epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вайна вайне

Акт першы
Акт другі
  Карціна першая
  Карціна другая
Акт трэці
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
Акт чацвёрты


 

 

ПРЫМАЮЦЬ УДЗЕЛ:

 

Дзед Мікіта — селянін, гадоў за 60.

Бабка Таццяна — яго жонка, 55 гадоў.

Міхась — сын дзеда Мікіты, салдат запасу, гадоў пад 30.

Наста — жонка Міхася, 25 гадоў.

Гараська — сын Міхася, хлопчык, гадоў 9.

Алесь — вясковы настаўнік, кватарант дзеда Мікіты, 25 гадоў.

Марына — настаўніца, гадоў 20.

Аслаў — сусед дзеда Мікіты і прыяцель, заіка, гадоў за 60.

Думака Патап — шахцёр, прыяцель Алеся, гадоў 25.

Дзяменя Дзямян — бабыль

Дроб Паўлюк запасныя, гадоў па 30.

Гузыр Андрэй

Тэкля — вясковая кабета, гадоў 40.

Караліна — дурная жанчына, гадоў пад 50.

Стараста — селянін, гадоў пад 40.

Поп.

 

Бухрай — заможны селянін, 45 гадоў.

Максім Кучаравы — бальшавік-падпольшчык, гадоў 30.

Шышла — паліцэйскі ўраднік, гадоў 30.

Будан-Рыльскі — земскі начальнік, афіцэр запасу, гадоў 35.

Жухін — афіцэр-ліберал

Першы афіцэр — дваранін гадоў па 25—30.

Другі афіцэр — кадравік

Сястра міласэрная.

Дзесяцкія, салдаты, афіцэры, матросы, сяляне, сялянкі.

 

 

Акт першы

Сярэдзіна лета. Вясковая вуліца. Адным канцом упіраецца ў пясчаны бераг рэчкі. На беразе дзе-нідзе стаяць нахіленыя вербы. Недалёка ад рэчкі стаіць хата дзеда Мікіты з адчыненым акном. Насупраць хата Аслава. Аслаў папраўляе сеці. Дзед Мікіта клепле касу. Берагам ідуць Марына і Алесь, гутараць, прыслухоўваючыся да ціхай жніўнай песні з поля.

 

 

 

Я малада з поля ішла,

 

   Пад поясам сярпок нясла,

 

   За плячыма калысачку.

 

   Сустрэў мяне родны татка:

 

   — Чыё, донька, дзіця нясеш?

 

   — Нясу дзіця суседскае.

 

— Чаму, донька, тваё ліцо?

 

— Мой татачка, мой родненькі!

 

   Яно пры мне раджалася,

 

   Яно пры мне гадавалася,

 

   А ў маё ліцо ўдавалася.

 

 

 

   Ды я жала да вечара,

 

   Ды жала я да вечара.

 

   Баліць мая сярэдзіна.

 

   Каб я мела дзіцятачка,

 

   Каб у мяне маленькае,

 

   Можа б яно заплакала,

 

   Дык я б яго скалыхнула,

 

   Сярэдзіна б адпачнула.

 

 

 

 

Алесь (запыняецца). Вось ты зірні, Марынка, якая спакойная, якая ціхая гэтая сельская ваколіца і колькі ў ёй смутку і, ведаеш, нейкага тужлівага задумення.

Марына. Ты, здаецца, упадаеш у лірычны настрой.

Алесь. Не, я проста хачу адзначыць, што гэты спакой фальшывы.

Марына. Не зусім ясная думка.

Алесь. Ды я ж і не выказаў яе да канца. Слухай і ты пачуеш вялікую праўду.

Марына. Калі ты скажаш вялікую праўду, дык я абвяшчу цябе прарокам і першая пайду за табою.

Алесь (хітра). Памажы ж мне, Божа, сказаць вялікую праўду... Не, я лепей запішу яе наўперад у сваю кніжку. (Дастае запісную кніжку, піша.)

Марына. Ну, пакажы.

 

Марына заглядае ў запіс. Алесь хавае, не паказвае.

 

Алесь. Не, не пакажу: а раптам ты скажаш, што гэта не такая праўда, каб абвяшчаць мяне прарокам. Не, не.

Марына. Ну, пакажы.

Алесь. Не, не: не хачу рызыкаваць.

 

Смяюцца, праходзяць.

 

Аслаў (да дзеда Мікіты, ківаючы галавой у іх бок, заікаючыся). Ш-ш-шпацыруюць настаўнік і настаўніца.

Дзед Мікіта. А што ім рабіць, чуй, дурань-браце. Маладыя.

 

На вуліцы паказваецца жанчына з сярпом, перавязаным анучкаю, і са збанком на восілцы ў руках. Ідзе борзда, спяшаецца. Аслаў расстаўляе рукі, як бы хоча злавіць яе, перагароджвае дарогу.

 

Аслаў (расставіушы рукі). І-і-і не пушчу. (Тэкля кідаецца ў другі бок, каб абысці Аслава. Аслаў зноў пераймае.) Сказаў — нне ппушчу, і-і нне ппушчу.

Тэкля. Ды кінь. Няма калі жартаваць!

Аслаў. Не, нне ппушчу!.. Ччаму ты нне сказала мне «дзень добры»?

Тэкля. Ды адвяжыся ж ты, слата. Стары чалавек, а робіць чорт ведае што.

Аслаў. Вось жа і-і-і нне адвяжуся. Чаму ж нне сказала «дзень добры»?

Тэкля. Ну, дзень добры, няхай ты недажджы.

Аслаў (не апускаючы рук). А-а-а цяпер позна... Сскажы, куды ідзеш? Б-б-брэшаш, Тэкля, і-і-і нне ппушчу!

 

Тэкля злосна плюе, парываецца ў другі бок. Аслаў загароджвае дарогу.

 

Тэкля (злосна). А бадай табе, Аслаўка, вочы загарадзіла, як загарадзіў ты мне дарогу. Вось варʼят чалавек, зусім ужо здзяцінеў.

Аслаў. Сскажы, куды ідзеш, тады ппушчу.

Тэкля. Аслаўка, родненькі! Пусці ж ты мяне — не да жартаў мне: жыта асыпаецца на полі. І так выбралася позна.

Аслаў (апускае рукі). Ччаму ж ты адразу так не сказала? А то і сабе ччас зводзіць і ад мяне адбірае... Ну, ідзі сабе.

 

Тэкля борзда ідзе далей.

 

Дзед Мікіта. Ха-ха-ха! Чуй, дурань-браце: стары ўжо ты чалавек, а ўсё дзівацтва не кідаеш. Ха-ха-ха! Жанчына ледзь са скуры не выскачыць, на поле бяжыць, а ён запыняе.

Аслаў. А хто ж іх і розуму навучыць, калі не я?.. Ты вось глядзі, Мікіта: замест таго, каб ісці проста і зразу сказаць, куды ідзе, яна пачынае блытацца, перашкоды абмінуць хоча.

Дзед Мікіта. Ды як жа ёй, чуй, дурань-браце, і не абмінаць, калі на дарозе вось такі пень стаіць.

Аслаў. А ты ўмей цераз пень пераскочыць латвей.

 

Уваходзіць Патап. Ён коціць кола.

Патап. Дзень добры, дзядзькі!

Дзед Мікіта і Аслаў. Дзень добры, Патапе, дзень добры!

Патап (да Аслава). Дык, дзядзька, усё вучыш?

Аслаў (рашуча). А і вучу! Вось ты скажы, колькі разоў ляжа іголка ад Мазыра да Слуцка?

Патап. Закавыкі твае я ведаю, а ты скажы мне лепш, дзядзька Аслаў, чаму адны працуюць, а жывуць у бядзе і нэндзы? Другія ж нічога не робяць і жывуць у раскошы. Нашто поп і паліцэйскі стражнік?

Дзед Мікіта (да Аслава). Ну, чуй, дурань-браце, растлумач.

Аслаў. Мудра запытаў, мудра. Не быў бы то Думака-шахцёр.

Дзед Мікіта. А што, Аслаў, чуй, дурань-браце, папаўся!

Аслаў (да Патапа). Падумаць трэба, сынку. Глуздом паварушыць.

Патап. Падумай, дзядзька, падумай, ды толькі не кажы, што гэта я пытаў, бо за такія размовы мяне ўжо з шахты патурылі.

Аслаў (да дзеда Мікіты). Запытаў, злодзей! Моцна запытаў!

 

З глыбі сяла даносіцца дзіліньканне званка. Дзед Мікіта паварочвае галаву, слухае.

 

Дзед Мікіта (у голасе непакой). А што гэта, чуй, дурань-браце, за званок там? З воласці едуць, ці што?

Аслаў. А мабыць, ужо нейкае ліха вязуць, няхай яны зубамі звоняць. (Разважае.) Гм! Навошта поп і паліцэйскі стражнік? Як на добры лад, то яны і не патрэбны.

 

На вуліцы рух. Замітусіліся людзі. З іх чарады аддзяляецца ўнук дзеда Мікіты, Гараська, бяжыць узбуджаны, устрывожаны.

 

Гараська (задыхаўшыся). Прыехаў нейкі пан, ды на пары коней, пад званком... Старасты шукае. «Дзе, — кажа, — стараста? Дзе стараста?.. Знайсці яго хутчэй». (Зноў бяжыць назад.)

Дзед Мікіта. Хіба пайсці, чуй, дурань-браце, паглядзець. (Зачыняе акно, выходзіць на вуліцу.)

Аслаў (у позе глыбока задуманага чалавека). «Навошта поп і паліцэйскі стражнік?» Вось, бэстыя шахцёр, куды загнуў.

 

Рух на вуліцы павялічваецца. Паказваюцца адзінокія фігуры. Дзесь за сцэнаю крык: «Бяжы на поле, гані на сход людзей!»

 

Дзед Мікіта (затрывожаны). Навошта сход? Чуй, дурань-браце, хадзем туды.

Аслаў. Гэ, Мікіта! Калі што добрае, таго мы не пабачым, не пачуем і не панюхаем. А ліха знойдзе нас само.

 

Шум за сцэнаю павялічваецца. Выразна чуваць крык: «Сымон! Дзесяцкі Сымон Бадыль! Бяжы на званіцу, звані ў пажарны звон!»

 

Дзед Мікіта і Аслаў. Пажарны звон!.. Вось ліха. (Паварочваюцца адзін да аднаго спінамі, пазіраюць кожны на свой будынак, потым на сяло.)

Дзед Мікіта. Нічога не відаць.

Аслаў. Ні дыму, ні агню.

Дзед Мікіта. Чуй, дурань-браце, тут штось не так. Склікаць народ пажарным звонам?

Аслаў (ускідае плячамі). Няйначай, як трэба нам пайсці туды бліжэй.

Дзед Мікіта. А хто гэта там, чуй, дурань-браце, ідзе?

Караліна (пяе). «Калі ж ты памрэш, дзядочак ты мой? Калі ж памрэш, галубочак ты мой?» (Да Аслава і Мікіты.) Дзень добры вам, мужчынкі! Смерць вам нізка кланяецца. Даўно, кажа, чакаю іх у госці.

Дзед Мікіта. Ідзі, ідзі, чуй, дурань-браце. Ідзі куды ідзеш.

Караліна. Які ж ты фанабэрысты. А-я-яй.

Мікіта. Ды адчапіся ты, Караліна.

 

Караліна праходзіць далей. Чуваць звон, глухі, надтрэснуты. Голас яго дужа нагадвае словы: «Гвалт, гвалт!»

 

Дзед Мікіта (перапалоханы). О Божа, твая воля! Што ж гэта ёсць такога? У звон пажарны зазванілі. Даўно яго не чулі мае вушы.

Аслаў. А ведаеш, Мікіта, напэўна лес княжацкі гарыць.

Дзед Мікіта. О, даў бы гэта Бог, каб толькі таго ліха. Абы не нас яно кранула, чуй, дурань-браце.

 

Шум, трывога нарастаюць. Збягаецца народ, устрывожаны, ніхто нічога не ведае. Зноў як мага бяжыць Гараська.

 

Гараська. Дзядок, сам земскі пад званком прыехаў!

Дзед Мікіта. Вось ліха!

 

За сцэнаю голас старасты: «На сход, на сход! Усіх гані на сход. Збірацца каля хаты дзеда Мікіты». Каля хаты дзеда Мікіты збіраецца натоўп: мужчыны, жанкі, дзеці. Усе перапалоханы, растрывожаны. З натоўпу відаць папова галава ў капелюшы. Праз натоўп праціскаецца стараста, за ім земскі начальнік Будан-Рыльскі, паліцэйскі ўраднік Шышла і дзесяцкія з кіямі. Будан-Рыльскі ўзлазіць на калодку. Народ замаўкае. Паказваецца Караліна.

 

Караліна. Ха-ха-ха! Кажуць бо, пажар. А тут няма ніякага пажару. Пакідалі на полі работу і выдумалі нейкае вяселле спраўляць... Вось дурныя, а бадай...

Шышла. Замаўчы, брыда. (Бʼе яе нагайкаю.)

 

Караліна, дзіка азіраючыся, хаваецца.

 

Будан-Рыльскі (выраз твару важны. Акідае поглядам народ. Колькі моманту захоўвае маўчанне). Слухайце! (Вымае паперу, чытае адрывіста, націскаючы на кожнае слова.) «Высочайшее повеление о мобилизации».

Шышла (крычыць ва ўсё горла). Шапкі далоў! Імператарскі ўказ, да, собственна, да!

Мужчыны знімаюць шапкі.

 

Будан-Рыльскі (чытае). «Государь император повелеть соизволил привести армию и флот на военное положение. Первым днем мобилизации назначено 12 часов ночи на 17 июля. Во исполнение высочайшего повелення о приведении армии и флота на военное положение:

Нижним чинам запаса с увольнительными билетами, а неимеющим таковых с видом на жительство явиться на сборный пункт уездного воинского начальника в г. Минске на другой день мобилизации в 6 часов утра».

Бабка Таццяна. А што ж гэта ён, мае любачкі, вычытвае? Якая ж гэта аблізацыя?

Голас жанчыны. А ліха яе ведае. Век жылі, не чулі.

Будан-Рыльскі. Мабілізацыя азначае вайну. Не ўпершыню нашай праваслаўнай арміі крышыць ворагаў. Мы скрышым іх і цяпер. Запасныя салдаты! Будзьце героямі, і цар-бацька вас не забудзе. Была ўжо раз наша праваслаўная руская армія ў Берліне, яна будзе там ізноў. Дык з Богам за святую Русь! Я сам іду на вайну і буду біцца разам з вамі...

Алесь (ціха, з глыбіні натоўпу). Не пераскочыўшы, не кажы гоп!

Будан-Рыльскі (у абурэнні). Хто сказаў гэта?

 

Шышла падышоў да Алеся. Патап хоча выгарадзіць яго.

 

Патап. Я сказаў.

Будан-Рыльскі. Ты сказаў?

Шышла. Ён брэша, гаспадзін земскі начальнік. Гэта адсюль хтосьці сказаў.

Будан-Рыльскі. Ураднік! Выясніць гэта і далажыць мне! (Аглядаючы натоўп.) Мы яшчэ пагаворым з вамі.

 

У натоўпе гул нездавалення. Шышла накідаецца на Патапа, замахваецца біць яго.

Патап (ціха, таксама з пагрозай). Пагаворым на вайне.

Будан-Рыльскі (не заўважае, да старасты). Вось якія ягадкі тут водзяцца. А ты, стараста, калі не ў часе і не ўсе збяруцца запасныя, будзеш, як гаворыцца, несці адказ па законах ваеннага часу.

Шышла. Да, собственна, да. Палажэнне не церпіць.

 

Будан-Рыльскі выходзіць.

 

Шышла (абыходзіць моўчкі ўсіх). Сітуацыя! Да, собственна, да. (Падыходзіць да старасты.) Стараста, вазьмі на заметку гэтага грубіяна. (Падыходзіць да Патапа.) Ну, шчасце тваё, што вайна.

 

Шышла выціскаецца з натоўпу. Праходзячы міма настаўніцы, галантна ёй кланяецца. Некаторы момант магільная цішыня. Народ, прыдушаны грознаю весткаю, яшчэ не разабраўшыся ў ёй, пераглядаецца. Месца Будана-Рыльскага займае стараста.

 

Стараста. Вы чулі, грамада: усенародна абвешчана збірацца на вайну. Вы чулі, што казаў мне земскі і чым ён пагражаў? Дык вось, браткі запасныя, збірайцеся барзджэй, бо сёння ж усе мусіце быць у воласці.

Патап. Вайна... Ну што ж, ваяваць дык ваяваць, але каб ад гэтай вайны не было часам горача ці холадна каму.

Голас з натоўпу. А з кім вайна?

Другі голас. Завошта?

Трэці голас. З якім там чортам ваяваць?

Стараста (па-начальніцку). Не наша дзела разважаць, з кім ды за што, бо гэта разважанне можа скончыцца вельмі дрэнна.

Наста (занепакоеная, падбягае да Міхася). Міхаська, міленькі! І цябе пагоняць на вайну?

Міхась. А што ж, у зубы паглядзяць мне? Не выйшлі яшчэ мае гады, далёка да сарака.

Бабка Таццяна (галосіць). А мой жа ты сыночак! А мой жа ты саколік! На каго ж ты нас пакідаеш?

Дзед Мікіта. Ціха ты, чуй, дурань-браце! Разгаласілася! Памогуць тут твае прычытанні, як кашаль хваробе.

Бухрай. А земскі начальнік праўду казаў, хлопцы. Трэба ваяваць. Трэба бараніць нашу зямлю, раз на яе замахі робяць ворагі.

Гузыр. О, белабілетнікі — ваякі! А чым я здаравейшы за цябе?

Патап. Ды яму і бараніць ёсць што. Гаспадарка — дзякаваць Богу.

