусам. Над сталом абразы, упрыгожаныя вышытым ручніком. Ад стала па абедзвюх сценах праходзяць шырокія лавы. Бліжэй да печы на табурэціку сядзіць Алеся, развёўшы рукі, на якіх скрутак нітак. Аўгіня, насупраць Алесі, звівае ніткі ў клубок. Збоку відаць ганак, далей вясковая вуліца.

 

Алеся. Заспявай мне, мама, песню: я люблю, калі ты спяваеш.

Аўгіня. Якую ж ты хочаш песню?

Алеся. А вось гэту:

 

 

        З гары па даліне

        Галубы лятаюць

        Ды з белае бярозанькі

        Лісце абіваюць.

 

 

Аўгіня (уздыхае). Сумная гэта песня, жаласная. А я хачу, каб табе спяваліся вясёлыя.

Алеся. А навошта пяюць сумныя песні?

Аўгіня. Калі каму нявесела, цяжка на сэрцы, дык і песні хочацца спяваць такія ж.

Алеся. А ты чаму сама спяваеш іх? І табе нявесела?

Аўгіня. А вось жа і ты хочаш слухаць сумную песню. А хіба табе цяжка з маткаю? Ну, добра: заспяваю тваю песню, а ты памагай мне.

 

Аўгіня пачынае песню. Алеся далучае свой голас. Праспявалі першы куплет. Ірвецца нітка.

 

Аўгіня. Вось і нітка парвалася. (Звязвае нітку.) Не хочуць ніці слухаць нашу песню.

Алеся (смяецца). Мусіць, ніцям весела... (Іншым тонам.) Раскажы мне, мама, як белую лебедзь сом на возеры глынуў...

Аўгіня. А мы сходзім як-небудзь да дзеда Талаша. От ён умее казкі казаць. Ён сам бачыў, як сом хапаў лебедзь.

Алеся (у захапленні). Сходзім, мамачка, ды папросім яго, каб ён мяне на чоўне павазіў, як калісь і цябе вазіў.

 

З вуліцы чуваць песня. Праходзіць Саўка Мільгун. Адзеты бедна: у падранай світцы і лапцях. З-пад заношанай шапкі выбіваюцца ўскудлачаныя валасы. Саўка не спяшаецца, ідзе павольна, спявае:

 

 

        Гаварыла маці мне:

        «Не сябруй з ліхімі —

        Ў Сібір-катаргу сашлюць

        Цябе разам з імі».

 

 

Саўка. Здарова была, што выйшла за вала!

Аўгіня. Чаму ж ты, Саўка, сам да мяне не пасватаўся?

Саўка (задаючыся). Гм... Шмат вашага брата квапілася на мяне, ды Саўка не хоча з бабаю надоўга звязвацца. Рахунку ніякага няма.

Аўгіня. Ты, Саўка, проста, лодар — на чужое квапішся.

Саўка (смяецца). Вядома... Слухай, гаспадыня, хоць ты з Вепраў Аўгіня: вырвала б ты хоць шарсцінку з свайго вала ды Саўку дала...

Аўгіня. Ну, досыць брахаць, ідзі куды ідзеш.

Саўка. Не, не пайду, хачу ў цябе сала папрасіць, бо няма чым Саўку закусіць, а не дасі, дык украду. (Аўгіня выходзіць.) Саўка чалавек праўдзівы, што сказаў, тое і зробіць. (Крадзе сыр, які сушыцца на ганку. Увайшла Аўгіня.)

Аўгіня. На, вазьмі... (Дае яму сала.)

Саўка. Дзякую. Дык бывай тая, па якой сам Саўка ўздыхае. (Кланяецца, ідзе далей, спявае тую ж песню.)

 

 

        Павядзе цябе канвой

        Па матушцы Расіі,

        Зголяць, зголяць волас твой

        Аж да самай шыі.

 

 

Аўгіня (заўважае прапажу). А, зладзюга, без кражы не абышоўся.

 

Песня заціхае. Саўка знікае з вачэй.

 

Аўгіня (пазірае на вуліцу). Хто ж гэта там? Няўжо Мартын? (Углядаецца.) Ён.

 

Мартын Рыль праходзіць, стараецца не глядзець на акно, у якім стаіць Аўгіня.

 

Аўгіня (моўчкі пазірае і, калі бачыць, што Рыль ужо мінае хату, аклікае). Мартын...

Мартын. А, гэта ты, Аўгінька. Здарова.

Аўгіня (з дакорам). Ужо не хочаш і зірнуць у мой бок, Мартыне.

Мартын (падыходзіць бліжэй). Спяшаюся, Аўгінька.

Аўгіня. Куды ж так спяшаешся?

Мартын (асцярожна азіраючыся навокал). Справа паварочваецца так, што мне трэба пакінуць гэтыя мясціны.

Аўгіня (з крыўдаю ў голасе). І ты, Мартын, не сказаў мне аб гэтым, нават не зірнуў, што я стаю і гляджу на цябе.

Мартын (апускае вочы, момант маўчыць). А якое права маю я пазіраць туды, дзе стаяць чужыя жонкі? Каб была маёю, дык глядзеў бы кожны дзень. Маёю ж ты быць не захацела. Бо што такое я? Галяк... Такі, як наўперад была і ты сама. Ну, бывай. Мая дарога вунь з імі, чырвонымі. (Адыходзіць.)

Аўгіня. Ах, Божа мой! Чырвоныя адыходзяць.

Алеся (уваходзячы). Мама, тата прыйшоў.

Уваходзіць Васіль Бусыга.

 

Васіль. Нешта ты сёння не ў гуморы. Ну, як? Казалі, Мартын Рыль хутка зробіцца камісарам.

Аўгіня (пасля паўзы). А з яго камісар быў бы не горшы, чым з цябе валасны старшыня.

Васіль (ківае галавой). Ого, Рыль! І шавец, і кравец, і да дзевак маладзец... Нават да маладзіц.

Аўгіня (каб падкусіць Васіля). Здольны чалавек, не ўсім жа Бог такія здольнасці дае.

Васіль (мяняе гутарку). А ты ўсё дачцэ пра пасаг дбаеш.

Аўгіня (спакойна). А хто ж падбае, калі не маці.

Васіль. А чаму гэта табе твая маці нічога не прыдбала?

Аўгіня (успыхвае). Колькі разоў ты папікаеш мяне беднасцю. Чаго ты да мяне чэпішся? Бачылі вочы, які тавар куплялі.

Васіль (стукае кулаком па стале). Ты мне голасу не падымай і слухай, што я кажу. Я тут гаспадар. І ніхто не забароніць мне казаць, што хачу.

Алеся (туліцца да маці). Мама! Не злуй тату.

Васіль (пагрозліва). Многа ты сабе ў галаву забіраеш. Ваша бабскае сваволле прахам пойдзе, а ўсе твае камісары к чорту паляцяць.

 

Уваходзіць рыжы К а н д р а т Бірка.

 

Бірка (запыняецца каля парога, урачыста). Дзень добры ў хату.

Васіль (зганяючы з твару сляды злосці). Дзень добры, васпане Кандраце.

Бірка (разглядаючы хату). І хата харошая (паварочваючыся да Аўгіні), а гаспадыня дык яшчэ харашэйшая... Эх, каб мне такая жонка, заўваж, суседзе, дык я стаяў бы каля яе і вачэй не зводзіў бы. (Бярэ Аўгіню рукой за плячо і туліць да сябе. Аўгіня адштурхвае яго, ідзе за фіранку. Бірка падыходзіць да Бусыгі.)

Васіль. Сядай, Кандраце.

Бірка. Такі момант, заўваж, суседзе, што проста не сядзіцца. (Прыцішаным голасам, у якім адчуваецца радасць.) Заварушыліся чырвоныя, заўваж, суседзе, як мурашкі ў мурашніку, калі ў яго палкаю папораш. Абозы на Рудню пайшлі.

Васіль. Ведаю, ведаю. Я так і казаў, васпане: рана ці позна выпруць іх адгэтуль.

Бірка. У Вепры, заўваж, суседзе, польскія перадавыя часці ўступілі. (Пазірае ў акно.) А зірні, зірні! Народ, суседзе, глядзі, як заварушыўся.

 

Бусыга пазірае ў акно. Чутна песня адыходзячых чырвонаармейцаў.

 

Васіль. А праўда, праўда. (Адыходзіць ад акна.) Пойдзем падзівімся. (Надзявае шапку, світку. Выходзіць разам з Біркам з хаты.)

Аўгіня (паказваецца з-за фіранкі, падыходзіць да акна і расчыняе яго). І ніхто ж на свеце не паспагадае мне. Зайздросцяць. І нікога на свеце не знайду я, каб расказаць, як мне салодка жыць. (Зачыняе акно, адыходзіць.)

 

 

Карціна другая

Каля хаты дзеда Талаша. Хата заняпалая — нізкія дзверы, маленькія вокны. З глыбі двара выступае край клуні а буславым гняздом, далей — стажок сена. Па вуліцы праходзяць чырвонаармейцы. Каля хат стаяць сяляне, жанчыны, дзеці: пазіраюць, як праходзіць войска, махаюць рукамі, шапкамі.

З хаты дзеда Талаша выходзіць Шалёхін. За ім ідуць Дзед Талаш, Панас, Максім і бабка Наста.

 

Шалёхін (да дзеда Талаша). Ну, бацька, бывайце! Яшчэ раз дзякую вам і вашай сямʼі за гасціннасць, за дружбу, за ўсё. (Крэпка паціскае руку.)

Талаш (расчулена). І вам дзякую, голубе... Эх, пакідаеце нас.

Шалёхін (па-прыяцельску стукае дзеда Талаша па плячы). Не тужы, бацька, і вы, хлопцы нос не вешайце. Ніякага няшчасця ў тым, што наша часць выходзіць з вашай вёскі, няма. Мы такі ўжо народ, вайскоўцы, што доўга сядзець без работы не любім і не заседжваемся на адным месцы. А мы сюды вернемся, вернемся, бацька. Дык да скорага пабачэння. (Бярэ пад казырок. Агульны паклон.)

 

Панас, Максім знімаюць шапкі.

 

Галасы. Добрай часіны! Шчаслівай дарогі!

Талаш (услед Шалёхіну). Няхай будзе шчасце з вамі, голубе, і добрая доля.

 

Шалёхін адыходзіць, дзед Талаш і яго сямʼя некаторы час стаяць моўчкі.

 

Бабка Наста (журботна). Так нечакана і так хуценька пакінулі нас. І што яно будзе? Калі ж прыйдзе той спакой?

Талаш. Не ўсё яно, нябога, робіцца так, як нам жадаецца. А дабра не будзе, калі пан сюды прыйдзе ды зноў волю возьме.

Панас (злосна). Скула яму ў бок, а не воля.

Талаш. Падавяцца калі-небудзь, гады. Прыйдзе пагібель і на іх. (Да ўсіх.) Вось што, голубе, бабка, і вы, хлопцы: схаваць на ўсякі выпадак усё, на што пан паквапіцца можа.

Максім. А што ён возьме ў нас?

Талаш. Кажушок з плеч здзярэ. Апошнюю скарынку хлеба з рота вырве. Эге ж, голубе.

Бабка Наста. А стрэльба твая дзе?

Талаш. Я яе яшчэ ўчора схаваў.

 

Усе ідуць у хату. На сцэну выходзяць Мартын Рыль і Жыбуль.

 

Жыбуль. Ну, значыцца, так і парашылі. Трэба, брат, табе застацца ў тылу ў палякаў, толькі будзь асцярожны, цябе тут ведаюць.

Мартын. Разумею.

Жыбуль. З падполля і трэба праводзіць лінію нашай партыі і савецкай улады.

Мартын. Я застаюся. А якая ж будзе мая работа ў падполлі?

Жыбуль (прыязна пазіраючы на Рыля). Работа важная. Помні, Мартын: да яе заклікае Ленін і наша партыя. (Пасля некаторай паўзы.) Белапольскія акупанты будуць чыніць гвалт і здзекі над бядняцкім народам. Трэба весці супроць панскай улады агітацыю і арганізоўваць беднату на ўзброенае выступленне супроць акупантаў, мець сваіх верных людзей усюды і весці прапаганду... Адным словам, Мартын: шкодзіць лютаму ворагу чым толькі можна і дзе можна. Ды не трэба забываць, што вораг мае сваю агентуру сярод заможнікаў. І яшчэ што важна, Мартын: мець цесную жывую сувязь з нашай Чырвонай Арміяй. А я з табою буду трымаць сувязь. Дык вось у асноўным і ўсё. Ну, браток Мартын, трымайся. Ты чалавек моцны. Спадзяюся на цябе. Спатыкацца будзем на старым месцы. Усяго добрага.

 

Разыходзяцца ў розныя бакі. На хаду Жыбуль кідае апошнія словы: «Будзь асцярожны». На вуліцы рух павялічваецца. Прабягаюць вяскоўцы, рассыпаюцца па сваіх дварах. Уваходзяць Васіль Бусыга і Кандрат Бірка.

 

Бусыга. Няхай трусіцца той, хто ў камісары падаваўся, а нам чаго баяцца?

Бірка. Дык невядома ж, заўваж, суседзе, што яны заспяваюць.

Бусыга. Першым чынам, васпане мой, я так разумею, парадак будзе. А па-другое, васпане мой, я так разумею, павінна быць і начальства.

 

Убягае Сымон Бруй, устрывожаны, узбуджаны.

 

Бруй. А зірніце, ягамосці!

 

Бусыга і Бірка пазіраюць, куды паказвае Бруй.

 

Бірка (у страху). Салдаты!

Бусыга. Войска, мой васпане.

Бірка. А чыё ж яно, заўваж, суседзе?

Бруй. А ці не бальшавіцкая гэта хітрасць?

 

Усе ўтрох задам адыходзяць бліжэй да двара. Чуецца польская салдацкая песня:

 

 

        Марыся, мая Марыся,

        Пойдзем са мной шпацыраваць...

 

 

Бусыга (падаецца наперад). Не паказваць, мой васпане, выгляду, што мы папалохаліся, хто б тут ні быў. Знімайма шапкі і будзем кланяцца. Нікому ніколі гэта не пашкодзіла і не пашкодзіць,

 

Усе ўтрох становяцца ў рад, знімаюць шапкі, махаюць імі і кланяюцца штораз ніжэй. Чуваць рытмічны тупат ног, праходзіць атрад легіянераў з напышлівым выглядам пераможцаў. Наперадзе ідзе пан Крулеўскі ў форме польскага афіцэра. Бусыга і яго прыяцелі кланяюцца ў пояс. Пан Крулеўскі запыняецца, пыхлівы, надзьмуты. Салдаты пад камандай афіцэра ідуць далей. Памалу сходзіцца натоўп. Прыходзіць дзед Талаш, каля яго становяцца Наста і Аўгіня. На самым відным месцы пан Крулеўскі, якога вітаюць Бусыга, Бруй і Бірка.

 

Бусыга. Вітаем яснавяльможнага пана.

Бруй Вітаем пана. (Нізка кланяюцца.)

Бірка

Бусыга. Вітаем храбрае польскае войска, збавіцеляў нашых.

Бірка

Бруй Вітаем збавіцеляў нашых. (Кланяюцца.)

Талаш (плюе з агідаю). А каб вы ніколі не разагнулі вашых паганых спін.

Бабка Наста (таўчэ дзеда пад бок). Ціха ты. Маўчы.

Пан Крулеўскі (задаволены). Дзенькую, панове, мосці дабрадзеі. (Падае руку Бусыгу. Бусыга хапае руку, згінаецца ўвесь, прыпадае лбом да рукі.) У асобе пана...

Бусыга (падказвае). Бусыгі, кандыдата ў валасныя старшыні, яснавяльможны пане.

Крулеўскі. А, пан Бусыга, мосці дабрадзею. Знаю, знаю. Зараз я, імем польскай ваеннай улады, прызначаю пана Бусыгу войтам.

 

Бусыга кланяецца. Дзед Талаш штурхае Аўгіню локцем.

 

Талаш (да Аўгіні). Цяпер ты, голубе, не сядзеш са мною ў мой човен.

Аўгіня (заломваючы рукі). Ох, матанькі, гэтага яшчэ не хапала!

Крулеўскі. Панове, мосці дабрадзеі. У асобе пана войта я вітаю вас з новай законнай уладай польскай. Дык так, панове, вы цяпер пад аховай белага ожла панства польскага. Польшча дасць вам парадак і спакой. Польшча забяспечыць вам, панове, права на сваю ўласнасць, гаспадарку, набытак.

 

Бусыга, Бірка і Бруй кланяюцца.

 

Бусыга. Нашы бацькі, яснавяльможны пане, жылі з панскімі бацькамі ў добрым ладзе і ў згодзе.

Талаш (іранічна). І пасвілі панскую говяду, голубе, эге ж!

Крулеўскі (не пачуўшы слоў дзеда Талаша). Так, так. Пан войт мае рацыю. Але мы былі пад маскалём. Маскаль адабраў і нашу і вашу волю. Цяпер жа незалежная з ласкі пана Бога Польшча і яе гаспадар, маршал пан Пілсудскі, даруюць нам усім волю і роўнасць.

Бусыга

Бруй Дзякуем пану Пілсудскаму!

Бірка

Талаш. Абяцанкі-цацанкі, а дурному радасць, эге ж.

Бабка Наста (штурхае дзеда). Ціха ты, маўчы.

Крулеўскі. Панове, Польшча нясе вам культуру і збавенне ад бальшавіцкай анархіі, барбарства і бязбожніцтва. Нех жые Польска! Віват!

Бусыга. Нех жыве Польска! (Дае знак, каб усе крычалі «Віват».)

Бруй (Перакручваюць малазнаёмае слова.)

Бірка Рві, брат.

Талаш. Эге ж, ірвалі, голубе, і яшчэ збіраецеся рваць.

Бабка Наста. Ціха ты, маўчы.

 

Тры легіянеры вядуць Мартына Рыля. На сцэне некаторы час цішыня. Мартын ідзе, падняўшы галаву. Ён кідае варожы погляд на Бусыгу, потым пераводзіць вочы на Аўгіню, горка ўсміхаецца. Аўгіня парываецца кінуцца да Мартына, але стрымліваецца. Бабка Наста і дзед Талаш пазіраюць на Рыля са спачуваннем.

 

Бабка Наста (цяжка ўздыхае). Ох, Божачкі. Забралі чалавека.

Талаш. Адну волю прынеслі ўжо, голубе.

Пан Крулеўскі (да Бусыгі, ківаючы на Рыля). Хто такі? Ваш?

Бусыга. Тутэйшы, яснавяльможны пане. Бальшавік.

 

Канвойнікі штурхаюць Мартына.

 

Мартын. Што пхаешся, панская падэшва.

Канвойнік. Мільч, хаме.

 

Канвойнікі і Рыль выходзяць.

 

Крулеўскі (услед канвойнікам). Пільнуйце яго, як свайго вока.

 

Бусыга нагінаецца да пана Крулеўскага, гаворыць штось ціха, пасля чаго той зварочваецца да дзеда Талаша.

 

Крулеўскі. А скажы мне, каханы, стаяў у цябе на кватэры камандзір чырвоных?

Талаш. Эге, стаяў.

Крулеўскі. А чаму гэта ён абраў тваю хату?

Талаш. А гэта, голубе, трэба запытаць у самога камандзіра.

Бабка Наста. Ці ж, панок, яго клікалі? Вось каб і вы прыйшлі ў нашу хату, дык хіба ж мы былі б вінаваты?

Крулеўскі (ківае пальцам Талашу). Глядзі, стары.

Талаш. Ды я ўжо гляджу, голубе...

 

Бабка Наста тузае Талаша за пільчак, каб дзед не сказаў лішняга. Крулеўскі робіць рух ісці. Бусыга кланяецца яму.

 

Бусыга (да Крулеўскага і афіцэра). Прашу яснавяльможных паноў зайсці ў маю хату, зрабіць мне такую ласку.

Пан Крулеўскі (ківае галавою). Дзенькуе.

Бусыга (да Аўгіні). Жонка, сустракай высокіх гасцей.

 

Аўгіня стаіць нерухліва.

 

Талаш (да Аўгіні ціха). Ідзі ды закінь слова за Мартына.

Крулеўскі. А гэта жонка пана войта? (Падыходзіць да Аўгіні, бярэ яе пад руку.)

 

Маўклівая і пакорная Аўгіня ідзе ў хату. Услед ідуць афіцэр, Бусыга, Бруй і Бірка. На сцэне застаюцца бабка Наста і Талаш.

 

Талаш (у бок польскіх афіцэраў і Бусыгі з кампаніяй). Тфу. Тфу. Тфу. Згінь ваша доля!

