epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У сухмень

Злегла воўнаю густою

Цемра ночы над зямлёю.

Цішыня. Цяплынь.

Скрозь прагалы хмар кашлатых

Зораць зоры, як дзяўчаты,

З цьмяных далячынь.

Лес стаіўся нерухома,

Нібы ловіць голас грому

З тых далёкіх хмар.

            Дзесь гуляюць бліскавіцы,

Цемру гушкаюць зарніцы,

Родзяць слодыч мар.

І зямля заціхла нема,

У турбоце яе дрэма,—

Эх, каб дожджык ёй!

Нібы ў тон яе журботам

Пад застрэшкай, каля плота,

Пчол гамоніць рой,

Ды так ціха, ды так глуха!

            У тым гудзе чуваць скруха

Ці то жаль зямлі.

Дзесь цвыркун бесперастанку

Цягне сумную спяванку

У густым галлі,

Ды ўстрывожана птушына

Па-над рэчкай у нізіне

        Свісне, бы ў кларнет.

Праплыве гук баязліва

Па-над лугам, па-над нівай

        У знямелы свет,

Ды зноў ціха-ціха стане.

Ночка ў чорным сарафане

Робіць свой абход,

Расчыніўшы аканіцы

Ясным зорам і зарніцам,

Люстру ціхіх вод...

Хмары ходзяць і знікаюць,

А зарніцы ўсё бліскаюць,

Аж трасецца цьма.

        А зямля глядзіць гаротна

На бясплодныя палотны —

Не, дажджу няма!

 

15/ІХ 1938


15.09.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938