epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У старэчай адзіноце

Адзін я, самотны, бы крыж заімшэлы

На варце сядзіб і дарог.

Струхлеў ён, пакрыў яго мох,

І цягне зямля к сабе кволае цела.

 

Канчаецца шлях мой, стаміўся я дужа,

Ніхто ж мне не скажа: прысядзь!

Засмейся, маршчыны разгладзь

Ды сілы, здароўя займі яшчэ, дружа!

 

Навокала гляну – як шмат зеляніны!

          А я ад жыцця адстаю,

Як дрэва, што сохне ў гаю,

Угору падняўшы сухія галіны.

 

У шуме турботным няспынным патокам

Наперад ідзе мой народ.

То – моладасць свой пачынае паход

К тым далечам ясным і марам далёкім.

 

Я ж, стоячы збоку, за плынь маладую

У сэрцы малітву злажу,

А сам па сабе патужу

        Ды моўчкі самога сябе пашкадую.

 

18/ІХ 1947


18.09.1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4