epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Воўк-дурань

Стары галодны воўк выйшаў з лесу на поле. На полі хадзілі авечкі. Пастух спаў. Выбраў воўк самага большага барана-рагаля, скраўся, схапіў яго і кажа:

– Баран, баран! Я цябе зʼем.

– Што ж! — кажа баран. — Такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга, ды і табе каб не ламаць зубы аб мае косці, стань у лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на горачку, разганюся і ўскочу табе ў рот цалкам.

Стаў воўк у лагчынцы, разявіў рот.

А баран узбег на горку, разагнаўся і — трах воўка па галаве! Аж іскры пасыпаліся з вачэй у воўка, свету ён не ўзбачыў. Перакуліўся разы два і пабег у лес.

Бяжыць воўк, бачыць — на балоце конь ходзіць.

–Конь, конь! Я цябе зʼем.

–Што ж! — кажа конь. — Такая мая доля. Толькі ж ты здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.

Нагнуўся воўк, каб скінуць падковы, а конь як дасць яму капытом у зубы! Перакуліўся воўк ды ходу!

Падбягае воўк да рэчкі. На беразе гусі пасвяцца.

–Гусі, гусі! Я вас зʼем.

–Што ж! — адказваюць гусі. — Еш. Але ў нас такі звычай ёсць, каб перад смерцю нам пайгралі. Пайграй наўперад нам, а мы паскачам.

Сеў воўк на купіну, закінуў галаву і давай выць. А гусі крыллямі — лапу-лапу! Узняліся і паляцелі. Злез воўк з купіны, правёў гусей вачамі і пасунуўся далей. Падыходзіць ён пад вёску. Каля вёскі быў хвойнік. У хвойніку свіння рылася.

–Свіння, свіння! Я цябе зʼем.

–Што ж! — кажа свіння.— Еш, але пусці ты мяне пакарміць маіх дзетак.

–А ты прыйдзеш?

–Прыйду.

Пайшла свіння, пакарміла сваіх дзетак ды ідзе назад. А воўк чакае яе.

– Вось што, — кажа свіння, — я вельмі грэшная. Ці не паспавядаў бы ты мяне перад смерцю.

– Што ж, гэта можна, — згаджаецца воўк.

А ў хвойніку сяляне бульбу на зіму ў капцы ссыпалі. Было тут шмат ям. Пасадзіла свіння воўка на салому каля ямы. А воўк палажыў ёй на галаву лапу ды пытае:

– Ты ў агарод лазіла?

–Лазіла, — кажа свіння.

–Чужое дабро крала?

–Ох, крала.

–Малых свіней крыўдзіла?

–Чаму ж не, крыўдзіла.

–Ой, свіння, свіння! Шмат грахоў на табе. За гэтыя грахі… — не дакончыў воўк казання казаць. Як штурхане яго свіння лычам!

Перакуліўся на спіну воўк і – гоп у яму! Сядзіць ён у яме і галосіць:

–Ці я той хапун, што бараноў цалкам глытаў?! Аў-у-у!

–Ці я той каваль, што каня каваў?! Аў-у-у!

—Ці я той музыка, што гусям граў?! Аў-у!

–Ці я той поп, што свінню спавядаў? Аў-у! Аў-у!

Прыбеглі людзі і забілі воўка.

 

[1906–1907, 1928]


[1906-1907,1928]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7