epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Удовіна хата

З краю вёскі сірацінкай

Заняпала хата.

Тут не ладзяць вечарынак,

Не прадуць дзяўчата.

 

Пагніло бярвенне ў сценах,

Вырас мох на стрэсе.

Сыра ў хаце, пуста ў сенях,

Глуха, як у лесе.

 

Прытуліўся хлеўчык збоку,

Як дзіця да маткі.

Смутна сэрцу, нудна воку,

Як зірнеш на хатку.

 

Шыбы ў вокнах перабіты,

Як бы ў пераплёце,

Каля ганка дол парыты,

Збан, гаршчок на плоце.

 

Доля гэты кут мінае,

Гора тут пануе,

Тут кабета маладая

З дзеткамі гаруе.

 

Рве без жалю вецер стрэху, –

Цяжка без мужчыны!

Не чутно тут спеву, смеху, –

Тут удоўка гіне...

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910