Бабка Наста (накідваецца на дзеда Талаша). Стары, стары! Свярбіць табе язык. Трымай ты яго за зубамі. Ды навошта табе чапаць іх. Няхай іх кашуля не чапае.

 

Легіянер цягне ў жанчыны сала. Яна лямантуе. Ён бʼе яе. Прыходзіць Панас.

 

Жанчына. Ой, людзечкі родныя, сала і палатно пацягнуў. Аддай!

Легіянер. Ідзь да дʼябла, халера.

Жанчына. Чым жа я дзетак карміць буду? Не пушчу, не дам.

Легіянер. О, пся маць! (Штурхае жанчыну, яна падае.) Ляжы, псякрэў.

Жанчына. Ой, Божачка мой! Што ж гэта робіцца на свеце?

Талаш (абурліва). О, гіцлі, гіцлі! Каб вы там усе галовамі налажылі. А бадай вас пярун пазабіваў!

Жанчына. Што ж гэта, дзядзечка, за маё дабро ды ботам у грудзі?

Талаш (падышоў да жанчыны). Боты ў іх моцныя — нямецкія. О! Гвалтаўнікі, разбойнікі!

Бабка Наста. Сыдзі ты адгэтуль, стары, на некаторы час, бо ты тут сабе ліха нажывеш з тваім языком і характарам.

Талаш. А можа, ты, нябога, і праўду кажаш. Пайду ў Бабры да Параскі, каб і вочы мае гэтага не бачылі. А ты, Панаска, прыйдзі, голубе, праз тры дні вечарам пад Целяшоў дуб. І праўда, пайду, голубе. А ты прыходзь да мяне, Панасе.

Панас. Прыйду. (Раптам адварочваецца, глядзіць на свой двор.) А зірні, бацька, забіраюць наша сена.

 

Бабка Наста, дзед Талаш раптам паварочваюць галовы. Каля стажка відзён зад воза, польскі салдат утоптвае сена. Другі салдат падае віламі сена. Трэці сядзіць на стажку і скідае сена на дол. Салдаты перакідваюцца жартамі.

 

1-шы салдат (з віламі). Тапчы, тапчы, Янэк.

2–гі салдат (на возе). Антэк млоды, не роб шкоды. Не роб собе рах-цях-цях.

3-ці салдат (на стажку спявае):

 

 

        Піён мніхі, піён мніхі;

        Маён велькія келіхі.

        Ім ружанцы не ў паменці,

        Гды гожалка вэ лбе крэнці.

 

 

Талаш. О, што ж яны робяць? Гіцлі, грабежнікі! Апошняе сена забіраюць. (Парываецца ісці. Бабка Наста хапае яго за руку.)

Бабка Наста. Не хадзі ты, стары, туды.

Талаш. Пусці. На ражон не палезу, а прасіць буду.

 

Талаш падыходзіць да легіянераў. За ім ідуць Панас і Максім. Бабка Наста стаіць воддаль. Пры зʼяўленні дзеда Талаша салдаты прымаўкаюць.

 

Талаш. Паночкі, залаценькія. Што ж вы робіце?

1-шы салдат. Сена, дзядуля, на воз кладзём. Не перашкаджай!

Талаш (заходзіць наперад). Паночак, не бярэце сена! Апошні мой стажок.

3-ці салдат (са стажка, бярэцца ў бокі і, напяваючы, кідае жмак сена на дзеда):

 

 

        Пшэпюрэчка ў жыце квілі,

        Жэсь мы гняздо ей збужылі.

 

 

1-шы салдат. Адступіся, стары, а то віламі закіну на воз.

2-гі салдат. Бяры яго, Антэк, на вілы, а я патапчу яго тут.

Талаш (хапае салдата за край шыняля). Паночак, голубе. Майце ж вы літасць да беднага чалавека. Чым жа худобу карміць будзем?

1-шы салдат. Ідзь да дʼябла, стары пёс. (Штурхае дзеда ў грудзі.)

Талаш (выхватвае з-за пояса сякеру). Сабака, панскі гіцаль!

 

Легіянер ад нечаканасці кідаецца ўбок. Максім хапае бацьку за рукі.

 

Максім. Апамятайся, бацька, што ты робіш?

 

Усе тры легіянеры накідваюцца на дзеда. Дзед Талаш разварочваецца ўсім корпусам, напружыўшы рукі, рэзка паварочваецца. Легіянеры адкідваюцца. Адзін з іх падае, з другога скідаецца шапка. Барацьба суправаджаецца асобнымі выгукамі.

 

Талаш (крычыць). Смярдзюхі, гіцлі, грабежнікі!

Салдаты. Псякрэў! Бяры яго, Антэк!

 

Бабка Наста лямантуе.

 

Панас. Ай, людзі, ратуйце! Гвалт!

 

Дзед Талаш вырываецца з рук легіянераў, кідаецца наўцёкі ў лес. Адзін салдат цэліцца ў дзеда з нагана.

 

Бабка Наста (кідаецца да легіянера на калені, абдымае за ногі). Ой, паночкі добрыя, злітуйцеся, што вы робіце!

 

Салдат страляе. На шум выбягаюць Крулеўскі, афіцэр, Бусыга, Бруй і Бірка.

 

Крулеўскі. Цо то ест?

Салдат (бярэ пад казырок). З сякерай кідаўся на нас, пан капітан. Не даваў браць сена.

Бабка Наста (падбягае да пана Крулеўскага). Няпраўда, панок, яго самога штурхалі, білі, а ён толькі бараніўся.

Крулеўскі (не зварочвае ўвагі на бабку Насту). А дзе старая псіна? Го, недарма стаяў тут бальшавік. Бальшавіцкае гняздо. Дзе ён, пёс стары?

Салдат. Уцёк да лясу, пан капітан. Я застрэліў бы яго, ды вось гэта старая халера (паказвае на Насту) перашкодзіла.

Крулеўскі. А, так, старая лярва! (Хапае бабку Насту загрудкі, моцна трасе. Салдаты цягнуць Насту за стог.)

Панас (кідаецца да яе з крыкам). Мамка, мамка родная!

Крулеўскі. А гэта што за шчанё? (Бусыга шэпча на вуха.) Ага, забраць яго і справадзіць да астрога. Будзем трымаць яго ў астрозе, покі не прыйдзе сам разбойнік, яго ойцец.

 

Салдаты хапаюць Панаса. Панас крычыць, вырываецца, кусае салдатаў за рукі.

 

Бабка Наста (крычыць). За што? За што? Не дам дзіцяці!

ЗАСЛОНА

 

 

Акт другі

 

Карціна першая

 

Ноч. Глухі лес. На ўскрайку лесу магутны дуплясты дуб. Прыпёршыся да дуба, стаіць Талаш. Адразу яго не відаць; ён знарок замаскаваўся так, каб быць непрыметным. Паволі дзед выходзіць трохі наперад, тады вылучаецца ўся яго постаць. Ён азіраецца ў глыб лесу, прыслухоўваецца. Свішча пад голас савы. Слухае, у лесе поўная цішыня.

 

Талаш (устрывожаны). Гм... Што ж бы гэта магло значыць? І месца і час дамоўлены... Ці то памылка якая, ці хлопец нешта зблытаў? Не разумею. (Зноў слухае.) А можа, здарылася што? (Некаторы час стаіць моўчкі, потым ціха напявае старасвецкую песню.)

 

 

        Ой, валы ж мае ды ўсе паловыя,

        Чаму ж вы не араце?

        Ой, леты мае, ой, леты мае,

        Чаму ж дарма гінеце!

 

 

Адзін я ў лесе, як воўк. Хіба ты, стары дубе, адзіны сябра мой тут. Эх, шкада, што гаварыць ты не ўмееш, дружа мой... А можа, гэта і добра, што ты безгалосы. Пакажы ж, голубе, як ты служыш мне. (Засоўвае руку ў дупло. Задаволена.) Не, не ашукаў мяне, голубе. Захаваў мне прыяцельку старую. (Вымае шомпал, прачышчае пакуллем рулю.) А цяпер, прыяцелька мая, прыгатуемся на ўсякі выпадак. А каб надзейней было, голубе, залажу кулю. (Дастае порах, набівае стрэльбу, закладае кулю.) Ну, вось цяпер мы не з пустымі рукамі. (Яшчэ раз аглядае стрэльбу і стаўляе яе каля дуба, сам падаецца бліжэй да яго, зноў прыслухоўваецца. Свішча па-савінаму. Тая ж цішыня.) Няма... І што ж бы гэта магло значыць? (Пасля паўзы, з горыччу.) Эх, жыццё ты наша!.. Праклятыя паны... Туляюся, як апошні злодзей. А што я зрабіў? Дзе ж справядлівасць на свеце? (Апускае галаву, моцна задумваецца.) А можа, ён не пад Целяшовым, а пад Яшуковым дубам чакае мяне... Ой, ці не так яно і ёсць, голубе... (Прыслухоўваецца. У лесе чуецца шолах, трэск сукоў пад нечымі нагамі. Дзед Талаш настарожваецца.) Звер ці чалавек? (Паўза.) А можа, Панас? (Бярэ стрэльбу, становіцца за дуб, ледзь-ледзь высоўвае галаву.) Хто ідзе? (Крокі спыняюцца, адказу не чуваць.) Хто тут?

Голас з лесу. А хто пытае?

Талаш. Пытаюся я.

Голас. А хто ты?

Талаш. Пытаюся я.

Голас. А хто ты?

Талаш. Першы пытаю я, а ты першы адказвай мне.

Голас. Чалавек, хто ж я.

Талаш. Чалавек-то чалавек, ды чалавек цяпер горай за звера.

Голас. Ты адзін?

Талаш. Як для добрага чалавека, голубе, дык адзін, а на ліхога маю стрэльбу, набітую куляй.

Голас. Ну, то кінь сваю стрэльбу: стрэльба ёсць і ў мяне, і, мусібыць, лепшая за тваю.

Талаш. Дык пакажыся, голубе! Па гутарцы і па голасе ты быццам бы свой, тутэйшы. (Ступае крок ад дуба.)

Голас з лесу (набліжаючыся). А кім жа мне быць яшчэ, калі не тутэйшым.

 

З лесу высоўваецца постаць высокага чалавека. Не даходзячы крокі тры, чалавек запыняецца.

 

Чалавек (у радасным здзіўленні). Дзядзька Талаш!

Талаш (таксама ў радасці). Мартыне, голубе! А бадай жа ты ліха ніколі не ведаў. Скуль ты ўзяўся? Здароў жа, сынку! (Радасна вітаюцца за рукі.)

Мартын. Каго ж тут, дзядзька, вартуеш?

Талаш. Гэ, голубе! Каго вартую? Выходзіць, сынку, так, што вартую сам сябе. Ты ж тут, голубе, як апынуўся? Падобна, сынку, на тое, што і ты быў у баталіі?

Мартын (горда). А такі і быў. І была ж баталія.

Талаш. Дык раскажы, сынку, як гэта яно было?

Мартын. А было так. Назбіралі нас чалавек трыццаць і ганяюць з каталажкі ў каталажку, каб дух бальшавіцкі з нас павыбіваць. Вось я і злажыў план: напасці раптам грамадою на канвой. Калі я крыкну: «Стой, лапаць скінуўся!», усім кідацца на канвойнікаў. Спадабалася ўсім гэта. Разыгралі лоўка, раптоўна абяззброілі ўвесь канвой. І паглядзеце, дзядзька, што за стрэльба ў мяне, у канвойніка-капрала адабраў. Англійскі карабін.

Талаш (бярэ стрэльбу, разглядае). Ну ж і штучку здабыў ты сабе, Мартыне.

Мартын (горда). Сем патронаў закладай і жар: за дзве вярсты дастане, толькі не спудлуй.

Талаш (цешачыся са стрэльбы). Ах, згінь іх доля! І чаму, голубе, мяне з вамі не было. Праўдзівая прыказка: і ліха без дабра не бывае.

Мартын. Ды я цяпер і не шкадую, што пад панскім канвоем пахадзіў. Прысягі ж з хлопцаў я не зняў і стрэльбу здабыў.

Талаш. А скажы, голубе, куды хлопцы падзеліся?

Мартын. Я пусціў іх з тым, каб пры першай патрэбе зноў сабраць. Мне ж трэба Жыбуля пабачыць. Ён нічога не ведае. Меўся тут быць, ды час ужо сышоў.

Талаш (разважліва). А скажы ты мне, голубе, што ж далей будзе. Ні табе, ні мне, сынку, покі паляка не выгналі, паказаць носу дамоў няможна. Ты ж не ведаеш, голубе, і мае бяды.

Мартын. Чуў, дзядзька Талаш, чуў. Пра вас як пра героя расказваюць людзі.

Талаш (задаволена). Што ты кажаш, голубе?

Мартын. Так, так, дзядзька. А што рабіць далей, дык я вось што вам скажу. Нам трэба за зброю брацца ды з тылу біць панскую нечысць. А людзі для гэтага знойдуцца. Амаль цэлы ўзвод ужо ёсць. Чырвоная ж Армія дапаможа нам: зброю дасць і камандзіраў добрых прызначыць.

Талаш. Праўду кажаш, Мартыне. Дык давай, голубе, разам трымацца, я табе памагу, а ты мне. Ды ў цябе ж і стрэльба такая хвацкая... Эх, сынку, здабыць бы і мне настаяшчую ваенную стрэльбу.

Мартын. Калі па-сапраўднаму да справы прыступіць, дык і стрэльба знойдзецца.

Талаш. Пойдзем, сынку, разам. Я тут свайго Панаса чакаў, а ён не прыйшоў. Баюся, ці не здарылася чаго з ім. Дык пойдзем, сынку. Можа як у вёску прабяромся і даведаемся. А ў дарозе нешта надумаем. Няхай нам пан робіць на глум, а мы, голубе, будзем браць сабе на вум.

Мартын. Праўда ваша.

 

Дзед Талаш і Мартын Рыль ідуць у лес.

 

 

Карціна другая

Тая ж ноч. Хата дзеда Талаша: качарэжнік, стол у куце, дзве лавы, палок. Над сталом цьмяна курыць газоўка. Каля печы на дубовай калодцы сядзіць бабка Наста, насупраць яе Аўгіня.

 

Бабка Наста (тужліва). І не прыдумаю, Аўгінька, што рабіць. Такая ж напасць навалілася на нас. Разбурылі сямʼю. Апошняе сена загрэблі. Хлопца-недалетка забралі. Старога застрэліць хацелі. І бадзяецца чалавек немаведама дзе. За што ж на нас так угневаўся Бог? (Затуляе рукамі твар, плача.)

Аўгіня (са спачуваннем). Ну, што ж, цётачка, зробіш. Трэба пацярпець. Не можа ж быць, каб за несправядлівасць ды не было пакарання.

Бабка Наста. Ох, Божа мой! І як я жывая засталася?

Аўгіня. Ох, звярʼё праклятае! Так здзекавацца з людзей. Не, цётачка, праўда верх возьме. (Дастае з-за пазухі пакунак.) Я вам, цётачка, трохі скораму прынесла. Ды толькі ж вы нікому не кажэце, што я да вас заходзіла, каб Васіль не ведаў.

Бабка Наста. Барані Божа, ён жа войт.

Аўгіня. Ох! Яго вайтоўства мне поперак горла становіцца.

 

Стук у дзверы. Жанчыны палохаюцца. Аўгіня азіраецца, дзе б схавацца.

 

Бабка Наста. Божухна! Хто ж гэта?

 

Уваходзіць Максім.

 

Максім. Добры вечар!

Бабка Наста. Ну, што ж ты чуў, сынок?

Максім. Нічога не чуў. Дарма толькі ногі трапаў.

Бабка Наста (цяжка ўздыхае). Ох, ліха! Можа, забралі і яго, каравуляць жа ўсюды старога.

Максім. Таптаўся паміж двух дубоў. Можа, размінуліся.

Аўгіня. Ды пэўна ж, маглі і размінуцца.

Максім. А каля Целяшовага дуба Жыбуля сустрэў. Думаў, што бацька, а ён там Мартына чакаў, не ведаў, што і яго забралі.

 

Стук у дзверы.

 

Бабка Наста. Можа, паляк... (Усе ўздрыгваюць.)

 

Расчыняюцца дзверы. Уваходзіць дзед Талаш са стрэльбаю і з торбаю паляўнічага праз плячо. Бабка Наста нямее ад радаснага здзіўлення.

 

Талаш. Добры вечар!

Аўгіня (кідаецца да дзеда). Гэта вы, дзядзька?

Талаш. Здарова, Аўгінька! А ты, бабка, чаго сагнулася?

Бабка Наста. Нічога, так, нядужыцца трошкі.

Талаш (быстрым поглядам акідвае хату, палок і печ). А што ж гэта не бачу я Панаса, бабка?

 

Кароткае і цяжкае маўчанне.

 

Талаш (устрывожаны). Дзе Панас? Што з ім?

Бабка Наста. Забралі Панаса.

Талаш (адступае крок назад, моцна ўражаны). Забралі, за што?

Бабка Наста. За цябе, стары. Ты вырваўся, уцёк, а яго забралі.

Талаш (у вялікім узрушэнні). Забралі. Дзіця нявіннае забралі!

 

Бабка Наста плача. Аўгіня стаіць панурыўшыся.

 

Максім (пасля маўчання). І гэты кат Крулеўскі сказаў: «Будзем трымаць яго ў астрозе, покі не прыйдзе бацька».

Талаш (садзіцца на лаву). Дзе ж ёсць на свеце такая жорсткасць?

Бабка Наста (неспакойна). Думай, стары, што рабіць. Ды не заседжвайся доўга. Будзе горш, калі яны цябе зловяць самі.

Аўгіня (са страхам). Вас каравуляць, дзядзька. Асцерагайцеся.

Талаш (пасля паўзы). Пайду, пайду, голубе, эге ж. (Мяняе тон, згортвае кулакі.) Ды не так, як ты думаеш, гіцаль, панская морда. (Лагодна да бабкі Насты.) Бабка, збірай мяне ў дарогу.

Бабка Наста. А куды ж ты пойдзеш?

Талаш. Потым скажу, а ты не зводзь часу. (Бабка Наста выходзіць. Дзед Талаш зварочваецца да Аўгіні.) Аўгінька, нікому ані шэп, што ты бачыла мяне тут.

Аўгіня. Ой не, дзядзечка! Што вы?

Талаш (да Максіма). Максіме! Вазьмі стрэльбу, голубе, ды ідзі, стань на варту каля клуні, а яму скажы, няхай у хату зойдзе.

Максім. Каму?

Талаш. Ідзі, сынку, сам пабачыш.

 

Максім бярэ стрэльбу, выходзіць. Аўгіня таксама збіраецца ісці. Дзед Талаш затрымлівае яе.

 

Талаш. Пабудзь трошкі, бо, можа, мы не хутка пабачымся.

Аўгіня. А маё сэрца нібы чула, што я вас убачу. Мая Алеська прасіла: «Пойдзем да дзеда Талаша, ён казку раскажа». І вось як яно сталася.

Талаш. Нічога, нічога, Аўгінька. Перажылі лета гарачае, перажывем і панскую няволю.

 

Грук у дзверы. Дзед Талаш выходзіць у сені. Адтуль чуюцца яго словы: «Заходзь, заходзь, сынку, а я зараз». На парозе зʼяўляецца Мартын Рыль. Убачыўшы Аўгіню, ён, здзіўлены, спыняецца. Аўгіня момант глядзіць, потым уся парываецца да яго.

 

Аўгіня. Мартын, ты, Мартын?

Мартын. Вось дык так!

Аўгіня. Пусцілі цябе?

Мартын. Пусціў-то сябе я сам... А я думаў пра цябе, Аўгіня.

Аўгіня (у радасным хваляванні). Думаў. Няўжо гэта праўда?

Мартын. Мне, от паверыш, цяжка нейк стала, што я з табою расстаўся тады нібы ў сварцы. Хацелася сказаць табе добрае слова, от тое, што ў сэрцы жыве, а нейкі чорт у другі бок язык павярнуў. А калі мяне вялі, арыштаванага, а ты стаяла, дык мне так хацелася сказаць табе тое слова, але, думаю сабе, не трэба рабіць гэтага пры людзях, ды каб яшчэ паны-сабакі чулі.

Аўгіня (туліцца да Мартына). Мартыне, міленькі! Я ж вочы праплакала. Так шкада было, што цябе забралі. І ты цяпер вольны. Як жа я рада. Я хачу, каб ты ведаў адно: цябе аднаго любіла, люблю і буду любіць. (Уздыхае.) Эх, Мартын! Так усё жыццё: блукаем адно каля аднаго, а разам ісці не можам.

