epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Ворагам

Яшчэ не стлеў у полі дрот калючы —

Агідны след знішчэння і вайны;

Яшчэ на могілках буяюць бурʼяны,

Дзе тысячы галоў зляглі ў крывавай бучы;

Яшчэ не зроўнены накопаныя кручы

І не засеяны аблогі-дзірваны, —

А вы, прыслужнікі драпежнага Ваала,

Зноў вострыце загнутыя дзюбы.

І сліна пырскае з запененай губы:

Вам трэба кроў — крыві пралітай мала:

Ражном у горле вам сябрына наша стала,

Дзе самі ўладары — нядаўнія рабы.

Ну, што ж? Пускайце ў ход і подкуп і намовы,

Нацкоўвайце сабак пад граканне варон,

Але вам не стрымаць той вольнасці разгон

І бег яго няўхільны, паступовы,

Што ў пух і прах развейвае аковы,

Каб іншы выснаваць парадак і закон!

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938