epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ванька Кудлаты

I
II
III
IV


 

І ад смешнага да вялікага адзін крок

(Напалеон навыварат)

 

 

 

I

 

У яго было яшчэ й другое прозвішча: Ванька Ванючы. Так называў яго часамі бацька і называў у мінуты асаблівай любасці да свайго сына, бо вельмі выходзіла складна – Ванька Ванючы.

У Галапузаўцы (так называецца наш куток) не было такога чалавека і такой жанчыны (у нас таксама кажуць, што баба – не чалавек), якія б не ведалі Ванькі Кудлатага, бо не было таго саду і таго агарода, куды б не лазіў Ванька Кудлаты.

У яго былі доўгія, як у Самсона, валасы і надта шпаркія ногі. Пад восень канцы яго валасоў вельмі выцвіталі і рыжэлі, а ногі рабіліся чорныя, такія чорныя, што можна было падумаць аб іх афрыканскім паходжанні. Ванька Кудлаты быў у высокай меры кампанейскім хлопцам, і без яго не адбываліся ні вяселлі, ні сходы ячэек, ні сваркі, ні бойкі, ні кулачныя баі: усюды ён умудраўся патрапіць ды так ці іначай прыняць ва ўсім гэтым той ці іншы ўдзел.

 

 

II

 

Яшчэ ў самым пачатку лета пачулі мы першыя громы вайны. Вайна падыходзіла з поўдня, і неяк раптам дачуліся мы, што Дзянікін забраў ужо Харкаў. Як пагналі яго туды чэрці, мы проста зразумець не маглі, але з кожным днём лінія фронту насоўвалася на нас. Ванька Кудлаты першы раз пачуў, як гарматы грымяць. Гэты гром яму вельмі спадабаўся, але ён не мог уявіць сабе выразна, што такое гэтыя гарматы і як гэта яны робяць, што так моцна грымяць.

У старых салдатаў распытаўся Ванька Кудлаты, і яны давялі яму дакладна, што такое гарматы і як яны робяць гром. І з гэтага часу ён вельмі захапіўся вайною і ўсім сэрцам прагнуў, каб яна прыходзіла сюды хутчэй.

У канцы лета пачалі прыганяць сюды войска. Салдаты размяшчаліся па хатах, а гаспадары і гаспадыні хадзілі з такім выглядам, як бы на іх спіны палажылі трохпудовыя гіры. Затое ж Ванька Кудлаты чуўся як найлепей, асабліва падабалася яму Чортава сотня, бо ў Дзянікіна былі Воўчыя сотні, і Ваньку было надта цікава ведаць, хто з іх пабора: ці Чортава сотня, ці Воўчая сотня?.. Эх, каб яны ды сышліся тут! Вось было б радасці! І напэўна Чортава сотня будзе мець верх, бо салдаты з гэтае сотні такія чубатыя і так хвацка носяць шапкі, што проста паглядзець люба. А калі яны садзіліся за стол ды ставілі цэлае вядро мёду! Яны апускалі туды цэлыя скібы хлеба і бралі адтуль столькі мёду, колькі мог змясціць на сабе хлеб. Мёд цёк па іх руках і па грудзінах. Ванька пазіраў ды толькі аблізваўся, хоць на мёд і ён меў некаторае права, бо гэта ён падказаў ім, дзе можна дастаць мёду.

Праўда, і яго заслугі не забываліся: яму аддавалі пустое вядро, і з гэтым вядром ён бег за клуню і вымазваў яго пальцамі, еў мёд, вядро хаваў, а сам ішоў шчаслівы і замурзаны.

 

 

 

 

III

 

У пачатку восені баі пайшлі шпаркім ходам. Гарматы грымелі зусім блізка. З заміраннем сэрца чакаў Ванька Кудлаты, калі выступіць Чортава сотня і пачнецца пацеха. Але раз пад вечар, калі паказаліся за сялом у полі высокія купчастыя слупы выбухаў, Чортава сотня немаведама куды дзелася, і толькі пыл па дарозе на Курск сведчыў аб тым, куды яна памчалася. І з гэтага часу Ванька Кудлаты страціў да яе ўсякую пашану. У гэты дзень і ў гэты час ён не ведаў, на што болей зварочваць увагу – ці на слупы выбухаў, ці на абоз, які з громам, з шумам і з жаласным піскам нямазаных калёс, з усёю паспешнасцю, на якую былі яшчэ здольны карослівыя коні, задаваў драпака следам за Чортаваю сотняю.

