Вейце, ветры, на прасторы!
Разлівайся ў небе, гром,
Каб дрыжала поле, горы,
Каб хадзіў лес хадуном!
І няхай блішчаць зарніцы,
Рэжуць грудзь калматых хмар;
Няхай у шуме навальніцы
Разгуляецца пажар! –
Толькі ў страшных песнях буры
Наш слабы акрэпне дух,
Смелым стане ўзгляд пануры,
Чуткім зробіцца наш слух! –
Так гуляйце ж, ветры, ў полі!
Неба гнеў і гнеў зямлі
Каб зліліся ў песню волі,
Хвілей сілы пацяклі!..
[1907]