Вобраз мілы, поўны чараў,
Маладой вясенькі мараў,
Гожа з прошласці ўстае
І з чароўнай нейкай сілай
Мігатнецца казкай мілай,
Ў сэрцы радасцю снуе...
Ой вы, светлыя ўспаміны
Аб дзяньках маіх дзяціных,
Перабытых часаў ніць!
Ой, вяліка ваша ўлада!
Вамі сэрца поўна, рада,
З вамі люба гаманіць.
Мо затым і жывяцё вы,
Каб развеяць сум жыццёвы,
Тугу-жальбу адагнаць?
Вобраз мілы і далёкі
Ў сэрцы кінуў след глыбокі,
Ціхай жаласці пячаць;
І цяпер скрозь змрок халодны
Ўстане гэты вобраз родны,
Шчасцем душу ўскалыхне,
Потым смуткам адгукнецца,
Ціхім жалем пранясецца
І ў глыбінях патане.
2/VI 1915