Увесь гэты малюнак яго страшэнна захапіў; яму хацелася самому ўмяшацца ў гэты вір, у гэтую калатэчу... Эх, чаму яму толькі дзесяць гадоў! Але гэта не бяда! Чакайце ж! Як маланка пранеслася думка ў галаве Кудлатага Ванькі: ён сам наладзіць вайну і, доўга не чакаючы, па ўсіх кутках сяла абʼявіў мабілізацыю. Сабралася войска чалавек сорак хлопцаў ад шасці да дванаццаці гадоў.

Войска сышлося на выгане, дзе стаяў цэлы шэраг ветракоў, смутна апусціўшы свае анямелыя крыллі. Але войска было яшчэ не арганізавана. Яго трэба было перш за ўсё падзяліць на два станы – стан Дзянікінскі і стан Троцкага.

З самага пачатку пачаліся труднасці: ніхто не хацеў станавіцца ў рады Троцкага, бо ўсе бачылі, што верх бярэ Дзянікін, а хтось з ваяк заспяваў вядомую ў той час частушку:

 

 

Ні за Леніна, ні за Троцкага,

А за мальчыка белгародскага!

 

 

Падняўся шум і спрэчкі, і толькі аўтарытэт Ванькі Кудлатага, які абʼявіў сябе Троцкім, крыху наладзіў справу. Але нечакана ўся ваенная арганізацыя была спынена зʼяўленнем на выгане новай асобы. Босы, без шапкі, чуць не дастаючы пяткамі патыліцы, імчаўся сюды ад яра Піліп Бушай. Ён прымчаўся, як бура, у руках яго былі патроны з кулямі і порахам. Ён так засопся, што некалькі хвілін не мог вымавіць слова.

– Хлопцы!.. Чэрці вы!.. А там патронаў, патронаў! Поўны яр! – выпаліў Піліп Бушай.

– Дзе? Дзе?

– Там, у Хмяньках! – паказаў рукою Піліп.

– Бягайма туды!

– Бягайма!

– Эй вы, па патроны!

Вайсковая арганізацыя не зусім яшчэ зарганізаваная бураю панеслася за Піліпам. Меншыя адставалі, падалі, падымаліся, плакалі, але ўсе цягнуліся ў Хмянькі паглядзець на знаходку Піліпа і набраць сабе патронаў.

Эх, і пацеха была дзецям, як увайшлі яны ў шырокі яр, дзе ляжалі цэлыя горы патронаў. Панабіралі іх поўныя прыполы і панеслі ў сяло для сваіх гульняў.

Але не так меркаваў тут Ванька Кудлаты. Яго ваяцкая думка набрала цяпер яшчэ болей запалу. На выгане была зроблена нарада, як скарыстаць патроны. Тут ужо былі і генералы, і палкоўнікі, і капітаны, і камісары, і краскомы.

Ванька Кудлаты правёў такую думку: не будзе ваяваць ні Троцкі, ні Дзянікін, а падзеляцца на свае куткі, тая палавіна сяла, што за ярам, і гэтая палавіна будуць ваяваць, і верх застанецца за тым, хто наробіць болей стрэлу і груку. А дзеля гэтага ўвечар, калі сцямнее, запаліць кастры, зараней накідаўшы туды патронаў. І нават умовіліся, як пачаць вайну адначасна: Сенька Бацюта запаліць на высокай тычцы пук саломы каля ветрака.

 

 

IV

 

Назаўтра ўвесь дзень рыхтаваліся нашы ваякі: складалі вялізныя кастры на выгане далей ад сяла і закладалі туды без ліку патроны.

А Ванька Кудлаты задумаў не такую штуку. Схаваўшыся ў каноплях са сваім штабам, ён узяў стаўпец ад грабель, выбіў з яго некалькі зубоў і ў гэтыя дзіркі засаджваў кулі, каб лягчэй іх дастаць, а порах з патронаў высыпалі ў стары гаршчок. Работа вялася патаемна. У трох гаршках было ўжо на паўгарца пораху. Порах забілі анучамі, а каб было яшчэ мацней, палажылі на анучы па цагліне. Гэта быў снарад для гарматы, а не просты гаршчок, у гэтым гаршку варылася перамога над праціўнікамі.