Бухрай. А ты чаму не прыдбаў гаспадаркі? Хлеба лёгкага шукаеш. Па свеце валочышся, забастоўшчык.

Галасы жанчын. А Божа ж мой, Божа. Ды куды ж вас гоняць? Ды куды ж вас забіраюць?

Стараста. Сціхніце! Ціха! Бацюшка сказаць штось мае.

Поп. Брацце і сёстры! Вялік Гасподзь у гневе справядлівым, і міласці яго несць меры і канца... Не зведаны гасподнія пуціны, і не відна нам яго караючая дзясніца. Будзьце ж цвёрдыя, спадзявайцеся на міласць Божую, памятаючы, што і ў кары сваёй — вайна ж ёсць біч той кары — яўляе нам Гасподзь сваю міласць, бо не да канца прагневаўся на нас і не адхіліў яшчэ ад нас ён свайго твару. Хто меч падняў, і згіне ад мяча. Нямецкае войска збіраецца на нашай граніцы, і ў кожны міг агонь вайны гатоў закінуцца і ў нашу дзяржаву. Высока ж узніміце караючую дзясніцу. З малітваю, з надзеяю святою ідзіце вы на Суд Гасподзень, бо хто вялік, як ён, наш Бог? Памолімся, брацце. (Падымае вочы на неба.) Ты ёсць наш Бог, і творыш ты дзівосы. Яві ты міласць абранаму табою памазаніку твайму. (Глядзіць на Алеся і Патапа.) Маланкаю і громам паразі яго адступнікаў і супастатаў. Прыхілі вуха да праваслаўнага твайго народа... Разумейце ўсе языцы і пакарайцеся, яко з намі Бог.

Жанкі (плачуць). Ох, Божа наш, Божа.

Стараста. Ціха!

Патап. Пацягаў бы салдацкую лямку ды падставіў бы сваю валасатую галаву пад кулі — не тое заспяваў бы.

Аслаў (вымае з зубоў люльку, да папа). А-а як жа, ббацюшка, вось гэта пагадзіць: любіце ворагаў сваіх, благаслаўляйце тых, хто вас ненавідзіць, адплачвайце дабром за зробленае зло?

Поп. Аслаў, Аслаў! Ты мала ў царкву ходзіш, злы дух, спакуснік, заблытаў табе розум... Сказаў Гасподзь: «Несць болей той любві, ашчэ хто жывот паложыць за другі свая».

Аслаў. Бацюшка! Ты вось яшчэ што скажы: навошта... (заўважае погляд Патапа, стрымліваецца) паліцэйскі стражнік?

Стараста. Хлопцы, хлопчыкі! Не зводзіць часу — збірайцеся хутчэй. (Да папа.) Малебен, бацюшка, адслужыць.

Голас. Трэба памаліцца за наша войска і за цара.

Бухрай (крычыць). Малебен, бацюшка, адслужыць за цара, за хрысталюбівае воінства!

 

Народ разыходзіцца. Большая частка ідзе ў царкву. Чуюцца галасы: «Ось і дачакаліся ліха», «Эх-хе, прыйшла пагібель па народ», «Андрэй! Дзямян! Збірайцеся, разам пойдзем». Застаюцца Марына, Алесь і Патап.

 

Алесь (пасля паўзы, журботна). Вось як яно выходзіць, Патап.

 

Марына апускае галаву, перабірае пальцамі брыжы шарфіка, маўчыць у засмучэнні.

 

Патап. А як узʼеўся наш ваяка-земскі!

Марына (падымае вочы на Алеся). Ахвота была вам чапаць гэтага салдафона... Ну і задзіра вы.

Патап (з горкім жартам). Ідучы на вайну, трэба ж набірацца ваяцкасці... Сволач! (Пайшоў.)

Марына. (Паўза.) І ты зараз пойдзеш! Прыйдзе вечар, і цябе ўжо тут не будзе... І не думала ніколі, што нам так хутка прыйдзецца разлучыцца.

Алесь. Разлучыцца надоўга і можа быць... назаўсёды.

Марына. Кінь, Алесь, гэтыя думкі, не гавары гэтага. Можа, ты і зусім не пойдзеш на вайну... Ды ты ж і ў войску не служыў. Няўжо ж цябе, неабучанага, пашлюць на вайну?

Алесь. Навукі вялікай тут і не трэба: памуштруюць месяц — і салдат.

 

Здалёку даносіцца з царквы спеў: «Спасі, Госпадзі».

 

Марына (з болем). Якая недарэчнасць, якая дзіч — вайна. Людзі, культурныя людзі дваццатага стагоддзя, не могуць знайсці іншага спосабу, апроч вайны, каб разысціся мірна.

Алесь. Калі б на вайну, пад першыя кулі ішлі тыя, хто вайну ўзнімае і гоніць народ на смерць і знішчэнне, дык, можа, вайны і не было б... (Здалёку ізноў громка даносіцца: «Спасі, Госпадзі...») Эх, вайна, вайна, Марынка... Хто вернецца з яе, калі вернецца, то як? (Глядзіць у той бок, дзе спяваюць.)

Марына (хапае Алеся за руку). Не гавары ты гэтак. Толькі вярніся. Вярніся, Алесь, мілы мой.

Алесь (паволі, як бы выпрабоўваючы Марыну). А калі вярнуся я... калекам... без рук або без ног?

Марына (узрушана). Не гавары так... не гавары... Я не хачу.

Голас старасты. Збірайся, выходзь.

Алесь. Клічуць... Рвуцца апошнія звенні... Марынка, будзеш мяне помніць?

Марына (горача). Кожны час, кожны момант. (Кладзе галаву на плячо Алесю.)

Голас. Не зводзьце часу!..

Алесь. Ну, Марыначка, любая мая, бывай. (Падае руку, цалуе яе.)

Марына. Алеська... шануйся. Але ты вернешся. Ты вернешся. Я так хачу!.. Бывай жа шчаслівенькі, здаровы. Пішы ж мне, пішы чым найчасцей. (Бяжыць і знікае.)

Алесь (засмучаны, праводзіць вачамі). Так блізка яна і так далёка!.. Бяздонніца кладзецца паміж намі... А хто кладзе і для чаго? (Апускае галаву, стаіць момант задумаўшыся.) Пяройдзена нейкая мяжа... Як гэта дзіўна. (Ідзе ў хату дзеда Мікіты.)

 

Некаторы час сцэна пустая. Здалёку чуваць гармонік.

Жанчына. А куды ж цябе гоняць?

Хлопец. Куды, куды? Вайну нейкую выдумалі!

Жанчына. А на каго ж ты мяне пакідаеш?

Хлопец. Ты глядзі, Алёна, сына сцеражы, зямлю даглядай.

Жанчына. Без цябе страшна.

Гузыр. Міхась! Міхась! (У акне паказваецца Міхась.) Сабраўся ты? Пойдзем разам.

Дроб (з гармонікам). Рушым, брат, у кампаніі: людзі пайшлі ўжо.

Міхась. Зараз, брат. Пачакайце трошкі. Чорт яе не забярэ, вайну, а без нас не абыдзецца. А то зайшлі б у хату?

Гузыр. Мы тут пачакаем.

Дроб. Давай закурым. Спяшацца вельмі няма куды. Чорт іх там не пабярэ.

 

Дастаюць кісеты, закурваюць.

 

Гузыр. Праваліся ты, гэтакае ліха.

Дроб. Агні б яе спалілі, гэтую вайну... Раптам, як з грому, у самы рабочы час...

 

Выходзіць Міхась з клункам, за ім Наста, дзед Мікіта. Выбягае бабка Таццяна.

 

Бабка Таццяна. Дык што ж гэта мы, як бы пасварыўшыся. (Да дзеда Мікіты.) Бацька! Трэба ж было б хоць пасілкавацца на дарогу ды па чарцы выпіць. (Плача.) Не ў госці ж ідуць.

 

Выходзіць Алесь.

 

Дзед Мікіта. І галаву страціў сваю старую. Пастойце, дзеткі, чуй, дурань-браце. (Варочаецца назад. Усе запыняюцца.)

Міхась. А праўда, хлопцы: адходнага шмаргануць трэба для храбрасці.

Дроб. Ды яно не пашкодзіла б.

Міхась. Дык зойдзем у хату.

Гузыр. А мы тут, па-паходнаму.

Міхась. Ну, давай тут. Цягні бацькаў варштат. Такога, брат, стала на пазіцыях не знойдзеш.

 

Дроб ізноў іграе на гармоніку. Міхась і Гузыр выносяць варштат, на якім майструе дзед Мікіта.

 

Хоць у ліпені маёўку справім. Падыходзь, хлопцы, бліжэй.

 

Міхась, Гузыр і Дроб знімаюць клункі, вешаюць іх на плоце. Дзед Мікіта нясе бутэльку, бабка Таццяна — закуску, Наста — абрус. Борзда накрываюць варштат.

 

Бабка Таццяна (плача). Забіраюць вас, мае дзетачкі. Ды хто ж мне вочкі зачыніць! Хто ж мае костачкі пахавае!

Дзед Мікіта (налівае чарку, пʼе першы да Міхася). Здароў жа будзь, сынок. Варочайся шчасліва і хутка дамоў.

 

Чарка пераходзіць з рук у рукі.

 

Міхась (да Алеся). Што, прафесар, зажурыўся? Выпі!

 

Алесь бярэ чарку.

 

Гузыр. Што журыцца? Журыся не журыся, а ісці трэба.

Алесь. Дык будзьце здаровы, мужчыны. Няхай журыцца той, хто вайну пачынае, ды зажурыцца так, каб не слязьмі, а кроўю заплакаў.

Гузыр. Як яно там будзе, а ісці трэба.

Міхась. І пойдзем! У крыўду не дамося; пакажам немцам, па чым хунт сушанага ліха.

Бабка Таццяна. Няхай жа вас Бог святы бароніць. Варочайцеся здаровенькія.

Міхась (разыходзіцца). А я, брат, не абы-што: я гвардзеец. Падвышэнне дадуць. Тады са мной да трох не гавары. (Падае каманду.) Рота, справа ва ўзводную калону стройся!

Дроб. Камандзір з цябе добры.

Міхась. А што ты думаў. Яшчэ, брат, помню салдацкую службу.

Бабка Таццяна (выцірае слёзы). Вось гэтыя мужчыны — і вайна іх не пужае. Усё гатовы забыць, са ўсяго жартаваць.

Дзед Мікіта. Ох, Божа, Божа! Адзін ты, Мікіта, чуй, дурань-браце, застаешся.

Жанчына. А сыночак ты мой міленькі, дубочак зялёненькі. Пакідаеш мяне адну, як былінку ў полі. Ды на полі больш цябе не пабачу, ды ніколі больш цябе не пачую.

Яе сын. Не трэба, мамка!

Дзед Мікіта (гаротна). Ох, Божа, Божа!

 

Па вуліцы яшчэ праходзяць запасныя з клункамі, іх праводзяць жанкі і дзеці.

 

Міхась (Дробу, не стрымаўшы нахлынуўшай тугі). Ану, Паўлюк, зайграй ты на дарогу так, каб аж сам чорт нам пазайздросціў.

Гузыр. Пакажы сябе, Паўлюк!

 

Паўлюк бярэ гармонік, пачынае вясёлую, заліхвацкую штуку. Усе заціхаюць. Міхась і яго таварышы ў такт музыцы ўскідваюць плечы, ківаюць галовамі, пераглядаюцца. Міхась тупае нагою, пускаецца ўпрысядкі. Танец яго жудасны, знадворнай вясёласцю ён прыхоўвае вялікае, усё болей нарастаючае гора.

 

Дроб. Валі, валі, Міхась!

Алесь. Малайчына, Міхась!

 

Міхась, Гузыр, Дроб танцуюць «Лявоніху», да іх далучаецца яшчэ некалькі чалавек.

 

Жонка Гузыра (кідаецца да яго, хапае за адзежу).

 

        А як жа ж я без цябе жыць буду?

        А хто ж цяпер нас прыгрэе,

        А хто ж нас прыгорне,

        А хто ж нас пракорміць, гаротных,

        А хто ж нашу гаспадарку дагледзіць,

        А Божа ж наш, міласэрны Божа,

        А за што ж пакараў ты нас, бедных?..

 

 

Гузыр. Пакараў!.. Сціхні ты! Годзе табе скавытаць! (Плешча ў ладкі, падпявае.)

 

 

        Затраслася наша хата,

        Выпраўляючы салдата:

        Тут галосяць і спяваюць —

        Разам хрысцяць і хаваюць.

        Ідзі, салдат, на вайну

        У чужую старану!

        Ты не будзеш там араці —

        Стрэльба будзе твая маці,

        Стрэльба — жонка, стрэльба — цешча

        Ды яна ж цябе прыплешча.

        Ідзі ж, салдат, ваяваць,

        Лоб пад кулі падстаўляць.

 

 

Ад песні ўсім робіцца жудасна. Бабка Таццяна, Наста не выцерпелі і плачуць. Праходзіць яшчэ грамада запасных і стараста.

 

Стараста (стукае кіем у вароты). Хлопцы, хлопчыкі! У дарогу! Пара, браткі!

Запасныя (з вуліцы). Гэй, пойдзем разам!

 

Музыка абрываецца.

Дроб (складае гармонік). Збіраймася, браткі!

 

Збіраюць клункі, развітваюцца. Міхась цалуе бацьку і матцы рукі.

 

Міхась (бярэ Гараську, высока падымае, цалуе). Расці, сынок, вось гэтакі. Памагай дзеду гаспадарыць, матку шануй і будзь добрым хлопцам.

Алесь. Ну, дзядзька Мікіта, бывайце.

Дзед Мікіта. Бывай, саколік. Ні бацька, ні маці не праводзяць цябе, чуй, дурань-браце!

Галасы жанчын (плачуць). Ды куды ж вас гоняць? Ды як жа мы тут жыць будзем?

Галасы. Бывайце здаровы! Бывайце! Шчасліва і скора вярнуцца.

 

Некалькі галасоў зацягнула: «Последний нонешний денечек», але песню перапыніла галашэнне жанчын.

 

Жанчына. А братачка родненькі, а галубочак сізанькі, а як жа я адна, сірацінка, застаюся?

Селянін. Трымайся, трымайся, сястрычка. Вайна скончыцца, вярнуся жывы і здаровы.

Дзяўчына (дае падарунак). Вазьмі... вышыла. Глядзі, не забудзься на мяне...

Хлопец. Я не забуду, ты толькі не забудзь, чакай мяне і не гуляй ні з кім. Вярнуся, вазьму цябе, а калі пачую што якое пра цябе, дык глядзі!

Дзяўчына. Ляксей, мой родненькі! Ды што ты! Дык каб я што якое...— варочайся хутчэй толькі.

Жанчына. А Міколачка, братачка родненькі. Няма ў мяне ні маткі, ні бацькі, і цябе гоняць у чорную старонку. А хто ж цябе дагледзіць? Хто ж табе кашульку памые?

Запасны. Бывай, сястрыца родная, не сумуй.

 

На вуліцы чуваць песня: «Последний нонешний денечек». Запасныя выходзяць. Наста з малым на руках, узяўшыся за Міхасёву руку, вісне на ёй, замлявае. Працэсія аддаляецца, шум заціхае, моўкне. Каля хаты стаяць дзед Мікіта, Аслаў, панура звесіўшы галовы. Трохі далей — стараста, глядзіць услед знікшым запасным. Ззаду Дзяменя, крыху падвыпіўшы, спявае: «Соловей, соловей, пташечка! Канареечка жалобно поет!» Дзяменя ўваходзіць.

 

Стараста. Ты што цягнешся, як кішка?

Дзяменя. Без строгасці, стараста. Лягчэй, ты цяпер мне не гаспадар. Я — казённы чалавек, салдат. Што ёсць салдат? Абаронец веры, цара і айчыны. А калі Дзяменя возьмецца за што, дык ну!

Старая жанчына. А сыночак мой міленькі, а я ж цябе насіла, гадавала, гаравала.

Яе сын. Кінь, кінь, матуля, галасіць, слёзы не памогуць. Слязьмі вайну не адхіліць, збожжа трэба з поля збіраць, а то асыпаецца.

Жанчына. Ой, Трахімка, а хто ж мне памагаць будзе. А хто ж мяне карміць будзе. Каб не гэта чорная хмара, свяціла б нам яснае сонейка.

Яе сын. Супакойся, супакойся, матуля. Вернемся з вайны, немца разабʼём.

 

Жанчына млее.

 

Стараста (да Патапа). Ну ты, грубіян! Чаго марудзіш?

Патап. А ты, стараста, запішы: вера — папу мера, цар — па баку жар. Айчына — авечая аўчына... Дарогу рабочаму шахцёру.

Дзяменя. І парабку-бабылю!

 

Іграе гармонік. Народ ідзе групамі. Усе пяюць: «Последний нонешний денечек». Жанчыны плачуць.

 

Гараська (да дзеда Мікіты). Ох, дзядок, і многа ж народу паваліла з сяла. І тата пайшоў, і настаўнік наш!

Дзед Мікіта (моўчкі кладзе руку на Гараськаву галаву, пазірае на Аслава. Старыя трасуць галовамі). Так, чуй, дурань-браце, застаўся лом адзін — калекі нядошлыя, старыя!.. (Уздыхае.) Эхе-хе! Пабралі нашых саколікаў, пагналі... Куды? Чаго? На што?

 

Стаяць моўчкі, апусціўшы галовы. Гараська туліцца да Мікіты. Настаўніца сядзіць з дзецьмі, усё болей і болей аддаляецца песня.

 

ЗАСЛОНА

 

 

Акт другі

 

Карціна першая

 

Заслона адчыняецца ў цемнаце ў часе песні «Гнуцца лозы».

 

 

        Гнуцца лозы над крыніцай

          Ды шумяць тужліва.

        Ідзе гора з маладзіцай

          У поле на жніва.