Мартын (цяжка ўздыхае). Хто ж у гэтым вінаваты?

 

Уваходзяць дзед Талаш і бабка Наста.

 

Талаш. Ну, сынку, збірайся ў дарогу. Па вёсцы польскія патрулі ходзяць. Няма часу, бабка. Падсілкуемся ў лесе.

Бабка Наста (дае дзеду торбу з харчамі). Вазьмеце ж гэта з сабою, і няхай вас Бог бароніць... Ох, Божухна! Чаго мы дачакаліся.

Мартын. От цётка, нічога. Дажывуцца і палякі, што не будзе ім ні хлеба, ні табакі.

 

Уваходзіць Максім, дакладвае.

 

Максім. Толькі што прайшлі патрулі і падаліся на другі канец вёскі. Калі ісці, дык самы час.

Талаш. Так, сынку, трэба ісці.

Бабка Наста (цяжка ўздыхае). Ох, Божухна!

 

Чуецца стук у акно. Перапалох у хаце. Мартын бярэ свой карабін, займае найболей выгодную пазіцыю. Аўгіня кідаецца ў сені. Дзед Талаш хапаецца за сякеру. Бабка Наста хаваецца за дзеда Талаша.

 

Талаш. Максім, адчыні. А ты, Аўгінька, у сенцах схавайся, як увойдуць, уцякай і нікому ні шэп...

 

Максім выходзіць на двор са стрэльбай. Момант маўклівага, напружанага чакання. Уваходзяць Максім і Жыбуль. Жыбуль запыняецца на парозе, аглядае прысутных.

 

Жыбуль. Свае, таварышы, свае.

Мартын. Таварыш Жыбуль! А мы ўжо хацелі сустрэць цябе, як няпрошанага госця. (Радасна паціскае Жыбулю руку.)

Жыбуль. Мартын, браток! Ну і маладзец жа ты. Не ведаў я, што з табою, усё думаў, дзе ты прападаеш.

Талаш. О, голубе. І праўда — прападаем...

Мартын. Тры дні былі пад белапольскім канвоем, ды здагадаліся самі вярнуць сабе волю: канвой абяззброілі, у лапці абулі, а самі хто куды.

Жыбуль. Маладзец. Ад усяго сэрца рад за цябе. Ну, пайшлі, тут небяспечна. Бывайце здаровы!

 

Талаш, Жыбуль і Рыль развіталіся з бабкай Настай і выходзяць.

 

Максім. Бацька, я з табой.

Наста. Сынку, родны!

 

Сцэна ў ваколіцы.

 

Талаш. Бадзягі мы і бяздомнікі, голубе. Сына майго недалетка арыштавалі як заложніка. Пакутуе без віны. Навалілася ліха на народ. Што рабіць, голубе? Памажы, навучы.

Жыбуль. Нам тут няма калі, другі мае, траціць многа слоў. Дык вось. Перш-наперш збірайце пакрыўджаны панамі народ, злучайце яго ў адну арганізаваную сілу. Ідзе вайна — вайна багачоў супроць нас, рабочых і сялянскай беднаты. На вайну адкажам вайною, таварышы, і такою, каб з нашых ворагаў прах пасыпаўся. Дык так: арганізуйце партызанскія атрады, біце пана з сярэдзіны, з тылу. А партыя бальшавікоў дапаможа вам усімі сродкамі. Аб вашым жа сыне, бацька, не трывожцеся. Помніце толькі адно: трымайцеся Чырвонай Арміі і рашуча бярыцеся за зброю.

Талаш. Так, так, голубе, іншага збавення няма.

Жыбуль (да Рыля). Вёску Селішча ведаеш?

Мартын. Ведаю.

Жыбуль. Прабярыся да раніцы туды, знайдзі кульгавага каваля і перадай яму маё даручэнне. Слухай... (Гаворыць Мартыну на вуха.)

 

 

Карціна трэцяя

 

Штаб батальёна. Палатка. На паходнай койцы сядзіць Букрэй, дыміць махоркаю. Пасярэдзіне палаткі, стол, на ім карта і гаршчок з мёдам. За сталом сядзяць камандзір батальёна Шалёхін і тры ротныя камандзіры. У глыбіні палаткі сядзіць Жыбуль і нешта піша.

 

Шалёхін (да ротных камандзіраў). Таварышы, прашу пакаштаваць мядку. Мёд знамяніты, дзяшовы і сярдзіты. Усю прыгажосць палескіх кветак сабралі пчолы ў гэты мёд.

Грыгарук. Да ты, брат, паэт: так распісваеш свой пачастунак, што не пачаставацца проста грэх. (Запускае ў гаршчок лусту хлеба, дастае, моўчкі ўзіраецца на мёд.)

Пятраш (да Грыгарука). Ты што пазіраеш? Знаёмую спаткаў, ці што?

Грыгарук. Знаёмую не знаёмую, а звычайны труп пчалы.

Пятраш. Нічога, друг. Еш мёд, воск і пчалу: весялей жывату будзе. (Сам мачае хлеб у гаршчок.)

Грыгарук (жуе хлеб). А мёд сапраўды дзівосны.

Путнік. Толькі Букрэя на мёд не клікаць: у яго лапа, як у мядзведзя,— раз чарпане, і ўспамінай як звалі.

Грыгарук. Не так страшна яго лапа, як жывот.

Букрэй. Не бойцеся, таварышы камандзіры: покі сніўся вам мёд, Букрэй мёдам напоўніў жывот: нанасіў столькі, што і цэлы рой за лета не наносіць.

Шалёхін. Букрэй маладзец, нідзе зевака не дасць.

 

Уваходзіць чырвонаармеец, запыняецца.

 

Чырвонаармеец (да Шалёхіна). Таварыш камандзір! На заставе затрыман стары селянін без дакументаў. Прыйшоў, кажа, ад палякаў. Вас пытаецца. Што загадаеце рабіць?

Шалёхін. Давай яго сюды.

 

Чырвонаармеец паварочваецца па-ваеннаму, выходзіць.

 

Путнік. Што ж гэта за стары такі ад палякаў?

 

Дзверы расчыняюцца, чырвонаармеец прапускае дзеда Талаша з торбай паляўнічага і воўчаю скураю на плячах. Уся постаць і адзенне дзеда Талаша выклікаюць здзіўленне. Дзед Талаш абводзіць поглядам усіх прысутных, знаходзіць Шалёхіна і парываецца да яго.

 

Талаш. Нарэшце знайшоў-такі вас, голубе!

Шалёхін (падымаецца з-за стала, ідзе насустрач дзеду Талашу). А, бацька Талаш! Ды якім жа ветрам занесла вас сюды? (Здароўкаюцца за руку.) Таварышы, будзьце знаёмы! Мой былы гаспадар кватэры, Талаш. (Бярэ яго пад руку.) Сядайце з намі за стол і расказвайце.

Талаш. Не сяду я і не разяўлю рота для яды, голубе камандзір, покі не раскажу пра сваю бяду.

Шалёхін (да дзеда Талаша). Ну, усё ж сядайце і расказвайце.

Талаш (садзіцца). Не гаспадар я, голубе, свае хаты. Я туляга і бяздомнік. За маю крыўду ды нясу кару. Ад каго? Ад смярдзючага пана і яго войска. Мала таго, што яны зняважылі чалавека, аграбілі, дык яшчэ хочуць пасадзіць мяне ў астрог. Не злавілі мяне, дык сына-недалетка забралі, каб гэтым зацягнуць да астрога бацьку. Няўжо ж, таварыш-голубе, скарыцца мне перад панскай воляй?

Шалёхін. Не трэба, бацька, пакарацца.

Талаш. Дык памажэце ж мне. Я ўсіх прашу вас, голубе, таварышы. Я хачу сілай вызваліць свайго сына, а не самому садзіцца ў астрог панскі. Я хачу паноў налавіць ды паглядзець, як крэпка трымаюцца галовы на іх карку.

Жыбуль (выходзіць з глыбіні і вітаецца з Талашом). Брава, дзед! Ніякай літасці да пана.

Талаш. А, таварыш Жыбуль, як гэта добра... І яшчэ прашу вас, голубе камандзір: дайце мне настаяшчую ваенную стрэльбу або пазычце на час. З маёй ламачынай не паваюеш. Нават сюды не пусціў з ёю чырвонаармеец.

Букрэй (у захапленні). Баявы дзед, далібог.

Камандзіры. Трэба выдаць дзеду стрэльбу. Чырвонаармейцам запісаць яго.

Шалёхін. А за што ж на вас палякі так узʼеліся?

Талаш (махае рукой). А свету б яны не ведалі, голубе... Не могуць дараваць, што ў маёй хаце стаяў камандзір чырвоных, гэта значыць вы, голубе. А потым жа, ізноў-такі, я на польскіх салдатаў з сякераю кінуўся. А яны, як звяры, наваліліся на мяне ўтрох, звязаць хацелі. Дык я іх так турнуў, што яны, як каноплі, пасыпаліся ад мяне. Вырваўся ды ходу ў лес. Стралялі ў мяне з рэвальверта.

Шалёхін. Маладзец, бацька.

Букрэй. Ды няўжо ж, дзед, так дуж?

Талаш (змервае Букрэя поглядам з ног да галавы). А давай пабарукаемся, голубе.

Букрэй. Ну, давай!

 

Дужаюцца. Талаш нагінае Букрэя. Шалёхін, ротныя камандзіры гукаюць дзеду Талашу «ўра».

 

Путнік. Ну што, Букрэй, скажаш?

Букрэй. Ды я ж казаў, што дзед баявы. Дзед на ўвесь свет.

Путнік. Вот то-та. (Да дзеда Талаша.) А што гэта за скура ў вас і нашто яе носіце?

Талаш. Воўчая, голубе. А нашу яе таму, што збіраюся выць па-воўчы.

Грыгарук. О, дзед умее гаварыць загадкамі.

Талаш. Гэта не загадка, голубе, а праўда. Жыў у лесе дзікі кабан, заманулася яму раз пайсці на здабыткі. Выйшаў з гушчару на сваю імшару і давай у зямлі каля карэння рыцца. Захапіўся сваёй працай, нічога не бачыць і не чуе, што вакол робіцца, эге ж. Аж тут выйшаў воўк і з таго звера вачэй не спускае. Калі кабан зарыўся ў зямлю з галавою, дык воўк на яго стралою. Разарваў дзіку жывот ды думае сабе, голубе, пан гэты сівы: на месяц будзе спажывы. А выйшла не так, бо гэтага пана я каравуліў. І злажыў там ён косці, а сівую скуру яго я на плечы сабе палажыў. Няхай сабе будзе пра запас, а кабана ў лесе вазьміце, гэта мой падарунак для вас. Вось і ўвесь мой сказ.

Грыгарук(пасля некаторай паўзы). Здорава. Ды вы, бацька, герой.

Пятраш. А зараз замест воўчых скур пабольш бы вам жупаноў панскіх здабываць.

Букрэй. Чуе маё сэрца, што мы з дзедам разам ваяваць будзем.

Шалёхін. Таварышы! Нам бацька сваё слова сказаў. А мы што скажам яму? А сказаць павінны. Давайце падумаем ды памяркуем.

Путнік. Трэба яму дапамагчы. Гэта наш абавязак.

Шалёхін. Верна, таварышы. А што да мяне асабіста, дык я проста ў даўгу перад сваім былым гаспадаром. Я ў значнай ступені паслужыў прычынай яго бяды.

Жыбуль. Таварышы! Бацька, як мы яго называем, стаў на верную дарогу. Я ведаю, ён збірае актыўных і смелых людзей і арганізуе іх на барацьбу з белапалякамі.

Талаш. Восем чалавек я ўжо маю, а заўтра іх будзе болей, голубе.

Жыбуль. Рыль таксама не з пустымі рукамі прыйдзе. Вы бачыце, таварышы, які народ. Яны для нашай арміі каштоўнейшая дапамога. Але дапаможам і мы ім, і перш за ўсё трэба іх узброіць. А што да асабістай справы бацькі Талаша, то перш за ўсё трэба даведацца, дзе знаходзіцца яго арыштаваны сын...

 

Уваходзіць чырвонаармеец.

 

Чырвонаармеец. Прыбыў партызанскі атрад. Начальнік яго просіць экстрана далажыць.

Шалёхін. Давай яго сюды.

 

Уваходзіць Мартын Рыль.

 

Шалёхін. А я вас, здаецца, дзесь бачыў?

Талаш. Ды гэта ж Мартын Рыль, голубе. У маёй хаце сустракаліся. (Да Рыля.) А мы толькі што, сынку, успаміналі цябе.

Жыбуль. Гэта наш пэўны і надзейны чалавек.

Шалёхін. Помню, помню. Што скажаце?

Мартын. Таварыш Жыбуль, тваё даручэнне я выканаў. Каваль з людзьмі прыбудзе сёння.

Жыбуль. Добра.

Мартын. А я, таварышы камандзіры, прывёў сваіх партызанаў і прыйшоў да вас параіцца і папрасіць дапамогі. Атрад затрымаў парабка з фальварка Віркуцце. Парабак крыху дзівакаваты. Ад яго мы даведаліся, што ў Віркуцці асталяваўся штаб белапольскай контрразведкі.

 

Рух сярод прысутных.

 

Паасобныя Галасы. Цікавае паведамленне! Малайчына, Рыль.

Шалёхін. А затрыманы з вамі?

Мартын. Тут.

Шалёхін. Пазавіце яго сюды.

 

Чырвонаармеец прыводзіць парабка, бедна адзетага, худога, у лапцях. Парабак не зусім цвёрда стаіць на нагах, азіраецца.

 

Парабак. І куды ты папаў, пане... Тфу, тфу. Які з цябе пан, брат Дарвідошка, ну але?

Букрэй. Дарвідошка ці дацягнідошка?

Дарвідошка (пакрыўджана). Дарвідошка, ну але. А калі б я быў... Данясібервяно, то ці не ўсё табе адно? Не таму салдат Батура, што ў яго дрэнная натура, ну але.

Шалёхін (да парабка). Ты хто?

Дарвідошка. А ці я ведаю. Дарвідошка, ну і Дарвідошка, ну але.

Шалёхін. Гэта тваё прозвішча такое?

Дарвідошка. Ну але. І людзі мне кажуць, ды і сам я ведаю, што прозвішчам не пахвалішся. Але цо кому да тэго, жэ мам коня худэго?

Шалёхін. А чаго ты хістаешся? Хворы ці выпіў?

Дарвідошка. Выпіў трошкі, ну але.

Шалёхін. А дзе ты жывеш?

Дарвідошка. У Віркуцці. Парабак Дарвідошка. Ну, і жыццё...

Шалёхін. А дзе ты выпіў?

Дарвідошка (ажыўляецца). Салдат паднёс. Цэлую пляшку. Там, брат, паны, паненкі, афіцэры. І салдаты на варце стаяць. А паны гуляюць, балююць. І справы там нейкія робяць. Салдат жа мне і гаворыць, ён за вартавога там пастаўлены: «Пашукай мне,— кажа,— ды прывядзі маладзіцу». Далібог.

Шалёхін. І ты пайшоў маладзіцу шукаць?

Дарвідошка (чухае патыліцу). Ну, дзе я маладзіцу яму знайду? Халера іх там прыдушыла б усіх: і паноў, і ксяндзоў, і афіцэраў, і салдатаў. Адно той карысці, што выпіў. Выпіў і пайшоў спяваючы. Аж тут мяне і цапнулі. Вось табе і маладзіца!

 

Прысутныя весела смяюцца.

 

Букрэй. Дазвольце мне, таварыш камандзір, сказаць.

Шалёхін. Гавары, Букрэй.

Букрэй (хітра). Мне шкада Дарвідошкі. Ён не можа маладзіцы знайсці польскаму салдату. Трэба памагчы. Ён павінен вярнуцца ў Віркуцце з маладзіцаю. А маладзіцаю быць вазьмуся я.

Путнік. У Букрэя — галава! Даручыць яму візіт у Віркуцце зрабіць.

Дарвідошка (недаўменна аглядае прысутных, запыняе погляд на Букрэю). Ты — маладзіца? А Божа ж мой (рагоча). Ды такая маладзіца забрыкае майго кавалера, каб яго халера!

 

Рогат.

 

Букрэй. А чым я не маладзіца? Вось глядзі! (Знімае з пляча дзеда Талаша воўчую скуру, абкручвае ёю стан, потым завязвае шалік замест хусткі і гаворыць тонкім голасам.) Пшэпрашам пана, мне казалі, што пан дужа прыгожы, і я з ахвотаю пайшла да пана.

 

Усе прысутныя рагочуць.

 

Шалёхін (ківае чырвонаармейцу; да Дарвідошкі). Ну, добра, ідзі трошкі адпачынь, а потым табе скажуць, што рабіць.

 

Чырвонаармеец выводзіць Дарвідошку.

 

Жыбуль. Покі мы яго праверым, наглядайце за ім.

Шалёхін. У Віркуцце, таварышы, мы павінны глянуць ваенным вокам. Верна ?

Галасы. Верна!

Шалёхін. Значыць, пашлем узвод чырвонаармейцаў разам з партызанамі пад камандаю Букрэя. Правільна?

Галасы. Правільна.

Жыбуль. Мы тут смяяліся, пасмяяцца не грэх. Але, таварыш Букрэй, ты ідзеш на важную і адказную справу. Табе даручаецца аперацыя з удзелам партызанаў. Гэта іх першае баявое хрышчэнне. Ты чалавек у ваеннай справе спрактыкаваны, перадай сваю практыку партызанскім камандзірам.

Букрэй. Слухаю, таварыш Жыбуль.

Шалёхін. Твая задача — разведаць Віркуцце і захапіць гняздо белапольскай разведкі. (Да дзеда Талаша.) Праз яе, бацька, мы даведаемся аб вашым сыне.

Талаш (абедзвюма рукамі трасе руку Шалёхіна). Дзякуй, голубе.

Шалёхін. Выдаць баявыя вінтоўкі і патроны партызанам. Узводу Букрэя дадаць два кулямёты. Зараз жа выступіць у паход. Таварышы ротныя камандзіры! Паклапаціцеся, каб экспедыцыю выправіць належным чынам.

 

Ротныя камандзіры, Букрэй выходзяць.

 

Шалёхін. Дык так, таварышы, сёння ў нас будзе баявая работа. (Дае Талашу вінтоўку.) Гэта табе, бацька Талаш.

Талаш. Дзякую!

Шалёхін. Што важна ў вашым паходзе? Зорка сачыць і ведаць, што робіцца навакол нас. Ніводнага кроку не рабіць усляпую. Разведка перш за ўсё. Другое — крэпкая ўзаемная спайка. Не верыць на слова нікому, што ён ні скажа аб праціўніку. Правярайце. З Дарвідошкі не спускаць вока. Помніце, што вораг хітры, можа падкінуць сваіх агентаў.

 

Збіраюцца чырвонаармейцы і партызаны. ІІартызанам выдаюць вінтоўкі і патроны. Двед Талаш, радасны і ўзрушаны, трымае вінтоўку, знімае шапку, кланяецца і дзякуе Шалёхіну. Пазірае на Жыбуля. Той ківае галавою. Дзед Талаш падыходзіць да партызанаў.

 

Талаш. Таварышы партызаны! Нам выдалі зброю. Дык будзем жа крэпка трымаць яе ў сваіх руках, каб ніводная куля не мінула панскай галавы. Хіба гэта не гонар нам, голубе партызанскае войска, што Чырвоная Армія і яе камандзіры пазіраюць на нас як на сапраўдных ваякаў? Разам з Чырвонай Арміяй будзем гнаць паноў з нашай зямлі. Няхай жыве Чырвоная Армія і яе слаўныя камандзіры!

Партызаны крычаць «ура».

 

ЗАСЛОНА

 

Акт трэці

 

Карціна першая

Хата Васіля Бусыгі. За сталом сядзяць Бусыга, Бруй і Бірка.

 

Бірка (да Васіля Бусыгі). А мы, заўваж, суседзе, па-настаяшчаму і не адсвяткавалі твайго высокага чыну. Войт — гэта табе не кот наплакаў.

Бруй. Так, так, ягамосцю войт... І вось, ягамосці, што цікава: ужо калі Бог каму што прызначыў, дык тое і ў агні не гарыць і ў вадзе не топіцца.

Бусыга. Як разумець, на што ківаеш, васпане?

Бруй. Вось, здавалася, ягамосці, што свет ужо дагары нагамі перавярнуўся. Прыйшлі бальшавікі, пачалі свае парадкі заводзіць. А вось жа не: прызначыў Бог нашаму Васілю ў начальстве хадзіць — начальствам ён і стаўся. Не старшыня ў воласці, дык войт у гміне. А гэта, можа, яшчэ лепей, ягамосці.

