epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вясковыя дзеці

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Пусты ўлетку нашы сёлы:

Ўсе на полі за сярпом,

Толькі дзетак крык вясёлы

Льецца ў вуліцах руччом.

 

Вецер кудры іх цалуе,

Мые дождж іх бледны твар;

З імі сонейка жартуе

І цяпло ім шле, як дар.

У адных кашульках рваных,

Гразь на шчочках і нагах:

Колькі дзетак змардаваных

У родных вёсках і кутах!

 

Забаўляюцца ў пясочку,

Бʼюцца, годзяцца не раз.

Рады чэрстваму кусочку

Дзеткі бедныя у нас.

 

Не салодка й ім жывецца!

Сохнуць дзеткі, як трава.

Гэтак з роду тут вядзецца,

Так гадуецца дзятва.

 

1906–1907


1906-1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910