epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У школку

Ярка на камінку

Смольны корч палае,

Бацька на калодцы

Лапці выплятае.

 

Латае халацік

На услоне матка:

Ў школку заўтра пойдзе

Іх сынок Ігнатка!

 

Сын васьмігадовы

Корчык падкладае,

З бацькавай работы

Вочак не спускае.

 

Светлая галоўка

Мыслямі занята,

Многа ўсякіх думак

  У вачах Ігната!

 

– Ну, Ігнат, глядзі, брат,

Не дурэй, вучыся.

Годзе жыць без дзела —

За буквар вазьміся!

 

Будзь старанным, сынку,—

Станеш чалавекам,

Будзеш ты чытаць нам,

Цёмнікам, няўмекам,

 

Што у кнігах пішуць,

Што мы ў свеце значым,

Бо мы самі цёмны,

Свету мы не бачым.

 

Слухай, што настаўнік

Гаварыць там будзе

Пра навуку, кнігі

І аб цёмным людзе.

 

А старанны будзеш,

Да навукі здатны —

Я прадам кароўку

І кажух астатні,—

 

Ты ж ідзі ў навуку,

Толькі, брат, вучыся.

Дык, глядзі ж, сыночак,

Шчыранька вазьміся!

 

На гульню пустую

Плюнь, махні рукою,

Каб і я і маці

Цешылісь табою.

 

На казанне бацькі

Адказаў Ігнатка:

– Буду я вучыцца,

Як ты кажаш, татка!

 

А як спаць улёгся,

Думкі мімаволі

Гаманілі ў сненні

Хлопчыку аб школе.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910