Бірка (жартліва). Бог, заўваж, суседзе, не цяля — бачыць круцяля. А войта замачыць трэба. Шкада, што гаспадыні няма.

Бусыга. Ну што ж, васпанства суседзі! Замачыць дык замачыць, я так думаю, каб не сох. Але, васпанства суседзі, у вас думка адна, а ў войта іх тысячы. На тое ж і войтам паставілі, каб думаў. А думаць, я так мяркую, ёсць аб чым.

Бірка. Аб чым жа думае, заўваж, суседзе, войт?

Бусыга. А чулі вы, што Рыль па лесе вольны ходзіць?

Бруй. Вольны?

Бірка. Па лесе?

Бруй. Як жа гэта так?

Бусыга. Сагналі іх цэлую шайку, васпанства суседзі, а яны канвой раззброілі, зброю пазабіралі і па лясах парассыпаліся.

Бірка (уражаны). А-а-а! Вось разбойнікі! Канвой абяззброілі! Ну, то ж яны, заўваж, суседзе, так сабе ціха сядзець не будуць.

Бруй. І стары Талаш, ягамосці, добрая штучка. Не зловяць ніяк. Цяпер ён да іх напэўна падаўся.

 

Уваходзіць пан Гэмбіцкі.

 

Гэмбіцкі (важна). Добры дзень, панове!

 

Бусыга, Бруй і Бірка мітусяцца, кланяюцца. На прывітанне Гэмбіцкаму адказваюць: «Дзень добры пану».

 

Гэмбіцкі (падыходзіць да Бусыгі, падае руку са словамі). Дзень добры пану гаспадару і пану войту.

Бусыга (саджае за стол Гэмбіцкага). Проша ж пана, проша прысесці!

 

Гэмбіцкі садзіцца, знімае шапку. Бірка паслужліва бярэ яе, вешае на сцяну. Бруй і Бірка з павагі да Гэмбіцкага стаяць.

 

Гэмбіцкі (да Бруя і Біркі). Проша, панове, сядайце. (Бруй і Бірка садзяцца. Гэмбіцкі акідвае поглядам хату, пераводзіць вочы на прысутных.) Аб чым жа, панове, мелі гавэнду, калі то не сэкрат?

Бусыга. Ды так, проша пана-васпана, пра сёе ды пра тое.

Бірка (пазірае на ўсіх, уздыхае). Пан войт, проша пана, заўваж, суседзе, расказаў нам непрыемную навіну.

Гэмбіцкі (настаўляе вушы). А якая навіна?

Бусыга. Нас, проша пана-васпана, затрывожыла, што шайка бальшавіцкага зброду з-пад канвою разбеглася ды туляецца ў лесе.

Гэмбіцкі (махае рукою). А то глупства, панове! Што з-пад канвою бягуць арыштаваныя, няма ў тым нічога ні дзіўнага, ні страшнага. (Іншым тонам.) Але, панове, у гэтым факце хаваецца іншая небяспека. (Паўза.) Відочна, панове, што ў гэтым выпадку замешана трэцяя асоба збоку: тая галава і тая рука, што кіравала, як слушна заўважыў пан войт, тым бальшавіцкім збродам. А покі яна не адсечана, то сядзець спакойна мы, панове, не маем права. (Расшпіляе кунтуш, дастае з кішэні паперу.) Вось проша забачыць, панове. (Паказвае адозву, чытае.) «Да ўсіх працоўных». Падпісана: «Камітэт бальшавікоў Палесся». У гэтай адозве, панове, праграма іхняга дзеяння — заклік да так званай беднаты арганізоўваць партызанскія атрады і весці бязлітасную вайну супроць паноў, гэта значыць супроць парадку, супроць культуры ў імя бальшавіцкай анархіі. Вось дзе, панове, зерні заразы, гвалту, паўстанняў і ўсяго таго, што нясуць бальшавікі. А Польшча не пацерпіць і не дапусціць гэтага: агнём і мячом абясшкодзіць бальшавіцкую заразу. І, панове, усе, хто хоча спакою, абавязаны змагацца з бальшавізмам. Няма, панове, такой хваробы, ад якой не было б лякарства.

Бусыга. У панскай аптэцы такое лякарства, я так думаю, ёсць.

Гэмбіцкі. Так, так, пане войт. І вы яго маеце. А для гэтага трэба мець свае вочы і свае вушы, якія бачылі б і чулі ўсё, што робіцца ў іх, хто выпаўняе іхнюю праграму.

Бусыга. Разумеем, пане.

Гэмбіцкі. О, то і добра, пане войт. І чым болей зоркае вока і чуткае вуха будзе мець пан войт, тым лепей. А мы, панове, праз маленькія сцежкі, крывенькія дарожкі выйдзем і на шырокую дарогу. Пана войта я папрашу зайсці да павета, так дні праз тры. Пан атрымае болей падрабязныя інструкцыі і раскажа, што зроблена панам.

Бусыга. Слухаю пана.

Гэмбіцкі. А цяпер, панове, вядзеце далей вашу гавэнду, а я перашкаджаць вам не буду. (Падымаецца з-за стала. Бірка падае яму шапку.)

Гэмбіцкі развітваецца, выходзіць. Бусыга праводзіць яго. Бруй і Бірка стаяць каля стала.

 

Бруй. Чуў, ягамосцю, куды загнуў?

Бірка. Ведае, заўваж, суседзе, куды гнуць.

 

З-за дзвярэй паказваецца Бусыга. Усе трое садзяцца за стол.

 

Бусыга. Ну, васпане, што скажаце?

Бруй. А чалавек на такую справу, ягамосці, у нас ёсць.

Бусыга. Хто? Хто, скажы, васпане?

Бруй. Саўка Мільгун, ягамосці!

 

Усе трое моўчкі пераглядаюцца.

 

Бусыга. Праўда, праўда, васпане.

Бірка. Лепшага, заўваж, суседзе, кандыдата не прыдумаеш.

Бусыга. То давайце, васпане, заклічам яго сюды.

Бірка (да Бруя). Ты першы, заўваж, суседзе, назваў яго, ты па яго і схадзі.

Бруй. Для агульнай карысці трэба пастарацца, ягамосці. (Падымаецца, надзяе шапку, выходзіць.)

Бусыга (да Біркі). А мы тым часам, васпане, каля стала патупаем.

Бірка. Шкада, заўваж, суседзе, што гаспадыні дома няма.

Бусыга. А ведаеш, васпане, пры такой справе можа і лепей, калі яе тут не будзе: на бабскім языку кароста сядзіць.

 

Бусыга і Бірка накрываюць на стол, ставяць талеркі, кладуць відэльцы, Бусыга дастае з шафы пляшку з гарэлкаю.

 

Бусыга. Ты, васпане, пашукай у шафіку чарку, а я пайду ў клець. (Выходзіць.)

Бірка (шукае чарку, спявае):

 

        Бадай таго каваля мяцеліца замяла,

        Як ён мяне маладу замарозіў на ляду.

 

Уваходзіць Бусыга, нясе каўбасу і сала.

 

Бірка (аглядае закуску). О, заўваж, суседзе, каўбаскі ў цябе — дай Божа ўсякаму.

Бусыга. Абараніў Бог ад таварышаў, васпане.

 

Уваходзяць Бруй і Саўка. Саўка адзеты, як і раней. Пераступае парог, круціць лахматаю галавою.

 

Саўка. Я зараней кажу: выпіць — выпʼю, закусіць — закушу, а рэшту пабачу.

Бусыга. Ды табе ж яшчэ ніхто не дае ні выпіць, ні закусіць, васпане.

Саўка. Дык, значыцца, вы паклікалі мяне сюды для таго, каб я пазіраў, як вы будзеце выпіваць і закусваць? Дык жа не падобна да таго, іначай мой нос не свярбеў бы.

Бусыга. Калі і галава твая такая змыслая, як і твой нос, то ўсё будзе добра, васпане. Дык покі што прашу сесці за стол.

 

Усе садзяцца. Саўка садзіцца ў шапцы. Бусыга налівае чарку, ківае на Бруя.

 

Бусыга. Ну, то дай жа, Божа, каб усё было гожа. Здароў будзь, васпане Бруй! (Выпівае, налівае Брую, сам бярэ закуску.)

Бруй (бярэ чарку; да Саўкі). Дык за цябе, Саўка, і за тваю справу, каб ты яе зрабіў на славу. (Выпівае.)

Бірка. Складна сказаў, заўваж, суседзе. (Бруй налівае чарку, дае Саўку.)

Саўка. Ну, дык за добрых гаспадароў, за іх коней і кароў. Пладзіцца ім ды пладзіцца, каб і Саўка мог каля іх пажывіцца. (Перадае чарку Брую.)

Бусыга. Закусвай жа, Саўка. Скінуў бы ты шапку, васпане.

Саўка. Скінуў бы, ды баюся, што потым не надзену. А так яна прырасла ўжо да маёй галавы.

 

Усе пазіраюць на Саўкаву шапку.

 

Бірка. А мог бы ты, Саўка, заўваж, суседзе, капялюш з пяром, як пан, насіць і боты са скрыпам. Выпі. (Дае чарку.)

Саўка (выпівае). На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць.

Бруй. Не трасца была б у гаршку, а свінінка, ягамосцю.

Саўка (захмялеўшы). Дык што вы мяне наўкруга ды навокала водзіце? Стаўце адразу на залатыя горы!

Бусыга. О, гэта голас, васпане! Залатых гор табе не абяцаем, а зарабіць ты можаш.

Саўка. Ну не! Саўка з выгляду просты чалавек, а натура яго панская: Саўка за работу, мазоль за руку.

Бруй. Ад такой работы, ягамосцю, мазоль не сядзе.

Саўка. Хіцёр Зміцёр, ды і Саўка не дурны.

Бусыга. Калі ты, васпане, слухаць не хочаш, дык мы можам і не гаварыць.

Саўка. Пачаў, дык і канчай. Я слухаю, а там пабачым.

Бірка. Толькі, заўваж, суседзе, дурнем не будзь.

Бусыга. Проста сказаць, ты павінен, Саўка, быць нашымі вачамі і вушамі.

Саўка. Эге... Ну, далей.

Бусыга. Ты павінен у партызаны падацца.

Саўка. Я? У партызаны? Ну, а калі я страляць не ўмею?

Бруй. Страляць табе, ягамосцю, і не прыйдзецца.

Бусыга. Ты толькі страляй вачамі ды слухай вушамі, вось і ўся твая работа.

Саўка. А-а! Разумею: палітычная справа. Ну, па часці палітыкі, дык гэта мне пад масць: у палітыцы Саўка маху не дасць.

Бруй (Смяюцца.) Маладзец!

Бірка

Бруй. Саўка хват!

Бірка. Выпі.

 

Бруй налівае, Бірка падносіць Саўку чарку, той выпівае.

 

Бусыга. То як жа, Саўка, будзе?

Саўка. А што вы мне дасцё за такую палітыку?

Бусыга. Пытанне, васпане, разумнае. Дамо табе 10 фунтаў сала. (Пазірае на ўсіх.) Справім адзежу. А калі зробіш работу як належыць, гэта значыць вынюхаеш і пакажаш, дзе атабарыліся Рыль, Талаш і іх хаўруснікі, дык цябе польская ўлада злотымі засыпле. Дык вось, думай, васпане.

 

Паўза. Саўка маўчыць, унурыўшыся.

 

Саўка (раптам падымае галаву). Давайце выпʼем.

 

Саўку зноў наліваюць чарку.

 

Бруй. Маладзец, Саўка!

Саўка (выпівае і апускае галаву. Потым падымае вочы на абразы). Выбачай, Хрыстосе, што так прыйшлося. (Да кампаніі.) Ну, Саўка, прадаўся. Давайце задатак!

Бусыга. Мы табе ўсё спаўна заплацім, калі зробіш справу.

Саўка. Не, кладзі на бочку!

Бусыга. Што ж ты, Саўка, мне не верыш?

Саўка. Веру Яўменю, а грошы кладзі ў кішэню.

Бусыга. Колькі?

Саўка. Тысячу злотых.

Бруй. Ты ашалеў!

Бусыга. Пяцьсот.

Саўка. Пяцьсот! Каня ўкраду, за адну ноч пяцьсот зараблю. Тысячу.

Бірка. Прыйдзецца даць.

Саўка. Выкладай.

 

Бусыга лезе ў скрыню, дае Саўку старыя грошы. Саўка адбірае іх, старыя бумажкі бракуе.

 

Ну, а цяпер дайце ў дарогу на папаску.

 

Бусыга бярэ хлеб, кусок сала, загортвае ў ручнік.

 

Бусыга. На, вазьмі, Саўка.

Саўка (засоўвае за пазуху пакуначак і выходзіць). Ну, Саўка, пайшоў паветра нюхаць.

 

За Саўкам ідуць Бусыга і Бруй.

 

Бірка. Ну, справу зрабілі. (Аглядае хату.) Але дзе гэта гаспадыня? (Спявае.)

        Эх, суседачка, маё золатка,

        Паглядзець на цябе і то соладка.

 

Уваходзяць Аўгіня і Алеся.

 

Бірка. Нарэшце прыйшла мая княгіня!

Аўгіня. Сумыслу прыйшла, калі сусед адзін тут.

Бірка. Аўгінька, мілая мая! (Стрымліваецца, падыходзіць да Алесі.) Алеська, ягадка! Якая ты слаўная. І каторая з вас харашэйшая, сам не ведаю.

Аўгіня. Перастань, суседзе, глупства казаць, ды яшчэ пры дзіцяці.

Бірка (мнагазначна). А калі б без дзіцяці?

Аўгіня. Тады б і гутарка была б іншая. (Спакусліва глядзіць на Бірку.)

Бірка. Іншая... А якая, кралечка мая?

Аўгіня. Ну, гэта сакрэт... А што гэта за баль быў у вас?

Бірка. Не скажу... Чаму ж ты не слугавала нам?

Аўгіня. Каб жа я ведала, што сусед тут будзе!

Бірка. Хіба ж ты, кралечка, думала пра мяне?

Аўгіня (глядзіць Бірку ў вочы). А чаму ж і не думала?

Бірка (у захапленні). Божа мой! Аба мне мыслі мела.

Аўгіня. Бо я баюся за суседа, калі ён у кампаніі з Саўкам.

Бірка. Зорка мая ясная! Не бойся! Паставілі мы Саўку на добрую справу. Толькі ж, княгінька мая, сакрэт вялікі. Саўка партызаніць пайшоў. Цяпер ён — войтавы вочы і вушы. Пераловім усіх Талашоў і будзем жыць ды Бога хваліць.

 

Аўгіня мяняецца. з твару, стараецца ўзяць сябе ў рукі.

 

Аўгіня. Шкада, шкада, што я тут не была.

У дзвярах стук. Бірка адступае ад Аўгіні.

 

Бірка. Дык сакрэт, Аўгінька, а за сакрэт... (Чмокае ў шчаку, выходзіць, размінаецца ў сенях з Васілём Бусыгам.)

 

Уваходзіць Васіль, скоса пазірае на Аўгіню і Алесю. Паўза.

 

Бусыга (сярдзіта). Прыбрала б хоць са стала.

 

Аўгіня прапускае Васілёвы словы міма вушэй. Развязвае хустку на галаве Алесі.

 

Бусыга (яшчэ болей сярдзіта). Я табе кажу ці гэтай печы? Прыбяры са стала.

Аўгіня (не пазіраючы на Васіля). Самі насвінячылі, самі і прыбірайце.

Бусыга. Ты дзе была?

Аўгіня. А што табе да таго, дзе я была? І чаго ты глядзіш такім зверам? Не баюся я цябе!

Бусыга. Кажы, дзе была! Гадзіна ты, шлюха!

Аўгіня. Горшай гадзюкі, як ты, няма. Чаго ашчэрыўся, звер?

Бусыга. Прызнайся, чаго ты хадзіла да старога разбойніка?

Аўгіня. Чаго хацела, таго і хадзіла. Што ж ты, забароніш мне?

Бусыга. Дзе ж гэта набралася такога розуму? Ці не ў камісараў? Можа, і ты ў лес збіраешся?

Аўгіня. А ўжо лепей у лес ісці, чым быць такім войтам, як ты.

Бусыга (з крывою ўсмешкаю). Гэта ты ў Талашоў набралася гэткага духу? Ці, можа, навучыў цябе Мартын, палюбоўнік твой?

Аўгіня. Хто б сабе ні вучыў, абы навучыў, а вось цябе дык ніхто не навучыць. Сам сабе яму капаеш. На цябе людзі, як на воўка, глядзяць.

Бусыга. Ты мне капаеш яму, гадзюка ты! Як ты смееш да Талашоў хадзіць ды кампанаваць з разбойнікамі, злачынцамі, галадранцамі?! Ці табе мой хлеб гаспадарскі надакучыў, абадранка няшчасная?

Аўгіня. Што ты папікаеш мяне сваім хлебам? Хіба я не зарабіла сабе на хлеб? Ды няхай ён агнём пойдзе і хлеб твой, і дабро тваё, і ты разам з імі. Лепей бы я батрачкаю засталася.

 

Убягае Алеся з крыкам «Мама!». Абдымае маці.

 

Бусыга. А, абжэрлася! Батрацкая доля табе смачней. Дык забірай свайго байструка і марш адсюль! Не трэба мне здрадніцы і ворага ў хаце. Вон!

 

Бусыга хапае Аўгіню за плячук, штурхае яе ў дзверы. Алеся, трымаючыся за маці, ляціць разам з ёю ў дзверы і стукаецца галавою аб касяк, моўчкі бярэцца рукою за галаву. Бусыга ў дзікай лютасці зрывае з ашэстка Аўгініну адзежу, кідае яе на падлогу, потым нагамі падкідае ў дзверы. Аўгіня, не зварочваючы ўвагі, апранае Алесю.

 

Аўгіня (да Алесі). Пойдзем, дачушка. Дом гэты быў заўсёды чужы для нас. Знойдзем сабе спосаб, і ніхто за наш хлеб не будзе папікаць нас. (Выходзяць.)

 

Бусыга моўчкі стаіць пасярэдзіне хаты.

 

 

Карціна другая

 

Дзея адбываецца ў фальварку Віркуцце. Ноч. На адкрытай верандзе за круглым сталом сядзяць ксёндз Пацяйкоўскі, палкоўнік Дэмбіцкі, беларускі нацдэм Галініч. З глыбі дома чуецца музыка: іграюць вальс, кракавяк і іншыя танцы. Праз тонкую заслону відаць сілуэты танцуючых пар. Час ад часу праходзіць польскі вартавы.

 

Пацяйкоўскі (у прыемных марах). Якое то шчасце, панове, бачыць сваімі вачамі адраджэнне нашай айчыны, разгортванне здушаных рамёнаў зямлі польскай!

Дэмбіцкі. Нашы гістарычныя традыцыі, ойча пробашч, несмяртэльны. Яны жывуць у сэрцы кожнага паляка. Яны даюць нам сілу і перамогу на вайне, яны ўзбройваюць нас на стварэнне вялікай Польшчы ў яе гістарычных і этнаграфічных межах «ад можа да можа».

Галініч. Так, так, пане палкоўніку. Польшча мусіць стаць першай дзяржавай Еўропы, а Варшава другім Парыжам. Мы, беларусы, цэнім і ўлічваем, панове, Польшчу. Вось чаму мы і звязваем лёс беларускага народа з лёсам вялікай польскай нацыі, бо і ў мінулым іх лёсы былі аднакія. А паколькі Польшча зараз ставіць сабе задачу — разгром бальшавізму, пастолькі мы ў меру нашых сіл будзем дапамагаць ёй, чым толькі можам.

Пацяйкоўскі. Натуральна, натуральна, пане Галініч. Усё культурнае чалавецтва павінна злучыцца ў барацьбе супроць камунізму. Але трэба цвяроза пазіраць на рэчы і ў прыватнасці на метады барацьбы. Вы, беларусіны, не настолькі моцныя, каб змагацца з бальшавікамі адкрыта. Вы павінны стварыць падпольную беларускую арганізацыю пад шыльдай бальшавізму. Праводзячы нібыта праграму бальшавікоў, вы павінны тварыць антыбальшавіцкую справу і выконваць волю маршалка Пілсудскага. Гэту ідэю маршалак цалкам падзяляе.

Галініч (у захапленні). Сапраўды, ідэя заслугоўвае вялікай увагі, але яе ажыццяўленне звязана з каласальнымі цяжкасцямі.