 

 

Прыпеў:

 

          Зачыніла свет вайна,

          А я з дзеткамі адна,

          З дробнымі, малымі,

          Цяжка адной з імі.

 

        Вее вецер па-над борам,

          Ходзячы па свеце.

        Ой, вы, сонца, месяц, зоры,

          Праўду мне скажэце:

 

        Дзе мой горкі бедачына,

          Мой салдат пахілы?

        Без яго мне, сіраціне,

          Белы свет не мілы.

 

 

Прыпеў:

 

          Зачыніла свет вайна,

          А я з дзеткамі адна,

          З дробнымі, малымі,

          Цяжка адной з імі.

 

        Ці жывы ён, ці забіты,

          Ці ў чужым палоне —

        Шапаціць мне штосьці жыта,

          Ды слоў не гамоніць.

 

        У каго ж я запытаю —

          Нема ўсё навокал.

        Дзе ты, дзе, у якім краю,

          Мой нявольнік-сокал?

 

 

Прыпеў:

 

 

          Зачыніла свет вайна,

          А я з дзеткамі адна.

          Горка мне адненькай,

          Сумна маладзенькай.

 

 

Пачатак восені 1915 года. Дзея адбываецца ў той жа вёсцы, каля школы. Шчыток школьнага даху абапіраецца на круглыя пабеленыя слупы ганка невялікай адкрытай веранды з балясамі. Паўздоўж баляс простыя драўляныя лаўкі. Каля аднае з іх стаіць стол. На стале газеты, чарніліца. Перад школаю даволі прасторны двор. У канцы двара пералаз. У веснічкі з вуліцы на двор школы прасоўваецца поп. Павольна сунецца на ганак школы. Узыходзіць на веранду, бярэцца за ручку дзвярэй, штурхае. Дзверы не адчыняюцца. Стукае, ніхто не адклікаецца.

 

Поп (сам сабе, нездаволена). Не можа быць, каб спала да гэтага часу. Выйшла куды ці дома зусім няма? (Са злосцю.) А можа, зачынілася з кім? (Топчацца на ганку, падыходзіць да стала, чытае загалоўкі газет.) «Русские ведомости». Лібералка! А газет, рэкамендаваных начальствам, не чытае. (Круціць галавою, дакорліва.) Вальнадумствам заражана. Дабром гэта ніколі не канчаецца... Эх, народ, народ! Пагібелі сабе шукае.

 

На пералазе паказваецца Шышла з кветкамі. Ідзе ў школу. Заўважае папа, запыняецца. Бярэ па-ваеннаму пад казырок.

 

Шышла. Здрастуйце, айцец Кандраці.

Поп. А, гаспадзін Шышла! Маё шанаванне! І вы сюды? А яе і дома няма.

Шышла (збянтэжана). Вы, бацюшка, да, собственна, да, таксама па справе?

Поп (хітра). Ой, хітрэц які, Арцём Іванавіч! А калі б і без справы, ну, скажам, як і вы? Не аднаму ж толькі вам, Арцём Іванавіч, падзяляць прыемнасць кампаніі Марыны Мікалаеўны. А я хіба не маю на гэта права?

Шышла (ускідвае плячамі). Яно, як сказаць, да, собственна, да. Крыху перашкаджае духоўны сан, ну... і матушка. А па-другое, адкуль вы ўзялі, што ў мяне справы няма?

Поп (смяецца, стукае Шышлу па плячы). Жартую, Арцём Іванавіч. (Мяняе тон, ціха, сурʼёзна.) Вось што я вам скажу: за ёю не шкодзіць наглядаць. Вы толькі зірніце, якога роду прэсу яна чытае. (Паказвае газету.) Орган канстытуцыяналістаў. І не баіцца пакідаць тут, на лаўцы. А можаце вы сказаць, што чытае яна за зачыненымі дзвярамі?

Шышла (напускае на сябе важнасць). Я, да, собственна, да, і не спускаю яе з вока.

Поп (насмешліва). Вы, быць можа, глядзіце на яе і дужа пільна. Ды я баюся, каб прыгожая шыльда не засланіла ад вас асноўнага.

Шышла (абражана). Не разумею, да, собственна, да, на што намякаеце вы, айцец Кандраці!

Поп (хітра ўсміхаецца). Дух бодр, плоць немашчна. «Блюдите, како опасно ходите». Жанчына ж — сасуд граху. Каб спакусіць святых аскетаў, шатан прымаў аблічча жанчыны.

Шышла. Гэта факт, да, собственна, да. Але ж і начальства, пасылаючы мяне сюды, чым-небудзь ды кіравалася ж... Шышла не сказаў яшчэ свайго слова.

Поп. А вуха трымаць трэба востра: гутаркі крамольныя пайшлі. Расце нейкая сукрытая варожасць. А каля настаўніцы народ пакручваецца. Баюся, каб не было якраз тут непатрэбных крамольных гутарак. На мне як на пастыру, а на вас як на агенту ўлады ляжыць абавязак падтрымаць дух народа і патрыятызм. Давайце пройдземся — хачу аб сім-тым пагутарыць з вамі. (Бярэ Шышлу пад руку. Выходзяць.)

 

Уваходзіць Марына з газетамі ў руках. Садзіцца на лаўку каля стала, кладзе на стол газеты.

 

Марына. Два месяцы ніякіх вестак ад яго. Што ж бы гэта магло значыць? Ці ранены, ці забіты? Прадажная шайка казнакрадаў. Пасылаюць на ўбой безаружных людзей. (Кладзе газету, апускае галаву.) Чаму ад яго няма пісем?.. Пачала пісаць яму пісьмо, ды куды пасылаць? (Вымае пісьмо, піша.) «Мілы, любы Алесь. Я так чакаю тваіх пісем і так рада, калі яны прыходзяць, тады я шчаслівая бясконца і на момант забываю гэта штодзённае балеснае, поўнае жудасці водгулле вайны. Нявесела, мой мілы, тут. Гора, скаргі, бядота. Адна думка, адно жаданне — скончылася б вайна. Народ змучан вайною. Грунт для работы дужа падыходзячы». (Піша.)

 

На двор школы ўваходзяць дзед Мікіта і Аслаў.

 

Дзед Мікіта. Ды тут яшчэ, чуй, дурань-браце, і няма нікога.

Аслаў. Як-та няма? А вось жа настаўніца! Дзень добры вам!

Марына. Дзень добры. Сядайце.

Аслаў. Не турбуйцеся, знойдзем сабе месца. (Абодва садзяцца.)

Марына. Ну, як жывяце, што добрага чуваць?

Дзед Мікіта. А што ў нас добрага пачуеш?

 

Тэкля плача за кулісамі.

 

Марына. Хто гэта?

Дзед Мікіта. Ды гэта Тэкля, брата яе забілі.

Аслаў. Ох, гора наша... Вось прыйшлі, каб ад вас пачуць што-колечы. Вы ж такі газеты чытаеце.

Марына. Не ўсю праўду і газеты пішуць. (Бярэ газету, з іроніяй.) Адступаем у поўным парадку, займаем новыя пазіцыі, як бы гэта ўваходзіць у праграму нашага штаба. Дык як жа не будзеш адступаць з голымі рукамі!.. Варшава здадзена, Асавец пакінулі і Коўна аддалі.

Аслаў. Заўзяты ж гэты немец — столькі гарадоў нашых пазабіраў.

Дзед Мікіта. І Коўна аддалі. Ды гэта ж ужо, чуй, дурань-браце, не так-та і далёка... Праклятая вайна, і хто яе выдумаў?

Аслаў. Хто яе, кажаш, выдумаў?.. Эх, Мікіта! Хто нас гне, той нас і бʼе.

Дзед Мікіта. Народу многа распладзілася на свеце. Куды ж народ падзець? Гані пад нож, як быдла на разніцу. І не будзе каму крычаць: зямлі, заработкаў. Зробіцца прасторна, а паноў ліха не возьме.

 

Уваходзіць якісь салдат.

 

Салдат. Дзень добры вам. (Дзед Мікіта, Аслаў і Марына ўглядаюцца ў салдата.) Не пазналі?

Дзед Мікіта (кідаецца да салдата). Міхась, сынок! Адкуль жа ты, ды як жа ты гэтак неспадзявана. О, дурань-браце!

Аслаў (таксама кідаецца да Міхася). Ваяка ты наш родны! З таго свету вярнуўся!

Міхась. Здароў, дзядзька Аслаў!

Дзед Мікіта. Зусім вярнуўся?

Міхась. На кароткі час... Сам сабе водпуск даў. (Да Марыны.) Здрастуйце, Марына Мікалаеўна. Вам пісямко з фронту. (Вітаецца, перадае пісьмо.)

 

Марына пазнае знаёмы почырк, адразу весялее. Крэпка трасе руку Міхасю. У веснічкі ўбягае Гараська. Нікога не зважае, крычыць.

 

Гараська. Дзядок, паліцыя клуню нашу трасе! Пазнаходзілі вобады і дубкі тыя, што ты з панскага лесу прывёз. Цябе шукаюць! Хавайся — заарыштуюць!

Дзед Мікіта. А бадай жа ж яе трасца трэсла! І парадавацца не дадуць... Ды ты зірні, чуй, дурань-браце, хто прыйшоў!

Міхась. Ты што ж, жэўжык, не пазнаеш бацькі?

Гараська (радасна). Тата! (Туліцца да бацькавай рукі. Міхась абнімае яго.)

Міхась. Глядзі ты яго, як вырас!.. Дык, кажаш, вобыск робяць?

Аслаў. Без гэтага ніяк не абыдзешся.

Дзед Мікіта. Ох ліха! Радавацца трэба б, а радасці няма. Ох, жыццё наша!

Міхась. Ну пойдзем, разбяромся, у чым там справа.

 

Усе ідуць у бок пералаза. Марына застаецца адна, журботна праводзіць іх вачамі, моўчкі ківае галавой. Борздзенька разрывае канверт, прабягае пісьмо. Некаторыя мясціны пісьма чытае ўголас: «Нашы пісьмы і пісьмы да нас праглядае ваенная цэнзура. Май гэта на ўвазе». Марына адрываецца ад пісьма, слухае. За веснічкамі чуецца песня Караліны:

 

 

        Куды, куды, зайчык, скачаш?

        Чаго, чаго, дзеўча, плачаш?

        Зайчык скача ў чыста поле.

        А ў дзяўчыны злая доля.

 

Караліна. Добры дзень табе, паненачка!

Марына. Як жывеш, Караліна?

Караліна. Вось ішла ды думаю сабе: зайду на мамэнцік... Ты не гневайся!.. Не, не: маўчы! Бачу, усё бачу! Мала што я дурная Караліна! А я і варажыць умею, я знахарка! А можа, і вядзьмарка! Вось хто я! (Смяецца.)

Марына. Дзе ж ты хадзіла, што бачыла?

Караліна. Дзе хадзіла, кветачка мая ты? Па свеце хадзіла!.. Салдаты ідуць. Песні спяваюць... Вось весела ім! А людзі, як дурныя, усё едуць і едуць. Запыняцца, пахаваюць дзіцятка каля дарогі і далей едуць. (Кладзе на ганак кій.) Вось ты мне скажы што, кветачка мая ты... Паміраюць людзі. Хаваюць іх... Паложаць на нары і нясуць. Так і пазносяць усіх... усіх пазносяць... Але застанецца нехта адзін... апошні. Дык як жа ён, той, панясецца, што адзін застанецца?

Марына (стрымліваючы смех, напускае сурʼёзнасць, нібы гэта пытанне дужа важнае). Сапраўды, становішча яго вельмі труднае. І як адказаць на гэта, не ведаю.

Караліна (уважліва глядзіць Марыне ў вочы). Не ведаеш? Вось жа і я не ведаю... А можа, хто здалёку прыйдзе і пахавае... Ці няма ў цябе, кветачка мая ты, хлеба? Я табе паваражыла б за гэта.

Марына. Хлеба знайду. Пабудзь тут, я зараз.

 

Марына выходзіць. Караліна садзіцца на ганак. Кладзе кій пад лаўку, разгортвае далоні рук, уважна разглядае іх, ківае сама сабе галавою. Нечакана гаворыць: «А Пятрусь кажух спаліў...» Зрэдку аглядаецца па баках. Паказваецца Шышла. Караліна хаваецца пад лаўку. Шышла ідзе на ганак, не бачачы Караліны. Пазірае на стол. Перакідае газеты, знаходзіць пісьмы. Чытае першыя радкі.

 

Шышла. «Дарагая, мілая, слаўная Марынка!» Дужа інтымна пачынае, шэльма! А пра што ён піша і хто ён такі, Шышла павінен ведаць. (Кладзе пісьмо ў бакавую кішэню тужуркі. Чытае другое.) «Мілы, любы Алесь!» Алесь? Гэ, ды тут раман, да, собственна, да! (Кладзе пісьмо туды ж.) Шчаслівая акалічнасць, калі ўласныя інтарэсы супадаюць са службовымі. А цяпер Шышла знікне. Шышла яшчэ скажа сваё слова, да, собственна, да! (Заварочваецца, хоча ісці.)

Караліна (з-пад лаўкі). Нашто ўзяў чужое? Палажы назад!

 

Шышла знянацку палохаецца. Караліна вырываецца з-пад лаўкі, хапае Шышлу за рукаў, сама трасецца. Шышла вырывае рукаў, з сілаю штурхае Караліну. Караліна падае.

 

Шышла. Пікні, шалёная ведзьма, яшчэ раз — забʼю! (Вымае шаблю, замахваецца, потым борздзенька шыбуе ў бок пералаза.)

Караліна (устае, крычыць наўздагон). Начніца! Кажан! Злодзей! Хапун! Ты што забраў? Пастой! Вярніся!.. У-ля-ля-ля!

 

Уваходзіць Марына з хлебам, пазірае ўстрывожана на Караліну.

 

Марына. Што тут за крык? На каго крычыш, Караліна?

Караліна. Злодзей! Тарбахват!.. Бяжы, даганяй. Цар паліцэйскі з доўгім траплом пры боку! Штурхануў мяне ды яшчэ засеч хацеў. Бяжы, даганяй!

Марына (хапаецца за галаву). Шышла?!

 

Марына перабірае газеты, шукае пісем. Караліна стаіць моўчкі, перапалоханая.

 

Няма — забраў. Бедная ж галоўка мая! Што ж я нарабіла!

Караліна. Я знайду яго! Знайду! З-пад зямлі адкапаю, гада лютага. (Бярэ з-пад лаўкі кій, выходзіць.)

 

Марына, як скамянелая, стаіць, узяўшыся за галаву. З вуліцы далятае песня Караліны:

 

 

        Я не такая, як тая другая:

        І высокая і харошая,

        Толькі ж доля мая злая.

 

 

Марына. Што ж цяпер будзе? Загубіла я сваю радасць! Удала Алеся. Сама аддала ў рукі ворагаў. Што ж рабіць? Загубіла Алеся!..

 

 

Карціна другая

 

Кватэра Шышлы. Сялянская хата. Каля покуця стаіць просты стол. Над сталом, пад столлю, вісяць абразы па адзін і па другі бок кута. Ніжэй, на адной са сцен, — партрэт Мікалая ІІ і партрэты генералаў. Пахвальныя лісты ў рамках. Пад генераламі фатаграфія Шышлы. Каля другой сцяны простая канапка. Маленькая шафа. Шышла ляжыць у радасным настроі, напявае пошлы раманс пад гітару.

 

Шышла. Да, собственна, да, сітуацыя! (Вымае пісьмы.) Папулярная сітуацыя! «Блюдите, како опасно ходите». Да, собственна, да: ходзяць, апасна ходзяць, ды толькі не Шышла. Што сказаў бы ты, айцец Кандраці, калі б у твае рукі папаў вось такі скарб? (Выпівае.) Будзь здаровы, айцец Кандраці! Шышла скажа сваё слова, да, собственна, да! (Бярэ недапісанае пісьмо Марыны, чытае.) «Мілы, любы Алесь». Якая сардэчнасць: і мілы і любы! А ты, Шышла, аблізвай губы! Вось адкуль яе холад. (Трасе галавою, з засмучэннем.) Бясконца рада, калі атрымае пісьмо ад яго! Ёй тут нявесела!.. Шышла ж усё рабіў, каб даць табе вясёласць, крамольніца. А чым не кавалер табе быў Шышла? (Ад хвалявання пайшоў ды зноў прылажыўся да чаркі.) Унь, красавец які! Мужчына на заказ! Малады, сакавіты! І хіба непрыгожы? Адны вусы чаго варты!.. Але Шышла яшчэ скажа сваё слова, да, собственна, да. (Зноў садзіцца.) Піша — грунт для работы добры. Які гэта грунт? Якая такая работа?.. (Паўза.) Ось дзе ён, ключ да гэтай работы! (Трасе другім пісьмом.) «Мая мілая, мая слаўная Марынка». Мая і мілая! Якая закаханасць! Мая і мілая. (Чытае пісьмо.) «Ачумела і астачарцела вайна, пачатая царамі і гандлярамі...» Што піша, вы чулі? (Чытае далей.) «За вайну цяпер стаяць толькі паны, генералы ды розная сволач, што акапалася ў тыле, як, напрыклад, духоўны сышчык поп Кандрашка ды гэты дурань, тупы кабан Шышла...» І мяне ўспомніў! О, паршывец! Няхай сабе і дурань і тупы, а вось чытаю ж тваё паганае крамольніцкае пісьмо. Шпіён нямецкі! Здраднік! І ўсё начыстую распісаў — зневажанне свяшчэннай царскай асобы, падрыўная шпіёнская работа на фронце, наглая прапаганда рэвалюцыі... Вось ён, грунт іхняе работы! Ён — там, яна — тут!.. Папулярная сітуацыя! Не, гэта вам не ўдасца. (Бярэ гітару і зноў пяе на канапе.) Дык вось ён які, твой мілы, да, собственна, да. (Зрываецца з канапы, бяжыць да стала.) Вось Шышла і скажа сваё важкае слова, да, собственна, да!.. (Бярэ паперу, піша.) «Яго высокаблагароддзю, г. прыставу 3-га стану. (Радасна паціраючы рукі, пайшоў выпіў і зноў да стала.) Даводжу да ведама вашага высокаблагароддзя, што настаўнік нашага сяла Аляксандр Пятроў Шабура, які вярнуўся ў нашу вёску ў мінулым годзе з Архангельскай губерні, куды оный, вышэйпамянёны, быў сасланы ў 1912 г. за прапаганду супроць існуючага дзяржаўнага ладу і за перапіску з с.-д. фракцыяй IV Дзяржаўнай думы, і знаходзіўся пад маім наглядам, прыслаў зараз з фронту ліст да настаўніцы Марыі Кублік. Оный, вышэйпамянёны, Аляксандр Шабура...» Вось як пішуць адукаваныя людзі: оный, вышэйпамянёны! «Оный, вышэйпамянёны, Аляксандр Шабура піша ў гэтым пісьме наступнае...» (Ідзе да шафкі выпіць.)

