epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Васіль Чурыла

I
II
III
IV
V


I

 

Лес шумеў неяк вельмі нудна. Лес рэдка калі маўчыць. Прывычнае вуха лавіла ў ім галасы, але ніхто яшчэ не ўнікнуў у тайну яго мовы; толькі сэрца смутна адгадвае ў ім нуду і трывогу.

Касматыя яловыя вяршыні трасліся, як у шалёным танцы. Лапы то падымаліся, то апускаліся, як бы лавілі нявіднага ворага, які не даваў спакою і прымушаў трасціся лес.

Лес шумеў. Смутна шумеў стары лес.

З краю лесу стаяла хатка лесніка Васіля Чурылы. Маленькае акенца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым акенцам звісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна як стагнала.

Маленькая лямпачка цьмяна свяціла ў хатцы. Агонь баязліва дрыжаў, і чуць заметна скакаў і пераліваўся змрок па сцяне. Каля стала сядзела жонка Васіля, Алеся. Ёй нічога не хацелася рабіць, дый работа падала з яе рук. Дзеці даўно ўжо спалі.

– Божа ж мой! Дзе ж гэта Васіль? – уздыхнуўшы, пытала Алеся.

Васіль не першы раз прыходзіў дадому ў такі позні час. Знала Алеся сабачую леснікову службу, знала пана ляснічага, што то быў за чалавек. Але чаму ж так нудна і страшна за Васіля сягоння? Алеся і сама гэтага не знала, толькі нейкая глухая трывога залезла ў душу і, як чарвяк, грызла сэрца.

Доўга чакала Алеся Васіля. Перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём у гэтую неспакойную ноч.

А лес усё шумеў. Нудна шумеў стары лес...

 

 

II

 

Дзе ж дзеўся Васіль?

Пачынала змяркацца, як паслаў яго ляснічы з лістом да суседняга двара.

Была ўжо глыбокая ноч, калі зайшоў Васіль у двор да пана. Пан затрымаў Васіля на некалькі часу, покі пісаў адказ ляснічаму. Ніхто не спытаў Васіля, ці ён еў, ніхто не накарміў галоднага. І выйшаў Васіль ад пана з горкай крыўдай у сэрцы...

Беднасць заправіла Васіля кінуць бацькаву хату і ісці ў леснікі. Нямала прыйшлося яму паабіваць панскія парогі, не раз мусіў ён стаяць перад панам ляснічым, цалаваць яму рукі, гнуцца.

А ўсё гэта любіць пан. Тое лясніцтва – глухі куток Беларусі, – у якім служыў Васіль, захавала ў сабе яшчэ старыя парадкі таго цёмнага часу, калі было права памяняць чалавека на сабаку, таго часу, што зваўся «паншчынай». Жыццё ішло далей сваёю дарогаю, ішло, шырылася, а гэты кут заставаўся глухім, акамянелым, і свет жыцця новага адскакваў ад яго, як адскаквае прамень сонца ад ледзяной гладзі.

Ішоў Васіль, адзінокі, нудны.

Снег хутка замятаў дарогу, вецер збіваў Васіля з ног, а горкія думкі, як пчолы, кружыліся над яго галавою. Усё яго жыццё, усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Дастаць бы кусок зямлі, пабудаваць сваю хату і жыць, як Бог паложыць на душу, нікога не баяцца, нікому не гнуцца.

А тут што?

І ўсё леснікова жыццё ўстала перад ім, як жывое, нібы адзін цэлы, закончаны абраз уніжэння і крыўды.

 

 

III

 

А вецер усё крапчаў. Васіль адвярнуў каўнер кажушка, глыбей насунуў на вушы круглую шапку, апусціў стрэльбу руляй уніз, каб не надзьмула снегу. Лес скончыўся. Васіль выйшаў на адкрытае месца. Ён усё думаў аб сваім жыцці, аб лесніковай службе.

Яшчэ сказаць, можна было б служыць, каб трымаўся толькі службы. Але ўся бяда ў тым, што ляснічы папіхаў лесніка да ўсяго, як дармавога каня. Пры адной толькі думцы пабачыцца з ляснічым мароз прабягаў па скуры Васіля. Васіль не раз гаварыў, што лепей хацеў бы ён сустрэцца з гадам або воўкам, як папасці на вочы ляснічаму. Не раз стаяў Васіль як палатно белы ад крыўды і несправядлівасці, выслухваючы лаянку пана ляснічага. Рукі самі згортваліся ў кулакі, і не раз нейкая сіла падбівала Васіля кінуцца на ляснічага, разбіць твар, кінуць аб зямлю, таптаць нагамі, біць, біць без жалю, без міласэрдзя. Тады б, здаецца, спагнаў сваю злосць, адпомсціў бы за ўсе здзекі і ўніжэнні. Але ўспамінаў Васіль, што ў яго ёсць жонка, ёсць маленькія дзеткі, і рукі самі апускаліся, і стаяў ён акамянелы, маўчаў – ні слова. Што ж, кінуцца на пана? А што далей? Далей – астрог, жабрацкая торба. Далей гэтых граніц не ходзіць забітая, прыніжаная душа простага чалавека.