Пацяйкоўскі. Але, пане Галініч, Бог на тое і розум дае чалавеку, каб цяжкасці ператварыць у радасць перамогі. Падчас сваёй барацьбы вы знойдзеце шырокае падтрыманне ў Польшчы. (Прыслухоўваецца да гукаў кракавяка.) Музыка. Польская нацыянальная музыка!.. Колькі імпэту, буры! То — воля і сэрца паляка.

Пад гукі кракавяка ксёндз варушыць галавою, ускідвае плечы. Дэмбіцкі пазірае на яго, пасміхаецца.

 

Дэмбіцкі. Свенты ойцец — сапраўдны паляк.

Пацяйкоўскі (да Дэмбіцкага). Я, проша пана, з мазураў. «А ў мазура така душа, жэ як заграш, то сен руша».

Дэмбіцкі. Айцец пробашч не толькі служка пана Бога, пробашч быў бы добрым ваякам пана Пілсудскага.

Пацяйкоўскі. О, так, так, пане палкоўніку! А калі сутана не дазваляе мне сеч мечам ворагаў Польшчы і пана Бога, то яна абавязвае мяне знішчаць іх словам і маімі праектамі.

Дэмбіцкі. Няхай пан Бог дапаможа пробашчу.

 

Уваходзяць пан Крулеўскі і Гэмбіцкі.

 

Крулеўскі. Добры вечар, панове! (Вітаюцца.) Прашу пана палкоўніка прабачыць за спазненне.

Пацяйкоўскі. Пан — наша ахова. У пана шмат справункаў розных.

Крулеўскі. Так, так, ойча пробашч. (Аглядаецца.) Пшэпрашам, панове, мосці дабрадзею. Мусім зрабіць канфедэнцыяльную нараду.

 

Галініч выходзіць. Застаюцца ксёндз, Дэмбіцкі, Крулеўскі і Гэмбіцкі. Садзяцца за стол.

 

Дэмбіцкі. Што чуваць у пана капітана?

Крулеўскі. Дзенькі Богу, пане палкоўніку, усё ідзе ў руку нашай маці айчыне. Пан Гэмбіцкі (ківае на Гэмбіцкага) выконвае планы айца пробашча, планы, якія я цалкам падзяляю.

Дэмбіцкі. Ксёндз пробашч то — наш Макіявелі. А на мове ваеннай ён — дынаміт, што разрывае камень з сярэдзіны.

Пацяйкоўскі. Нішчыць, панове, ворагаў трэба іх жа зброяй. Камунізм будзем біць праз сваіх агентаў, якіх мы зашлем у іх асяроддзе. Вось чаму я арганізую школу, дзе нашы выхаванцы, верныя служкі айчыны і пана Бога, будуць знаёміцца з навукай камунізму.

 

Крулеўскі дае знак Гэмбіцкаму.

 

Гэмбіцкі (падымаецца). Пшэпрашам, панове. (Выходзіць.)

 

Паўза. Некалькі парачак праходзіць па верандзе са спевамі і танцамі.

 

Крулеўскі. Выходзячы з праектаў айца пробашча, мы з панам Гэмбіцкім злажылі адну камбінацыю. Я, панове, хачу прапанаваць яе на вашу ўвагу.

Дэмбіцкі. А якая тая камбінацыя?

 

Пары выходзяць.

 

Крулеўскі. Пшэпрашам пана палкоўніка. (Уваходзіць Гэмбіцкі, пераадзеты рабочым.) Рэкамендую, панове! Таварыш Краскін, член бальшавіцкай партыі. Пры сапраўдных дакументах.

Гэмбіцкі (разыгрываючы ролю партыйца). Вось мой дакумент, таварышы.

 

Кладзе на стол білет. Дэмбіцкі і ксёндз разглядаюць яго, звяраюць фатаграфію з арыгіналам.

 

Пацяйкоўскі. Дасканала! Дасканала! Благаслаўляю пана на добрую справу для Бога і айчыны. (Хрысціць.)

Дэмбіцкі. То добра, то добра! А якую канкрэтна работу будзе праводзіць пан?

Гэмбіцкі. Мой абʼект — Чырвоная Армія. Мэта — спрыяць перамозе войска пана Пілсудскага. Метады работы ў залежнасці ад сітуацыі.

Дэмбіцкі. Так, так, пане! То добра! Няхай Бог дапаможа пану! Айчына ж яго не забудзе.

Крулеўскі. Мы мусім, пане палкоўніку, зараз жа пакінуць Віркуцце. Пан Гэмбіцкі павінен сёння ж перайсці да чырвоных. А я мушу быць у Вепрах.

Дэмбіцкі. У Вепрах? Чаму?

Крулеўскі. У часе карнай экспедыцыі там быў забіты жаўнер і тры ранены. Страляўшыя з лесу невядомыя не знойдзены.

Дэмбіцкі (тонам загаду). Прыняць, пане капітане, меры для зліквідавання хлопскіх паўстанняў.

Крулеўскі. Меры, пане палкоўніку, прыняты.

Дэмбіцкі. Ну, панове, з Богам (Развітваюцца).

Пацяйкоўскі (хрысціць Гэмбіцкага). Няхай пан Бог і Матка Боска Чэнстахоўска бароняць пана.

 

Крулеўскі і Гэмбіцкі выходзяць. Пацяйкоўскі і Дэмбіцкі ідуць з веранды ў дом. Іграе музыка, танцы ідуць бурным тэмпам. Адсоўваецца з акна тонкая заслона. Відаць госці, паны, паненкі, ваенныя. Вартавы салдат падыходзіць бліжэй, спыняецца, пазірае на танцуючых. З глыбі двара высоўваецца Дарвідошка. Салдат стаіць, пазірае на баль.

 

Салдат (уздыхае). О, пся маць. Залучыць бы сабе такую паненку. (Спявае.)

 

 

        Умарл Мацэк, умарл,

        Юж лежы на дэсцэ,

        Жэбысь ему заграць,

        Подскочыл бы ешчэ.

 

 

Дарвідошка (сам сабе па адрасе салдата). Падскочыш ты, брат, у мяне. (Паўза.) Прыліп да акна, як галоднае цялё да каровы. На баб загледзеўся, мышыны жарэбчык, ну але... (Кліча салдата, махае рукою.) Гэй!

 

Салдат не адводзіць ад акна вачэй. Дарвідошка свішча. Салдат аглядаецца, адыходзіць ад акна, заўважае Дарвідошку, ідзе да яго, настаўляе стрэльбу.

 

Салдат. Хто тут, псякрэў?

Дарвідошка. Ціха ты, Бронісь ці Віктусь. Ну але, маладзіцу прывёў.

Салдат (заспакоіўшыся, закідае стрэльбу за плячо). А... дзе она ест?

Дарвідошка. З тутэйшых месц. За дрэвам стаіць, саромеецца сама ісці, ну але.

Салдат. Млода?

Дарвідошка. Ёмкая як калода, а гарачая як печ. Агонь маладзіца!

Салдат (падкручвае вус). Вядзі мяне да яе!

 

Дарвідошка ідзе, за ім салдат. Ступіўшы некалькі крокаў, спыняюцца.

 

Дарвідошка (кліча). Марыся, пану жаўнеру пакажыся!

Голас. Няхай пан жаўнер сам сюды падыдзе, я баюся.

 

Салдат знімае стрэльбу, стаўляе каля дрэва.

 

Салдат. Не бойся, душка!

Голас. Я хлопцаў баюся, я да іх непрывычная.

Дарвідошка. Ідзі, не саромся.

Салдат. Млода ешчэ, мусіць?

Голас. На Пятра васемнаццаць будзе.

 

Салдат рашуча падаецца на голас. Са змроку высоўваецца постаць жанчыны. Салдат хоча абняць яе рукою. Раптам маладзіца хапае салдата і ў момант вока валіць яго на зямлю.

 

Голас. Не пікні, гад, бо тут табе магіла!

Салдат. Пан Бог з намі і Дух Свенты!

Голас. Маўчы! Не Бог і не дух, а ўзводны Букрэй!

Дарвідошка. Вось, брат, якія цяпер пайшлі маладзіцы. Маўчы, а то горш будзе, ну але.

 

Са змроку высыпаюць партызаны і чырвонаармейцы, акружаюць дом. Двое чырвонаармейцаў адводзяць салдата ў глыб двара.

 

Букрэй. За мной, хлопцы.

 

Група чырвонаармейцаў і партызанаў ціха ўзыходзіць на ганак. Раптам расчыняюць дзверы і віхрам урываюцца ў пакой на чале з Букрэем і дзедам Талашом, узняўшы вінтоўкі, як для штыкавога бою, займаюць усе выхады і праходы.

 

Букрэй. Ні з месца! Рукі ўгору!

 

Сцэна прадстаўляе такі малюнак. Прасторны пакой. Госці за сталом. У цэнтры ксёндз Пацяйкоўскі, пан Дэмбіцкі. За сталом уперамешку ваенныя, тры афіцэры, маладыя і пажылыя дамы. Госці зрываюцца з месцаў. На падлогу падаюць талеркі, куляюцца бутэлькі і чаркі. Некаторыя дамы млеюць. Пацяйкоўскі ад страху кідаецца цераз акно на веранду. З акна высоўваецца шэсць штыкоў.

 

Дарвідошка (уголас). Не лезь, ксёндз, на штык! Самі пасадзім, калі трэба будзе.

Букрэй (да афіцэраў). Здавайце, паны афіцэры, зброю.

 

Выходзіць Дэмбіцкі, аддае шаблю і рэвальвер.

 

Дэмбіцкі (да афіцэраў). Панове! Супраціўляцца мы не можам.

 

Афіцэры таксама здаюць сваю зброю, іх акружае чырвонаармейскі канвой.

 

Мартын (убачыўшы, што адзін з афіцэраў хавае зброю). Куды, куды хаваеш? Давай усё!

Букрэй (паказвае на ксяндза). Станавіся, бацька святы, сюды за кампанію.

Дэмбіцкі (у роспачы). Ганьба нам, панове, ганьба!

Дарвідошка (высоўваецца наперад). Можа, вам, паночкі, паненка для танцаў патрэбна? Дык вось яна, ну але. (Паказвае на Букрэя ў адзенні жанчыны.) Панскі вартавы да яе там на дварэ сватаўся, ды мала палатаўся.

Дэмбіцкі (пазнае Дарвідошку, глядзіць на яго з нянавісцю). І ты, лайдак, з імі!

Дарвідошка. Ну але. На свой жа банкет вы мяне не заклікалі.

 

Наперад выступае дзед Талаш. У адной руцэ трымае вінтоўку, трасе ёю.

 

Талаш. А цяпер, паны, я запытаю вас, голубе, тфу, каршуны праклятыя. Дзе ж мой малалетні сын? У які астрог пасадзілі яго? (Маўчанне.)

Букрэй. У штабе палка запытаем іх, бацька, аб тваім сыне. Таварыш Насенка!

Насенка. Я, таварыш камандзір!

Букрэй. Вылучы звяно з свайго аддзялення для канвою. Палонных адправіць у штаб палка.

Насенка. Слухаю.

 

Афіцэраў і ксяндза выводзяць.

 

Дарвідошка (выходзіць на сярэдзіну, махае рукой, спявае):

 

 

        На падлозе чаркі,

        Пабітыя міскі.

        Ад Варшавы да Масквы

        Шлях не так-та блізкі.

 

 

(Да чырвонаармейцаў і партызанаў.) Таварышы! Я тут цяпер законны гаспадар. Запрашаю вас за стол!

 

 

Карціна трэцяя

 

Ноч. Густы лес. Два буданы, старыя, накрытыя яловымі галінкамі, якія ад часу павысыхалі, ігліца з іх пасыпалася. Паміж буданоў гарыць агонь. Каля агню сядзіць Дарвідошка. Будзік, абняўшы калені, пазірае на агонь.

 

Дарвідошка (спявае). «Ой, з-пад лесу, лесу цёмнага...» (Падымае галаву, слухае. На яго твары блукае ўсмешка. Даносіцца густы храп Букрэя.) Спіць мая маладзіца, як пшаніцу прадаўшы.

Будзік. А ты, відаць, трохі пабойваешся паноў?

Дарвідошка. Я? Не, брат, не ведаеш ты мяне. Ды і сам я да апошняга часу не ведаў, што я за чалавек, ну але.

Будзік. А цяпер ведаеш?

Дарвідошка. Выходзіць, брат ты мой, я — ваенны чалавек. Палюбіў, ведаеш, ваяваць з панамі, ну але. Пан, я табе скажу, гэта такая халера, што чым больш дагаджаеш яму, тым меней выйграеш. Дык ужо лепей узяць яго за гніды і трэсці, аж покі духі не павытрасаеш. (Ізноў пяе тую ж песню, пасля дастае з кішэні плітку шакаладу, разглядае этыкетку.) Паглядзі, Цімох, што тут напісана: такія літары, што не разбярэш.

Будзік (бярэ шакалад, таксама ўглядаецца). Мабыць, французскі. Дзядзька з Парыжа прыслаў сваёй палюбоўніцы. У іх жа, брат, у паноў, усё загранічнае: сукно на кунтуш і з пяром капялюш. Самі яны без заграніцы кроку не ступяць.

Дарвідошка. От ліха іх матары! Шыкуюць за кошт народа, ну але. Давай жа пакаштуем панскіх прысмакаў (ломіць плітку, дае палавіну Цімоху. Жуюць шакалад, пазіраюць адзін на аднаго). Смачны, ліха на яго, ну але.

 

З лесу выходзяць Мартын Рыль і Жыбуль, падыходзяць да агню.

 

Мартын. Што ж вы, хлопцы, не адпачываеце?

Дарвідошка. А мы, брат, як зайцы, ну але: адным вокам спім, а другім навокал глядзім.

Жыбуль (жартам). А калі вас хто спалохае, дык вы, як зайцы, і ўцякаць будзеце?

Дарвідошка. Ну, брат, дудкі: у нас чуткасць зайчыная, а натура сакаліная.

 

Будзік ускідае галаву, настаўляе вушы, дае знак маўчаць. Усе заціхаюць. Слухаюць. З лесу даносіцца працяглае выццё воўка.

 

Будзік. Воўк вые!

Дарвідошка. Воўк, ну але. Дай жа, Божа, каб ён панскае мяса ўчуў.

Мартын. Гэта не воўк, а Талаш з разведкі ідзе.

Будзік. Ось жа штукар стары: воўк — і крошкі пабраў.

 

Рыль адыходзіць ад агню, свішча, пераймаючы дразда. З лесу паказваецца дзед Талаш. З ім ідзе жанчына.

 

Талаш (да жанчыны). Ну вось, бачыш, голубе, у якую нетру зашыліся мы. Сама ты дарогі да нас не знайшла б, эге.

 

Усе з цікавасцю пазіраюць на дзеда Талаша і яго спадарожніцу. Букрэй прачынаецца, падыходзіць да агню.

 

Талаш. Добры вечар вам, голубе!

Жыбуль. Добры вечар, бацька!.. Во — гэта разведка!

Дарвідошка. Вось, што называецца, лёгкая рука, ну але. Адну маладзіцу я знайшоў, а другую бацька Талаш.

Мартын (да жанчыны). Аўгіня! Ты тут? От дык штука!

Аўгіня. Ды гэта мяне дзядзька Талаш завёў сюды.

Талаш. Сядайце, голубе. Сядай, Аўгінька! Вось ты, таварыш Жыбуль, гаварыў, што разам з нашымі людзьмі будуць прыставаць да нас і ворагі, як ты іх называў, забыўся.

Жыбуль. Правакатары.

Талаш. Во, во, гэтыя самыя аматары. Вось жа ты і не памыліўся. Паслухайце, што надумаліся зрабіць заможнікі, войт Бусыга і яго прыяцелі. Яны падсылаюць да нас злодзея і гіцля Саўку Мільгуна, што за грошы, голубе, і роднага бацьку прадасць. Падсылаюць як партызана, каб выведаць, дзе мы, і каб потым, як цялят, пад панскі нож прадаць.

Будзік. О, шэльмы! Пусціць іх свечкаю да Бога. Я не буду я, калі не пушчу іх у паветра дымам.

Жыбуль. А як вы пра гэта даведаліся?

Талаш. А са мною, голубе, прыйшла войтава жонка. (Да Аўгіні.) Аўгінька, голубе, раскажы, як гэта было.

Аўгіня (саромеючыся). Ды я ж цяпер не войтава жонка, вы ж гэта ведаеце, дык навошта, дзядзька, мяне так называеце?

Талаш (па-прыяцельску стукае Аўгіню па плячы). Ну, не крыўдуй, голубе. Гэта я для таго, каб іх болей здзівіць. (Да слухачоў.) Кінула яна гэтага гіцля войта і болей з ім не жыве, эге.

Жыбуль. Маладзец, Аўгіня!

Дарвідошка. К чорту панскага падлізу!..

Аўгіня (хвалюецца). Ды што ж мне расказваць, калі дзядзька Талаш сам усё расказаў.

Жыбуль. А ў цябе адразу зʼявілася думка, каб папярэдзіць нас?

Аўгіня (горача). Я ў той жа час хацела расказаць пра іхнюю змову, ды не ведала, куды кінуцца. На шчасце, дзядзька Талаш у вёску зайшоў.

Талаш. Дык вось, таварышы грамада. Мы тут мяркуем так, а яны там унь як. Дык што будзем рабіць, голубе? Трэба параіцца, падумаць.

Дарвідошка. А што тут многа думаць, ну але? Адкруціць наўперад Саўку галаву, а потым войту і падвойцікам.

Будзік. Знайсці дуплянатае дрэва, засунуць гада ў дупло і спаліць, каб не смярдзеў.

 

Некаторы час на сцэне шум. Букрэй сядзіць каля агню, моўчкі дыміць папяросай, штось думае. Мартын Рыль і Аўгіня стаяць поруч, ціха гутараць. Жыбуль стаіць з дзедам Талашом, а потым падыходзіць да Букрэя.

 

Жыбуль. Давайце, таварышы, гаварыць па адным. (Шум заціхае.)

Букрэй (падымаецца). Таварышы, мы людзі ваенныя. Дысцыпліна перш за ўсё. Мой сказ вам такі: падасланага шпіёна адпусціць.

Голас. Адпусціць адпусцім, але потым ці зловіш яго?

Будзік. Як можна пусціць такога гада? Прыкончыць яго, і ўсё.

Жыбуль. Шпіёна адпусціць, няхай сабе панюхае ды ідзе, а мы вуха трымаць будзем востра.

Мартын. Зробім, сябры, так, як раяць нам таварышы Жыбуль і Букрэй. Яны праўду кажуць.

Голас. А як наш бацька думае?

Талаш. Я згодзен з Жыбулём. Давайце так і зробім, бо калі ўжо рабіць, голубе, дык зрабіць так, каб паны патыліцу пачухалі, эге.

 

Партызаны акружаюць Талаша і Жыбуля, працягваючы гутарку.

 

Мартын (які стаяў збоку з Аўгіняй). Аўгінька, любая, а ты малайчына! Ты не ведаеш, як многа ты зрабіла.

З лесу выходзіць Марка Балук.

 

Балук. Эй, народ лапцюжны, сярмяжны, слухай: нашага палку прыбывае. Бацька Талаш, госця сустракай!

 

З лесу выступае польскі салдат. За ім партызаны Нупрэйка і Купрыянчык нясуць насілкі, дзе відна постаць чалавека. Усе сціхаюць, пазіраюць на прыйшоўшых, недаўменна аглядаюць польскага салдата. Партызаны ставяць насілкі. Дзед Талаш выходзіць наперад, узіраецца на насілкі. Балук варочаецца на свой пост.

 

Голас з насілак. Бацька, гэта я!

Дзед Талаш. Панасе, голубе! Сынок мой! (Абнімае сына, ад радасці і хвалявання некаторы час не можа гаварыць.) А чаму ж цябе ў насілках прынеслі? Ты ранены?

Панас. У нагу мне трохі стрэльнулі. Але глупства, я сам хадзіць магу.

Талаш (абнімае Нупрэйку і Купрыянчыка). Дзякую ж, дзякую вам!

 

Да насілак падыходзяць Жыбуль, Букрэй, Рыль, Аўгіня, партызаны, чырвонаармейцы.

 

Букрэй. Зняць яго з насілак.

Талаш (расчулены, усхваляваны). Памажэце, памажэце яму, голубе!

Панас. Ды я сам.

 

Бярэцца рукамі за плечы партызан-санітараў, вылазіць з насілак; на адну нагу кульгае. Яго нясуць да агню.

 

Букрэй. Агледзець і перавязаць рану.

Талаш. Ох, сынку! Гэта гэты гіцаль раніў цябе? (Паказвае на польскага салдата.)

