epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вясна

Вясна прыйдзе, снег пагіне,

Вышэй сонца хадзіць стане,

Промень ясны ўсюды кіне,

Рунь падыме на паляне.

 

З гор пальюцца перавалы,

Раскуюцца рэчкі з шумам,

Выйдзе з хаты стар і малы

Гаманліва дружным тлумам.

 

Убярэцца лес бязлісты

У гарнітур свой зялёны,

Шугне вырай галасісты,

Камары забʼюць у звоны.

 

Зашуміць трава густая,

Кветкі ў лузе засмяюцца.

Вясна прыйдзе маладая,

Ўсюды песні панясуцца.

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910