epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вораг не дрэмле

Стань, глянь на захад, паслухай:

Чуеш ты шум патайны?

Чуеш, як воража, глуха

Сунецца ценем разруха —

Постаць пажараў, вайны?

 

Слухай — на Ўсходзе Далёкім:

Чуеш, як вые шакал?

Злодзей разбойніцкім крокам

Лезе і навідавоку

Правіць крывавы свой шал.

 

Чуеш, як ляскаюць косці?

Голад вандруе ў паход.

Ліха няпрошанай госцяй

Ходзіць, аслепшы ад злосці,

Ладзіць пусты карагод.

 

Чуеш ты — гарʼю дыхнула?

Бачыш ты — пыл і імжа?

Цень паўстае Калігулы,

Бой барабаннага гулу

Коціцца з-за рубяжа.

 

Прошласці смродныя трупы

Пошасць па свеце нясуць,

З жорсткай развагаю, тупа

Нішчаць сядзібы, халупы,

Супраць жывых паўстаюць.

 

Бродзяць зладзюгі сукрыта,

Шпегі і зграі начніц,

Змовы вядуць ядавіта, —

Слінай шалёнай разліта

Злоба замежных сталіц.

 

Ткуць на нас ворагі сеці,

Зброю куе на нас зброд.

Цесна ім з намі на свеце:

Сонца іх нашае слепіць,

Гне іх наш росквіт, узлёт.

Падаюць гнілі падпоры —

Часы паклалі свой знак.

Чуюць пагібель пражоры:

Гаснуць іх сонца і зоры,

Тоне ў імгле іх маяк.

 

Станем жа чуйна на варту

Нашай зямлі і граніц!

Стрэнем іх сталінскім гартам,

Біць будзем крэпка, упарта

Дзікіх вандалаў, начніц!

 

28/ХІ 1937


28.11.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938