Панас. Не, бацька, ён мне памог, і мы разам з ім уцяклі з панскага астрога.

Талаш (абнімае польскага салдата, цалуе яго). Даруй, даруй мне, голубе!

 

Панаса саджаюць на калодку. Букрэй аглядае раненую нагу.

 

Букрэй. Тут ранілі? (Стукае лёгка па галёнцы.) Баліць?..

Панас. Трохі баліць.

Букрэй (з выглядам вучонага доктара). Рана ўдачная. Куля прабіла лытку навылёт, а косці не закранула. Дні праз тры танцаваць будзеш, хлопча. Давайце сюды вады, прамыем рану і забінтуем. (Пазірае на Аўгіню.) Дарэчы, і сястра ў нас ёсць.

Аўгіня падыходзіць бліжэй. Чырвонаармеец нясе кацялок з вадою, Букрэй дастае з салдацкага ранца пакет, вымае адтуль марлю. Аўгіня абмывае рану.

 

Аўгіня. Ах, браток ты мой. Дай жа памыю ножку тваю. Ото маці рада будзе.

Букрэй. У старога салдата толькі бацькі з маткаю нестае, а то ўсё ёсць. (Забінтоўвае нагу. Потым па-прыяцельску стукае Панаса па плячы.) Адпачынь і будзеш здаровы.

 

Панаса нясуць у будан, прыгаворваючы: «Асцярожна! Лягчэй!»

 

Букрэй (да дзеда Талаша). Ну, бацька, дазволь віншаваць са шчаслівым вызваленнем сына. (Цісне руку.)

Талаш. Дзякуй, дзякуй, голубе!

Жыбуль (да польскага салдата). Дык ты па сваёй волі пакінуў службу ў польскім войску?

Польскі салдат. З панамі, таварыш, мне не па дарозе, і за панскую Польшчу ваяваць не хачу. У Саветах рабочаму шырэйшая дарога. Я ж рабочы.

Мартын. А як вам удалося ўцячы?

Польскі салдат. Паставілі вартавым пры астрозе. Кінуўся мне ў вочы падлетак Панас. За што, думаю, яго забралі? Разгаварыўся з ім. Ён расказаў мне пра ўсё. А я рашыў вызваліць хлопца з астрога, а сябе ад панскай службы.

Букрэй. Вось за гэта ты маладзец. А як ранілі Панаса?

Польскі салдат. Агледзеліся хутка. Выслалі пагоню за намі. І злавілі б, каб не вашы хлопцы. На той час былі яны на ўскрайку лесу.

Купрыянчык. Бачым мы, людзі бягуць у лес, салдат з хлопчыкам, а за імі тры салдаты гоняцца. Бачым, справа няладная, мы і пальнулі па разу ў салдатаў. Яны спыніліся, залеглі і таксама страляць пачалі і ранілі хлопца.

Нупрэйка. Ён, бедны, спачатку і не заўважыў раны. Потым ужо кульгаць пачаў.

Жыбуль (да польскага салдата). А як тваё прозвішча, таварыш?

Польскі салдат. Кухарык Міхал.

Жыбуль. Дык дазволь, таварыш Кухарык, паціснуць тваю чэсную рабочую руку і падзякаваць ад нас усіх за твой учынак.

 

Жыбуль і Кухарык падаюць рукі, прысутныя выказваюць воплескамі сваё адабрэнне.

 

Букрэй. Таварышы! (Усе падыходзяць.) Дык так, таварышы. Задача, што мне паставіў мой камандзір, выпаўнена. Наша першае сумеснае выступленне з вамі, таварышы партызаны, выйшла ўдалым. Будзем спадзявацца, што так будзе і ў далейшым. А цяпер мы на некаторы час разлучымся.

Жыбуль. Так, таварышы. Узвод Букрэя павінен вярнуцца ў сваю часць, і мы застаемся без камандзіра. Першае, што мы павінны зрабіць — абраць камандзіра. Ці так, таварышы?

Галасы. Трэба, трэба. Трэба абраць камандзіра.

Жыбуль. Каго ж паставім за камандзіра?

Галасы. Талаша! Бацьку Талаша!

 

Усе кідаюцца да Талаша, які быў каля сына, цягнуць яго наперад.

 

Букрэй. Я таксама, таварышы, стаю за бацьку Талаша. Ён — чалавек змыслы, кемкі, асцярожны, але рашучы і смелы. Я прыглядаўся да яго на паходзе — камандзір ён будзе кругом сто дваццаць.

Талаш. Абярэце, голубе, каго маладзейшага, болей спрактыкаванага ў ваеннай справе. Хоць бы Мартына Рыля.

Мартын. Не, бацька, цябе!

Галасы. Бацька Талаш! Бацьку Талаша!

Дарвідошка. Няхай бацька Талаш будзе атаман наш!

Жыбуль (да дзеда Талаша). Чуеце? Народ вас абірае.

Галасы. Талаш! Талаш!

Талаш (расчулена). Дзякую вам, галубы мае. Яшчэ прашу, абярэце каго-небудзь болей вартага, чым я.

Усе. Талаш! Талаш камандзір!

Талаш (знімае шапку, кланяецца). Дзякую, дзякую. Я буду, галубы, старацца. За кожную кроплю вашай крыві буду дрыжаць. Будзем стаяць адзін за аднаго. Справа наша — біць гвалтоўнікаў, вызваляць нашу зямлю ад ворага. Але паслушэнства, голубе, павінна стаць нашым законам. Я буду слухаць ваш голас, а вы павінны слухаць мяне, бо іначай не будзе ладу. Маім жа памочнікам дазвольце мне абраць Мартына Рыля.

Усе Галасы. Дазваляем! Мартына! Мартына!

Букрэй (да дзеда Талаша). Ну, бацька, віншую і ад усяго сэрца жадаю вам поспеху. Дык памятайце, таварышы: дысцыпліна, паслушэнства. Трымайце вуха востра. Вораг хітры, і сіла яго немалая. Не адрывайцеся ад Чырвонай Арміі, дапамагайце ёй, а яна дапаможа вам: усе мы робім адну справу.

Талаш. Шкада, шкада, голубе, разлучацца з вамі. Але калі трэба, то трэба. (Да Мартына Рыля.) А ці не час варту змяніць? Хто на чарзе?

Будзік і Дарвідошка. Мы.

Талаш. Дык ідзіце змяніце вартавых.

 

Будзік і Дарвідошка выходзяць.

 

Букрэй. Таварышы чырвонаармейцы, збірацца ў дарогу. Камандзіру першага аддзялення выслаць дазор. Кірунак трымаць на Рудню. (Да польскага салдата.) А ты, таварыш Кухарык, пойдзеш з намі — не як палонны, а як наш таварыш.

 

Кухарык моўчкі ківае галавою. Чырвонаармейцы строяцца. Аддзялённы камандзір вылучае дазор.

 

Букрэй (развітваецца з дзедам Талашом). Ну, бацька, усяго добрага. (Падае руку Жыбулю, Мартыну Рылю.)

 

З будана выходзіць Аўгіня, ведучы Панаса. Панас зварочваецца да Букрэя.

 

Панас. І я хачу, дзядзька, развітацца з вамі.

Букрэй. Ах, мілы ты мой! Ды я цябе і сам не забыў бы. Бывай жа здаровы! (Падае Панасу руку. Да Аўгіні.) Ну, сястра, усяго добрага.

Аўгіня. Усяго, усяго вам добранькага.

Букрэй (да партызанаў). Шчасліва аставацца, таварышы. Слухайце вашых камандзіраў. (Знімае шапку, трасе ёю ў паветры.)

Партызаны (таксама знімаюць шапкі, махаюць імі). Шчаслівай дарогі!

 

Узвод рушыць, ідзе ў лес, знікае з вачэй. Партызаны моўчкі праводзяць іх поглядам. З лесу выходзяць Цімох Будзік і Марка Балук.

 

Будзік. Прыйшоў Саўка Мільгун. Затрымалі на Татарскай паляне.

 

Паведамленне Будзіка адразу мяняе настрой прысутных. Шум.

 

Галасы. Прыйшоў! Прадажная шкура!

Жыбуль. Ціха, таварышы. І выгляду не паказаць, што мы ведаем, чаго ён прыйшоў сюды. Памятайце гэта, таварышы. Пакінем тут бацьку аднаго: няхай ён з ім гутарыць.

Талаш. Эге, голубе. Я ўжо тут надзяру яму лазы на лапці. А вы, сябры, пахавайцеся. Нупрэйка, перанясі Панаса ў будан. А цябе, Аўгінька, ніякім чынам ён не павінен бачыць.

 

Усе разыходзяцца, застаюцца дзед Талаш і Будзік.

 

Талаш (да Будзіка). Ідзі ж, сынку, вядзі яго. (Будзік выходзіць. Дзед Талаш падыходзіць да будана.) Ну, як табе паводзіцца, сынку?

Панас (з будана). Добра. Болю ў назе бадай-што і не чуваць.

Талаш. Ну і добра, голубе. Ты ж, сынку, маўчы, нічога не гавары.

Панас. Я толькі буду слухаць.

 

Дзед Талаш адыходзіць ад будана, садзіцца каля агню, накладае тытунь у люльку. Паказваюцца Будзік і Саўка.

 

Будзік. Вось, бацька, прывёў я ваяку. Партызанам хоча быць.

Талаш. Добра, сынку, добра!.. Ну, здароў, Саўка! (Падае Саўку руку.) Што ж павяло цябе, сынку, на гэту справу?

Саўка. Не магу змірыцца — такія крыўды чыняцца людзям.

Талаш. А якую маеш крыўду?

Саўка. Мяне яны, сказаць, не пакрыўдзілі, але не магу спакойна глядзець, як другіх крыўдзяць. Вось Мартынаву хату спалілі. Кандрата Буса, майго, можна сказаць, прыяцеля забілі. Дык чаго мне маўчаць? Хачу з вамі быць, паноў разам біць.

Талаш. Добра, сынку, добра! Прымаю цябе ў сваё войска. Ды памятай, голубе: слухаць павінен. У нас па-ваеннаму — строга. Сядай. Дам табе даручэнне, ты мусіш яго выпаўніць.

Саўка (з запалам). Усё буду рабіць, што загадаеце.

Талаш. Дужа добра, голубе. Дык вось, сынку. Ідзі разведай, ці многа панскага войска ў Вепрах і куды яны салдатаў гоняць. Прыслухоўвайся ды прыглядайся, Ды, глядзі, сынку, язык трымай за зубамі. Што ведаеш пра нас — ні гу-гу!

Саўка. Слухаю. Буду маўчаць, покі зубы тырчаць.

Талаш (прыкідваючыся стомленым, пазяхаючы). Вось і ўсё покі што, старайся ж, голубе.

Саўка (разглядаючыся, як злодзей). І вы, бацька, адзін жывеце тут?

Талаш. Усяляк бывае: і адзін і хто-небудзь у падсуседзі прыйдзе. Найчасцей начуем тут, голубе.

Саўка. І шмат народу начуе тут?

Талаш. А бывае, сынку, чалавек з шэсць, эге. Дык прыходзь, голубе, з сваімі навінамі, і не пазней заўтрашняга вечара. Раніцою нас тут не будзе.

Саўка. Добра, бацька... Ну, я пайшоў. Саўка і воўк — родныя браты... Бывай, бацька.

 

Выходзіць. Будзік яго праводзіць. Дзед Талаш пазірае ўслед, моўчкі ківае галавою. Потым свішча, пераймаючы саву. Выходзіць Мартын.

 

Талаш. Ну, голубе, у гэту ноч госці прыйдуць да нас. ІІІто будзем рабіць?

Мартын. Што ж рабіць? Гасцей сустрэць. Падрыхтавацца.

Талаш. А дзе ж Аўгіня?

Голас Панас а. Бацька, падыдзі да мяне.

 

Дзед Талаш ідзе да Панаса.

 

Мартын (ціха гукае). Гэй!

 

Выходзіць Аўгіня.

 

Аўгіня. А што ж я рабіць буду, Мартын?

Мартын. Будзеш, Аўгінька, жыць і нам дапамагаць. Усё жыццё блукалі мы адно каля аднаго, а цяпер разам пойдзем.

Аўгіня (пазірае Мартыну ў вочы, пасміхаецца хітра). А чорт на язык табе не сядзе?

Мартын. Не смейся і не жартуй, Аўгінька! Ты для мяне зноў тая ж, што была калісь. А чорта з языка я выплюну... Алеську даглядай. Эх, хацеў бы я яе пабачыць.

Аўгіня (апускае вочы, журботна). А яна, бедная, і не ведае, хто бацька яе.

Мартын. А ты прыйдзеш зараз у вёску, скажы ёй... Я хутка ў разведку пайду. Трэба выканаць заданне. Разам і пойдзем. А ў дарозе аб усім пагутарым.

Аўгіня. Разам? Няўжо, Мартын, разам?

Мартын (туліць яе да сябе). Аўгінька! Мы не бачылі яшчэ радасці, не ведалі шчасця. А яно прыйдзе. Я от сэрцам сваім чую яго. Прагонім, вынішчым панскую брыду і ўсё, што замінае жыць... Мы ж не адны, Аўгінька. З намі Чырвоная Армія, Савецкая Расія, усе яе народы. Мы яшчэ пажывем, Аўгінька.

Аўгіня. А каб жа гэта было так.

Мартын (туліць да сябе Аўгіню. Спявае):

 

 

        Ты прыйдзі, вясна жаданая,

            прыйдзі,

        Гукам жыцця, песняй працы

            загудзі,

        На узгоркі, на нізіначкі

            зірні,

        Сон трывожны, сон цяжкі наш

            разгані.

        Ты нясі нам радасць, сілачку

            нясі,

        Нашу волю да змагання

            абудзі.

        Ты ляці на крыллях выраю

            хутчэй,

        Абласкай цяплом пахілых,

            абагрэй.

        Наша жыцце, нашу долечку

            пабач...

 

 

Уваходзяць Жыбуль і Балук.

 

Жыбуль. А дзе бацька Талаш?

Талаш (выходзіць з будана). Тут я, голубе, тут... Ну, сябры, не будзем зводзіць часу. Саўка не пазней ночы паноў прывядзе.

Жыбуль. Абдумаць трэба ўсё да дробязей.

Талаш. Сцягнем сюды бліжэй народ. Па ўсіх дарогах і сцежках варту паставім. Займіся гэтым ты, Марка. А табе, голубе Мартыне, разведкаю ведаць. Эй, Нупрэйка! Панаса перапраў у зацішнейшае месца.

 

На кароткі час сцэна зацямняецца. Потым вырысоўваецца тая ж абстаноўка. Затухшы агонь. Буданы пустыя. Пачынае развідняцца. У лесе ціха і пуста. Здалёку даносіцца звонкі крык чаплі, аклікаецца журавель, пасвіствае дрозд. Лес поўніцца разнастайнымі птушынымі галасамі. Галасы птушак змаўкаюць. Раптам цішыню разрывае воўчае выццё. З-за дрэва асцярожна высоўваюцца людскія постаці, акружаюць буданы. Разглядаючыся і крадучыся, уваходзяць Польскія паліцэйскія. Адзін з іх, рыжавусы, з рэвальверам у правай руцэ і з ліхтаром у левай, крадзецца да будана, асвятляе яго ліхтаром, заходзіць усярэдзіну. Выходзіць з дзяружкаю ў руках.

 

Рыжавусы. Псякрэў, апазніліся! Сышоў, лайдак.

 

Група паліцэйскіх падыходзіць да вогнішча, мацае попел.

 

Голас. Попел яшчэ цёплы.

 

Рыжавусы ціха свішча. З лесу выходзяць паліцэйскія, збіраюцца ў кучу.

 

Рыжавусы. О, пся маць. А ён, пёс стары, дзесь блізка тут... Зачакайце...

Дарвідошка (саскоквае з дрэва). Складай зброю! Рукі ўгору!

 

На сцэну ўрываюцца партызаны, узяўшы вінтоўкі як для штыкавога бою, шчыльным кругам ахопліваюць паліцэйскіх. Ад нечаканасці і страху паліцыя нямее.

 

Рыжавусы. Езус-Марыя!

Дарвідошка (высоўваецца з першых радоў). Не паможа табе ні Езус, ні Марыя, ні Тодар з Тадораю. Ну але. Давай сюды пісталет.

 

Паліцэйскія моўчкі складаюць зброю.

 

Талаш. Ну, што, панскія сабакі? Крыві нашай хочаце?

Абураныя галасы. Смерць сабакам! Да сценкі!

Талаш. Вы чуеце свой прысуд? Эге, паны: ашукаліся вы... Агледзьце, хлопцы, іх кішэні, ці не знойдзеце дакуменцікаў якіх.

 

Дэфензіўшчыкаў абшукваюць. У гэты час два партызаны прыводзяць Саўку Мільгуна.

 

Балук. Вось праваднік іхні, уцячы хацеў.

Талаш. Дык гэты ты, сынку, такі партызан?

Саўка (кідаецца ў ногі дзеду Талашу). Даруй, бацька, па несвядомасці на грэх пайшоў.

Нупрэйка. Гад!

Купрыянчык. Прадажная шкура.

Голас. Смерць яму!

Талаш. Зробім, хлопцы, па законе. Ваша, голубе грамада, слова — закон. Які будзе ваш прысуд?

Будзік. Сабакам сабачая смерць!

Талаш. Ці ўсе згодны?

Галасы. Усе згодны. Смерць панскім сабакам!

Талаш (дае знак рукою). Вядзеце іх і зрабеце па законе. (Да Маркі Балука.) Табе, Марка, даручаю выпаўніць прыгавор.

Балук. Слухаю.

 

Паліцэйскіх і Саўку вядуць у лес. На сцэне застаюцца дзед Талаш і Жыбуль. Залп.

 

Талаш. Ці правільна зроблена, таварыш Жыбуль?

Жыбуль. Так, так. Ворагаў трэба знішчаць.

 

Уваходзіць Мартын Рыль.

 

Мартын. Таварышы! Патрабуецца тэрміновая дапамога нашай арміі. Батальён Шалёхіна акружан палякамі і прыціснут да Прыпяці. Сродкаў для пераправы няма.

Жыбуль. Верныя весткі?

Мартын. З Букрэевага ўзвода перададзены.

Жыбуль. Прыйсці на дапамогу — наш таварыскі абавязак.

Талаш. Паможам, паможам, голубе! Выратуем. Мартыне-голубе, трубі збор!

 

Рыль трубіць у паляўнічы рог. Сходзяцца партызаны.

 

Таварышы грамада! Настаў час, калі мы павінны пайсці на дапамогу Чырвонай Арміі: батальён, з якім мы цесна звязаны, акружылі палякі, прыперлі да Прыпяці, батальёну няма куды падацца.

Галасы. Трэба дапамагчы.

Талаш. Дык у паход, голубе хлопцы!

Галасы. У паход!

 

Партызаны строяцца ў паходную калону. У першых радах калоны зачынаецца песня. Яе падхопліваюць усе. Апошнія рады партызана ў знікаюць з вачэй.

 

Запявала:

 

        Эх, з-за лесу ды з-за гор

Сонца выплывае.

 

Xор:

 

        Зашумі ты, цёмны бор,

        Пушча векавая!

        Пойдзем, пойдзем ваяваць,

        Долю, волю здабываць.

 

Запявала:

 

        Расступіцеся, лясы,

        Перад нашай сілай!

 

Хор:

 

        Няхай стануць верасы

        Панскаю магілай.

        Будзем, будзем гнаць паноў,

        Біць, як чортавых сыноў.

 

Запявала:

 

        Эй, вядзі ж ты нас на бой,

        Камандзір удалы!

 

Хор:

 

        Абаронім край мы свой

        Ад ліхой навалы.

        Гайда ж, гайда ж у паход

        Нішчыць люты панскі зброд.

 

ЗАСЛОНА

 

Акт чацвёрты

 

Карціна першая

Ноч. Сярод лесу невялічкі ўзвышак, атулены дрэвамі. На ўзвышку сядзіць група камандзіраў: Шалёхін, Путнік, Пятраш, Грыгарук. Пад дрэвамі ляжаць чырвонаармейцы.

 

Грыгарук. Прабівацца? З чым прабівацца?

Шалёхін. Дык што ж, па-твойму, сядзець, як мышам у мышалоўках, і чакаць?

Пятраш. Выбар спосабаў вырвацца з мяшка не дужа вялікі: прабіцца на Карначы або пераправіцца праз Прыпяць.

Грыгарук. Не маючы патронаў, ні сапёрнай часці, нават тапароў, каб збіць звычайны плыт.

