epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У тыле ў Дзянікіна

У глыбокім яры тулілася жменька чырвонаармейцаў, чалавек дванаццаць. Сядзелі, стаіўшыся, у густым дубовым кустаўі.

Сувязь з сваімі часцямі была парвана ў сумятні нядаўняга бою. Чырвоныя падаліся на поўнач, здаўшы пазіцыю дзянікінцам. Лявей, ужо ўперадзе, пагрымлівалі гарматы, а на правым флангу дзянікінцаў татакалі кулямёты. Але бой заціхаў, і фронт перасоўваўся на новыя пазіцыі. Яр і кучка чырвонаармейцаў апынуліся на тэрыторыі Дзянікіна.

Чырвоныя сядзелі моўчкі, думаючы кожны на свой лад.

Становішча нецікавае!

– Вось табе і ў палон папалі! – уголас прамовіў Мікіта Чуракін, жывы, вясёлы хлопец.

– Палон не палон, а справа, братцы, – табак! – азваўся салідны Дземух, бывалы салдат-беларус.

Настрой сярод кучкі чырвонаармейцаў быў зніжаны, і асабліва занепакоеным быў нядаўна прысланы ў войска Андрэй Буркін, з рабочых, партыец, ён жа і начальнік аддзялення. Ён стараўся нічым не выказаць свайго хвалявання, а ў думках вінаваціў сябе, як камандзіра, што папаў у такое дрэннае становішча.

– Тфу ты!.. – пляваў ён і аздабляў гэтае пляванне выкрунтасістымі крэпкімі словамі.

– І як гэта мы адарваліся ад сваіх, раздзяры твае пашчэнкі!

– Стой, хлопцы! – пачаў дзелавіта Дземух. – Паставіць варту і зрабіць разведку – ніколі шкоды не зробіць.

– А што вартаваць тут? – пачуўся скептычны голас. – Сядзі, чакай, пакуль ноч не прыйдзе.

Некалькі галасоў падтрымалі яго.

Дземух паважна падняў угору палец.

– Глядзі наперад, пазірай назад, абводзь вачамі навакол сябе, і ты ніколі не прападзеш, – тонам глыбокага праканання зазначыў Дземух.

– Эх, хто ні карыстаўся нашаю цёткаю! – трагічна азваўся Максімёнак. Мабыць, хацелася выказаць той паршывы стан, у якім апынуліся яны.

А Буркін тут жа распарадзіўся паставіць варту. Пры гэтым дадаў:

– Тт.! Памятайце, з кім ваюеце і за што ваюеце! Трымайцеся!

– Самае важнае для салдата – тутун!

Сказаўшы гэта, Дземух пашыўся ў кусты і знік. Ні ежы, ні тутуну ні ў кога не было.

Прайшло з паўгадзіны часу. Дземух не варочаўся. У Буркіна закралася было нават падазрэнне, ці не задаў ён стракача.

І раптам кусты зашумелі, заварушыліся. Пачулася шухканне ног як бы моцна спалоханага чалавека. Чырвонаармейцы паўсхопліваліся і – за стрэльбы!

З кустоў ляцеў на зламанне карку Дземух!

– Тры чалавекі ка мне! – з прыціскам, узрушана і прыцішана выгукнуў Дземух.

Чырвонаармейцы таксама ўзрушыліся, але ніхто не крануўся, не разумеючы, у чым справа.

– Правіянт і тутун! – паясніў Дземух.

Буркін і яшчэ два чырвонаармейцы пабралі стрэльбы і пабеглі. Прабраліся праз кусты на верх яра. За кустамі пад старою грушаю залеглі.

Падʼязджала сялянская падвода.

Карослівы каняка ледзь-ледзь цягнуў каламажку з нейкаю паклажаю. На возе сядзелі два дзянікінскія салдаты, а селянін у суконнай світцы шоў збоку.

– Як скажу «рраз!», выскаквайце ўсе як адзін, – ціха сказаў Дземух, гледзячы праз куст.

Як толькі галава каня параўнялася з ігрушаю, пачулася «рраз!»

Усе чацвёра выскачылі з-пад яе.

– Ні з месца!

Спынілі падводу.

– Злазь з воза!

Перапалоханыя фурман і дзянікінцы замлелі.

Салдат пасцягалі з воза.

– Куды едзеце?

– У штаб палка.

– Што вязеце?

– Правізію для гаспод афіцэраў.

– А, для гаспод? Ну, хоць гэта ў нас і не палагаецца, але сёння і мы пабудзем гаспадамі, – заўважыў Дземух, – а покі што пойдзем у наш штаб!

