epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У разведцы

 

Мікіта Палазок першы раз пайшоў у разведку. З ім былі яшчэ два чырвонаармейцы. Разведчыкі ішлі павольна, стараючыся не спускаць з вачэй адзін аднаго. Выбіралі мясціны глухія.

Ім трэба было прабрацца за раку, прайсці адкрытым месцам каля паселішча, занятага немцамі, і сабраць весткі аб колькасці ворага і яго агнявых сродках. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Ён спыніўся, прыслухаўся, стараючыся ўлавіць шорах іх крокаў, але навакол панавала цішыня.

Змяркалася. Дзесьці далёка грукаталі гарматы. Палазок насцярожана ўслухваўся ў лясную ціш. Ён свіснуў, спачатку нясмела, потым гучней. Ніхто не адазваўся. Пачуццё адзіноты ахапіла Палазка. Ён зірнуў на гранату, на сваю вінтоўку. Цяпер гэта – яго адзіныя надзейныя сябры. «Эх, не збіцца б з дарогі...»

У небе зʼявіліся першыя зоркі, калі ён выйшаў з лесу. Перад ім рассцілалася поле. За полем ізноў быў лес, які тануў у вячэрнім змроку. Лявей цягнуўся хмызняк, аблямоўваючы даліну са стагоднімі адзінокімі дубамі. Палазок накіраваўся да хмызняку і ўбачыў даволі шырокую і быструю раку. Той бераг яе быў высокі. Да яго падыходзілі прысядзібныя землі калгаснікаў. Палазок вырашыў прабрацца ў гэтае паселішча. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых.

На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Яны прабіраліся ўздоўж берага. Зоркія вочы Палазка разглядзелі ўзброеных салдат. А можа гэта яго таварышы? Але калі салдаты падышлі бліжэй, ён пачуў іх гаворку і зразумеў, што гэта немцы. Палазок пастаяў яшчэ некалькі хвілін і, калі немцы адышлі, падаўся берагам ракі ў другі бок.

Шукаючы зручнага для пераправы месца, Палазок заўважыў схаваны ў кустах рыбацкі човен. Сапхнуўшы човен на раку, ён паплыў па плыні паўз самы бераг, хаваючыся ў прыбярэжным зарасніку і высокай рачной траве. Выплыўшы за паселішча, Палазок накіраваў човен на той бераг.

Пасёлак, да якога падышоў Палазок, здаваўся вымершым. Нідзе не відаць было агню. Раптам Палазок пачуў жаночы крык, грубы мужчынскі смех і нямецкую мову. Што там такое?

Палазок асцярожна стаў падкрадацца ў той бок, адкуль чуўся крык. З начной цемры выплыла хата, а наводшыбе ад яе – хлеў, за якім пачынаўся малады сасоннік. Падкраўшыся бліжэй, Палазок убачыў каля хлява двух, як відаць, пʼяных, немцаў. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Той, які стаяў унізе, падзадорваў свайго сябра і рагатаў, гледзячы на яго няўдалыя спробы авалодаць жанчынай.

Гэта дзікая забава фашысцкіх бандытаў прывяла Палазка ў ярасць. Узняўшы вінтоўку, ён кінуўся да фашыста, які стаяў каля лесак і штыком распароў яму грудзі.

Фашыст крыкнуў і грузна, як мяшок, асеў на зямлю. У гэты ж час лескі захісталіся, страціўшы раўнавагу, і грымнуліся разам са стаяўшым на іх фашыстам. Толькі цяпер разгледзеў Палазок, што гэта былі не простыя салдаты, а нямецкія афіцэры. У яго мільгнула думка ўзяць другога фашыста жыўцом. Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Ён ляжаў, стагнаў і зваў на дапамогу Палазка, прымаючы яго за немца. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Потым сарваў паходную сумку з забітага фашыста і зняў з яго рэвальвер. Абмацаў у кішэні пачак папер і паклаў іх за пазуху.

Жанчына – твар яе ў цемені цяжка было разглядзець – здзіўлена пазірала на ўсё, не разумеючы, у чым справа. Потым, улучыўшы хвіліну, яна хутка павісла на руках, ухапіўшыся за бервяно, і, спрытна саскочыўшы на дол, кінулася ўцякаць. Палазок толькі на адно імгненне ўбачыў быструю маладую постаць, што зараз жа знікла ў начным змроку. Пачуццё горычы заварушылася ў сэрцы чырвонаармейца.

«Што ж яна? – падумаў Палазок. – Гэта ж мне нядрэнна было б распытаць у яе...»

Аднак час быў дарагі. Палазок схапіў за каўнер нямецкага афіцэра:

– Ну, Гітлер, айда ў дарогу... – і пацягнуў яго да чоўна.

Калі Палазок падыходзіў са сваім палонным да ракі, дзе стаяў човен, яго дагнала дзяўчына.

– Дык ты наш, наш родны чырвонаармеец? – у захапленні пыталася яна. – А я думала, што гэта немцы пабіліся паміж сабой, і ўцякла. А потым бачу – ты вядзеш гэтага падлюгу. Ух, фашысцкія барбосы... Цьфу! – плюнула яна ў бок фашыста і, рэзка змяніўшы тон, сказала Палазку:

– Ведаеш што? Вазьмі мяне з сабой. Я даўно хачу быць у Чырвонай Арміі. Можа і для мяне там работа знойдзецца.

Палазок уважліва паглядзеў на яе.

– Ну што ж, пойдзем!

Пачынала ўжо днець, калі Палазок з захопленым «языком» і дзяўчынай вярнуўся ў сваё падраздзяленне.

[1941]


[1941]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6