 

Стук у дзверы.

 

Шышла. Хто там? Заходзьце!

 

У дзвярах паказваецца Марына, усхваляваная, стараецца быць спакойнай.

 

Шышла (папярхнуўся гарэлкай, непрыкметна хавае пісьмы). Сітуацыя! А, зрабіце ласку, сядайце. Якраз я аб вас і думаў. (Расшаркваецца, як галантны кавалер.) Што ж гэта прывяло вас у маю рэзідэнцыю, да, собственна, да?

Марына (строга). Кіньце, Арцём Іванавіч, гуляць у святую нявіннасць: добра ведаеце, чаго я прыйшла да вас.

Шышла. Скуль жа мне, да, собственна, да, ведаць, што можа прыйсці ў галаву прыгожай дзяўчыне?

Марына. Давайце прасцей і бліжэй да справы.

Шышла (сеў). Я вас слухаю, да, собственна, да!

Марына (горача). Я вас прашу як чалавека, у якога ёсць сэрца і хоць кропля чалавечнасці: аддайце пісьмы, якія належаць мне і якія бясчэсна, выбачайце, узялі вы ў мяне.

Шышла. А вы думаеце, што ў паліцэйскага Шышлы няма сэрца, да, собственна, да? Яно ёсць! Ёсць сэрца ў Шышлы, і гэта сэрца даўно прагне вашага сэрца. (Ласымі вачамі пазірае ў твар Марыне, аглядае яе ўсю, запаляецца і горнецца бліжэй.)

Марына (адыходзіць ад яго). Дык давядзіце ж гэта на справе: вярніце мне мае пісьмы, і я тады прызнаю сваю несправядлівасць у дачыненні да вас.

Шышла. Прыемна чуць з вашых прыгожых вуснаў, да, собственна, да! Але ці маю я права аддаць вам гэтыя пісьмы: яны належаць не вам, не мне, а закону. (Прыцішана, голас перарываецца.) Марына Мікалаеўна! Марыначка! Рыбка! Шмат што залежыць ад вас самой. Для вас асабіста зраблю ўсё. (Кладзе руку на яе руку.) Але наўперад... Я ж вас люблю. Наўперад... задатачак. (Марына адступае.) Вось яны тут, гэтыя пісьмы. (Стукае па грудзіне.) Мы тут адны. (Глядзіць на сцены.) Багі, цар і генералы будуць маўчаць, а Шышла падтрымае Шышлу. (Падыходзіць бліжэй, Марына стаіць нерухомая. Гэта прыдае смеласці Шышлу. Ён разнімае рукі, каб абняць Марыну.)

М а ры н а (парывіста). Не дакранацца да мяне!

Шышла (расшпіліўшы кіцель). Дык ты яшчэ брыкацца тут будзеш? Не, дудкі! Не на такога напала (хапае Марыну ўпол).

Марына (адбіваецца). Прэч, мярзавец! (Кідае ў твар сальніцу.)

Шышла. Шышла сваё возьме. (Не выпускае Марыны з рук, цягне яе да канапы.)

 

Марына хапае рукой Шышлу за гарляк. Другой рукой намацвае Шышлаў наган. Вырываецца з яго рук, адбягае да дзвярэй, наводзіць на Шышлу наган. Шышла слупянее.

 

Марына. Краніся з месца — застрэлю!

Шышла (палахліва аглядаецца). Я... я... пажартаваў. Даруйце!

Марына. Станавіся на калені!

Шышла. А-а-апусціце наган! Вы ж і абыходзіцца з ім не ўмееце. Знянацку застрэліце чалавека.

Марына. На калені!

 

Шышла прысядае, становіцца на калені.

Марына. Даставай з кішэні пісьмы і кідай іх мне сюды!

Шышла. Апусціце наган, а то рукі трасуцца.

 

У гэты момант адчыняюцца дзверы, уваходзіць поп, запыняецца на парозе.

 

Поп. Да ўваскрэсне Бог... (Хапае Марыну за рукаў.)

 

Марына перапужалася. Наган знячэўку страляе ў падлогу. Поп і Шышла кідаюцца на зямлю. Марына выбягае.

 

Шышла. Ратуйце мяне, айцец Кандраці!

 

Шышла і поп ляжаць некаторы час моўчкі.

 

Поп (падымае галаву). Што сіе значыць?

Шышла (устае, садзіцца, аглядаецца). Сітуацыя! Шышла быў ужо на тым свеце. (Набіраецца смеласці, паказвае папу пісьмы.) Але Шышла яшчэ скажа сваё слова, да, собственна, да. (Падбягае да акна, свішча ў свісток.)

 

ЗАСЛОНА

 

 

Акт трэці

 

Карціна першая

 

1916 г. Акопы. Выбухі снарадаў. Атрад адбівае атаку немцаў. Уперадзе паручнік Жухін у смяртэльным страху туліцца за каменем, прынікаючы да зямлі.

 

Жухін (здушана, парывіста перадае каманду па ланцугу). Перадаць па цэпі — гатовіцца ў контратаку! (Бліжэйшы салдат, якому аддае каманду Жухін, маўчыць. Жухін паўтарае нервова.) Перадавай па цэпі — гатовіцца ў контратаку! (Салдат не адклікаецца. Жухін падпаўзае да салдата, штурхае.) Чуеш каманду? Перадавай па цэпі — гатовіцца ў контратаку! (Салдат не варушыцца. Жухін палохаецца, рэзка падаецца ад салдата.) Забіты! (Адпаўзае да суседняга салдата.) Перадавай па цэпі — зараз ідзем у контратаку!

Голас салдата. Гатовіцца ў контратаку!

Жухін. Узмацняй кулямётны агонь!

1-шы салдат. Патронаў няма.

2-гі салдат. Усе выйшлі патроны!

Жухін. За мною, братцы, ура!

 

Некаторыя салдаты ўсхопліваюцца, некаторыя ляжаць нерухліва, з дзікім крыкам «ура» бягуць наперад, збіваючыся ў адзін паток. Трэск стрэлаў мяшаецца з надрыўным жудасным крыкам. Крык аддаляецца, глухне, пераходзіць у стагнанне: «а-а-а-а!» Нарэшце заціхае зусім, становіцца ціха. Некаторы час на сцэне пуста. Атрад, часткаю перабіты, варочаецца.

 

Жухін (камандуе). Пад укрыццё!

 

Салдаты ўпаўзаюць адзін за адным.

 

Узвод, стой! Вольна! (Аглядае парадзелы ўзвод.) Ну-с, рабяты, тут нам аддышка. Узводны! Прадставіць мне спісак забітых, раненых і прапаўшых без весці.

Галасы. Прывал!.. Грэй зямельку сваім целам.

 

Уваходзіць Будан-Рыльскі.

 

Жухін. Дазвольце далажыць, г. капітан, атака адбіта.

Будан-Рыльскі. Вольна. (Ідзе міма забітых.) Вынесці! Вынесці!

Патап (спыняецца над трупам). Жывы яшчэ! Жывы! Макар, любы! Ваша высокаблагароддзе, яшчэ жывы!

Будан-Рыльскі (бачыць у глыбіні труп, не пачуўшы слоў Патапа). Вынесці!

Патап. Вынесці лягчэй, чым вылечыць. Гузырык, па сястру давай хутчэй, родны. (Гузыр выбягае; стогн.) Вады, хлопчыкі! Кроў затрымаць трэба. (Ірве сарочку, робяць перавязку.)

Патап. Асцярожна, браткі, лягчэй!

Гузыр (убягае). Знойдзеш ты тую сястру, калі яна трэба.

Патап. Насілкі, Гузырык!

Гузыр. Няма, шукаў.

Патап (голасам камандзіра). Хлопцы, вінтоўкі ў рукі, з двух канцоў узяць. Жыва!..

Будан-Рыльскі (злосна). Хто тут камандуе?

Патап. Гэта...

Будан-Рыльскі. Што?

Патап (узяўшы сябе ў рукі). Гэта хворы ў гарачцы каманду падае.

Будан-Рыльскі. А!..

Патап. У, Будан — бруднае рыла!

 

Выносяць параненага.

 

Дроб (разглядаецца, выбірае месца, шпурляе на зямлю амуніцыю). Ах, будзь ты тры разы проклята!.. Хадзіце, хлопцы, у гурт, весялей будзе.

Патап. Распрагайся — знімай салдацкі хамут. Хадзі, прафесар, да нас: пусцім дымок, каб дома не журыліся. (Алесь падыходзіць моўчкі.) Ну, вось і ўся наша загаруйская фамілія.

 

Дастаюць кісеты, скручваюць цыгаркі.

Гузыр. Пакурыць добра — наеўшыся. А жаваць дык вось і няма чаго.

Патап. Паходная кухня яшчэ не прыехала... Жывем па-шляхоцку — папалам клёцку.

Гузыр. А па мужыцкім шчоце — па тры клёцкі ў роце. Чачавічкі згатуюць. Раней кармілі ёю коней, ды перасталі: шэрсць вылазіць пачала. А цяпер — салдат чачавічку сёрбай.

 

Усе пачынаюць спяваць сумную песню.

 

Салдат (суседу, вымаючы пісьмо). Ліст з вёскі атрымаў ад жонкі. Прадалі карову за даўгі, бяда пайшла, разруха. Малое дзіцё ад голаду памерла.

Дроб (тупа ўставіўшыся ў дол). І так з дня ў дзень, з ночы ў ноч, ужо два гады!.. І ніякай прасветліны. Калі ж той канец, га?

Алесь. Не тужы, дружа! Няма на свеце нічога, што б не мела свайго пачатку і канца.

Патап. Жар, прафесар, лекцыю, ды павесялей: калі не накорміш галоў, дык ашукай хоць кішку.

Гузыр (скептычна). Галаву можна ашукаць, а кішку — ніколі.

Патап. Верна, брат: вайна — самы праўдзівы прыклад.

Дроб (да Алеся). А з канцом жа як?

Алесь. А вось я табе на гэта што скажу. Стаяла ў садзе яблыня. Завёўся на ёй чарвяк і патачыў усе плады. Застаўся ўгары адзін толькі яблык, уцеха і апошняя надзея яблыні. І вось бачыць яна — паўзе чарвяк, каб і той яблык згрызці. З гора, са страху, з бяды і са злосці страсянула тады яблыня ўсімі лісцямі. Узняўся вецер і скінуў чарвяка на голую сцежку. А там садоўнік растаптаў яго нагою. Вот і ўсё.

Дроб. Навучыўся ты ў школе байкі дзецям расказваць. Ты мне проста скажы.

Алесь. А ты падумай, дружа. Не ўсё, што проста, можа адразу ясным стаць.

 

Запявала:

 

 

        Тучки темны, тучки грозны

        По поднебесью плывут.

 

Xор:

 

      Гей, гей, охо-хо,

        По поднебесью плывут.

 

 

Запявала:

 

 

        Наши храбрые стрелочки

        Сели в поле отдохнуть.

 

 

Xор:

 

 

        Гей, гей, охо-хо,

        Сели в поле отдохнуть.

 

 

За сцэнаю чуваць пявучы вясёлы жаночы голас. Салдаты прымаўкаюць, слухаюць.

 

Жаночы голас (смех перарывае апошні куплет). Ну, што вы кажаце? Не паверу!

Мужчынскі голас. Сурʼёзна, мілая сястрыца! Вы, як гаворыцца, анёл, пасланы Богам у пекла вайны!

Гузыр. Ці не наш гэта новы ротны, земскі начальнік?

Жаночы голас. Як красамоўна вы гаворыце, але я не дапускаю такой скараспеласці.

Мужчынскі голас. А між тым — гэта святая праўда, як праўда і тое, што я — капітан Будан-Рыльскі.

 

Салдаты пераглядаюцца.

 

Дроб. Ваяка: і на немцаў у атаку гоніць і сам ідзе ў атаку на бабу.

Будан-Рыльскі (набліжаецца). Вы, можа, хочаце, як гаворыцца, доказаў праўдзівасці маіх слоў? Дык вот яны.

 

Некаторая замінка, валтузня, лёгкія ўздыхі.

 

Патап (іранічна). Атакуецца камандная вышыня. Вось яна (пазнаўшы сястру) дзе, сястрыца міласэрная. Гэта замест таго, каб хворых даглядаць. (Падміргвае, а потым моўчкі падымае палец угору, адыходзіць, становіцца навыцяжку.)

Жаночы голас (зблізку каля сцэны). Ах, вашы губы порахам пахнуць. Люблю пах пораху.

 

Паказваецца Будан-Рыльскі з сястрою пад ручку. Патап падае каманду.

 

Патап. Устаць! Смі-і-іррна!

Сястра (уздрыгвае). Ох!

Будан-Рыльскі. Чаго, дурак, гарланіш? У часе адпачынку каманда «ўстаць» і «смірна» пры зʼяўленні начальства не падаецца.

Патап. Вінават, ваша высокаблагароддзе!

Гузыр. Ваша высокаблагароддзе! Галодныя мы. Вёска пустая. Харчоў няма.

Будан-Рыльскі. Ведаеш салдацкую службу? Хочаш есці, зацягні тужэй рэмень на жываце. А не паможа — смакчы свае пальцы. (Пад руку з сястрой праходзіць.)

Сястра (за сцэнай). Які вы строгі. Баявы афіцэр!

Будан-Рыльскі. Наглець пачынае салдатня, дай толькі ім волю... Зойдзем, сястрыца, да мяне ў зямлянку, паглядзіце, як гаворыцца, на маю баявую абстаноўку.

 

Гузыр зрываецца з месца, хапае стрэльбу, кідаецца ўслед за Буданам-Рыльскім і сястрою. Патап хапае Гузыра за плечы.

 

Патап. Стой! Куды ты?

Гузыр (не помнячы сябе, вырываецца). Пусці! На штык пасаджу сволача, пакажу яму нагласць.

Салдат. А правучыць белую костку не пашкодзіла б.

Галасы. Скуры б драць з такіх паскудаў.

Алесь (не пускае Гузыра, гаворыць цвёрда, як старшы). Не варʼяцей. Што ты дакажаш гэтым?

 

Алесь, Патап і Дроб акружаюць Гузыра.

 

Патап. Кінь, Андрэй, не рабі глупства. Прыхавай сваю злосць на потым. Буры ты не падымеш. З-за аднаго такога сцервы... не варта! Давай сваю качаргу!

Гузыр (аддае вінтоўку, злосна). Першая куля — у яго паганую мазгаўню.

Алесь (мякка). Не трэба, дружа, гарачыцца.

Дроб. Многа ўжо іх, паганцаў такіх, бралі на мушку, ды толку не было, а цярпеў наш брат.

Голас. І будзе цярпець, калі спускаць.

Патап (сурʼёзна). Не гарачыцеся, хлопцы! І не кідайцеся ў вір галавой, не падумаўшы. Адна ластаўка вясны не робіць.

 

Уваходзіць Дзяменя.

 

Дзяменя (запыняецца, аглядае ўсіх). Здарова, землякі, арлы баявыя! Што за шум, а дракі няма, прыгарні вас цёплая ручка і мяккая пасцелька.

 

Зʼяўленне Дзямені ажыўляе салдатаў.

 

Дроб. А, Дзяменька! Што новага прынёс?

Патап. Здароў, лапатун. Дзе хадзіў?

Алесь. Што чуў?

Дзяменя (адмахваецца рукамі). Што ў вас?.. (Заўважае панурыя твары Гузыра і іншых салдатаў і хоча развесяліць іх.) Што ў вас за мода штурхаць чалавека? Калі мне было яшчэ сем месяцаў, дык я ўжо ў матчыным жываце штурхаўся нагамі: думалі, што з мяне барабаншчык будзе.

Патап (жартліва). А выйшаў салдат службы сувязі, дый то недарэчны.

Дзяменя. А як толькі я на свет нарадзіўся, дык замест таго каб заплакаць, спяваць пачаў. Бабка сказала, што з мяне баян выйдзе.

Патап. А выйшаў лапатун-балбатун.

Дзяменя. Маўчы, шахцёр, вугляная галава! Дай мне пра сябе расказаць. Панеслі мяне кумы да папа хрысціць. Пытае поп, як назваць. Кумы і кажуць: «Баян». Поп быў глухі, недачуў і запісаў: «Дзямян».

Патап. І ўсё ж такі самае падыходзячае імя табе — балбатун.

 

Усе смяюцца, нават Гузыр усміхнуўся.

 

Дзяменя (дакорліва трасе галавою). Каб я не балбатаў, дык вы б тут з нуды пазаходзіліся.

Патап (гледзячы на павесялеўшых Гузыра і Дроба, па-прыяцельску стукае па плячы). Верна! Балбачы, балбачы, браток! Цецярук заўсёды на нягоду балбоча.