Шалёхін. Эх, раздзяры яго чорт! А прыдумаць нешта трэба. Краскін, сукін сын, здорава намуціў: запэўняў, што тут ёсць пераправа цераз Прыпяць... Дарэчы, дзе ён? Чаму яго няма на нарадзе?

Грыгарук. Ды ён цяпер сам не свой ходзіць. У балоце па вушы выкачаўся, шукаючы пераправы.

Путнік. Не ведаючы броду, не сунься ў воду.

Уваходзіць Краскін.

Шалёхін (накідаецца на яго). Ты дзе ходзіш? Чакаем цябе, а ты прапаў.

Краскін. Ну, таварыш камандзір, першы крок для фарсіравання Прыпяці зроблен — дарога да яе праложана.

Шалёхін (сярдзіта). Ну, а далей што?

Краскін. Добры пачатак — палавіна справы, таварыш камбат.

Путнік. А як з другою палавінаю?

Краскін. А падручны матэрыял навошта?

Путнік. Амерыку адкрыў, ды ў нас ніводнага тапара няма, каб збіць звычайны плыт. Ты ж гэта маеш на ўвазе?

Краскін. Гэта, толькі гэта. І плыт ужо, можна сказаць, гатовы.

Шалёхін. Колькі чалавек на яго можна пасадзіць?

Краскін. За адзін рэйс можна перакінуць чалавек дваццаць.

Шалёхін. А колькі часу спатрэбіцца на адзін рэйс?

Краскін. Ну, колькі ж? (Прыкідвае.) З паўгадзіны зойме.

Шалёхін. А цяпер займіся арыфметыкай: падзялі шэсцьсот на дваццаць.

Пятраш (іранічна). Па падручніку Кісялёва выходзіць трыццаць. Гэта значыць пятнаццаць гадзін.

Шалёхін. А той бераг Прыпяці разведан?

Краскін. Разведкі туды, наколькі мне вядома, не пасылалі.

Путнік(жартліва). Лягчэй табе, Пятраш, сказаць польскую скорагаворку: не пепш, Петшэ, вепша пепшэм, бо пшэпепшыш, Петшэ, вепша пепшэм, — чым Краскіну пераправіць нас за Прыпяць.

Шалёхін. Кінь глупыя жарты! (Да Краскіна.) Праяўляць ініцыятыву — справа пахвальная. Але калі гэта ініцыятыва мяжуе па меншай меры з наіўнасцю, дык лепей не праяўляць яе.

Грыгарук. Гэта, бадай-што, і верна.

Краскін. Мы павінны перапрабаваць усе меры, каб выратавацца. Я здорава ашукаўся, але я хачу акупіць сваю памылку.

Шалёхін. І зрабіць другую.

Краскін (пакрыўджана). Будзьце ласкавы, таварышы, запрапануйце іншы спосаб, што-небудзь лепшае. Я буду бясконца рад.

Шалёхін. Ах, чорт яго раздзяры! Залезлі, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. На чым жа, таварышы, спынімся? Які прыняць план?

Путнік. План адзін: разарваць нечаканаю атакаю найболей слабае звяно абцугоў і прабівацца на лінію Карначы — Ставок, каб далучыцца да сваіх часцей.

Пятраш. Патронаў малавата, дружа. Але ў нашым становішчы гэта найболей правільны шлях.

Краскін. Байцы стомленыя, суткі не елі. Настрой, таварышы, паніжаны... Трэба гэта прыняць пад увагу.

Шалёхін. На мне, таварышы, як на камандзіру часці, ляжыць уся адказнасць за тое цяжкае становішча, у якім апынуўся батальён. Таксама адказваю я і за далейшы яго лёс. Дык вось. На ўсходзе сонца мы зробім рашучую спробу вырвацца з мяшка. Нечаканым ударам абрушымся на правы фланг праціўніка. Каб адцягнуць яго ўвагу, рота Путніка завязвае бой у цэнтры абхвату. Размеркаванне баявых участкаў і задачу кожнаму камандзіру я дам своечасова. Для гэтага, таварышы камандзіры, праз гадзіну зайдзіце да мяне. У нашым распараджэнні тры-чатыры гадзіны. Скарыстайце іх для найлепшай падрыхтоўкі прарыву. А цяпер, та-варышы, па сваіх месцах.

Ротныя камандзіры. Ёсць, таварыш камандзір.

 

Разыходзяцца. Застаецца адзін Шалёхін. Некаторы час сядзіць моўчкі, абапёршы галаву на далоні.

 

Шалёхін (сам з сабою). Становішча паршывае... І як гэта я даверыўся?.. Тфу ты, чорт цябе раздзяры... А іншага выйсця няма. Прабіцца якою б то ні было цаною. (Дастае палявую карту, разважае ціха.)

 

Паказваецца Букрэй.

 

Букрэй. Можна да цябе на хвілінку, таварыш камандзір?

Шалёхін. А, гэта ты, Букрэй!

Букрэй. Мае разведчыкі данеслі, таварыш камандзір, што палякі пераправілі на той бок Прыпяці тры батарэі.

Шалёхін. Стала быць, дружок, яны прыпускаюць, што мы будзем перапраўляцца цераз раку. Ну, і чорт іх раздзяры. Мы выбралі рашэнне прабіцца на Карначы, самае вернае ў нашых умовах.

Букрэй. Таварыш камандзір, а ці не адлажыць нам прарыў яшчэ на суткі? Я перадаў у штаб партызанскага атрада аб нашым становішчы. Там пры штабе таварыш Жыбуль. Ён падыме партызанаў, каб нам памагчы.

Шалёхін. Я ў гэтым не сумняваюся. Але кожная гадзіна мяняе суадносіны сіл, кожная адтэрміноўка прарыву змяншае шансы на поспех. Сваё рашэнне я пакідаю ў сіле... Што яшчэ маеш сказаць, Букрэй?

Букрэй (паціскае плячамі). Ёсць адна рэч, аб якой я нават не адважваўся сказаць табе, таварыш камандзір.

Шалёхін. Гавары, гавары, брат!

Букрэй. Справа вось у чым, таварыш камандзір. Мне сказаў Кухарык, салдат, які перайшоў да нас разам з Талашовым Панасам, што нашага Краскіна ён бачыў сярод польскіх афіцэраў.

Шалёхін (незаметна ўздрыгвае). Ну, гэта проста нейкае непаразуменне, глупства.

Букрэй. Я таксама не надаў значэння словам Кухарыка, але гэта паведамленне мяне заскрэбла дужа непрыемна, і я рашыў пагаварыць з табою, таварыш камандзір. Мала што.

Шалёхін. Правільна, Букрэй, правільна... Дзякую табе за паведамленне. Дарэчы, вось што. Паколькі ты тут, перадаю табе баявую задачу. Вазьмі свой узвод і заставайся ў арʼергардзе для прыкрыцця батальёна ў час нашай аперацыі.

Букрэй. Ёсць, таварыш камандзір.

Шалёхін. Ну, цяпер можаш ісці. Яшчэ раз дзякую.. (Букрэй паварочваецца, выходзіць.) Стой, дружок... Вось што. Аб Краскіну нікому ні слова і пашлі мне Кухарыка.

Букрэй. Слухаю, таварыш камандзір.

 

Букрэй выходзіць. Шалёхін зноў застаецца адзін. Задумваецца.

 

Шалёхін. Чорт яго знае... Гм. Ну, добра. (Азіраецца навокал, запыняе погляд на чырвонаармейцах, якія спяць крэпкім сном.) Натаміліся, бедныя, спяць сном праведнікаў. І не дзіва, тры ночы не прыкладалі галоў.

 

Кладзецца на дол, падпірае галаву рукою. Ляжыць нерухліва. Потым прахопліваецца, рука машынальна намацвае рэвальвер. З лесу высоўваюцца два сілуэты.

 

Шалёхін (настаўляе наган). Хто там?

Вартавы. Гэта да вас, таварыш камандзір.

Талаш (падымае ўгару палец, дае знак маўчаць). Цсс! Гэта я — Талаш. І Жыбуль. Паратунак нясем вам.

Шалёхін (працірае вочы). Талаш? Жыбуль? Сон гэта, ці што? (Устае. Жыбуль і дзед Талаш падыходзяць да яго.)

Жыбуль. Здароў, брат!

Шалёхін (абнімае Жыбуля). Здароў, здароў, браток! (Да дзеда Талаша.) Здароў, бацька!

Талаш. Падымайце, голубе, байцоў, і зараз жа ў паход.

Шалёхін (здзіўлена). У паход?

Талаш. Цсс! За намі на Прыпяць: наш флот і нашы матросы чакаюць вас, голубе.

Жыбуль. Мабілізаваны лодкі і чаўны. Аддавай загад на пасадку.

 

Краскін незаўважана выпаўзае з-за кустоў, падслухоўвае.

 

Шалёхін. Пастойце, таварышы. Тры белапольскія батарэі з таго берага чакаюць нашай пераправы.

Талаш. Ведаем, голубе, ведаем. Цяпер гэтыя батарэі больш не панскія, а нашы, рабоча-сялянскія.

 

Лес ажывае. Збіраюцца камандзіры, чырвонаармейцы.

 

Шалёхін. Таварышы, я адмяняю свой загад. Зараз жа ціха, без мітусні і шуму, арганізавана, весці роты для пераправы на лодках.

Краскін. А ўсё ж такі, таварышы, па сутнасці мой план бярэ верх.

Шалёхін. Фядот, ды не тот, таварыш Краскін! Ты будзеш пры мне неадлучна.

 

Уваходзяць Букрэй і Кухарык у форме польскага салдата.

 

Кухарык (углядаецца ў Краскіна). Пан Гэмбіцкі?

 

Краскін бляднее, потым кідаецца бегчы. Букрэй хапае яго за шынель.

 

Букрэй. Позна ўцякаць!

 

 

Карціна другая

У штабе белапалякаў. Прасторны пакой, абстаўлены ў панскім гусце. Пры адной сцяне стаіць стол. На стале пісьмовы прыбор, паперы, ваенныя карты. На сцяне вісіць карта Польшчы. Крулеўскі чытае апошнія навіны і данясенні. Афіцэр стаіць каля карты, павешанай на сцяне, разглядае раён ваенных аперацый. У меру чытання Крулеўскі ўсё болей і болей хмурыцца. Нарэшце ўскідае плячамі, кладзе паперы на стол.

 

Крулеўскі. О, сто дʼяблаў! І як гэта магло здарыцца? Не разумею. (Сядзіць моўчкі, абапёршы лоб на далонь.)

Афіцэр (адрываецца ад карты, пазірае на Крулеўскага). Што так здэтанавала пана капітана?

Крулеўскі. Наш план і наша стратэгія, пане паручніку, пайшлі псу пад хвост.

Афіцэр (паціскае плячамі). Не разумею пана капітана.

Крулеўскі (Ківае на карту). Батальён чырвоных шайтанаў, прыпёрты да Прыпяці і фактычна акружаны, вырваўся з мяшка, не страціўшы ні аднаго чалавека. Але гэтага мала, пане паручніку, тры нашы батарэі, перапраўленыя на другі бераг Прыпяці, захоплены ворагам... О, пся маць!

Афіцэр (у здзіўленні ўскідвае плячамі). Фацэція... А што ж пан Гэмбіцкі?

Крулеўскі (перабівае). Пан Гэмбіцкі зрабіў усё, што можна зрабіць. Болей таго, ён у рот палажыў нам увесь бальшавіцкі батальён. І не яго віна, што мы не патрапілі зʼесці яго.

Афіцэр (разводзіць рукамі). Толькі шайтан мог пераправіць сваіх дʼяблаў і вырваць іх з пасткі.

Крулеўскі. У тым-та і бяда, што шайтана мы не злавілі, пане паручніку.

 

Уваходзіць легіянер.

 

Легіянер (бярэ пад казырок). Да пана капітана войт інтарэс мае.

Крулеўскі (у злосці). Да ста дʼяблаў твайго войта!.. Пачакай. Закліч яго тутай.

 

Легіянер прыводзіць Бусыгу.

 

Бусыга (нізка кланяецца). Дзень добры яснавяльможнаму панству.

Крулеўскі (мяняе тон, далікатна). Дзень добры пану войту! Проша сядаць. (Бусыга садзіцца.) Што мае сказаць пан войт?

Бусыга. Нядобрыя навіны, вяльможны пане-васпане.

Крулеўскі. А якія то навіны?

Бусыга. У лесе каля смалакураўскіх буданоў пастухі знайшлі забітых паліцыянтаў і майго чалавека Саўку. Ён быў прыстаўлены, пане-васпане, асачыць табар старога разбойніка Талаша і павёў туды паліцыю, і ніхто назад, я так думаю, адтуль не вярнуўся.

Афіцэр. Матка Боска! О, шайтан стары!

Крулеўскі (да афіцэра). Што робіцца ў нас, пане паручніку!

Бусыга. Партызанскі зброд, вяльможны пане-васпане, расце. Ён ужо мае свайго камандзіра, атамана шайкі. І гэты атаман, я так думаю, не хто іншы, як стары Талаш. А правая рука яго — вядомы Рыль, што быў арыштаваны ды збег з-пад канвою. Запраўляе ж і канаводзіць усім бальшавіцкім збродам нейкі Жыбуль. Яго павуцінаю аблытаны ўсе вёскі.

Крулеўскі. Разблытаць і вымесці, пане паручніку, усю павуціну, а павука на агні спаліць.

Афіцэр (дастае са стала папку, гартае). Так, так, пане войт: Жыбуль значыцца ў спісках як самы небяспечны. Нашым агентам аддадзен катэгарычны загад злавіць яго, пане капітан.

Крулеўскі. Час, час нам, пане паручніку, залучыць яго ў свае рукі.

Бусыга (дастае з кішэні лісток). Вось, проша пана-васпана, іхні лісток, брыдкі і агідны, я так думаю.

 

Крулеўскі і афіцэр бяруць лісток, разглядаюць.

 

Крулеўскі (чытае ўголас). «Таўстамордаму свінячаму войту Бусыгу. Ведай, панскі падбрэхіч, цябе чакае тое самае, што і твайго Саўку. Не цяпер, дык у чацвер будзем судзіць і цябе, як судзілі панскіх шпегаў, а разам з табою і тваіх бязмозглых паноў, і ў першую чаргу твайго...» (Кідае лісток.) О, пся маць!

 

Бусыга падымае лісток і аддае падышоўшаму афіцэру.

 

Афіцэр. «...і ў першую чаргу твайго задрыпу пана Крулеўскага. Занясі яму гэта пісьмо — няхай пачытае і ён. Мы дазваляем яму ўкусіць сябе за тое месца, якое ён выбера сам».

Афіцэр. Якое нахабства!

Узрушаны Крулеўскі шпарка ходзіць па пакоі, потым запыняецца каля Бусыгі.

 

Крулеўскі. Няхай пан войт зробіць распараджэнне выслаць у лес фурманкі. Загінуўшых на варце айчыны няхай агледзіць камісія на чале з панам следчым і доктарам, пасля чаго пахаваць урачыста, пры імшы і касцельным звоне.

Бусыга. Слухаю пана!

Крулеўскі. Пан войт павінен прыняць захады для выкрыцця злачынцаў. Гэтага патрабуюць інтарэсы маткі Польшчы і ўласныя інтарэсы пана войта.

Бусыга. Слухаю пана!

Крулеўскі. Пан войт можа быць вольным. (Лёгка ківае галавою.)

Бусыга. Довідзэння, панове.

 

Бусыга выходзіць, нізка пакланіўшыся. Афіцэр сядзіць, перагортвае паперы, потым адкладае іх, барабаніць пальцамі па стале.

 

Крулеўскі (прайшоўшыся па пакоі). Што пан паручнік скажа на гэта?

Афіцэр. А трэба, пане капітан, прыспяшыць высылку ў лес вайсковых часцей для поўнага зліквідавання шаек бальшавіцкіх бандытаў.

Крулеўскі. Так, так: пан паручнік мае рацыю, мосці дабрадзею. Трэба нарэшце скончыць з гэтым хлопскім збродам. За барбарскую расправу з агентамі польскага жонду, за нахабныя лісткі — расстрэл на месцы кожнага бандыта. Халупы іх пусцім дымам у паветра. (Зноў у абурэнні ходзіць па пакоі.) Я сам, пане паручніку, мосці дабрадзею, станаўлюся на чале карнай экспедыцыі.

Афіцэр. І гэта будзе, пане капітан, вернай гарантыяй поўнага вынішчэння бальшавіцкіх карэнняў па вёсках.

Крулеўскі (пыхліва стукае кулаком па стале). Яны адчуюць маю руку, пане паручніку, мосці дабрадзею!

 

Уваходзіць легіянер.

 

Легіянер. Пане капітан! Прывялі затрыманых: жабрака з кабетаю.

Крулеўскі. Жабрака? А на дʼябла ён?

Легіянер. Жабрак, пане капітан, падазроны.

Афіцэр. Трэба, пане капітан, зірнуць на яго.

Крулеўскі. Ну, то вядзі яго сюды.

 

Легіянер адчыняе дзверы. У пакой уваходзіць жабрак у лахманах, абвешаны торбамі, з доўгім кіем, з сіваю бародкаю, збітаю ў касмыкі. Пераступіўшы парог, моўчкі запыняецца. Стаіць і трасецца. Крулеўскі і афіцэр моўчкі ўглядаюцца ў яго.

 

Крулеўскі. Сконд ты ест?

Жабрак (не разумее). Га?

Афіцэр. Адкуль ты?

Жабрак. З лесу. Адкуль жа я?

Крулеўскі. А хто ты такі?

Жабрак. Га? Жабрак я.

Крулеўскі. А чаго ты трусішся?

Жабрак. Напалохалі мяне, панок.

Крулеўскі. Хто напалохаў?

Жабрак. Га? Ну, хто ж? Яны, чэрці. З дрыгвы павылазілі. А дрыгва там вялікая. Людзі не ходзяць па ёй: ступіш — правалішся і наверх не выберашся.

Крулеўскі. Раскажы нам падрабязна пра іх. Мы ніколі не бачылі чарцей.

Жабрак. Кінь, панок, пытацца пра іх. Сніцца, паганыя, потым будуць.

Афіцэр. Не, сноў мы не баімся. А ці не пакажаш нам тое месца, адкуль яны павылазілі?

Жабрак. Ой, баюся я. Але з вамі, паночкамі-ваякамі, не так страшна. Гэта як ісці адсюль, дык за Доўгім бродам.

Крулеўскі. Стой! Лжэш, галгане. (Хапае жабрака за бародку. Барада застаецца ў руцэ Крулеўскага.) Ну, мосці дабрадзею, што ж скажаш ты цяпер?

Афіцэр (узіраецца ў твар жабрака). Пастой, пастой, каханы. Дзе гэта бачыў я тваю хамскую морду? (Прыпамінае, пасля кароткай паўзы да пана Крулеўскага.) Пане капітан! А гэта той самы, што з-пад канвою збег, Мартын Рыль.

Крулеўскі (уражаны). Рыль? Ты Рыль?

 

Рыль не адказвае. Афіцэр зрывае з яго торбы і лахманы. З-пад лахманоў паказваецца наган. Афіцэр яго вырывае.

 

Афіцэр (да Крулеўскага). Пан капітан памятае. Гэта яго пан капітан наказваў канвою глядзець, як сваё вока.

Крулеўскі (прыглядаецца да Рыля). А, памятаю, кандыдат у бальшавіцкія камісары?.. Ну, цяпер ты будзеш віляць як сабака хвастом?

Мартын (панура). Я не панскае пароды.

Крулеўскі. О, які ганарысты! Але амбіцыю сваю схавай у кішэню. Лепей пагаворым спакойна. Як шпіён, ты падлягаеш смерці без усякага суда. Аднак лёс твой яшчэ ў тваіх руках. Мы табе даруем жыццё, калі ты чэсна перад панам Богам і Маткай Боскай раскажаш усю праўду аб сваіх хаўрусніках. Падумай і скажы.

Мартын (некаторы час панура маўчыць). Калі б вы папаліся ў мае рукі, дык у мяне і гутаркі не было б, каб зрабіць вас здраднікам. За каго ж вы мяне лічыце?

Крулеўскі. З кім ты раўняеш мяне, хаме?

Мартын. Я памыліўся: такога параўнання вы не варты.

Крулеўскі. Цо? Пся маць!

Афіцэр (надзяваючы на руку кастэт). У нас, апроч слоўнай мовы, ёсць мова іншых спосабаў.

Мартын. Чуў пра іх. На гэта-то вы мастакі.

Крулеўскі. Хто твае хаўруснікі? І дзе яны?