Фурману закамандавалі выпрагаць каня. Каламажку з паклажаю звярнулі з дарогі, уцягнулі ў кусты. Усё гэта зрабілі вельмі борзда і жыва.

– Бяры гэтыя пакі на плечы і чухай у яр! – камандаваў Дземух.

Дзянікінцы паслушна ўзвалілі на сябе па ёмкай скрыні.

– Ох ты, горушка маё! – застагнаў барадач-дзядзька, падстаўляючы плечы пад вузел. – Наўперад конь вёз, а цяпер і сам цягай! І калі ж вам, сукіным сынам, канец прыйдзе?

– Не лайся, дзядзька: і сам адпачынеш, і конь папасецца. А халадком дамоў папрэш, – заспакойваў яго Дземух.

Каламажку апаражнілі. Паклажу прыперлі «ў штаб» чырвоных, у вельмі зацішнае месца, дзе схаваліся чырвонаармейцы.

– Не шумі, хлопцы! – перасцярог Буркін.

А «хлопцы» з незвычайным захапленнем трыбушылі дабро «для гаспод афіцэраў».

– Братцы, папяросы!

– Кансервы!

– Булкі!

– Масла!

Салдат-дзянікінец у портках з салявога мяшка дастаў пакуначак і ўрачыста падняў яго ўгору.

– Калі не памыляюся, дык гэта – каньячок!

– За такую знаходку Георгія табе павесім! – узрадаваўся Чуракін.

– Парадак, хлопцы, парадак! Каб не было анархіі і ніякага імперыялізму! – наводзіў парадкі Дземух, хватаючы бутэлькі.

Барадач-дзядзька наўперад стаяў збоку: пазіраў як бы з дакорам на ўсю гэтую сумятню-завіруху. А потым, калі ўсё «дабро для гаспод афіцэраў» было распакавана і ўстала ў сваёй шыкарнай наяўнасці, не ўстаяў і дзядзька-барадач. Вочы яго заблішчалі.

– Бач ты, сукіныя сыны! Гэтыя ў салявых портках шчагеляюць, а яны кансервы, масла і каньякі лопаюць! А, скула ім у горла!

Галодныя чырвонаармейцы прагавіта накінуліся на яду. А Дземух паўпіхаў коркі ў бутэлькі каньяку.

– Пачні, тав. камандзір! – паднёс ён першаму Буркіну.

Буркін хацеў штось сказаць. Убачыў, што каньяку ўсяго пяць бутэлек і заспакоіўся ды прапусціў пару чырвонаармейскіх глыткоў. Крэкнуў і сказаў:

– Тт.! Трымайцеся! Памятайце, з кім ваюеце і за што ваюеце!

– Вось ты казаў, што ў палон мы папалі. А мы самі ў палон узялі! – звярнуўся Дземух да Чуракіна і дадаў:

– Глядзі наперад, пазірай назад і абводзь вачамі вакол сябе, і ты ніколі не прападзеш.

Далі глытнуць і барадачу-дзядзьку.

– Ну, салявыя мяшкі! – звярнуўся Дземух да дзянікінцаў з бутэлькаю ў руках. – Калі б на вас не было портак з салявога мяшка, а былі тут наплечнікі залатыя, дык мы б вас павешалі тут на грушах. А паскольку вы можаце быць або нявольнікамі, або проста дурнямі, то гэта ўсё можам вам дараваць. З нявольніка можна зрабіць вольнага чалавека, з дурня...

Дземух памаўчаў: вось тут справа горш. Але дурні бываюць часовыя і дурні вечныя. З часовага дурня можна зрабіць разумнага чалавека... дык наце пацягнеце!

Буркін змяніў варту.

Падмацаваліся на славу. Павесялелі, закурылі папяросы, прыназначаныя «для гаспод афіцэраў». Завязалася гутарка.

Буркін сядзеў з дзянікінскімі салдатамі, распытваў іх, збіраў патрэбныя весткі ваеннага характару. Барадач-дзядзька знаёміў Дземуха з тапаграфіяй, расказваў, як трэба ісці, каб дабрацца да сваіх.

– Нам больш нічога не застаецца, як трымацца, браткі, вас і ісці з вамі, – заявілі чырвонаармейцам дзянікінцы.

Надышоў вечар. Сцямнела. Барадачу-дзядзьку памаглі выцягнуць каламажку.

Позна вечарам чырвонаармейцы рушылі з яра. З імі пайшлі і дзянікінцы.

Выступаючы, Буркін напомніў:

– Памятайце, тт., з кім ваюем і за што ваюем.

[1928]


[1928]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6