Дзяменя (мнагазначна). А можа, і на добрую пагоду.

Алесь. О, каб вуснамі младзенца ды ісціна загаварыла!

Галасы. Раскажы, што чуваць на тваёй лініі.

Дзяменя (расчаравана). Як відаць, зімаваць будзем тут. (Да Алеся.) Аб табе, брат прафесар, спраўляліся ў канцылярыі палка.

Алесь (занепакоены). Як спраўляліся?

Дзяменя. Шукаюць па ротах... Радавы Аляксандр Пятроў Шабура... Ці ёсць, пытаюць, такі?

Алесь (устрывожана). Вось яшчэ ліха, ёлкі-палкі. Навошта я ім здаўся?

Патап. Можа, для пасылкі ў школу прапаршчыкаў. Ты ж чалавек вучоны.

Алесь. Не падабаецца мне, калі салдатам канцылярыя палка цікавіцца. Ты, Дзяменька, разнюхай гэта.

Дзяменя. На тое ж і нос, каб нюхаць, а калі Дзяменя возьмецца за што, дык ну...

 

Высоўваецца салдат.

 

Салдат. Эй, падымайцеся з пасцелі! Гарачыя храновіны паспелі — кухня прыехала!

2-гі салдат. Кацялкі бяры!

3-ці салдат. Не напірай, хлопцы.

 

Салдаты падымаюцца, бразгаюць кацялкі. Выходзяць. Застаюцца Дзяменя, Патап і Алесь.

 

Алесь. Эх, ёлкі-палкі! Прызнацца, устрывожыў ты мяне, Дзяменька! Баюся, каб не даведаліся там.

Патап (з трывогаю ў голасе). Ты думаеш?

Алесь. Даўно сказана, дружа... «Няма нічога патайнага, што б не сталася яўным».

Дзяменя. Калі праўду казаць, дык і мне гэта трохі цюкнула.

Алесь. Важна, каб не заспелі знянацку. А ты, Дзяменька, пакапайся ў гэтай справе ды разведай, у чым тут яна. Вось што, хлопцы, на ўсякі выпадак у мяне яшчэ захаваліся адозвы пра вайну. Вось яны — перадаў мне падпольшчык Максім Кучаравы.

Патап. Адозвачкі харошыя. Іх трэба прасоўваць салдатам розных часцей, ды так, каб ад гэтага карысць для справы была.

Дзяменя. Давай іх мне: ні адна не прападзе. Ужо калі возьмецца за што Дзяменя, дык ну!..

 

Алесь дастае з ватоўкі жмуток паперы, перадае Дзяменю.

 

Дзяменя (хавае ў патронную сумку). Цар-бацька патронаў не дае, дык я адозвы сюды палажу замест патронаў.

Алесь. Патроны гэтыя слаўныя. А цяпер, хлопцы, вячэраць. Прыхапіце і на маю долю. Ідзіце, а я зараз за вамі.

Дзяменя. Ужо калі Дзяменя возьмецца за што, дык ну!

 

Патап і Дзяменя выходзяць. Алесь застаецца адзін. Некаторы час сядзіць моўчкі, абняўшы рукамі калені.

 

Алесь. Горш за ўсё, што нічога не ведаеш. І так і гэтак думаецца. Спраўляліся, у якой роце знаходжуся. Для чаго спраўляліся?

 

Уваходзіць Патап з ежай для Алеся.

Патап. Ты, брат прафесар, запішы: плюнь і не трывожся. У бяду цябе не папусцім. На, пасёрбай. (Выходзіць.)

Алесь. Эх, выматалі нервы за гэтую подлую вайну... Не, галубчыкі, не давесці вам яе да пераможнага канца! Я загіну, тысячы загінуць, а ход падзей пойдзе сваёю дарогаю. (Спявае.)

 

Ночка цёмна, я баюся,

Правадзі мяне, Маруся.

 

Тфу! Якая пошлая песня лезе ў галаву. Яе толькі і пачуеш тут ад афіцэраў і сясцёр-верціхвостак. Хто ідзе?

 

У цемнаце паказваецца постаць чалавека ў шынялі.

 

Чалавек у шынялі. Выбачайце, зямляк, ці не скажаце мне, дзе раскватаравана дзявятая рота?

Алесь. А хто вы такі?

Чалавек у шынялі. Я прыбыў з эшалонам з тылу. Шукаю свайго земляка, знаёмага.

Алесь. У якім ён узводзе?

Чалавек у шынялі. Быў у трэцім.

Алесь. Як прозвішча яго?

Чалавек у шынялі. Шабура, Аляксандр Шабура.

Алесь. Шабура? Быў такі. (Сам сабе.) Няўжо мяне шукаюць? Быў такі. Але, здаецца, яго цяпер няма.

Чалавек у шынялі. Няма?.. А дзе ён?

Алесь. Рота нядаўна выйшла з бою. (Змаўкае.)

 

Чалавек у шынялі бяссільна асядае. З яго плячэй спаўзае шынель, відна жаночая жакетка з белым нагруднікам і чырвоным крыжам. Алесь працірае вочы. Падыходзіць усутыч, асцярожна ссоўвае з ілба незнаёмай салдацкую шапку.

 

Алесь. Марына?!

Марына (ахамянаецца, момант пазірае ў твар Алесю). Алесь! мілы! Гэта ты? Ты ж насмерць перапалохаў мяне: думала, што ты забіты. (Туліць галаву Алесю на грудзі, уздрыгвае ад здушанага плачу.)

Алесь. Не сніў і не марыў сустрэцца з табою тут. Супакойся, Марынка!..

Марына. Нарэшце я знайшла цябе. Ты жывы і цэлы.

Алесь. Ніяк не спадзяваўся... Ну, як ты, Марынка, адважылася?.. Як папала сюды?

Марына (вінавата апускае галаву). Няшчасце, Алесь, пагнала мяне сюды.

Алесь. Няшчасце?! Што здарылася?

Марына. Ты памятаеш пісьмо, што прыслаў мне праз Міхася? Яно ў Шышлы, у руках паліцыі.

Алесь (пасля паўзы). Цяпер ясна, чаму пытаюць пра мяне ў канцылярыі палка і шукаюць па ротах.

Марына. Трэба ўцякаць. Мяне таксама шукае Шышла. Таму я цяпер не Марына Кублік, а Ірына Загайская. Я запісалася ў сёстры ў палявы салдацкі шпіталь, каб хутчэй знайсці цябе і паведаміць.

Алесь. Мілая, мая слаўная! А цяпер падумаем, як быць. Ведаеш, Марынка, на якую думку навяла ты мяне зменай свайго прозвішча? А што, калі я запішуся ў спіс забітых? Узводны свой чалавек, салдаты свае людзі. Дык няхай жывы Шабура стане забітым, а на яго месца ажывім забітага Макара Макарука. Ідэя добрая, ты будзеш замест Марынкі — Ірынкай, а я замест Алеся — Макарам. А ўцякаць мне няма куды, і ўцякаць я не магу і не ўмею.

Марына (з жахам). Што ты гаворыш? Калі не шкадуеш сябе, дык мяне пашкадуй. Уцякай, уцякай адгэтуль, пакуль не позна. Ці ты баішся дэзерцірам стаць? Адступіся хоць на нейкі час ад свае ролі. Узваж яшчэ раз халодным розумам... Слухай, Алесь, — мне страшна вымавіць гэта: ці не мыляешся ты, стаўшы на шлях паражэння? Вораг прыставіў нож да сэрца Расіі!

Алесь. Не варта было шукаць мяне, каб сказаць такую ісціну. Я ж даўно перастаў ёй верыць. І калі царызм будзе паражаны ў сэрца, я толькі вітаць буду гэта. Мяне трымае тут не дэзерцірства з фронту, а дэзерцірства з тае справы, якая робіцца на фронце. Калі ты любіш і паважаеш мяне, дык палюбі і тую справу, якую я люблю.

Марына. Я люблю цябе, Алесь, але я люблю і праўду. Дзе ж яна, праўда?

Алесь. Ты пытаеш, дзе праўда. Я прыйшоў да яе, Марына, таксама тысячамі дарог, прыйшоў праз свае пакуты і пакуты мільёнаў, праз іх убоства, бяспраўе, слёзы і кроў. Для нас ясна цяпер: рэвалюцыю трэба давесці да канца. Разам з усім сялянствам раздавіць мы павінны самадзяржаўе, памешчыкаў. Але ж гэта толькі паўсправы. Пралетарыят і партыя бальшавікоў рушаць рэвалюцыю далей. Разам з бяднейшым сялянствам, з батрацтвам супроць буржуазіі і кулакоў-крывасмокаў, спекулянтаў і купцоў пралетарыят пойдзе да сацыялістычнай рэвалюцыі.

Марына (апускае галаву, нясмела, ціха). А калі гэта праўда пойдзе дарогаю яшчэ большай крыві?

Алесь (сурова). Усё роўна, якою б дарогаю не ішла, абы прыйшла.

Марына. Вайна зрабіла цябе жорсткім да чалавека, Алесь.

Алесь (мякка). Ты памыляешся, Марына. Вайна навучыла мяне яшчэ болей любіць чалавека, і калі ты цяпер гаворыш так, дык голас твой далятае да мяне здалёку.

Марына (з горкаю крыўдаю). А ці далятаў ён да цябе хоць калі зблізку?

Алесь (з горыччу). Нашто рабіць такія закіды, Марына? Будзь шчырай сама з сабой... Такі час быў тады, калі мы разам чакалі рэвалюцыі і рабілі ўсё, што маглі, каб наблізіць яе.

Марына. Прызнаюся, Алесь, мілы. Я раней заўсёды разумела цябе, а цяпер ты гаворыш нейкай чужой мовай. Зразумей, я баюся, што рэвалюцыя ў часе вайны прывядзе краіну да пагібелі.

Алесь. Царскія міністры таксама кажуць: наўперад заспакаенне, а потым рэформы.

Марына. Ты ні кроплі не маеш да мяне жалю, Алесь! Спатканне з табою, якога я так прагла, з-за якога я так пакутавала, прынесла мне не радасць і спакой, а гора і трывогу. Хіба ж магу я быць спакойнай, калі цябе шукаюць, каб арыштаваць? Ты адзін на свеце блізкі мне чалавек, а стаў якімсьці чужым, далёкім. Дарогі ж назад у мяне няма. Мне толькі застаецца ісці далей адной, адзінокай...

Голас Жухін а. Правае плячо ўперад — марш, раз, два!

 

Марына, спалохаўшыся, выходзіць.

 

Алесь (бяжыць за ёю). Марына, пачакай!.. Спыніся, Марына!

 

Уваходзіць узвод салдатаў, Жухін і першы афіцэр. Алесь, убачыўшы ўвайшоўшых, варочаецца, не дагнаўшы Марыны.

 

Жухін. Ну вось, адпачылі, падзакусілі.

Дзяменя. Нам, ваша благароддзе, адпачываць нельга... Нам трэба айчыну ад ворага абараняць, каб чужаземная нечысць на святую рускую зямлю не ступіла і не паганіла наша неба.

Жухін (радасна). Ну! Ну!

Дзяменя. І толькі тады, калі слаўныя салдаты, верныя сыны нашага бацькі цара, перамогуць паганага ворага...

Жухін (у захапленні). Тады...

Дзяменя. Тады можна будзе адпачыць.

Жухін. Дзякуй!

Дзяменя. Рад старацца!

Жухін. Даўно не чуў я такіх праўдзівых і адданых слоў. Даўно. (Зварочваючыся да першага афіцэра.) Хто сказаў, што ў рускага салдата няма веры, што ён ваюе, не разумеючы за што? (Моцна цісне руку Дзяменю.)

Дзяменя. Так точна, ваша благароддзе.

 

Усе глядзяць на яго, ледзь стрымліваючы смех. Жухін і афіцэр выходзяць.

 

Дзяменя (убок). Рускі салдат пачынае разумець, за што яму трэба ваяваць.

 

 

Карціна другая

Прадвесне 1917 года. Афіцэрская зямлянка. У зямлянцы Будан-Рыльскі, камандзір батальёна, капітан, падпаручнік Жухін і некалькі афіцэраў. Збоку каля зямлянкі, наверсе, стаіць Дзяменя, прылажыўшы вуха — падслухвае.

 

Будан-Рыльскі. Вам вядома, гаспада, што манархія пала. Улада перайшла да Часовага ўрада. Мы, як гаворыцца, не палітыкі, мы — ваенныя людзі. Наша задача — захаваць баяздольнасць арміі. А наш полк мае нядобрую славу. У дзявятай роце вёў у свой час здрадніцкую работу радавы Шабура, пісьмо якога было перахвачана ў тыле паліцыяй і паслана ў штаб палка. Гэты здраднік, на шчасце, лічыцца ў спіску забітых, і справа аб ім спынена.

Дзяменя (пасміхаецца і сам сабе падміргвае). Жывы. І па сённяшні дзень, і справа яго цяпер не ў канцылярыі палка, а ў Дзямені, вось тут у кішэні. (Стукае рукою па кішэні.)

Будан-Рыльскі. Гаспада! Але горш за ўсё, што побач з Часовым урадам арганізаваўся так званы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ён выпусціў, з пазвалення сказаць, загад № 1. Загад гэты — вогнішча і пачатак разбурэння арміі. Ні ў якім разе не паказваць яго салдатам, не гаварыць аб ім!

Дзяменя (сам сабе). Не, брат: загад гэты мы з-пад зямлі выкапаем!

Будан-Рыльскі. Давайце, гаспада, абсудзім становішча. Яно прымушае шукаць новых спосабаў. Ваша слова, гаспада! (Садзіцца. Некалькі момантаў афіцэры маўчаць.)

Першы афіцэр (насмешліва). Эпіграфам да мае прамовы могуць служыць словы раманса: «Я угасаю с каждым днем. И злобы в сердце нет моем». А самую прамову выкажу выслоўем: «Все это было бы смешно, когда бы не было так грустно».

Будан-Рыльскі. І гэта, паручнік, усё?

Першы афіцэр. А болей што казаць? Палажэнне, я сказаў бы, закавырыстае і безнадзейнае... Не ў часе рэвалюцыя...

Жухін. А ці правільна будзе, г. капітан, не паказваць салдатам загад № 1? Як можна схаваць такі дакумент, што афіцыяльна апублікаваны па войску? Гэта можа выклікаць толькі яшчэ большае недаверʼе да афіцэраў з боку салдат.

Дзяменя. А які чорт калі вам верыў?

Будан-Рыльскі. Ні ў якім разе не паказваць яго салдатам. А гаварыць: гэта фальш, гэта нямецкая выдумка, бо шкоды ён наробіць многа, калі аб ім даведаюцца салдаты.

Дзяменя. У бутэльку ўлезем, а даведаемся!

Будан-Рыльскі. Рэвалюцыя пераблытала, як гаворыцца, карты і паставіла нас у труднае становішча. Але няма таго крытычнага становішча, з якога б не было выхаду.

Дзяменя (скептычна трасе галавой). Не хваліся.

Першы афіцэр. Даваў генерал задачу афіцэру: «Два флангі вашай роты атакаваны пяхотай праціўніка. Спераду на вас налятае конніца, ззаду бʼе артылерыя, а над галавою аэрапланы скідаюць бомбы. Якую вы падасце каманду?» Афіцэр адказвае: «На малітву, шапкі далоў!»

Дзяменя. Ну, калі да малітвы справа даходзіць у вас, дык значыць — салдат радуйся.

Будан-Рыльскі. Наша становішча не такое труднае, як тое, аб якім гаворыце вы, паручнік. Мы, як гаворыцца, не асвоіліся яшчэ з новай сітуацыяй.

Другі афіцэр. Калі свабода зачынаецца з развалу арміі і з прынцыпу выбарнасці ў войску, то асінавы кол у спіну такой свабодзе.

Першы афіцэр. Правільна.

Дзяменя. Вось сволачы.

Будан-Рыльскі. Нельга, гаспада, сеч з пляча. Зараз патрэбна іншая тактыка, адна толькі зброя — слова.

Дзяменя. Бабка варажыла, варажыла, ды галавою налажыла.

Першы афіцэр. Паможа тут слова, як мёртваму кадзіла.

Жухін. Гаспада! Рэвалюцыя выбіла вас з сядла, і вы ўпалі ў адчай. А становішча не такое ўжо страшнае. Мы павінны перш за ўсё растлумачыць салдатам сэнс рэвалюцыі. Трэба змяніць таксама і свае адносіны да салдатаў, стаць з імі на роўную нагу.

Дзяменя. Ці таварыш гусь каню?

Першы афіцэр. Як гэта ліберальна і гуманна! Усе парабіліся сацыялістамі-рэвалюцыянерамі.

Жухін. Не ў лібералізме і не ў сацыялістах-рэвалюцыянерах тут, што называецца, сіла! Сіла ў той правільнай лініі, якую павінны заняць афіцэры, каб павесці, што называецца, за сабою армію.

Будан-Рыльскі. Дык так, гаспада. Становішча, як гаворыцца, ахаўскае, але не безнадзейнае. Бліжэй да салдата, гаварыце з ім, разʼясняйце сэнс перавароту. Валі на старую ўладу ўсе нашы няўдачы. Курс браць на партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Яна ўсіх пагодзіць. Яна за вайну і за дысцыпліну ў войску. Выведваць настрой салдатаў. Аб загадзе ж № 1 ні слова! Дык з Богам, гаспада!

 

Святло ў зямлянцы выключаецца. Дзяменя адрываецца ад зямлянкі, бяжыць, потым запыняецца.

Дзяменя. Ох, ох, Дзяменя! Мілы ты мой Дзяменя! Повен ты цяпер, як ніколі: ну, як той клешч, што насмактаўся крыві з сабачага вуха! Ах, афіцэрыкі!.. Бягу, бягу. (Кідаецца бегчы.)

