epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вецер

Ой ты, вецер неспакойны!

Дзьмеш ты безустанку,

Адну песню нам спяваеш,

Адну баеш байку.

 

То заплачаш сіратою

Над убогай хатай;

То застогнеш, як над нівай

Селянін-араты;

 

То засвішчаш за вугламі,

Жалем разальешся;

То сярдзіта ў дзверы стукнеш,

Злосна засмяешся...

 

Ой ты, вецер неспакойны,

Ты мой брат па долі!

Раскідаем смех і слёзы

Мы у чыстым полі.

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910