epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вярба

Пытаў ручаёчак

Сірату-вярбіну,

Што над ім стаяла,

Знізіўшы галіны,

Да вады галоўку

Звесіўшы самотна,

Ды з паўднёвым ветрам

Зюкала журботна:

 

«Адкажы мне, вербачка,

    Адкажы мне, мілая,

Чаго ты ўсё смуцішся,

Журышся, пахілая?

Без пары, без восені

З галавы-каронанькі

Ты раняеш лісцейка,

Свой убор зялёненькі?

І аб чым так жаласна

З ветрыкам шапочаш ты,

Бы стаміцца-згрызціся

  Хочаш ты знарочыста?

Кудры твае пышныя

Жоўкнуць, высякаюцца,

А лісточкі кволыя

Па зямлі качаюцца.

Адкажы мне, вербачка,

Адкажы мне, мілая,

Чаго зажурылася,

Смутная, знясілая?»

Зашумела ціха,

    Жаласна вярбіна:

«Горка мне, мой любы,

Горка сіраціне.

Цяжка маім ножкам —

Цісне іх каменне,

А твая вадзіца

Зрэзала карэнне,

Грунт мой пад нагамі

Зрыла-раскапала,

Сокі майго сэрца

    Ўсе яна забрала.

Моладасць сваю я

Марна загубіла...

Ой, нашто ж так шчыра

Я цябе любіла?!»

 

2/IV 1910


02.04.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910