 

Уваходзіць Марына.

 

Дзяменя (запыняецца). Сястрыца, шкадую, што вы не мужчына.

Марына (здзіўлена). А што, Дзяменька?

Дзяменя. Пацалаваў бы вас. Такія навіны!

Марына (смяецца). А хіба ж мужчыну прыемней цалаваць?

Дзяменя. Яно то... не, але ж адвага тут патрэбна.

Марына. Дык рэвалюцыя?

Дзяменя. Самая сапраўдная... Дарэчы, сястрыца: ці не бачылі загаду № 1?

Марына. Я яго маю.

Дзяменя. Ды ну? Дайце мне яго!

Марына (дастае лісток, аддае Дзяменю). Вось ён. Парадуйце салдатаў.

Дзяменя (прасоўвае руку ў ватоўку, вымае пакет, аддае Марыне). Дар за дар... Гэта тое, што зрабіла вас сястрою, а прафесара прымусіла ў нябожчыкі запісацца, мяне ж злодзеем зрабіла — у штабной канцылярыі ўкраў. Цяпер за гэтыя дакументы з вас абоіх нагарода належыць.

Марына. Мілы Дзяменька! Ну, які ж вы дасціпны! (Бярэ пакет, вымае паперы.) Яны аплаканы горкімі слязьмі. Я буду хаваць іх, як кайданы і як святыню.

Дзяменя (з гордасцю). Да ўжо ж калі Дзяменя за што возьмецца, дык ну!.. Пабягу ж я, сястрыца: не церпіцца мне.

 

 

Карціна трэцяя

 

Адрэзак акопаў дзявятай роты. Два канцы іх расходзяцца ў бакі і губляюцца ўводдалі. Шырокі ўваход у акоп. У акопе відна група салдатаў. Сярод іх Дроб, Думака, Гузыр, пяюць песню:

        Старана чужая не родная маці,

        А касцей салдацкіх нагацілі гаці.

          Эх, ваюй, ваюй, салдат!

          Выступай за радам рад!

        За гарой, за лесам ліха, смерць блукае,

        А крумкач у госці крумкачоў склікае.

          Эх, ваюй, ваюй, салдат!

          Па зямлі паўзі, як гад!

        У сырых акопах гіне люд рабочы,

        А там дома жонка праплакала вочы.

          Эх, ваюй, ваюй, салдат!

          За цара, за царанят!

        Над зямлёю цяжка злегла ноч сляпая,

        А ў каго матуля пра сынка спытае.

          Эх, ваюй, салдат, ваюй!

          Смокча кроў тваю буржуй!

        Рассяваеш косці ты, салдат, па свеце,

        А там з галадоўлі пухнуць жонка, дзеці.

          Эх, ваюй не так, салдат!

          Павярні ты штык назад!

 

 

Па сцэне паўзе Дзяменя, каля самага ўвахода ў акоп падае каманду.

 

Дзяменя. Устаць і сустрэць Дзяменю!

 

Салдаты мітусяцца, высыпаюць з акопа, акружаюць Дзяменю.

 

Патап. Што шуміш, іскравая рота?

Дзяменя. Браты мае, рэвалюцыя!

Галасы. Ці не брэшаш? Факты давай!

Дзяменя. Царызма пала! Міністраў арыштавалі! Новы ўрад. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў! (Трасе загадам № 1.) Вось ён, факт! Вось дакумент, што хаваюць ад нас афіцэры! Прафесар! Нябожчык прафесар! Выпісвайся са спіскаў забітых! Ажыві! На, чытай нам уголас.

 

Падбягае Алесь, бярэ загад № 1, момант глядзіць у яго, потым кідаецца на шыю Дзяменю, цалуе яго.

 

Алесь. Факт, таварышы, рэвалюцыя прыйшла!

Дзяменя. Чытай, чытай нам маніхвест, ды чытані так, каб аж за граніцаю пачулі.

Алесь (чытае). «Совет рабочих и солдатских депутатов постановил:

1. Во всех ротах, батальонах, полках, батареях, эскадронах и на судах военного флота немедленно выбрать комитеты из выборных представителей от нижних чинов вышеуказанных воинских частей».

Патап. Братцы вы мае! Пішы — сваё начальства будзе.

Алесь. «2. Во всех воинских частях избрать в Совет рабочих и солдатских депутатов по одному представителю от рот, которым явиться с письменным удостоверением в здание Государственной думы к 10 ч. утра 2 сего марта».

Гузыр. А, душа з іх вон! Палавіна сакавіка, а мы нічога не ведаем.

Галасы. Сволачы! Скруціць думалі!

Алесь. Увага, таварышы! (Чытае.) «3. Во всех своих политических выступлениях воинская часть подчиняется Совету рабочих и солдатских депутатов и своим комитетам».

Галасы. Малайцы! Добра запісана.

Алесь (чытае). «В строю и при отправлении служебных обязанностей солдаты должны соблюдать строжайшую военную дисциплину, но в частной жизни солдаты ни в чем не могут быть умалены в тех правах, коими пользуются все граждане. В частности, вставание во фронт и обязательное отдавание чести вне службы — отменяется».

Патап. Для генералаў гэта — пішы, як стрэмка ў вока.

Алесь (чытае). «Равным образом отменяется титулование офицеров: ваше превосходительство, благородие и т. п. и заменяется обращением: г. генерал, г. полковник и т. д.».

Дзяменя. Ды я яго проста буду зваць: «Эй ты, генерал! Сюды ідзі».

 

Салдаты смяюцца.

 

Алесь (чытае). «Грубое обращение с солдатами и в частности обращение к ним на «ты» воспрещается!» Падпісана: «Петроградский Совет рабочих и солдатских депутатов». (Скончыўшы чытаць, аглядае салдатаў.) Чулі, таварышы? Вось ён (трасе загадам), наш салдацкі дакумент. Касуецца шэрая скацінка. Салдат стаў чалавекам, грамадзянінам. Ён вызвален ад афіцэрскага прыгону. Няхай жыве рэвалюцыя!

Салдаты. Ура!

 

Дроб выносіць гармонік, іграе заліхвацкі матыў. Салдаты танцуюць, гікаюць, выгукваюць: «Свабода!», «Рэвалюцыя!», «Наша бярэ!», «Ура рабочым і салдатам!»

 

Дзяменя. Увага! Слухайце мяне. (Шум змаўкае.) Тэлефанаграму даць немцам!

Галасы. Правільна!

 

Дзяменя шукае, што надзець на штык, нарэшце дагадваецца зняць бот, разгортвае парцянку, надзяе на штык. Вылазіць за бруствер акопа.

 

Дзяменя. Германішэн! Браткі немцы! Салдаты! Сказаў бы ім па-нямецку, ды язык грэцкі. Гэр-мэр! У нас рэвалюцыя. (Раздзельна.) Рэ-ва-лю-цыя! Годзе ваяваць! Далоў вайну!

 

З нямецкіх акопаў чуваць галасы: «Рус! Рус! Гох! Рус!» Уваходзіць Будан-Рыльскі. Яго не бачаць. Ён стаіць моўчкі, ледзь стрымліваецца.

 

Патап. Далоў гандлярскую вайну!

Дзяменя. Годзе ваяваць, далоў вайну!

Будан-Рыльскі. Так!

 

Усе салдаты павярнуліся. Цяжкая паўза. Будан-Рыльскі злосна выбягае.

 

Дзяменя (услед Будан-Рыльскаму). Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю.

 

 

Карціна чацвёртая

Той жа самы ўчастак фронту. Бліжэйшы франтавы тыл. Салдацкі мітынг. На мітынгу абмяркоўваюцца пытанні міру і вайны.

 

Патап. Ужо другі месяц, як пачалася рэвалюцыя, мы ж усё яшчэ гніем у акопах. За гэты час пабывала тут шмат народу, розных прадстаўнікоў ад розных партый. Што ж яны гавораць нам? Яны кажуць: «Ваюйце, вольныя салдаты! Абараняйце свабоду, нашы героі!» Усе яны дудзяць па адной дудцы: і меншавікі і эсэры. Словам, таварышы, канца вайне не відаць. А як мы, салдаты, ставімся да вайны? У нас — так і пішы — адно жаданне: скончыць яе як найхутчэй.

Галасы. Верна! Праўда!

Патап. Хто ж нас у гэтым падтрымлівае? Хто выказвае нашы набалелыя жаданні, нашы мыслі, нашы пачуцці? Толькі адна партыя — гэта партыя бальшавікоў. Бальшавікі кажуць нам: «Салдаты! вы самі бярыцеся канчаць вайну. Братайцеся з вашымі праціўнікамі — яны такія ж, як і мы, рабочыя, сяляне. Дабівайцеся, каб уся ўлада перайшла Саветам». Ці правільна гавораць бальшавікі?

Галасы. Правільна!

Патап. Дык давайце, таварышы, самі канчаць вайну. Давайце правядзем братанне арганізавана, цэлымі часцямі. Гэтым наблізім мір і канец вайны. (Дастае жмут газет.) Вот вам, таварышы, наша салдацкая газета «Окопная правда». Яе пішуць людзі, што стаяць за мір, за нашага брата салдата, за народ, за сапраўдную свабоду.

 

Салдаты нарасхват бяруць газеты.

 

Галасы. Пачытаем сваю «Акопную праўду»! Даволі кармілі нас буржуі сваімі газетамі.

Голас (дзесь з глыбі натоўпу). Але ці няма тут, таварышы, ашуканства? Іхняга правадыра, Леніна, немцы падкінулі ў Расію.

Алесь. Хлусня, таварышы, кадэцкі паклёп, каб аганьбіць партыю бальшавікоў.

Патап. Хто гаварыў, што Леніна немцы падкінулі? Выступі тут перад народам, мы паслухаем і пабачым, што ты за чалавек. Мы ўсім даём слова. Гавары, што хочаш. Дык выходзь на народ!

 

Ніхто не выходзіць.

 

Галасы. Гэта буржуйчык прытаіўся тут.

Алесь. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Галасы. Ды яно ж ясна. Мы за бальшавікоў.

Другі голас. Самі будзем канчаць вайну.

Алесь. Дык, значыцца, таварышы, правядзем шырокае братанне. І другія роты і палкі будзем заклікаць да гэтага. Бо толькі такім чынам і можна дабіцца канца вайны. Дык згодны, таварышы?

Галасы. Згодны.

Алесь. Прагаласуем. Хто за гэта, падыміце рукі. (Салдаты дружна падымаюць рукі. Алесь радасна пераглядаецца з Патапам.) Мітынг скончан. Будзьце, таварышы, смелыя, рашучыя, упартыя, і мы свайго дабʼёмся.

1-шы салдат. Ну, хлопцы, цяпер трымайся. Наш лёс у нашых руках.

2-гі салдат. Чачавічку сёрбаць зараз не будзем, чорта з два.

3-ці салдат. Уся ўлада Саветам. Вось калі на нашай вуліцы будзе свята!

4-ты салдат. Да бабы свае вярнуся. Свае ж пусцяць.

1-шы салдат. Браткі мае, дамоў прыйду, а гэтую качаргу к чортавай матары.

Патап. Ну, гэту качаргу пры сабе прыхавай. Спатрэбіцца...

Голас. Я капітану за свае зубы рахунак падам.

1-шы салдат. Ну, прафесар, дахаты разам паедзем за кампанію.

 

Салдаты разыходзяцца з песняю. Алесь застаецца на сцэне. Песня салдатаў аддаляецца.

 

Алесь. Якая незвычайная для фронту цішыня! Фронт замірае. Шчаслівы будзе той час, калі ён замрэ тут назаўсёды. (Піша ў сваю кніжку.)

 

Здалёку паказваецца Марына. Запыняецца, асцярожна разглядаючыся. Бачыць Алеся. Борздзенька падыходзіць да яго. Момант стаіць моўчкі.

 

Марына. Так захапіўся, што і не бачыць нічога.

Алесь. Марынка! Здарова, Марынка-Ірынка! Прыйшла? Не забыла?

Марына. Я ніколі не забываю цябе, але зараз я на хвілінку. Алесь, слухай: тое, што вы робіце і збіраецеся рабіць тут, вядома там. Праўда, што вы ладзіце масавае братанне?

Алесь. Цяпер гэта звычайная зʼява. Яе не схаваеш. І хаваць не збіраемся.

Марына. Вы мяркуеце тут па-свойму, а там употайку гатуюць вам пастку.

Алесь. Пастку? Якую пастку?

Марына. План іх пякельны. «Мы,— кажа гэты Будан-Рыльскі,— падстроім так, што іхняе братанне самі немцы расстрэльваць будуць». Сцеражыцеся! Вы можаце загубіць тысячы людзей, вас змяшаюць з прахам: артылерыя папярэджана і падгатавана, яна на іх баку.

Алесь. Будан-Рыльскі! Удалае імя! Будан-Бруднае Рыла!

Марына. Ты ўсё жартуеш, Алесь, а ў мяне сэрца не на месцы, калі падумаю, што загінуць тысячы народу.

Алесь. Дзякую за дапамогу. Значыць, ты цяпер зразумела, што праўда на нашым баку? Значыць, ты пойдзеш за мной?

Марына. Усюды з табою. Я веру цяпер толькі табе і Патапу. Жыццё на фронце раскрыла мне вочы. Я ўвесь час ахоўвала вас і дапамагала вашай справе. Ведаеш, мне часамі здаецца, што яны здагадваюцца аб маёй ролі. Але не гэта мне страшна... (Абрывае гутарку. Паўза. Другім тонам.) Ну, бывай жа! А калі даведаюся пра што, паведамлю. (Выходзіць.)

Алесь (глядзіць ёй услед). Пайшла і нібы большую частку мяне забрала з сабою. А хацелася ж казаць яшчэ так многа і так сардэчна! (Сядзіць моўчкі, схіліўшы галаву.) Даведаліся... Ставяць пастку... Як жа быць?

 

Уваходзяць Максім Кучаравы і Патап.

 

А, таварыш Максім, добра, што ты прыйшоў. Хадзіце, браткі, сюды.

Патап. Ты што, прафесар, стаіўся тут?

Алесь. Справа, браткі, такая, што аднае прафесарскае галавы мала.

Патап. Ну?

Алесь. Будан-Рыльскі пранюхаў пра братанне!

Патап. Ну дык што? На гэта і нюхаўкі спецыяльнай не трэба.

Алесь. Справа ў тым, што ён рыхтуе нам пастку. Артылерыю паставілі расстрэльваць братальнікаў.

Патап. Гэта факт?

Кучаравы. Я гэтага і баяўся — у артылерыі шмат афіцэраў і вальнапёраў.

Патап. А ты адкуль даведаўся?

Алесь. Марына сказала.

Кучаравы. Марыне верыць можна. Я наглядаў за ёю. Яна — наша.

Патап. Ну, што ж. Адступаць нельга, прафесар.

Алесь. Нельга, гэта ясна. Але калі мы правалім братанне, дык мы дыскрэдытуем і самую ідэю яго.

Кучаравы. Трэба павесці справу так, каб правалу не было. Слухайце.

 

 

Карціна пятая

 

Афіцэрская зямлянка. У зямлянцы Будан-Рыльскі і тры ротныя камандзіры.

 

Будан-Рыльскі. Чаму бальшавізм залівае тыл і так востра паражае сваёй гангрэнай фронт? А таму, што бальшавікі кажуць салдату: гані сваіх афіцэраў — яны твае класавыя ворагі і стаяць за вайну. Адбірай зямлю ад памешчыкаў і фабрыкі ад фабрыкантаў, і ты станеш багатым.

Жухін. Гэтага мала, г. капітан: бальшавікі давялі салдату і пераканалі яго ў тым, што вайна для яго не мае сэнсу, як грабежніцкая вайна ў інтарэсах багатых класаў... Яны прапаведваюць іншую вайну...

 

Убягае афіцэр.

 

Афіцэр (узрушана). Гаспадзін капітан! Другі і трэці батальёны і дзве роты першага выступаюць з акопаў пад белым сцягам — братацца. Выступленне пачынае дзявятая рота.

Будан-Рыльскі. Дзякую, паручнік. (Да афіцэраў.) Сачыць за рухам здраднікаў. Аб кожным руху дакладваць мне.

 

Афіцэры выбягаюць з зямлянкі, глядзяць у біноклі. Будан-Рыльскі кідаецца да тэлефона.

 

Будан-Рыльскі. Ало, батарэя? Капітан Сумяцін? Здрастуйце. Капітан Будан-Рыльскі. Будзьце гатовы. Сектар — 3, квадраты № 13 уключна па № 24 выключна... Вельмі рад. Так, так. Дзякую.

Афіцэр. Гаспадзін капітан. Дзявятая рота выходзіць з белым сцягам. Зʼяўляюцца адзіночныя людзі на ўчастках 10 і 11... Натоўп павялічваецца. Рады гусцеюць. Стаяць на месцы... Паказваюцца немцы. Накапляюцца. Фронт шырыцца... Гаспадзін капітан, пара!

Будан-Рыльскі (хапае трубку тэлефона). Ало, ало! Капітан Сумяцін? Адкрывайце агонь! Сектар — 3, квадраты — 13—24. (Вешае трубку.)

Афіцэр. Гаспадзін капітан... Самы час... Тысячы!..

Будан-Рыльскі (нервова). Што ж яны не страляюць? (Бярэцца за трубку тэлефона, грыміць гарматны стрэл. Адыходзіць ад тэлефона, радасна хрысціцца.) Дзякуй Богу... Назірайце, гаспада, узрывы.

 

Мёртвая цішыня. Афіцэры стаяць, пазіраюць у біноклі. Званок тэлефона. Будан-Рыльскі знімае трубку.

