epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Водгулле

Ці коска зазвоніць у час касавіцы,

Ці песню дзяўчо запяе,

Ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы,

Ці вецер задзьме-зазлуе,

 

Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,

Ці грукне над лесам пярун, –

Ўсё водгук знаходзіць у вольных абшарах,

Ўсё іх дакранаецца струн.

 

А ты, калі гора каго напаткае,

Ці жальба пачуецца, плач,

Або запануе дзе крыўда ліхая –

На ўсё адгукніся, адзнач.

 

А радасць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,

Каб добрыя весткі падаць,

Няхай тады струны твае засмяюцца

І песняю шчасця гучаць.

 

 

20/ХІ 1921


20.11.1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938