epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Верныя сябры»

Я быў адзін. Браты і сёстры,

Сябры пакінулі мяне.

Ў глыбі душы, на самым дне,

Я смутак чуў смяртэльна-востры.

 

У час вялікай адзіноты,

Калі мяне забылі вы,—

О, мілы мой, адзін адно ты

Са мною быў, гарадавы!

 

Ды як Мікодым за Язусам,

  Памоцнік прыстава здалёк

Ішоў, глядзеў, бы кот за трусам,

Як «ніжні чын» мяне валок.

 

Прывалаклі, ў астрог упхнулі,

У гэту чортавую пасць,

І тут яны так уздыхнулі,

Як бы цяжару ўзяўшы часць.

 

І развітаўся я тут з імі,

Памысліў з роспачы-нуды:

«Няхай жа водзяць вас сляпымі,

    Як вы вялі мяне сюды!»

 

Мінск,

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910