 

Будан-Рыльскі. Ало, я, я... Што? У процілеглы бок?.. Сволачы! (Шпурляе трубку, у ярасці бʼе кулаком па тэлефоне. Да афіцэраў.) Павярнулі хобаты гармат у процілеглы бок. Стрэлілі адзін раз... у штаб свае дывізіі. Братаюцца таксама артылерысты з пехацінцамі. Мярзаўцы! Негадзяі!

Афіцэр. Якая мерзасць! Якая ганьба!

 

Другі афіцэр выхватвае рэвальвер, каб страляць у салдатаў. Яго ўтрымліваюць.

 

Жухін (безнадзейна). Лішнія мы тут і непатрэбныя.

 

 

Карціна шостая

 

Бліжэйшы франтавы тыл. Прасторны пусты двор, запоўнены салдатамі. На пярэднім плане Дроб і Гузыр. Салдаты соваюцца па двары, выходзяць і прыходзяць. Сям-там сядзяць па некалькі чалавек. Ціха, хтосьці сумна спявае.

 

Дроб (сядзіць на бервяне, курыць цыгарку). Правініліся, значыцца, перад буржуямі. Як заразную роту вывелі з акопаў. (Смяецца.) Ну ж і злосці было ў Будана-Рыльскага. Ось, думаў, гакну, аж нічога не выйшла.

Гузыр. Адлучылі, каб лягчэй справіцца. За дысцыпліну бяруцца. Керанскі, чуеш, на фронт едзе. Строгасць. Зноў у наступленне гнаць будуць.

Дроб. Няхай Керанскі сам і наступае. Які дурань будзе наступаць яму? Самому на мазоль наступаюць, вось і круціцца.

Гузыр. Глядзі, каб і нас не ўкруціў.

Дроб. Няхай ён лепш сам сабе галаву скруціць. (Вымае з ватоўкі нейкую рэч, загорнутую ў газету.)

Гузыр. Судзяць жа нас, Паўлюк, чуў? За братанне.

Дроб. А няхай судзяць. Прысудзяць у Сібір? Дык чым горш Сібір за вайну? (Мяняе гутарку.) Спрытныя, падлы, гэтыя немцы. Якія добрыя штучкі вырабляюць. Вось ты зірні, Андрэй, якую хвацкую брытву падараваў мне на памяць нямецкі салдат!

Гузыр (разглядае брытву). Хвацкая брытва, ядры яе качан.

Голас. Таварышы, сюды!

 

Дроб хавае брытву. З усіх куткоў двара збягаюцца салдаты, збіваюцца ў круг. На калодцы ў сярэдзіне круга стаіць Патап.

 

Патап. Таварышы! Мы толькі што даведаліся, што нас зараз прыйдуць абяззбройваць. Палкавы суд, дзе большасць было афіцэраў і прыслужнікаў буржуазіі, пастанавіў расфарміраваць нашу роту за тое, што мы праводзілі братанне.

Кучаравы. Таварышы, помніце, мы цвёрда пастанавілі не пакарацца ніякім іхнім судам. Запамятайце гэта!

Дружныя галасы. Не здавацца! У штыкі ўзяць іх суд!

Дзяменя (ускаквае на калодку). Таварышы, стаяць да канца цвёрда. Вінтовак з рук не выпускаць. Яны за вайну да пераможнага канца, а мы за сваю вайну. І калі мы дапусцім, каб нас абяззброілі, дык мы не салдаты. А калі дазволім арыштаваць каго з нас, дык мы не таварышы.

Голас. Ідуць!

 

Паказваецца Будан-Рыльскі, з ім група салдатаў і афіцэраў. Рота замаўкае. Будан-Рыльскі падыходзіць бліжэй, аддзяляецца на некалькі крокаў ад групы, падыходзіць да дзявятай роты.

 

Будан-Рыльскі. Ну-с, так званыя салдаты! Мы прыйшлі сюды па даручэнні палкавога камітэта. Палкавы камітэт разам з прадстаўніком ад Часовага ўрада і армейскага камітэта разгледзеў, як гаворыцца, справу салдатаў дзявятай роты. Пастанавіў (вымае паперку, чытае): «За здраду айчыне, што выразілася ў форме пагалоўнага братання з ворагамі, роту абяззброіць і расфарміраваць! (Прыходзіць Марына, неспакойная, устрывожаная. Прыпыняецца збоку, слухае.) Радавых Макара Макарука, Дзяменю Дзямяна, Патапа Думаку, як зачыншчыкаў і падбухторшчыкаў, арыштаваць і судзіць ваенным, спецыяльна вызначаным, судом».

Алесь. А рота даручыла мне заявіць, што пастановы чужога і варожага камітэта яна не прызнае і падпарадкоўвацца ёй не будзе. Гэта адно. Другое: Макар Макарук забіты ў баі 20 лістапада мінулага года.

Патап. Судзіць любіце, г. капітан! Судзілі, будучы земскім начальнікам, і цяпер судзіце. Але нябожчыка Макара Макарука дарма засудзілі: як яго цяпер арыштуеш? Пішы прапала.

Дзяменя. Нябожчыкаў судзяць! Вось якая іхняя праўда! Я таксама нябожчык, калі на тое пайшло!

Будан-Рыльскі. Мярзаўцы! Што за камедыянцтва?!

Галасы. Ад мярзаўца чуем! Вон, старарэжымшчык!

 

Будан-Рыльскі адступае на крок. Свішча ў свісток. Марына стаіць, сашчапіўшы рукі. Парываецца ісці, але стрымліваецца. Да яе падыходзіць Будан-Рыльскі.

 

Будан-Рыльскі. Любіце батальныя сцэны? Ідзіце адгэтуль, сястрыца, вам тут не месца.

Чуецца густы барабанны бой. Паказваюцца салдаты ў поўнай баявой выкладцы. Уперадзе афіцэр. Адварочваецца назад, рукою дае знак спыніць барабаны. Падыходзіць да Будана-Рыльскага. Напружаная цішыня. Афіцэр бярэ пад казырок, рапартуе.

 

Афіцэр. Гаспадзін капітан. Батальён у складзе васьмісот штыкоў пры васьмі кулямётах прыбыў.

Будан-Рыльскі. Вы паступаеце ў маё распараджэнне. Ваша задача — абяззброіць зараз жа гэту банду, не спыняючыся ні перад якімі мерамі.

Афіцэр (бярэ пад казырок). Слухаю, г. капітан. (Да сваіх салдатаў.) Заняць указаныя пазіцыі і чакаць майго загаду. Паставіць кулямёты на пярэднюю лінію. (Да салдатаў дзявятай роты.) Загадваю: зараз жа здаць вінтоўкі і амуніцыю. (Салдаты дзявятай роты маўчаць, не рухаюцца.) Яшчэ раз і апошні раз паўтараю — здаць вінтоўкі і амуніцыю!

 

У радах роты хістанне. Некаторыя салдаты робяць рух для выпаўнення загаду. Два чалавекі выходзяць з радоў, каб здаць вінтоўкі: іх не пускаюць.

 

Галасы: Здраднік! Баязлівец! Ганьба!

 

З радоў салдатаў-усмірыцеляў выходзіць салдат.

 

Салдат-усмірыцель. Ад імя салдацкага камітэта франтавікоў загадваю безадкладна выпаўняць загад! Цырымоніцца з вамі не будзем!

 

Хістанне ў радах роты павялічваецца. Яшчэ некалькі салдатаў выходзяць, аддаюць вінтоўкі.

 

Алесь (вырываецца на сцэну, згортвае кулакі, трасе імі. Да салдатаў, здаўшых вінтоўкі). Сорам і ганьба вам! Вы не таварышы! (Зварочваецца да ўсмірыцеляў.) Таварышы! Ці ж вы падымеце руку на вашых братоў? На свабоду, што заваявалі мы нашай кроўю?

Будан-Рыльскі (у абурэнні кідаецца з наганам на Алеся). Заткні глотку, нямецкі агент! Шпіён! Узяць яго!

 

Салдаты-ўсмірыцелі акружаюць Алеся.

 

Патап. Ці не сорам вам, таварышы! Вас прывялі, як паліцэйскіх, і па-паліцэйску вы выступаеце!

Будан-Рыльскі. Заткні глотку, нямецкі агент! Даволі бальшавіцкіх мітынгаў!

 

Сярод салдатаў шум. Шум пракочваецца і па радах салдатаў-усмірыцеляў.

 

Голас з радоў усмірыцеляў. Даць яму сказаць!

Другі голас. Так нельга! Гэта не стары рэжым!

Будан-Рыльскі (трасучыся ад злосці). Не смець мітынгаваць! Забараняю!

 

Шум нарастае. Афіцэр збянтэжана азіраецца. Марына зрываецца з месца, выбягае на сцэну.

 

Марына. Браты салдаты! Родныя, апамятайцеся! (Шум заціхае. Выступленне Марыны і яе слёзы робяць уражанне сваёй нечаканасцю.) Адумайцеся, што вы робіце? Вашымі рукамі расчышчаюць тут дарогу вашай жа няволі, яны капаюць тут магілу вашай свабодзе і кідаюць вас брат на брата. Зразумейце ж вы гэта!

Будан-Рыльскі. Шпіёнка! Правакатар! Бальшавіцкая патаскуха!

Алесь (вырываецца з групы канвойнікаў, падбягае да Марыны). Не смей абражаць жанчыну, сволач, царскі халуй!

 

Будан-Рыльскі, калоцячыся, як у ліхаманцы, падымае наган, страляе ў Алеся, але Марына паспела яго засланіць. Марына хапаецца рукой за бок, падае. Сярод салдатаў шум і рух.

 

Афіцэр (падбягае да Будан-Рыльскага). Што вы зрабілі, капітан?

 

Афіцэры хутка выходзяць.

 

Галасы салдатаў. Забіў жанчыну! Сястру забіў! Трымай забойцу!

 

Каля Марыны група салдатаў. Алесь расшпіляе на ёй тужурку. З кішэні курткі відаць беражок пакета. Бярэ руку Марыны, слухае пульс.

 

Алесь. Скончана жыццё! (З болем.) Даруй, Марынка. Маю кулю прыняла ты ў сэрца. Гвалтаўнікі! Забойцы! Каты! Перад людскім судом адкажаце вы за гэтыя дакументы чалавечай пакуты, слёз і крыві!

 

Убягае Дзяменя. Спыняецца перад трупам Марыны.

 

Дзяменя. Сястрыца, родная наша! (Згортвае кулакі.) Забойцы! Не схаваецеся! Адкажаце кроўю за кроў!

Патап (паварочваецца ў той бок, куды ўцёк Будан-Рыльскі). Запішы гэта на сваім каінавым ілбе!

Кучаравы. Вось яна, агідная расправа! Вось яны, нашы класавыя ворагі! Змаганне толькі пачынаецца! Таварышы, арганізавана, дружна возьмемся за справу, за агульную справу...

ЗАСЛОНА

 

Акт чацвёрты

1918 год. Тая ж вёска, што і ў 1-м акце. Поп ловіць вудачкамі рыбу, да яго падыходзіць Бухрай.

 

Бухрай (хітра, з намёкамі). Вось, бацюшка, і ваду замуцілі, а рыбка штось не ловіцца.

Поп. Што замуцілі, то замуцілі. І чым далей, тым горай.

Бухрай. І як-та гэта каб ды без начальства? Ну, што такое народ без цвёрдай апекі? Ні села ні пала, а ўжо ходзяць з сажонкамі ды зямлю абмяраюць. Сёння панскую, а заўтра — і маю і бацюшкаву.

Поп. Ох, і не кажы, Яўхімавіч. (Закідае вуду. Бухрай паволі адыходзіць, сам сабе з дакорам ківаючы галавою. Паўза. Поп глядзіць на паплаўкі.) Ох, госпадзі Божа мой! І рыба не клюе. Дух бальшавізму ўсю прыроду абуяў. (Здалёку выходзіць чалавек, адзеты салдатам.) Што ж гэта за салдацюга? Ці не агітатар іхні, каб ён галавою налажыў! Ці гэта які рэквізітар, бандыт?

Чалавек, адзеты салдатам (здалёку). Маё шанаванне, айцец Кандраці!

Поп (няветла, панура). Здрастуй! (Падазрона аглядае салдата.)

Чалавек, адзеты салдатам (падыходзіць, спыняецца). Не пазналі, да, собственна, да?

Поп (у радасці). Арцём Іванавіч!.. Даруйце, не пазнаў адразу. Думаў — рэквізітар бальшавіцкі. Ха-ха-ха... Каб не ваша прымаўка, дык і не пазнаў бы, ісцінны Бог!

 

З-за вугла паказваецца Караліна. Згледзеўшы папа і Шышлу, падаецца назад, сама сабе робіць знакі перасцярогі. Спыняецца, прыслухоўваецца да гутаркі, мімікаю рэагуе на яе.

 

Шышла. Я ж і хачу, каб мяне не пазнавалі. Інкогніта хаджу, да, собственна, да.

Поп. Так, так, я вас разумею, г. Шышла... Навіны якія ёсць?

Шышла. Вы хутка пачуеце і ўбачыце іх сваімі вачамі, айцец Кандраці. А Шышла справу робіць, да, собственна, да! (Змяняе тон.) Скажыце, айцец Кандраці, хто завадыякамі быў у разграбленні маёнтка г. Будана-Рыльскага... і наогул. Маю даручэнне экстрана сабраць весткі.

Поп (баязліва азіраючыся). Я іх усіх ведаю. Зойдзем да мяне, Арцём Іванавіч.

 

Поп прапускае наперад Шышлу, азіраецца. Выходзяць. Караліна нясмела выцягвае галаву, глядзіць ім услед, потым ступае крокі два, запыняецца. Стаіць, ківае сама сабе галавою. Грозіць пальцам у той бок, куды пайшлі поп з Шышлам. Мімікаю, рухамі выказвае свой страх і нейкія свае мыслі.

 

Караліна. Шышла... Шышла... Паліцэйскі цар. Салдатам ходзіць. Салдатам, мае красачкі. А які страшны! Салдатам ходзіць! З белага ў шэранькага перакінуўся. (Раптам змаўкае, прыкладае палец да носа.) Але нашто вусы абстрыг, красачкі мае вы? Няўжо для таго, каб харашэйшым быць? Вось фацэція... Пайду, пайду ж я ад вас далей...

 

Уваходзяць Дзед Мікіта і Аслаў з сажонкам.

 

Дзед Мікіта (прадаўжаючы гутарку). Паны сабе так думаюць: «А, не да ўпадобы вам былі паны і буржуі, папраганялі нас, дык вось паспрабуйце без нас жыць». Гэта значыць, чуй, дурань-браце, каб мы ім зноў рукі цалавалі.

Аслаў. А няхай ім лепей сырая зямля вочы зацалуе.

Дзед Мікіта. Людзі ж, чуй, дурань-браце, кажуць, што яны заграніцу сюды заклікаць ладзяцца, каб скінуць бальшавікоў, свабоду і зямлю адабраць.

Аслаў. Але ад зямлі мужыка, покі мужык жыве, ніхто не адарве.

Дзед Мікіта. Ну, гэта, чуй, дурань-браце, гледзячы як хто рване.

 

Насустрач выходзіць Бухрай. Пазірае на дзеда Мікіту і Аслава. Спыняецца, з дакорам ківае галавою.

 

Бухрай. Ой, старыя, нядобра вы робіце: не любіць зямля, калі па ёй ходзяць без належнай пашаны.

Аслаў (сярдзіта). А ты вось скажы: ці любіць чалавек, калі з яго цягнуць жылы і смокчуць кроў павукі і кляшчы?

Бухрай. Хто гэта — павукі і кляшчы?

Аслаў. А тыя, што абдзіраюць народ, на яго бядоце свае кішкі гадуюць ды салам абрастаюць.

Дзед Мікіта (абурліва). Пытае, хто павукі, чуй, дурань-браце. (Да Бухрая.) А ты не клешч, не павук?

Бухрай (таксама ў абурэнні). Я, я — павук, клешч? Я, што раскідаюся хлебам, каб дапамагчы галоднаму?

Дзед Мікіта. А колькі ты, воўчы трыбух, чуй, дурань-браце, скур за гэты хлеб злупіў? Колькі жывёлы, зямлі сабе за вайну прыдбаў?.. Дабрадзей! Няхай такіх дабрадзеяў і зямля не носіць.

Бухрай. Ты глядзі, гарлапан стары, каб гэты сажонак не пахадзіў яшчэ па тваёй спіне... Распасцёр пастку. Тфу ты, чорт паганы, каб ты праваліўся. (У злосці выходзіць.)

Дзед Мікіта (услед Бухраю, згортвае фігу). Вось табе фігурацыю за тваю турбацыю. Сам правалішся, чуй, дурань-браце.

Аслаў. Бачыш, як незалюбіў: праўда вочы коле.

 

Непадалёку чуецца песня Караліны:

 

 

        Сядзіць зайчык на мяжы,

        Што ён думае, скажы?

        Зайка з поля ў лес бяжыць,

        Добра зайку ў лесе жыць.

 

 

Дзед Мікіта. Ты вось заўваж, Аслаў: ужо колькі разоў прымячаю я, што як толькі пакажацца яна, дык зараз жа нейкае ліха следам за ёю. Праціўная, чуй, дурань-браце, кабета.

Караліна. Жывы яшчэ, мужчынкі? Жывяце, старыя алешыны. А чулі вы, што паліцэйскі цар шэранькім зрабіўся і вусы абстрыг? Вось фацэція. Ха-ха-ха! (Заліваецца доўгім дурным смехам.)

Дзед Мікіта. Тфу.

Аслаў. А ты, Караліна, хвацка смяешся.

Караліна (не слухае). Ды чаго смяюся. Тут, можа, плакаць трэба, а я смяюся.

Дзед Мікіта. Ідзі ты, чуй, дурань-браце, куды ідзеш!

Караліна. Ой, які ганарысты!.. Ты глядзі — кажан лётае!

 

Накідваецца са смехам на Мікіту. Выходзіць.

