epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Варона i зязюлька

Даўно, даўно гэта было, не за памяць нашых дзядоў. Украў святы Пётра ў святога Юрая каня. На святога Пётра Юрай падаў у суд Богу. Пётра ўзяў у сведку зязюльку, а Юрай — варону.

– Ну, як было дзела? — пытае Бог у зязюлькі.

– Ку-піў! Ку-піў! Ку-піў! — кукуе зязюлька.

– Укра-а-аў! Укра-а-аў! Укра-а-аў! — гракае варона.

Бог разабраў дзела і кажа зязюльцы:

— За тое, што ты лжэш, ты будзеш кукаваць толькі да Пятра.

А вароне кажа:

— Ты казала праўду, і ты будзеш гракаць увесь год.

Дык вось чаму зязюлька кукуе толькі да Пятра, а варона гракае ўвесь год.

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7