Дагарае душны дзень,
Блекнуць тоны неба.
Гасне ў топалях прамень —
Сонца больш не трэба.
Ноч ідзе на змену дню,
Сее свае чары,
Паліць свой касцёр агню
У кудзелі хмары.
І спаліла ўшчэнт яе
Залатым пажарам.
Песню ноч сваю пяе,
Гімн складае марам.
Паліць ночка ліхтары —
Зор мільён мільёнаў.
Ты ж умей сабраць дары
Са сваіх загонаў.
Адпачынь ты, браце мой,
Спі, Гасподзь з табою!..
Ох, спакой, людскі спакой!
Ды няма ж спакою.
30/VII 1943