epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Веснавыя хмаркі

Сакавітыя, густыя,

Сінім стэпам-даліною,

Чарадою, грамадою,

Ходзяць хмаркі веснавыя.

 

Ой вы, хмаркі, неба дзеці!

Як вы сэрцу майму мілы!

Носіць вецер лёгкакрылы

Вас, любыя, па ўсім свеце.

 

 

Люба мне, як, думкай Божай

  Ціха звісшы над палямі,

Вы гугукнеце часамі

Громам-грукатам прыгожым;

 

Як маланка узаўецца,

Блісне стужкай агнявістай,

І як песняй галасістай

Вам зямелька адгукнецца.

 

Ліне дожджык, даль завесіць

Белай сеткай срэбратканай;

Цёплы дожджык і жаданы

Гоман ўзніме ў полі, ў лесе.

 

А пачуўшы голас грому,

Селянін з сахой на ніве

Усміхнецца вам шчасліва,

Стаўшы важна, нерухома.

 

Бо ваш гром для вёскі сына –

Лепша музыка на свеце...

Ой вы, хмаркі, сонца дзеці!

Не пакрыўдзьце селяніна!

 

13/IV 1911


13.04.1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938