Лаяўся пан ляснічы, як праўдзівы майстар свайго дзела. Лаянка яго лілася доўга, плаўна, без запінкі. Кожнае слова было ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухам. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю нейкаю прыйшоў на свет гэты чалавек і заміж астрога або варʼяцкага дома папаў у ляснічыя. А ўрэшце, чорт яго разбярэ, хто жыве тут не па абмылцы. На гэтым пункце спатыкаліся мыслі Васіля і не маглі адолець яго, бо далей перад вачыма і адкрывалася многа незразумелых парадкаў, у якіх можна заблытацца і папасці ў турму або чорту на скавараду.

 

 

IV

 

У тахт думак Васіля спяваў вецер у полі нікому не патрэбныя песні. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе.

Васіль стаў, каб разглядзець, дзе ён. Ногі яго па калені ўлазілі ў снег. Але што разгледзіш у такую ноч? Неба змяшалася з зямлёю. Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разглядзець вока адзінокага Васіля. Усё роўна як нехта выкінуў яго, непатрэбнага, беднага, у гэтую зяўру страшнай ночы, прынёсшы ў ахвяру сярдзітай буры, каб яго жыццём купіць сабе спакой.

– Дзе ж я? – трывожна спытаў сябе Васіль.

І адразу ахапіў яго страх, самы большы страх чалавечы – страх за сваё жыццё. Рукі яго апусціліся, яму захацелася прысесці. Але не сеў Васіль і стаў перабіраць нагамі ў глыбокім снезе, як спутаны.

А думкі, бесталковыя, дзікія думкі, заварушыліся ў ім скора-скора, як снег, які з усіх бакоў так бязжаласна сыпаўся на Васіля. То думалася Васілю, што ён сам шукае свае магілы, то здаваліся перад ім сцены, каменні, гатовыя кожны момант наваліцца на яго ўсім цяжарам. Яму здалося, што ён адышоўся далёка-далёка... Ужо раз спатыкнуўся Васіль, вецер збіў яго з ног. Ён выбіўся, як яму паказалася, на луг. У думках пранесліся азярыны ў высокіх берагах, замеценыя снегам, што ніколі не замярзалі. Снег усё глыбейшы і глыбейшы, а сілы ўсё слабеюць. От ён зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзервянелымі нагамі.

 

 

V

 

– А-а-а-у!

Васіль і не думаў крычаць, як не думаў ён і плакаць. Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля, і самі пацяклі слёзы.

Вецер падхапіў яго немы крык, рвануўся з ім і тут жа загубіў яго, расцёр, як мыльную бурбалку.

– Хто я? Васіль?

– Васіль, хто ж я?

– Што ж ты тут робіш?

– Сяджу ў снезе.

– Ну, Васіль, гайда дадому!

Усё ў ім мяшалася, і сама сабою навязалася яму гэтая бесталковая гутарка...

У вачах яго як бы прасвятлела. Усюды, куды ён ні гляне, віднеліся морды ляснічага, яго вышчараныя зубы. Гэтых морд набралася многа-многа; яны абдымаліся, скакалі, варушыліся, як па камандзе, дрыжалі, як лісце асіны перад навальніцаю.

А вунь там відаць худы, змучаны, заплаканы твар Алесі... Вунь яго дзеці...

А ляснічыя скачуць, насміхаюцца з Васіля, падаюць яму рукі і борздзенька прымаюць, як толькі Васіль памыкаўся ўзяцца за іх.

Рвануўся Васіль са злосці на ляснічых!

І пачуў Васіль лёгкасць, як бы ён павіс над зямлёю. Ён ціха апусціўся, стаў лёгка, свабодна ўлазіць у нешта мяккае і халоднае. От як бы затрымаўся... Чуў ён яшчэ, як лопнуў рамень на стрэльбе, як улазіў уніз... Болей нічога не чуў Васіль.

Вецер спяваў цяпер «Вечны пакой» слузе Божаму і чалавечаму...

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5