 

Дзед Мікіта (плюе). Тфу! Чаўпе немаведама што, аж слухаць моташна... І жывуць жа такія людзі на свеце!

 

Бяжыць Гараська.

 

Гараська (перапалоханы). Дзядок! Нейкія салдаты прыйшлі з афіцэрам! Двары трасуць!

Дзед Мікіта (устрывожаны). Якія салдаты? Адкуль?

Аслаў (палохаючыся). З афіцэрам? Ну, то дабра не будзе!.. А можа, гэта немцы? (Азіраецца і бездапаможна топчацца.)

 

За сцэнаю шум. Чуваць тупат конскіх капытоў, брэх і выццё патрывожаных сабак, галасы перапалоханых людзей і крыкі. Чотка даносіцца чыйсьці начальніцкі голас: «Зносіць рэчы на плошчу! Туды ж вядзі і падбухторшчыкаў!»

 

Дзед Мікіта. Што ж гэта ёсць такога?

Гараська. Уцякайма, дзядок, хаваймася!

Аслаў. Вось не было яшчэ ліха!

 

Дзед Мікіта, Аслаў і Гараська кідаюцца з плошчы. Нечакана ім дарогу перагароджвае салдат са стрэльбай.

 

Салдат (грозна). Стой на месцы!

 

Дзед Мікіта, Аслаў і Гараська нямеюць, застываюць на месцы. Уваходзіць Будан-Рыльскі, суровы і грозны. За ім пад канвоем ідуць сяляне, нясуць крэслы, люстэрка, канапку, столікі, дываны і розныя рэчы панскага ўжытку. Трое салдатаў Будан-Рыльскага вядуць Міхася, Дроба і Гузыра. Ззаду, на некаторай адлегласці, за імі ідуць жанкі і Наста. Жанкі лямантуюць, галосяць.

 

Галасы. За што вы іх пабралі? Куды ведзяце? Разбойнікі! З немцамі ваяваць не ўмелі, а з жанчынамі ды з безаружнымі дык вы хваты!

Наста. Міхаська, родны, за што цябе, што гэта робіцца?

Будан-Рыльскі. Маўчаць, хамʼё!

 

Гараська, убачыўшы бацьку пад канвоем, кідаецца да яго.

 

Гараська. Тата! Татачка!

Будан-Рыльскі (бʼе Гараську нагайкай). Назад, шчанюк!

 

Гараська з крыкам «а-яй-яй» кідаецца наўцёкі.

 

Міхась (не помнячы сябе). Не смей біць хлапчука!

Будан-Рыльскі. Хам расцугляны! Шпана бальшавіцкая! З кім гаворыш? Рукі па швах!

Дзед Мікіта. Ды што вы робіце? За што здзекуецеся, катуеце нас?

Будан-Рыльскі (да дзеда Мікіты). Маўчаць, пудзіла старое! (Афіцэру.) Узяць гэтых дамарослых мудрацоў і ўсыпаць па пятнаццаць шомпалаў кожнаму!

 

Афіцэр і двое белых салдатаў хапаюць Мікіту.

 

Дзед Мікіта (адбіваецца). Смярдзюхі вы, чуй, дурань-браце, куды лезеце?

Бабка Таццяна. А паночак! А даражэнькі! Злітуйцеся! Куды ж іх вядуць? Даруйце ім!

Будан-Рыльскі. А дзе ж падбухторшчыкі?

Шышла. Вось яны. (Паказвае на Міхася, Гузыра і Дроба.)

Будан-Рыльскі. А, быццам бы знаёмыя. Слаўныя воіны славутай дзявятай роты?.. Братальнічкі! Ух вы, морды! Я вамі зараз займуся!

Бабка Таццяна. А паночак, а даражэнькі!

 

Жанчыны пачынаюць галасіць. Іх акружае канвой.

 

Будан-Рыльскі. Паслухалі бальшавіцкіх агітатараў-гарладзёраў, лодараў: забірай панскае дабро, знішчай паноў. Вы думаеце, што мне шкада гэтага барахла? Ды я плюю на яго (бʼе шабляй па мэблі і ломіць яе). Я выбʼю гэтак жа бальшавіцкі дух з вашых галоў.

 

У гэты час на званіцу шыбуе Гараська. Залазіць і звоніць. Заглушаючы шум, далятае глухі, надтрэснуты пажарны звон. Гукі яго нагадваюць словы: «Гвалт! Гвалт! Гвалт!» Будан-Рыльскі і яго салдаты палохаюцца. Сярод іх замінка.

 

Будан-Рыльскі (у грозным тоне, хаваючы страх). Хто распарадзіўся падымаць трывогу?

Голас. Падпалілі нас! (Агульны рух.) Пажар! Ратуйце!

 

Праз плошчу, на ўсю сілу, бяжыць салдат са стрэльбаю.

 

Салдат (здалёк крычыць). Гаспадзін капітан, ратуйцеся! Чырвоная гвардыя акружае нас! (Кідае вінтоўку, на бягу скідае шынель, уцякае.)

Будан-Рыльскі (пакідае ролю суддзі, адбягаецца на плошчу, падае каманду). Салдаты, ка мне! На коні!

 

Дзесь за сялом зататакаў кулямёт. Сярод салдатаў паніка. Канвойнікі кідаюць арыштаваных. Міхась накідваецца на канвойніка, валіць на зямлю, вырывае вінтоўку. Агульная сумятня. Народ разбягаецца. Поп і Бухрай, якія назіралі экзекуцыю, хаваюцца. З розных бакоў плошчы паказваюцца байцы, адзетыя як папала, у шынялях, у скураных куртках, з гранатамі за поясам і з кулямётнымі пасамі праз плячо. Дзед Мікіта падымаецца з зямлі, недаўменна аглядаецца. Будан-Рыльскі, пакінуты сваімі салдатамі, пускаецца наўцёкі. За ім бяжыць Шышла, потым заварочвае ў другі бок.

 

Голас (за сцэнаю). Стой, рукі ўгару!

 

Чуваць стрэл з нагана. Валтузня, тупат людскіх ног.

 

Голас. Марная твая справа, капітан!

 

Уваходзіць з ваяўнічым выглядам Патап, за ім бледны, без шапкі і без зброі Будан-Рыльскі пад канвоем двух матросаў. На сцэне застаюцца Наста, бабка Таццяна, дзед Мікіта, Міхась, Аслаў, Дроб, Гузыр. Збоку ціснецца натоўп мужчын і жанчын.

 

Патап (спыняецца, паказвае рукою на канапку). Прашу садзіцца, капітан! Здарова, брацішкі, дзядзькі і цёткі!

Голас. Ды гэта ж Патап Думака!

Міхась, Гузыр, Дроб (разам). Патап! Родны! Браток! (Акружаюць яго, радасна паціскаюць яму рукі.)

Дзед Мікіта (у радасным парыве). Збавіцелі нашы! (Абнімае Патапа, выцірае вочы.)

Бабка Таццяна. Што ж гэта творыцца на свеце?!

Наста. Божа ж мой, што яны хацелі зрабіць з намі!

Аслаў. За што? Я пытаюся... Эх, Патапе, помню, пытаўся ты: навошта поп і паліцэйскі стражнік?.. А навошта (паказвае на Будан-Рыльскага) азіят гэты?

Голас. Гэта ўсё адна хеўра.

Другі голас. Камень яму на шыю ды ў букту!

Будан-Рыльскі. За маё ўніжэнне адкажаце перад законнаю ўладаю!

Дзед Мікіта. Ці бачылі, якая цаца! Маўчы, чуй, дурань-браце, бо вось зараз плясну табе ў морду!

Патап. Разбяромся, таварышы, па справядлівасці разбяромся.

 

Уваходзяць Алесь і Дзяменя. За імі чырвонагвардзейцы вядуць арыштаваных, сярод іх Шышла. Яго не заўважаюць. Ён загубіўся ў групе арыштаваных.

 

Алесь (зварочваецца да народу). Здарова, таварышы!

 

Збіраецца натоўп народу.

 

Галасы. Аляксандр Пятровіч! Настаўнік!

Гузыр. Прафесар!

Дроб. Наш настаўнік!

Дзед Мікіта. Кватарант мой! Родны ты мой, чуй, дурань-браце!

Алесь (падыходзіць да Будан-Рыльскага. Цяжкая паўза). А запытайцеся, таварышы, гэтага бандыта, дзе наша настаўніца Марына Мікалаеўна?

Дзяменя. Адзін яе забойца злоўлен. Вось ён. Папаўся, каторы кусаўся! А дзе Шышла, што быў тут ураднікам?

Аслаў. Ён, сынку, яшчэ да рэвалюцыі знюхаў, чым вецер павявае, і сышоў адгэтуль, як прусак перад пажарам.

 

Шышла стаіць ні жывы ні мёртвы. Прыбягае Гараська, узрушаны і радасны.

Гараська (горда). А гэта я злётаў на званіцу ды ў пажарны звон лупянуў. Каб людзі збіраліся і ратавалі нас! Вось яны і прыйшлі! (Смяецца радасным смехам.)

Галасы. Маладзец, Гараська! Растаропны хлапец!

Матрос (сурова). Што ж мы, таварышы, тут будзем у пачэснай варце стаяць? Пара з імі канец рабіць.

Голас. Судзіць іх.

Гузыр. Які тут суд? Я яго, сукінага сына, яшчэ на пазіцыях на штык хацеў пасадзіць, ды вы, таварышы, утрымалі мяне... А шкада!

Дзед Мікіта. Бацюшка нам казаў: «Якою мераю вы мерыце, такою адмераюць і вам». Вось трэба ім адмераць так, як збіраліся яны, чуй, дурань-браце, адмераць нам.

Голас. Правільна!

Патап. Мы, таварышы,— салдаты рэвалюцыі, а суд — не наша чыннасць. Ёсць асобныя органы пралетарскай дыктатуры. Яны і будуць судзіць іх. Дык так, грамадзянін Будан-Рыльскі! Вы абяцалі пагаварыць з намі. Гаварылі мы на фронце, ды ўсяго не дагаварылі!.. Суда над вамі рабіць тут не будзем: у чэка аб вас сабраны матэрыял багаты.

Будан-Рыльскі. Прашу натацый мне не чытаць і не абражаць мяне!

Алесь (з нянавісцю пазірае на яго). Хіба можна абразіць забойцу і бандыта?

Патап (да матросаў). Выведзіце яго адгэтуль, таварышы, каб не мазоліў нам вачэй, ды пільнуйце крэпка!

Голас. Тут бы прыкончыць яго!

 

Уваходзіць Караліна, абапіраецца на доўгі кій, запыняецца, углядаецца ў людзей.

 

Караліна. Колькі народу, людцы мае мілыя! Знаёмыя і незнаёмыя! (Узіраецца ў Шышлу, заліваецца смехам.) Ха-ха-ха! Паглядзеце ж, які ён смешны!

Дзяменя. Хто, цётка, смешны?

Караліна. Ну, хто ж? Ён — цар паліцэйскі. Быў белы, а зрабіўся шэранькі. І вусы абстрыг. Думае, што так харашэй... Фацэція, ды годзе!

Дзяменя. Пакажы, пакажы нам, цётка, цара паліцэйскага!

Караліна. Баюся, міленькі! Ён жа нагайкай біў мяне і шабляю хацеў засеч... Унь ён! (Паказвае на Шышлу.)

Шышла (змяніўся з твару). Што ты клеплеш на мяне! Які я табе цар паліцэйскі, да, собственна, да?

Дзед Мікіта. Задакаў, чуй, дурань-браце! Ды гэта ён, Шышла-дакала!

Міхась. А, дык вось яно што!.. А я глядзеў, адкуль ён мяне ведае.

Шышла. Вось сітуацыя!

Галасы. Фараон! Адʼютант Будана! Спіскі падаваў яму!

Дзяменя (да Шышлы). А ну, дзядзька, пакажыся. Ён, ён! От прычапі яму толькі вусы, дык і цэлы Шышла.

Шышла. Гаспада таварышы! Я не Шышла, далібог не Шышла! То быў другі Шышла. Я — Кандрашкевіч! Так і ў пасведчанні значыцца, да...

Дзяменя. Дагаварвай ужо — «собственна, да»!

 

Шышла дастае дакумент. Разам з дакументам няўмысля вымае паперку, хапаецца, хоча схаваць яе.

 

Дзяменя. Давай, давай! Усё паказвай! (Забірае паперы, аддае Алесю.)

Алесь (разгортвае, чытае). «Спісак ліц сяла Загаруйкі, каторыя замешаны ў разграбленні маёнтка г. Будан-Рыльскага». Ты пісаў спіс?

Шышла (бянтэжыцца). Не... не я! Гэта поп! Гэта не я пісаў.

Алесь (вымае з кішэні пакет, дастае лісток спісанай паперы, падносіць яго да Шышлавага носа). Пазнаеш гэты дакумент — «Яго высокаблагароддзю г. прыставу ІІІ стану»? Што ж маўчыш? (Зварочваецца да народу.) Таварышы! Адна рука, рука даносчыка, шпіёна, закаранелага ворага, пісала і спіс гэты і гэты данос на мяне і на настаўніцу Марыну Мікалаеўну.

Шышла (падае на калені). Даруйце мне, таварышы!

Галасы (абурана). Да сценкі яго! Застрэліць даносчыка.

 

Шышлу вядуць пад канвоем.

 

Алесь. Вось дакументы чалавечай пакуты, крыві і слёз! І гэта ўсё засталося мне на памяць аб самым блізкім для мяне чалавеку!.. Вось часцінка жудаснай аповесці пра барацьбу супроць нашай праўды. (Паўза.) Таварышы! Людзі, што жылі гэтай праўдай, часта гінулі за яе, але сама ідэя праўды жыве. Вайна за нашу волю, за наша шчасце не скончана, яна толькі пачынаецца.

Патап. Таварышы! Мы спыніліся тут ненадоўга. Вы бачылі гэту банду? Нам вядома, што на поўдзень прабіраецца цэлы эшалон такіх жа белых бандытаў. Мы павінны перасеч ім дарогу і абясшкодзіць іх, а вы, таварышы, памажыце нам. Для нас дораг кожны баец, кожны фунт хлеба... Які будзе ваш адказ, таварышы?

Бабка Таццяна. Ох, галубкі мае, ізноў вайна! Дык калі ж ёй канец?

Голас. Ізноў мабілізацыя!.. Ох ты, гора наша!

Міхась. Мабілізацыя? Ды яна наша, свая мабілізацыя!.. Ужо стаялі пад расстрэлам, ізноў паставяць, калі будзем сядзець ды на каго спадзявацца... Запішы мяне ў Чырвоную гвардыю!

Гузыр. І мяне пішы!

Дроб. А я што? Цяля ў Бога ўкраў? Пішы, брат, і я з вамі!

Дзяменя (падбягае да запісаных). Браткі мае, арлы баявыя! Разам будзем крышыць белую костку! Завінёмся, дык знай нашых!

Галасы з натоўпу. Запісвай!.. І мяне пішы!

 

Настрой падымаецца.

 

Галасы. Самі за сябе ваяваць будзем! Смерць буржуям!

Гараська (падыходзіць да Алеся). І я хачу на вайну. Запішыце і мяне!

Дзед Мікіта. А з кім жа я застануся? Ты ж у нас цяпер адзін гаспадар дома, чуй, дурань-браце!

 

На вуліцы чуваць гармонік. Ідзе Дроб, сабраны ў дарогу, з шынялём і з салдацкаю сумкаю. Цераз плячо надзета салдацкая труба. Дроб іграе на гармоніку вясёлы матыў.

 

Патап (скідае шапку). Таварышы, у паход! Камандзіры на месцы! Пратрубі, Паўлюк, збор!

 

Дроб трубіць збор.

 

Дзед Мікіта. Эх, Аслаў, Аслаў, няма, адышла наша маладосць. Эх, старасць, а то і мы б пайшлі здабываць долю і вольнае жыццё.

 

Чырвонагвардзейцы збіраюцца, строяцца ў калону. Калона рухаецца, ідзе. Алесь, Дзяменя, Патап знімаюць шапкі, махаюць імі на развітанне.

 

Галасы. Шчасліва заставацца! Шчаслівай дарогі!

Голас. Няхай жыве Чырвоная гвардыя!

 

Запявала:

 

Рушым дружна грамадою

На паноў у свой паход,

Скончым з панскаю ардою

І адвечны знішчым гнёт!

 

 

Прыпеў:

 

 

        Эй, гарніст, іграй паход!

        Дружна, армія, ўпярод!

 

Жанчыны збягаюцца з сваіх хат, нясуць на дарогу салдатам ежу, бялізну ў клунках, а хто і так.

 

Аслаў (на паўзе песні). Праўда твая, Мікіта: чаму нам не па дваццаць гадоў?

Запявала:

 

        Разгарні ты, люд рабочы,

        Сілу, волю на ўсю шыр,

        Зграі рознай патарочы

        Палажы навек у жвір!

 

 

Усе заспявалі і пайшлі.

 

Прыпеў:

 

 

        Эй, гарніст, іграй паход!

        Смела, ратнікі, ўпярод!

 

 

Запявала:

 

        Узнімайся, сцяг чырвоны,

        Ды ўгары агнём шугай

        І над светам паланёным

        Ясным сонцам заіграй!

 

 

Прыпеў:

 

        Эй, гарніст, іграй паход,

        Дружна, армія, ўпярод!

 

 

Запявала:

 

        Развязаў нам Ленін вочы,

        Расказаў, дзе шчасце, мір.

        Разгарніся ж, люд рабочы,

        На ўсю моц сваю і шыр!

 

 

Прыпеў:

 

 

        Эй, гарніст, іграй паход!

        Грамада, ідзі ўпярод!..

 

Заслона

[1926, 1931, 1936, 1938]

 


[1926,1931,1936,1937]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. Т. 15: Пʼесы. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. - 788, [3] с.