epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вусцянскі груд

Грудок удалы я сабе абраў,

І часта ў вольныя часіны

Саджуся там каля хваіны,

Гляджу ды слухаю навіны,

Пʼючы мяды лясоў і пахі траў.

 

Не славіцца багаццем мой грудок,

Але ён просты і адкрыты,

Сіўцом, чаборыкам спавіты,

Дзе пчолкі звоняць самавіта,

        Збіраючы па кропельцы мядок.

 

 

Гваздзічка белая рассыпана вакол –

Нібы махрыстыя сняжынкі

Ляглі на тонкія націнкі,

Прыгнуўшы кволыя раслінкі,

Аздобіўшы пясчаны гэты дол.

 

З грудка відаць прыгожы краявід,

У ткань атулены сінечы.

Унь гурт дубоў шыракаплечых —

Стаяць, нібы на нейкім вечы,

        І сонейка узносяць на свой шчыт.

 

А там лугі па Свіслачы ляглі

З іх купамі лазы, алешын,

І астраўкі, і пустак плешы,

Дзе сіняваты шоўк развешан,

Што выткалі ім подыхі зямлі.

 

А па лугах паходжваюць буслы,

Сурдут надзеўшы чарнапёры;

Агледзяць ніз і касагоры,

Як землямеры-рэвізоры

        Ці нейкія важнецкія паслы.

 

Брыльянтамі паблісквае раса —

Сляды, дзе пройдзе паляўнічы,

Шукаючы ў тым лузе дзічы.

І колькі радасці ў абліччы,

Калі ён спойме часам бекаса!

 

З грудка мне ўсё відаць і ўсё чутно:

І трактар дзесь з-за Балачанкі,

І гром сталёвае крыланкі,

І спеў дзявочы з Беразянкі, —

        А неба ўсцяж — блакітнае акно.

 

З свайго ж грудка ў засушлівыя дні

Гляджу ў акно гэта на хмары

І пападаю пад іх чары:

Вачэй не зводжу з іх гушчары,

Дзе гром грыміць і ўспыхваюць агні.

 

 

Цяпер жыву ад Вусця я ўдалі,

Сяджу між кніг, чарніл, паперы.

На думкі прыйдуць лес і зверы,

Грыбы і рыба на вячэру,

        Прастор і скарб калгаснае зямлі.

 

А з думак тых звіваецца вянок;

У ім цяплынь і голас лета,

І дол, праменнямі сагрэты,

І мары мірныя паэта —

То дар табе, Вусцянскі мой грудок!

 

18/Х 1938


18.10.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938