Дзень маркотны, невясёлы...
Па зямлі пайшоў туман.
Чуць відаць і лес, і сёлы,
Чуць відзён з імглы курган.
Дробны дожджык беспрастанку,
Як скрозь сіта, ўсё імгліць.
Гразь настала каля ганку,
З капяжа ўсё капаціць.
Толькі жоўты лісцік клёна,
Як пяро, наніз ляціць;
Толькі галка і варона
Нудна ў полі закрычыць.
Хмары сонейка закрылі,
Зор у ночку не відаць.
І на сэрцы, бы ў магіле...
Плакаць хочацца, стагнаць...
1906–1907