Мартын. Мае хаўруснікі — Іван, Сцяпан, Даніла, Кірыла, Кандрат, Ігнат, Яхім ды Трахім, ды Мацей з Аўдзеем. А дзе яны? Яны ўсюды. Нават сярод польскіх салдатаў многа ёсць.

Крулеўскі. Лжэш, хаме! Польскі жолнеж — верны сын свае ойчызны.

Мартын. Дык кепска пан ведае сваіх салдат.

Афіцэр. А скажы, Талаш — атаман вашага хлопскага зброду?

Мартын. Мы не зброд! А мы тутэйшыя людзі, а з прыблудным збродам мы ваюем.

Афіцэр (іранічна). Ах, пшэпрашам! Я пытаюся: хто атаман славутага партызанскага войска?

Крулеўскі. Чаму не адказваеш?

Мартын (сеў). Не люблю пустых гутарак.

Крулеўскі. Пустых гутарак? А дзе знаходзіцца ваша шайка?

Мартын. Там, адкуль зручней біць славутае панскае войска.

Крулеўскі (трацячы здольнасць валодаць сабою). Галган! Бальшавіцкая зараза! Мы развяжам твой язык і навучым цябе пачцівасці. (Шпарка падыходзіць да стала, звоніць, націскаючы на кнопку.)

 

Уваходзіць начальнік варты са словамі: «Слухаю пана капітана», бярэ пад казырок.

 

Крулеўскі. Пасадзіць гэтага разбойніка пад самы строгі арышт і надзець яму наручнікі. (Некалькі легіянераў накідваюцца на Рыля і надзяваюць яму наручнікі. Паручнік бʼе яго, бездапаможнага, кастэтам па твары.) Памятайце, што адзін раз ён ужо збег.

 

Начальнік каравула адчыняе дзверы, свішча ў свісток, уваходзяць легіянеры. Рыля пад канвоем выводзяць. У пакоі застаюцца Крулеўскі і афіцэр.

 

Крулеўскі (да афіцэра). Ну, што скажа пан паручнік?

Афіцэр. Зацятая юха, пан капітан. Але мы пасадзім яго на кабылу, тады ён вылажыць усё, што нам трэба. А цяпер, пане капітан, учынім допыт кабеце. Жанчыны больш падатлівыя.

Крулеўскі. Так, так, пане паручніку: праз іх мы павінны дабрацца да гэтых бандытаў.

Афіцэр (адчыняе дзверы). Прывесці сюды затрыманую кабету. (Варочаецца, садзіцца за стол, каб запісваць паказанні допыту.)

 

Крулеўскі шпацыруе па пакоі. Легіянер прапускае ў пакой жанчыну. Жанчына запыняецца, шырока адкрытымі вачамі глядзіць на Крулеўскага і на афіцэра. Ён таксама ўзіраецца ў яе. На іх тварах адбіваецца здзіўленне.

 

Крулеўскі (у здзіўленні). Пані вайтова! Як разумець тую акалічнасць, што пані апынулася ў кампаніі бандыта Мартына Рыля?

Аўгіня (уздрыгвае). Рыля? Дык гэты жабрак, пане афіцэр, і быў Рыль?

Крулеўскі. А пані вайтова не знала? (Недаўменна.) То як жа магло здарыцца, што вас затрымалі разам?

Аўгіня (бярэ сябе ў рукі, жахаецца). Ох, Божачка! А здарылася ж так. Хадзіла я да свае маткі. Яна ў другой вёсцы жыве, у Вепрах. Ішла я адна дадому, аж выходзіць з лесу жабрак, заступае дарогу: «Ідзі, — кажа, — са мной». Я давай прасіцца... І так і сяк, а ён ні на якія просьбы не паддаецца... Пагражаў мне і прымусіў ісці разам. Куды і чаго, ён не сказаў мне.

Крулеўскі (задаволены расказам). Ах, так. То іншая справа. Проша пані сядаць.

 

Аўгіня садзіцца, напускае на сябе вясёласць.

 

Афіцэр (з усмешкай галантнага кавалера). Пані така слічна, і не дзіва, што гэты лайдак забраў вас у палон. (Аўгіня апускае вочы. Да пана Крулеўскага.) Хлопская тактыка тут зразумела: залучыўшы пані вайтову, яны разлічвалі на кішэню пана войта. Яны меркавалі, пані вайтова, за вас атрымаць выкуп.

Крулеўскі. Пан паручнік мае рацыю. (Да Аўгіні.) А не скажа пані, што ён гаварыў вам?

Аўгіня (прыкідваючыся). Распытваў пра войта, куды ён ходзіць, якія людзі бываюць у яго.

Афіцэр (да Крулеўскага). О, цяпер праліваецца святло на іх брудны падкідны лісток, пане капітан.

 

За сцэнаю чуваць голас Рыля: «Прэч, каты!» Тупат ног, свісткі. Крулеўскі і афіцэр кідаюцца да акна. Аўгіня сядзіць акамянелая, толькі рукі трасуцца.

 

Крулеўскі (каля акна, стараецца захаваць спакой). Што там за гармідар?

Афіцэр (трывожна). Ці не хлопскі то налёт, пане капітан?

 

Абодва хапаюцца за рэвальверы, выбягаюць з пакоя.

 

Аўгіня (адна). О, каб яны падаспелі сюды... Матачкі, пазналі яго. Бедны, родны Мартын. (Стрэл.) Няўжо ты не вырвешся з панскіх ланцугоў? (Кідаецца да дзвярэй.) Што ж мне рабіць?

Уваходзіць афіцэр.

Афіцэр. Шайтан які! Разбіў наручнікі аб галаву няшчаснага начальніка варты. Але, пані вайтова! Пані можа быць спакойна. Жабрак пайшоў жабраваць на той свет... Пан капітан яго прыстрэліў.

 

Аўгіня змяняецца з твару і падае з крэсла. Афіцэр падбягае да яе, падымае. Уваходзіць Крулеўскі.

 

Крулеўскі. Што тут здарылася, пане паручніку?

Афіцэр. Проша падаць вады, пане капітан. Пані вайтова абамлела.

 

Крулеўскі налівае шклянку вады. Аўгіню прыводзяць у прытомнасць, саджаюць на крэсла. Аўгіня пʼе ваду, збіраецца з мыслямі.

 

Аўгіня. Ох, Божухна! Даруйце мне, паны афіцэры: я так напалохана, што не магу чуць страляніны.

Крулеўскі. То ніц, ніц, пані вайтова, проша заспакоіцца. (Падыходзіць да шафіка, дастае графін, налівае чарку, бярэ плітку шакаладу, падносіць Аўгіні.) То, пані, замест лякарства, кропля польскай старавудкі ўзмоцніць сілы.

Аўгіня. Дзякуй, пане афіцэру, за турбацыю. Усё прайшло, і я зусім здаровая.

Крулеўскі. Калі пані дазволіць, я маю да пані яшчэ адно запытанне: ці не помніць пані тое месца, дзе сустрэўся жабрак?

 

Аўгіня маўчыць.

 

А можа, пані была б так ласкава і паказала б нам гэта месца?

Афіцэр. Няхай пані нічога не баіцца, мы гарантуем пані поўную бяспеку.

Аўгіня (апускае галаву, збіраючыся з думкамі). Я баюся, пане афіцэру, таго месца. Там непадалёку партызанскае табарышча. Там яны туляюцца. А, барані Божа, даведаюцца пра мяне, дык не жыць мне на свеце.

Крулеўскі. Дзеля пана Бога і польскай дзяржавы, а таксама і для свайго ўласнага дому пані павінна пайсці на невялічкую ахвяру — перамагчы свой страх і нерашучасць. Гэтага патрабуе абавязак кожнага грамадзяніна Жэчы Паспалітай. Ухіленне ад гэтага святога абавязку можа быць вытлумачана як спачуванне пані вайтовай да бальшавіцкіх бандытаў.

Аўгіня (сядзіць у часе прамовы, апусціўшы галаву, пры апошніх словах уздрыгвае). Я згодна.

 

 

Карціна трэцяя

Глухі лес. Між дрэваў, азіраючыся, прабіраецца чалавек, селянін па абліччы і адзежы. Чалавек туляецца між карчоў. Раптам перад ім выступае партызан са стрэльбай, настаўляе штык, пераймае дарогу.

 

Балук (грозна). Стой!

 

Чалавек палохаецца, запыняецца.

 

Балук. Ты хто?

Чалавек. Ды я, браток, з тутэйшых месцаў.

Балук. Куды ідзеш?

Чалавек. Спаліў маю ўсю гаспадарку паляк... Іду да свайго родзіча ў Пласкінь. Можа, хоць з пуд жыта на хлеб дастану. Дзеці галодныя сядзяць. Пусці мяне, браток!

Балук (сурова). Шмат у каго цяпер галодныя дзеці. (Дастае свісток, збіраецца свістаць.)

Чалавек. Злітуйся, братка! Не рабі гэтага, пусці мяне. (Засоўвае руку ў кішэню, дастае грошы.) Вось вазьмі і пусці мяне. А я вам зла не мыслю.

 

Партызан не зварочвае ўвагі, дае свісток.

 

Чалавек. Братка! Нашто ты губіш дзяцей маіх?

Балук. Разабрацца трэба, хто ты і з чым ідзеш.

 

З лесу выходзіць дзед Талаш. Глядзіць на незнаёмага чалавека.

 

Талаш. А што тут у цябе, голубе? Хто такі?

Балук. З тутэйшых, кажа. Ідзе ў Пласкінь да сваяка. Грошы даваў мне, каб пусціў яго.

Талаш (да чалавека). Хто ты будзеш такі, голубе?

Чалавек. А вы, бацька, прыгледзьцеся да мяне добра, можа пазнаеце?

Талаш (углядаецца). Жыбуль! Дык ты жывы, здаровы?

Жыбуль, Я, дзядзька Талаш, паміраць не збіраюся.

Талаш. Вось гэта добра! Даўно, голубе, не бачыў я цябе. Хлопцы нашы ўжо непакоіцца пачалі.

Жыбуль. Дарма! Чаго там непакоіцца? Усё пакуль што добра ідзе. Была ў нас нарада — два дні цягнулася. Адусюль наехалі: і з-пад Полацка, з-пад Слуцка, з-пад Барысава. Пад Барысавам сам Арджанікідзе аперацыяй кіруе.

Талаш. А ты яго бачыў, голубе?

Жыбуль. Бачыў.

Талаш. Вось гэта, мусіць, ваяка! Эх! Паглядзець хоць бы на яго сваімі старымі вачамі, голубе!

Жыбуль. Пажывем, дык і пабачым. Ведаеш, бацька, Урангель зліквідаваны. Сілы Чырвонай Арміі рушылі сюды, супроць паноў. Даволі ім гаспадарыць на нашай зямлі. А я вось, бачыце, правяраю вашу варту. Малайцы. Дысцыпліна ў вас і пільнасць — што называецца.

Талаш (задаволены). Ого! Маім хлопцам пальца ў рот не кладзі, голубе.

Балук. А як жа іначай.

Талаш (да Жыбуля). Іначай, голубе, і няможна. Асабліва ў гэты час, калі мы вось-вось чакаем панскага войска.

Жыбуль. Раскажыце, як тут справа стаіць.

Талаш. Данеслі нам, голубе, нашы людзі, што пан Крулеўскі збіраецца на нас з войскам, ды не ведае, дзе наша галоўная сіла. Вось мы — я і Мартын Рыль — злажылі свой план: выбраць зручную для нас пазіцыю і завабіць пана з войскам. Гэту пазіцыю і абралі мы тут. Непадалёку ёсць дрыгвяністае балота... Мы і хочам, сынку, да балота іх прыперці і ў дрыгву загнаць. Калі нам удасца гэты план, усё будзе добра, голубе.

Жыбуль. А як жа вы думаеце завабіць Крулеўскага?

Талаш. Мартын Рыль сам узяўся зрабіць гэта. Жабраком для гэтага адзеўся, сынку.

Жыбуль. Важныя навіны, і план задуман добра.

Талаш. Каб толькі з Мартынам чаго не здарылася.

Жыбуль. Тут, бацька, трэба гадаць і так і сяк. Розныя здарэнні могуць быць... Аднаго толькі не трэба спускаць з увагі: кожная наша ўдача, поспех падымаюць дух барацьбітоў і паўстаўшага народа. Ці ўсё зроблена, каб забяспечыць наш поспех?

Талаш. Мы сабралі тут усю нашу грамаду ваякаў. Кулямёты паставілі ў надзейнае месца, голубе. Ваякі нашы на зямлі, у зямлі і над зямлёй: на дрэвах сабе пазіцыі абралі. На варце людзі надзейна стаяць.

 

Двед Талаш паварочваецца ў той бок, адкуль чуецца голас трубы.

 

Талаш (да Жыбуля). Голубе Жыбуль. У лесе паляк. Слухай. Зараз закукуе зязюля. (Стаяць, слухаюць. Збоку чуваць «ку-ку», «ку-ку».) Чуеш? Гэта азначае, голубе, — станавіся на сваё месца. Пойдзем.

 

Жыбуль і Дзед Талаш ідуць у лес. Сцэна на некаторы час застаецца пустою. За сцэнаю з процілеглага боку чуваць голас Крулеўскага. Уваходзіць Аўгіня.

 

Аўгіня. Хоць бы каго пабачыць. (Выпаўзае Дарвідошка.) Цсс, папярэдзь нашых... Крулеўскі тут з войскам.

Дарвідошка. Ведаю. Пастарайся затрымаць тут. Дзе яны?

Аўгіня. Хавайся, каб не ўбачылі. (Выйшла.)

Дарвідошка. Ну, брат Дарвідошка, не падгадзь, ну але. (Таксама выходзіць.)

Крулеўскі (уваходзіць). Пане паручніку, прыняць болей сталыя меры забяспекі. Рух войска прыпыніць, даць адпачынак і выслаць дадатковыя дазоры.

Паручнік. Слухам, пане капітан. (Выходзіць.)

Крулеўскі (ідзе з Аўгіняй). Дык пані кажа, да іхняга станавіска яшчэ вёрст пяць будзе?

Аўгіня. Не меней, пане афіцэру. Можна і адпачыцьтрошкі.

Крулеўскі (запыняецца, абводзіць поглядам лес). Можна адпачыць... Якая пушча!

Аўгіня. Тут, пане афіцэру, ёсць дуб... вось ён. (Паказвае на дуплаваты дуб.) Пра гэты дуб застаўся расказ у народзе.

Крулеўскі. Цікава. Няхай пані будзе ласкава, раскажа.

Аўгіня. Не ўмею я, пане афіцэру, складна расказваць.

Крулеўскі (прыкладае руку да сэрца). З вуснаў пані ўсякае слова, як чарка польскай старавудкі.

Аўгіня. Не смейцеся з мяне, пане афіцэру!

Крулеўскі. Я праўду кажу, пані, як Бога кохам. І хачу, каб пані расказала легенду аб дубе.

Аўгіня. Людзі так гавораць. Туляліся калісь у гэтым лесе два разбойнікі, родныя браты. Награбленае дабро хавалі ў дубе. Раз аднаго брата цяжка паранілі. Другі брат прывёў яго сюды. І вось нейкі злы дух пачаў яму нашэптваць: «Забі брата, усё дабро табе аднаму застанецца». Усю ноч адганяў ён ад сябе гэтыя шэпты, а раніцою не ўтрымаўся і забіў брата. Вось кожны год у той дзень, калі забіў брат брата, чуецца голас каля гэтага дуба: «Помста! помста!»

Крулеўскі. Легенда якраз стасуецца з гэтым цёмным лесам.

Аўгіня. А вось, пане афіцэру, калі ўзлезці на гэты дуб, то ў прагале між галін відаць і балота, пра якое расказваў пану жабрак Рыль. На балоце ёсць востраў. Ці не там хаваюцца партызаны?

Крулеўскі. А-а! Так, так, пані. То трэба, пані, разведку зрабіць. (Падыходзіць пад дуб і аглядае яго.) Што пані так пазірае?

Аўгіня. Ой, якая ж я дурная. Пастух статак гоніць, а мне здалося немаведама што. Схавайцеся, пане афіцэру, а я пайду распытаюся.

Крулеўскі (хаваецца за дуб). А ладная, псякрэў, кабета. Але дзе ж яна падзелася?

 

Ваенная труба падае баявы сігнал.

 

Крулеўскі (некаторы час сядзіць, прыпаўшы да дуба, потым крычыць). Пане паручніку! Ка мне на паратунак!

 

З лесу выходзяць дзед Талаш і Будзік.

 

Аўгіня. Сюды! Унь ён, забойца!

 

Крулеўскі з рэвальверам у руцэ кінуўся бегчы.

 

Жыбуль (выбягаючы з лесу). Стой!

 

Наводзіць на Крулеўскага наган. Крулеўскі страляе ў Жыбуля. Жыбуль выпускае наган, асядае на калена, хапаецца рукой за левы плячук. Талаш страляе ўсутыч у Крулеўскага. Крулеўскі падае.

 

Талаш (нахіляецца над Жыбулём). Жывы, голубе?

Жыбуль. Плячо гарыць, бацька, а так — глупства.

 

У лесе грыміць «ура».

 

Талаш. Чуеш, голубе, наша бярэ! Перавяжы, Аўгінька, рану... Вылечым цябе, сынку, на радасць нашу.

 

Жыбуль прабуе падняцца сам. Аўгіня падтрымлівае яго, памагае сесці.

 

Жыбуль. Потым, потым, Аўгінька, магу пачакаць. (Прабуе паварушыць леваю рукою. Грымаса болю адбіваецца на яго твары.)

 

Бой і музыка. Цёмна, потым світае.

 

 

Новы малюнак

 

Талаш. Так, таварышы-голубе, партызанскае войска. Яшчэ адна перамога наша. Але знімем шапкі, ушануем памяць ваякаў, што загінулі ў бітвах з панамі за грамадскую справу. (Усе моўчкі знімаюць шапкі.) Сярод вас, голубе, партызанскія камандзіры, не далічваемся мы... (голас яго дрыжыць) аднаго з лепшых нашых камандзіраў.

 

З натоўпу ціхія галасы: «Рыль, Мартын Рыль». Аўгіня стаіць з нізка апушчанаю галавою, журботная.

 

Талаш. Эх, Мартыне, голубе! Не парадуешся ты з намі радасцю перамогі над панамі. Загінуў Мартын.

Галасы. Смерць панам! Адпомсцім за Мартына!

Аўгіня. Я на допыце паклялася адпомсціць за яго: заступіла яго месца і прывяла забойцаў сюды.

 

У натоўпе чуваць галасы: «Загінуў, бедны», «Які быў чалавек!»

 

Жыбуль (устае, абапіраючыся здароваю рукой на плячо Аўгіні). Таварышы, такія людзі, як Мартын Рыль, не ўміраюць у памяці народа. Ён будзе служыць кожнаму з нас прыкладам барацьбіта. Будзьце ж і вы такімі, як ён.

Галасы. Будзем біцца за справу, якую рабіў Мартын.

Усе. Будзем!

Аўгіня. Я прашу вас, даражэнькія, памагчы мне знайсці яго цела, каб пахаваць. Не патрапіла я жыць разам з ім, дык хоць буду прыходзіць на яго магілу з сваёй дачкой. Яна — усё, што ён пакінуў мне. Яна — яго родная дачка.

Усе. Дачка!

Голас. Алеся — Мартынава дачка.

Талаш. Знойдзем, знойдзем, Аўгінька. Пахаваем як героя. Таварышы партызаны! Я хачу выказаць сваю і вашу падзяку партыі. Яна паслала нам на дапамогу свайго лепшага сына, таварыша Жыбуля. Гэта ён, голубе, збіраў нас, пакрыўджаных панамі і параскіданых, як пажоўклае лісце ў полі. Гэта ён развязваў нам вочы, падымаў на змаганне і засланяў нас сваімі грудзьмі. Дык будзем жа біцца з панамі, покі хоць адзін пан застанецца на нашай роднай зямлі.

Усе. Будзем! Будзем!

Дарвідошка. Дазволь мне, бацька камандзір, слова.

Талаш. Кажы, голубе!

Дарвідошка (выходзіць з натоўпу):

 

        Покі ў свеце ёсць паны,

        Зброі не паложым.

        Толькі мы, а не яны

        Зробім свет прыгожым.

 

Жыбуль. Ваяваць, сябры, да канца ваяваць!

 

Усе падымаюць вінтоўкі, спяваюць:

 

 

        Расступіцеся, лясы,

        Перад нашай сілай,

        Няхай стануць верасы

        Панскаю магілай.

        Будзем, будзем гнаць паноў,

        Біць, як чортавых сыноў.

 

ЗАСЛОНА

 

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. Т. 15: Пʼесы. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. - 788, [3] с.