Усё было зроблена акуратна.

Сцямнела. Устрывожанае вайною сяло было глухое і маўклівае. Дзянікінскія войскі далёка прасунуліся наперад, і грукат вайны адыходзіў на поўнач. У трох вярстах ад гэтага сяла стаяў штаб аднае дывізіі Дзянікіна. Тоўсты з сівымі вусамі палкоўнік ужо даў загад свайму штабу перасунуцца на дзесяць вёрст наперад. Тут было весела, вяліся гутаркі аб Маскве і падлічвалі ваенныя трафеі.

Як толькі на небе замігала першая зорка, выйшаў Сенька Бацюта з пуком саломы на доўгай тычыне пад вятрак, а ваякі займалі ўжо свае месцы і чакалі сігналу пачынаць вайну. Уставіўшы чатыры гаршкі ў халодныя кастры, Ванька Кудлаты чакаў у салодкім заміранні, паглядаючы на вятрак. Вось бліснуў высока ў небе агонь. Кінуліся падпальваць ваякі свае кастры, падпалілі, а самі пазашываліся, як мышы, і чакаюць, калі пачнуць страляць іх патроны. Спрытна складзеныя кастры запылалі дружным полымем. Загарэўся і касцёр Ванькі Кудлатага, загарэўся другі, трэці, чацвёрты. Залёгшы ў яме, чакаў Ванька і думаў, што будзе, калі загрымяць яго гарматы. Прайшло некалькі часу, кастры гарэлі, але было ціха.

Ванька Кудлаты пачынаў ужо страчваць надзею... Ша! Ён прыслухаўся: на адным кутку яго ворагаў зачалася страляніна! То адзіночныя, рэдкія, то групавыя і частыя стрэлы панесліся з таго боку, дзе сядзелі яго ворагі, а вільготнае паветра далёка разносіла гукі стрэлаў. Выходзіла вельмі слаўна і прыгожа – сапраўдная вайна! І раптам адгукнуліся два кастры з Ванькавага стану, потым рэшта другіх. Паднялася такая страляніна, як бы тут ваявала цэлая дывізія. Якая прыемная была для вуха Ванькі Кудлатага гэтая музыка стрэлаў! Але чаго маўчыць яго артылерыя? Праўда, яго кастры даюць больш стрэлаў і, здаецца, бʼюць мацней, але калі грымнуць яго гарматы? Так можна і бой прайграць. Сялян апанаваў незвычайны страх: бой, сапраўдны бой зачаўся вакол іх сяла! Але прыйшоў момант вялікай радасці для Ванькі Кудлатага: грукнула адна яго «гармата» і грукнула так, што зямля задрыжэла, закалыхалася паветра. Такога моцнага груку не чакаў і сам Ванька.

Устрывожыўся штаб дзянікінскай дывізіі. Тоўсты з сівымі вусамі палкоўнік, начальнік штаба, выскачыў на двор, а ў гэты момант грымнулі адна за другою яшчэ дзве «гарматы» Ванькі Кудлатага.

– Праціўнік пры артылерыі аказаўся ў нас у тыле, – было данесена ў штаб па тэлефоне.

– Прыказаць карнілаўскаму палку ліквідаваць праціўніка. Маркаўцам адступіць на лінію сёл – Стрыгосла – Бушман – Гочава,– пачаў аддаваць загады начальнік штаба.

Па лініі дзянікінскага фронту пайшла трывога, пасыпаліся загады адцягнуць назад высунутыя ўперад вайсковыя часці. Нават у войсках Чырвонай Арміі стала вядома, што моцны аддзел паўстанцаў з гарматамі і кулямётамі вядзе ўпартую бойку з дзянікінцамі, і гэта падняло дух Чырвонай Арміі.

Такім парадкам Ванька Кудлаты прыпыніў наступленне дзянікінцаў, дзякуючы чаму чырвоныя занялі добрыя пазіцыі, падцягнулі рэзервы і замацаваліся, але ён нічога аб гэтым не ведаў. З яго было даволі і таго, што яго ўласныя праціўнікі змушаны былі ў адзін голас прызнаць, што верх застаўся за Ванькам.

[1924, 1952]


[1924,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5